ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым сялянскім бытам. Вялікая цагляная печ і шырокія лаўкі каля сцен — асноўныя «стрыжні» сялянскай хаты. Яны ж і сімвал гасціннасці: добрага чалавека і пакормяць усім, што ёсць у печы, і, калі ён замёрз ці вымак, пакладуць спаць на печы. Выраз фіксуецца ў працах І. І. Насовіча, Я. А. Ляцкага, М. Федароўскага.

Іскра божая <у каго, у кім>. Запазыч. з руск. м. (искра божья). Талент, прыродны дар, здольнасці. Жывінкаў ім ёсць, іскру божую мае… (М. Ракітны. Сын).

Лічаць, што выраз з’яўляецца недакладнай калькай з франц. м. (fеu sасt^e, літаральна «свяшчэнны агонь») і ў творах XVIII–XIX стст. часцей ужываўся ў форме искра божества.

I след прастыў каго, чый. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. бясследна знік, схаваўся. Абурыўся карэспандэнт, кінуўся да фермы, а старшыні і след прастыў (У. Кузьмянкоў. Ішла вясна). Ужыв. і ў форме і след прапаў. Бацька і Яўхім прыедуць, а іх і след прапаў — шукай ветру ў полі!.. (І. Мележ. Подых навальніцы).

Абодва варыянты прыйшлі ў літаратурную мову з лексікону паляўнічых, для якіх след можа прапасці ці прастыць і ў прамым значэнні гэтых слоў (гл. па гарачых слядах).

Ісці на ражон. Гл. лезці (ісці) на ражон.

Ісці (пайсці) ва-банк. Агульны для ўсходнесл. м. Дзейнічаць, рызыкуючы ўсім, што ёсць. Я іду ва-банк — пан ці прапаў. Хачу рызыкаваць толькі пры той умове, што сапраўды прынясу карысць Радзіме і заслужу яе літасць (І. Новікаў. Да світання блізка).

Тымі, хто ведае франц. м., выразна адчуваецца сэнсавая таўталагічнасць гэтага выразу. У фразеалагізме ёсць запазычанне з франц. м. vа bапquе, што значыць ‘іду на банк’, ці, інакш, ‘гуляю на ўсе грошы, пастаўленыя на кон’. Запазычанне злілося ў мове карцёжнікаў у адно слова ва-банк і ўступіла ў сувязь з дзеясловам ісці. У такім выглядзе словазлучэнне, пераасэнсаваўшыся, перайшло ў літаратурны ўжытак.

Ісці (пайсці) на вудачку чыю, каго. Агульны для ўсходнесл. м. Даваць сябе падмануць. — Хіцёр ён, — трасе галавою стары Сусла, — якая-такая цяпер навука?.. Бязбожніцтва пайшло, заліваюць кулі, а дурні на вудачку ідуць (Я. Колас. Туды, на Нёман).

Узнік шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні рыбакоў ужываецца з прамым значэннем слоў.

Ісці (пайсці) па лініі найменшага супраціўлення. Відаць, паўкалька з англ. м. (tаkе thе lіnе оf lеаst rеsіstапсе). Выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, пазбягаючы перашкод. Не справіўшыся з намечаным, адказныя работнікі пайшлі па лініі найменшага супраціўлення: аформілі ў лютым акт на спісанне (Звязда. 9.09.1986).

Утвораны на аснове тэрміналагічнага словазлучэння, звязанага з фізічнай з’явай — выбіральным праходжаннем току па лініі з найменшым электрычным супраціўленнем.

Ісці (пайсці) угору (угару). Агульны дляўсходнесл. м. (руск. идти в гору, укр. іти в гору). Ужыв. са значэннямі ‘дабівацца болын высокага становішча ў жыцці, грамадстве’ і ‘паспяхова развівацца, паляпшацца (пра справу, гаспадарку і пад.)’. Пасля смерці бацькі Паўла абралі царкоўным папячыцелем у шчаткаўскім прыходзе. Прыход багаты. Павал адразу пачаў ісці ўгору… (П. Галавач. Дзве сцежкі). Ну, думаю, трымайся, Сямён, справы твае быццам пайшлі ўгару, не балбачы толькі (В. Быкаў. Кар’ер).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, у якім угору абазначае ‘уверх, увысь’. Існуе таксама думка, што выраз паходзіць з маўлення карцежнікаў і звязаны з пашыранай у XVІІІ-ХІХ стст. картачнай гульнёй «горкай», у якой ісці ў гару абазначала ‘выйграваць’. Параўн., аднак, існаванне ў руск. м. двух антанімічных фразеалагізмаў идти в гору і идти под гору, што адмаўляе іх этымалагічную сувязь з названай картачнай гульнёй.

**Quilt|2014/2015**

Ісці (пайсці) у Каносу. Паўкалька з франц. (аllеr `a Сапоssа) ці італ. (аndаге а Сапоssа) м. Уніжацца перад кім-н., каяцца, станавіцца пакорлівым, прызнаваць сябе пераможаным. Што там шэпчуць, баючыся, скрытна зноў, пачуўшы крок галодных, босых? Маўчыце лепш! Пакіньце нас і спадчыну бацькоў, — за вамі мы не пойдзем у Каносу (М. Танк. З паднятай галавой).

Каноса — замак у Паўночнай Італіі, у якім доўгі час жыў папа Грыгорый VII. Імкнучыся да сусветнага панавання, папа пракляў і адлучыў ад царквы германскага імператара Генрыха IV, калі той не захацеў падпарадкавацца папскай уладзе. Баючыся страціць прастол, зімой 1077 г. Генрых пехатой пайшоў у Каносу і тры дні прасіў у папы прабачэння.

Іудаў (юдаў) пацалунак. Паўкалька з франц. (bаіsеr dе Judаs) ці англ. (а Judаs kiss) м. Здрадніцкі ўчынак пад маскай добразычлівасці, дружбы. Тысячы брацкіх магіл, сотні і сотні спаленых вёсак, сёл і гарадоў, да двух з паловай мільёнаў загубленых фашыстамі і іх наймітамі чалавечых жыццяў.. Вось жудасныя вынікі «гераізму» фашысцкіх паслугачоў, сапраўдныя вынікі іудавых пацалункаў… (М. Лынькоў. Аб вылюдках).

Выток фразеалагізма — евангельская прытча (Лука, 22, 47) пра Юду Іскарыёта — аднаго з дванаццаці вучняў Ісуса Хрыста. Юда прадаў свайго настаўніка за трыццаць срэбранікаў. Каб стражнікі ведалі, хто з дванаццаці Ісус і каго трэба схапіць, Юда падышоў і пацалаваў яго.

I ў коле і ў мяле. Уласна бел. У самых разнастайных жыццёвых сітуацыях (быць і пад.). Чалавек гэты пабыў як кажуць, і ў коле і ў мяле, але пакуль што неўпадабаў сабе пэўнага прыстанішча (І. Сіманоўскі. Развесяліліся бюракраты).

Утвораны па мадэлі тыпу і там і сям, і ў хвост і ў грыву. Структурная схема і… і... запоўнена цяпер ужо ўстарэлымі ці зніклымі словамі або іх асобнымі значэннямі. Кола, паводле «Слоўніка…» І. І. Насовіча, — ‘млынавое кола’, а мяла — ‘мялка, мяліца, на якой лён або пяньку мнуць’.

I ў хвост і ў грыву. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) вельмі моцна (біць, паганяць каго-н., пападаць каму-н.), 2) бязлітасна, непрымірыма (біць, лупіць, крыць і пад.). А вунь і брат Міша ідзе. Награшыў я, госпадзі, будзе мне і ў хвост і ў грыву… (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі). А гнаць іх пачнём, тут ужо і будзеце не абараняцца, а наступаць, лупіць у хвост і ў грыву (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Поделиться с друзьями: