Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Каліф на час. Агульны для ўсходнесл. м. Чалавек, які займеў уладу на кароткі тэрмін. На славу працуюць любімыя браты нашы — партызаны. Звярыны жах пасялілі яны ў тупыя чарапы нямецкіх каліфаў на час (М. Лынькоў. Блізка вясна Беларусі).
Склаўся на аснове арабскай казкі «Сон наяву, ці Каліф на час». У ёй гаворыцца, як малады багдадзец Абу-Гасан паклікаў да сябе ў госці незнаёмца і расказаў яму пра сваю запаветную мару — стаць хоць на адзін дзень каліфам. Незнаёмец якраз і быў пераапрануты каліф — вярхоўны правіцель Багдада. Абу-Гасану далі снатворнага парашку, перанеслі ў палац і, калі прачнуўся, цэлы дзень ушаноўвалі як каліфа. А вечарам, зноў усыпіўшы, вярнулі дамоў.
Калі (як) рак (на гары) свісне. Агульны для ўсходнесл. м. Ніколі ці невядома калі (будзе, павінна адбыцца што-н.). — Я магу кінуць піць. — Калі? Як рак на гары свісне. — Як ты загадаеш (Л. Калодзежны. Аўсяны звон).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз як плён народнага гумару.
Каломенская вярста. Запазыч. з руск. м. Чалавек вельмі высокага росту. Зверху раздаўся глухаваты голас: — Гэй, вярста каломенская, прыгніся, калі кацялок табе дарагі! Тут хутка прадзіравяць (І. Новікаў. Ачышчэнне).
Склаўся на аснове параўнання высакарослага чалавека з вельмі высокімі верставымі слупамі, якія былі пастаўлены паміж Масквой і сялом Каломенскім, дзе знаходзілася летняя рэзідэнцыя цара Аляксея Міхайлавіча.
Калос на гліняных нагах. Паўкалька з франц. м. (соlоssе аuх ріеds d’аrgіlе). Што-н. знешне вялікаснае, але слабае, гатовае разбурыцца. Ніхто нават не падумае, што ўсё гэта — калос на гліняных нагах, які вось-вось зваліцца (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
Склаўся на базе біблейскага аповеду (Данііл, 2, 31–36) пра вавілонскага цара Навухаданосара, якому прысніўся вялікі страшны ідал: галава яго «была з чыстага золата, грудзі і рукі з серабра, чэрава і клубы — медныя, галёнкі жалезныя, ногі часткова жалезныя, часткова гліняныя». «Камень адарваўся ад гары, ударыў у ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго — і разбіў іх». Паводле Бібліі, металічны ідал-велікан на гліняных нагах і яго лёс сімвалізавалі вавілонскае царства з незайздроснай будучыняй — разбурэннем, гібеллю ад персаў.
Калоць вочы каму. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘быць непрыемным каму-н., выклікаць злосць’ і ‘моцна папікаць, сароміць каго-н.’. Зразумей, Мікола, што наш дастатак коле людзям вочы, усе зайздросцяць, таму і плятуць на мяне розную недарэчнасць (М. Машара. I прыйдзе час…). Ніхто яму, Вадзіму, не будзе калоць вочы былымі памылкамі (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Выраз паходзіць з прыказкі Праўда вочы коле, у складзе якой абазначае ‘вельмі непрыемная, выклікае злосць, раздражняе’. Другое значэнне фразеалагізма таксама мае семантычную сувязь з прыказкай, толькі ўскосную.
Калумбава яйка. Паўкалька з франц. (l’оеuf dе Соlоmb) ці ням. (dаs Еі dеs Kоlumbus) м. Удалае рашэнне чаго-н., знойдзены выхад з цяжкага становішча. — Па неправераных даных сёння ноччу забіта Настасся Вашчыла [супрацоўніца нямецкай разведкі]. —Гэта праўда? — Калумбава яйка… Нечаканы ўчынак шпега, якога ўчора Настасся Вашчыла на вуліцы стэкам спаласавала, выручыў нас, — тлумачыў Краеўскі. — Не трэба рук пэцкаць... (І. Гурскі. Вецер веку).
Склаўся на аснове хадзячага аповеду пра Хрыстафора Калумба. Калі адзін з суразмоўнікаў іранічна заўважыў, што адкрыццё Амерыкі было няцяжкай справай, Калумб прапанаваў яму паставіць яйка на стале. Ніхто не мог гэтага зрабіць. Тады Калумб, разбіўшы яйка з тупога канца, паставіў яго старчма. Пры гэтым нібыта дадаў: «Так, гэта справа няцяжкая».
Камандаваць парадам. Агульны для ўсходнесл. м. Распараджацца, верхаводзіць, быць завадатарам, аказваць уплыў на ход чаго-н. Рабушка і Навучэнка пачалі пярэчыць, тады Саша растлумачыў: — Паколькі парадам камандую я, то слухайце мае загады! Пайшлі! (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску).
Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў маўленні ваенных.
Камар носа не падточыць (не падсуне). Агульны для ўсходнесл. м. Нельга прыдрацца да чаго-н. А хіба крытыкаваць цябе няма за што? Усё ў цябе так спраўненька, так добранька, што і камар носа не падточыць? (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Першапачаткова выраз выкарыстоўваўся, відаць, як ацэнка такой сталярнай або цяслярскай работы, пры якой паміж шчыльна падагнанымі дошкамі ці бярвёнамі нельга прасунуць нават камарынага носа.
Камень за пазухай. Агульны для ўсходнесл. м. Скрытая, затоеная злосць, нядобры намер. Без каменя за пазухай я падаю, равеснік, табе руку на дружбу — не адхіляй яе! (Н. Гілевіч. Равесніку за акіянам).
Вытворны ад дзеяслоўнага фразеалагізма насіць (трымаць, хаваць) камень за пазухай ‘затойваць злосць на каго-н., быць гатовым зрабіць што-н. дрэннае каму-н.’. Адарваўшыся ад дзеяслоўнага выразу, яго фрагмент атрымаў прадметнае значэнне.
Камень спатыкнення. Паўкалька з царк. — слав. м. (камень преткновения). Значная перашкода, цяжкасць. А. Бачыла, скажам, піша, што цяпер «сваім багаццем хваліцца ўсё тая ж зямля, якой цураліся тады». Пакуль што для многіх «каменем спатыкнення» з’яўляецца менавіта гэтае невырашальнае: тады і цяпер… (М. Арочка. Зямля, асвечаная любоўю).
Выток фразеалагізма — Біблія (Ісаія, 8, 14), дзе першапачаткова спалучэнне мела канкрэтны сэнс, бо гаворка ішла пра пакладзены богам у Сіёне камень, аб які спатыкаліся нявернікі ці тыя, хто не скараўся перад строгімі законамі.
Каменьчык (-і) у агарод чый. Агульны для ўсходнесл. м. Іранічны, крыўдны намёк на што-н. Роза зразумела, што крытыка яе работы з’яўляецца адначасна каменьчыкам у Юркаў агарод (У. Калеснік. Пасланёц Праметэя).
Склаўся на аснове фразеалагізма кідаць каменьчыку агарод чый, каго (гл.) у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Будучы «абломкам» дзеяслоўнага выразу, захаваў «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма, набыў катэгарыяльнае значэнне прадметнасці.