ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага згушчаць фарбы (гл.).

Здаваць (здаць) <свае> пазіцыі. Агульны для ўсходнесл. м. Прызнаваць сябе пераможаным, паддавацца. Сашку вельмі хацелася, каб гэты інжынер, Сурын, узяў над ім [Клімцом] верху спрэчцы іў нейкім сэнсе разлічыўся б і за яго, Сашку. Але Клімец і не думаў здаваць пазіцыі (Я. Радкевіч).

Склаўся ў выніку метафарызацыі адпаведнага словазлучэння з вайсковага лексікону, дзе пазіцыяй называюць месца распалажэння вайсковых груп у баі. Параўн. урывак з гумарыстычнага апавядання К. Крапівы «Вясна», дзе актуалізуецца і зыходны сэнс фразеалагізма: «Чырвоная вясна павяла рашучы наступ. Белая зіма здае свае пазіцыі на ўсім фронце, толькі дзе-нідзе, у самых глухіх закутках, замацаваліся яе белыя атрады, але і тыя, бачачы немінучую сваю пагібель, праліваюць раўчукі слёз».

З другіх (трэціх) вуснаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. из вторых уст, укр. з другіх уст). Праз пасрэднікаў, не непасрэдна ад сведкі (чуць, слухаць, даведвацца і пад.). Жанчыне хацелася паслухаць і нявестчыны словы з другіх вуснаў (У. Паўлаў. Спелыя травы).

Узнік, відаць, па мадэлі з ужо існуючым, скалькаваным з франц. м. фразеалагізмам з другіх рук (гл.), адно са значэнняў якога — ‘праз пасрэднікаў, не непасрэдна ад сведкі (чуць, даведвацца і пад.)’.

З другіх (трэціх) рук. Калька з франц. м. (dе sесопdе mаіn, літаральна «з другіх рук»). Ужыв. са значэннямі ‘праз перакупшчыка, не непасрэдна ад уладальніка (купляць, трапляць і пад.)’ і ‘праз пасрэднікаў, не непасрэдна ад сведкі (чуць, даведвацца і пад.)’. Гэта былі ужо нават не дубраўцы, а прыезджыя, і хату яны куплялі таксама з другіх рук (І. Чыгрынаў. Самы шчаслівы чалавек). — Ты знаёмы з яго задумкамі, галоўны? — Збольшага… Крыху — ад яго самога, крыху з трэціх рук (У. Карпаў. Сотая маладосць).

Першапачаткова выкарыстоўваўся пры дзеясловах купляць, набываць і пад., калі размова ішла пра гандлёвыя справы. Другое значэнне развілося ў фразеалагізме пазней.

Клёцкі з душамі. Уласна бел. Начыненыя мясным ці іншым фаршам з прыправамі, Гаспадыня са старэйшаю нявесткаю падала новую страву — калдуны, ці клёцкі з душамі, як іх яшчэ называюць, і ўсе дружна ўзяліся за іх (У. Дамашэвіч. Мітынговая аповесць).

Назоўнікавы кампанент тут мае няслоўнікавае значэнне, звязанае са спосабам прыгатавання гэтых клёцак. Пра яго Р. Барадулін піша: «На тарку дралася бульба. Адціскалася праз суравіну. Гэтае цеста звалася целам. Потым рабіліся душы — з крышанага мяса і сала, з грыбоў, адпаведна прысмакі, прыправы. Цела клёцкі мела форму снежкі, і гэтакую форму мела душа. Душа магла быць і з кавалачка кілбасы. У цела клалі душу — і кідалі ў вар…»

Здымаць (знімаць, зняць) стружку з каго. Агульны для ўсходнесл. м. Уздзейнічаць на каго-н., адчытваючы, моцна прабіраючы яго. Прышлі да мяне свайго разумненькага мэра. Я з яго, чортавага сына, здыму стружку (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Паходзіць, відаць, з маўлення токараў, дзе здымаць стружку з загатоўкі абазначае ‘даводзіць дэталь да неабходных памераў’. Пры пераасэнсаванні актуалізацыю атрымала сема ‘уздзейнічаць пэўным чынам’, агульная для свабоднага словазлучэння і сфарміраванага на яго аснове фразеалагізма.

З’ездзіў у рыгу. Агульны для бел. і руск. м. Званітавала каго-н., звычайна пры моцным ап’яненні. Потым з'ездзіў двойчы ў «рыгу», а назаўтра ўстаў з пахмелля, — праклінае Антак «зелле»… (К. Крапіва. Як Антак стрэў «вельканоц»).

Выраз каламбурнага характару, пабудаваны на сугуччы няроднасных слоў Рыга і рыгаць (са значэннем ‘ванітаваць’). Разам з тым у фразеалагізме, на думку М. І. Міхельсона, прыхаваны намёк «на тыя ж вынікі, што выклікаюцца падарожжам па моры ў Рыгу».

З’есці з трыбухамі каго. Уласна бел. Замучыць, загубіць нападкамі, ганеннем. [Валодзя: ] Што так раптам перадумаў? [Раман: ] Як заўважыць гаспадар, з трыбухамі з’есць. «Узрадаваўся, скажа, сукін сын, што мяне спляжылі» (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі).

Выраз генетычна каламбурнага характару. Склаўся ў выніку адначасовай рэалізацыі пераноснага і прамога значэнняў дзеяслова з’есці (‘замучыць нападкамі, ганеннем’ і ‘скарыстаць на яду’) з далейшым дапаўненнем дзеяслова экспрэсіўным дадаткам з трыбухамі.

З’есці пуд солі з кім. Агульны для ўсходнесл. (руск. съесть пуд соли, укр. з’істи пуд солі) і польск. (bесzke sоlі sjе's'c — бочку солі з’есці) м. Доўга пражыць разам. Тукала на момант асекся. Шыковіч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якім з’еў не адзін пуд солі (І. Шамякін. Сэрца на далоні).

Фрагмент прыказкі Каб пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з’есці. Літаральны сэнс другой часткі — ‘патрэбны працяглы час, за які можна разам з’есці пуд солі’. Прыказка склалася, калі на соль была вельмі высокая цана.

З жабіны прыгаршчы чаго. Уласна бел. Вельмі мала (шчасця, радасці, здароўя і пад.). —Хіба маладым не быў? Хіба радасці… шчасця не бачыў? — Было шчасце. З жабіны прыгаршчы (А. Кажадуб. Ваўкалакі).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

З заміраннем сэрца. Агульны для ўсходнесл. м. Адчуваючы моцнае хваляванне, трывогу (чакаць, сачыць, глядзець і пад.). З заміраннем сэрца ўзяў я ў рукі знойдзены блакнот (К. Кірэенка. З аповесці вайны).

Вытворны ад іменна-дзеяслоўнага прэдыкатыўнага фразеалагізма сэрца замірае ў каго, чыё ‘каго-н. нечакана ахоплівае хваляванне ці трывога, неспакой і пад.’.

З затоеным дыханнем слухаць, глядзець. Уласна бел. Вельмі ўважліва, зацікаўлена. З затоеным дыханнем слухалі разаноўцы паведамленні з фронту (А. Жураўскі. За родныя хаты).

Прыслоўны фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага затаіць дыханне ‘прыціхнуць у вялікім напружанні, здзіўленні і пад.’.

Зімой і летам адным цветам. Уласна бел. Ужыв. пры дзейніку са значэннем асобы і мае сэнс ‘заўсёды ў адным і тым жа адзенні’. Адзець на змену не было чаго… I яна [маці], і дзеці зімой і летам адным цветам, — адно насілі, латанае-пералатанае (М. Гіль. Прагал).

Поделиться с друзьями: