ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Узнік са свабоднага спалучэння слоў, якое першапачаткова ўжывалася, калі гаворка ішла пра каня.

I швец (шавец) і жнец і на дудзе (у дуду) ігрэц. Агульны для ўсходнесл. м. Майстар ва ўсякай справе, здатны да ўсяго. О, паляшук!.. На ўсе рукі здатны, ён табе і швец і жнец і на дудзе ігрэц (У. Калеснік. Пасланец Праметэя). Тарас быў і сталяр, і цясляр, і шавец і жнец і ў дуду ігрэц (У. Караткевіч. Лісце каштанаў).

Асобныя кампаненты гэтага матываванага фразеалагізма патрабуюць каментарыяў. Як засведчана ў «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча, швец — ‘шавец’, ігрэц — ‘ігрок, музыкант’; параўн. таксама ў гэтым жа слоўніку: ні швец ні мнец ні ў дуду ігрэц.

К

Каб і духу не было чыйго <дзе>. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. чтоб и духу не было, укр. щоб і духу не було). Выказванне катэгарычнага патрабавання, каб хто-н. тут жа знік і больш не паказваўся. — Парабчука гэтага, тата, каб і духу не было, — закамандаваў Казік (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Тут духу першапачаткова значыла ‘паху, які выдзяляецца ў чалавека з паверхні скуры’. Гэты кампанент нярэдка замяняецца ў маўленні іншымі — паху, смуроду або выступае ў спалучэнні з паху: «Ану, выкідвайцеся з вагона, каб і паху вашага тут не было!» (М. Лынькоў); «Забудзе пра гэтага галадранца. Заўтра ж турну, каб і смуроду не было» (С. Грахоўскі); «Веры трэба канечна выгнаць яе, гэтую кулацкую гідру, сказаць, каб яе духу-паху тут не было» (М. Зарэцкі). Параўн. ва ўкр. м.: щоб і дух не пах (не смердів) (чий де).

Каб пуста было каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. чтоб пусто было, укр. щоб пусто було). Выказванне злосці, нядобразычлівасці. Бадай ты спух! Ото распуста! А каб табе было, гад, пуста! Няма ні сораму, нічога… (Я. Колас. Новая зямля).

Мяркуюць, што напачатку гэта было пажаданне неўраджаю ці няўдалага палявання.

Прыкідвацца, глядзець казанскай сіратой. Запазыч. з руск. м. Пакрыўджаным, няшчасным (прыкідвацца). — Не чуў я, каб хто мяне гукаў, дапытваўся — не патрэбен я нікому… — Во-ёй, не прыкідвайся казанскай сіратою... (П. Місько. Мора Герадота).

Утварыўся на аснове фразеалагізма казанская сірата (гл.), замацаваўшыся ў сваіх семантычных сувязях са строга акрэсленымі дзеясловамі прыкідвацца, глядзець.

Казанская сірата. Запазыч. з руск. м. Той, хто прыкідваецца пакрыўджаным, няшчасным (з мэтай разжаліць каго-н.). І ўспомніў Васька, як хадзіў ён учора з камандзірам роты і Насцяй па свой заробак да гаспадара. Зніціўся той, збедніўся, ну проста сірата казанская, якія ў яго грошы, калі вайна і разруха… (М. Лынькоў. Маладосць).

Першапачаткова выкарыстоўваўся ў дачыненні да татарскіх князёў, якія пасля ўзяцця войскамі Івана Грознага ў 1552 г. сталіцы Казанскага царства стараліся прыстасавацца да новай улады, часам пераходзілі ў хрысціянства, слалі рускаму цару чалабітныя, скардзячыся на сваю долю і спадзеючыся на розныя ўступкі, патуранні.

Казёл адпушчэння. Запазыч. з царк. — слав. м. Чалавек, на якога звальваюць чужую віну, адказнасць за другіх. Параіліся разумнікі дый вырашылі: «Ахвяруем. На тое ён і Казёл, каб быць казлом адпушчэння. Цяпер-то мы напэўна адкупімся» (К. Крапіва. Ці была ў яго галава?).

У Бібліі (Левіт, 16, 21–22; 16, 9-10) расказваецца пра старажытнаяўрэйскі абрад «казлаадпушчэння»: адзін раз у год, у дзень адпушчэння грахоў, прыводзілі ў пэўнае месца казла, і на яго галаву першасвяшчэннік (вярхоўны жрэц) ускладваў абедзве рукі, што сімвалізавала перакладанне грахоў усяго народа на казла, якога пасля праганялі («адпускалі») у пустыню.

Казка пра белага бычка. Запазыч. з руск. м. Бясконцае паўтарэнне аднаго і таго з самага пачатку. — А можа б, ты ўсё-ткі засталася? Небяспечна ж там дужа, чуеш?.. — Я ўжо казала, цётачка… Нашто нам паўтараць казку пра белага бычка?.. (І. Мележ. Мінскі напрамак).

Значэнне выразу склалася на аснове кароткай, але дакучлівай народнай казкі для дзяцей, калі тыя зноў і зноў прасілі расказаць яшчэ адну казку: «— Расказаць табе казку пра белага бычка? — Раскажы! — Ты раскажы, ды я раскажы, да чаго ў нас будзе і дакуль гэта будзе! Расказаць табе казку пра белага бычка?» і г. д.

Каінава пячаць. Агульны для ўсходнесл. і польск. (рietnо kаіnоwе) м. Абазначае ‘след злачыннасці’. Каму патрэбна творчасць, на якой ляжыць каінава пячаць? (К. Крапіва. З народам).

Склаўся на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 4) пра першае забойства на зямлі і кару за яго. Калі Каін, сын Адама і Евы, прызнаўся, што ў час ахвяравання забіў свайго брата Авеля, Бог пакараў забойцу: зрабіў на яго твары спецыяльны знак і загадаў быць вечным вандроўнікам.

Каламуціць (муціць) ваду. Агульны для ўсходнесл. (руск. мутить воду, укр. каламутити воду) іпольск. (macі'c wоde) м. Ужыв. са значэннямі ‘свядома заблытваць якую-н. справу’ і ‘уносіць разлад, беспарадак у адносіны паміж кім-н.’. — Усё на тое хіліцца, што немцы не аддадуць Саветам Бярэсця. — Як гэта не аддадуць?… Берасць савецкі! Разумееш ты ці не? Савецкі! I ты тут вады не муці! (К. Каліна. Світанак). Бабка твая ваду каламуціць!.. Ну і шкодная старая, ніяк ёй не дагадзіць! (В. Іпатава. Зачараваная півоня).

Мяркуюць, што выраз утвораны на аснове фразеалагізма лавіць рыбу (рыбку) у каламутнай вадзе (гл.).

Каланіца носіць каго, дзе, калі. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару аказваецца, з’яўляецца дзе-н. «Аэраплан! Аэраплан!» — пракінулася па радах. Задраліся галовы. «У хлябу і то каланіца яго носіць», — прабурчаў нехта (М. Гарэцкі. Ціхая плынь).

Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор выразаў ліха носіць, чорт носіць, хвароба носіць і пад. — з захаваннем структуры фразеалагізмаў-папярэднікаў і з заменай назоўнікавага кампанента іншым. Каланіца — калёсная мазь.

Калі ласка. Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. як зварот для выражэння ветлівай просьбы, пабуджэння са значэннем ‘прашу вас’. Можа, пяройдзем у той пакой, калі ласка, я вам яго анкету пакажу? (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды).

Утварыўся, відаць, у выніку скарачэння больш поўнай формы калі твая (ваша) ласка будзе. Параўн. у ананімнай паэме «Энеіда навыварат»: «Калі ўжо ласка твая будзе, вялі нам лазню пратапіць». У форме калі ласка выраз выкарыстоўваўся ў творах XIX ст. («Гутарка Данілы са Сцяпанам», п’еса В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»).

Поделиться с друзьями: