Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Каменя на камені не пакінуць. Паўкалька з царк. — слав. м. Ужыв. са значэннямі: 1) знішчыць ушчэнт, разбурыць да канца, 2) ад каго, ад чаго; бязлітасна раскрытыкаваць каго-, што-н. Колькі разоў цябе нішчылі, Крычаў, не пакідалі на камені камень (У. Дубоўка. Крычаўская спакуса). У слоўных баталіях з хлопцамі Марыя любіла не пакінуць ад апанента каменя на камені (У. Караткевіч. Нельга забыць).
Выраз шмат разоў сустракаецца ў евангельскіх тэкстах, у прыватнасці (Марк, 23, 2) там, дзе расказваецца, як Хрыстос прарочыць пагібель Іерусаліма: «Дакладна кажу вам; не пакінецца тут каменя на камені („не имать остати здесь камень на камени“); усё будзе разбурана». Фразеалагізм выкарыстоўваўся ў тэкстах старажытнай беларускай пісьменнасці, напрыклад у «Аповесці аб Трыстане» (каля 1580 г.): «…иже там камень на камени не зостал».
Камяні кідаюцца ў каго. Уласна бел. Хто-н. асуджаецца, абвінавачваецца, ганьбіцца. I зноў непрыемна чытаць некаторыя ўспаміны, дзе кідаюцца камяні ў яе [жонку М. Стральцова] (Р. Барадулін. Конь гуляў па волі…).
Выраз, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага кідаць камень (у каго), які абазначае ‘асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго-н.’ (гл.).
Кануць у Лету. Запазыч. з руск. м. Быць забытым, назаўсёды знікнуць. Мае дарагія сябры, сёстры і брацця, — мінуць, пройдуць, у Лету кануць стагоддзі, зменяцца пакаленні… (А. Карпюк. Вершалінскі рай).
Выраз узнік, паводле М. М. Шанскага, у пачатку XIX ст. у паэтычных творах на аснове гутарковага канул в воду; апошні кампанент быў заменены іншым словам — вобразам з грэчаскай міфалогіі. Лета — рака забыцця ў падземным царстве, з якой душы тых, хто трапляў на той свет, пілі ваду; адзін глыток вады прымушаў іх забываць зямлю і сваё былое жыццё на ёй.
Канцы з канцамі не зводзяцца (не сыходзяцца) у каго, дзе. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘не хапае чаго-н. для задавальнення жыццёвых патрэб на ўвесь вызначаны перыяд’ і ‘няма ўзгодненасці, адпаведнасці паміж рознымі бакамі чаго-н. (у разважаннях, доказах і пад.)’. Зажынкі заўсёды ўрачыстая падзея, свята. Павялося гэта здавён-даўна, з тых часоў, калі ў многіх хатах канцы не зводзіліся з канцамі. Не хапала хлеба, каб дацягнуць да новага ўраджаю (І. Дуброўскі. Буйным крокам). Не, хлопча, канцы з канцамі ў цябе пакуль што не сыходзяцца. Відаць, ты яшчэ не разабраўся толкам у гэтых абозах і авангардах… (М. Ткачоў. Пошукі скарбаў).
Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага зводзіць канцы з канцамі (гл.).
Канцы ў ваду. Гл. <і> канцы ў ваду.
Капанне на мазгі. Агульны для ўсходнесл. м. Пастаяннае ўздзеянне на каго-н., бесперапыннае настаўленне, павучанне каго-н. У такіх выпадках — Ліза ведала з шматгадовага вопыту — лабавая атака не падыходзіць. Трэба іншы манеўр — спакой, ласка, зацяжная аблога і паступовае «капанне на мазгі» (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага капаць на мазгі каму ‘пастаянна гаварыць адно і тое ж, уздзейнічаючы на каго-н., павучаючы, настаўляючы каго-н.’.
Капаць яму каму, пад каго, для каго. Агульны для ўсходнесл. м. Рабіць зло, шкодзіць, рыхтаваць вялікую непрыемнасць каму-н. — Ты сам сабе яму капаеш… — Ты мне капаеш яму! — перапыніў Аўгіню Васіль (Я. Колас. Дрыгва).
Паходзіць з прыказкі Не капай другому яму, сам увалішся. Фразеалагізм захаваў той самы сэнс, што і ў прыказцы, і здольнасць кіраваць давальным склонам, але развіў і іншыя кіравальныя сувязі (пад каго, для каго).
Капля ў моры <чаго>. Гл. кропля (капля) у моры <чаго>.
Капнуць глыбей. Агульны для ўсходнесл. м. Больш грунтоўна вывучыць, высветліць што-н., пранікнуць у сутнасць чаго-н. У 1949 годзе мяне вырашылі перавесці на новы факультэт. Я адразу ўцяміў, што там прападу: капнуць глыбей і высветляць, што сын расстрэлянага шпіёна пралез да сакрэтаў (А. Лукашук. Здзек).
Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з перыферыйнымі значэннямі адпаведных слоў: капнуць — са значэннем ’унікнуць у што-н., дабрацца да чаго-н.’, глыбей — ‘больш змястоўна, больш грунтоўна’.
Капціць свет. Уласна бел. Жыць без пэўнай мэты, без справы, без карысці для іншых. — Што, адны жывяце? — Адны. Во з дзедам так і капцім свет, — тужліва адказала кабета (В. Быкаў. Сотнікаў).
Узнік, відаць, на аснове фразеалагізма неба капціць (гл.) і ўжываецца з тоесным значэннем: не капціў дарэмна свету (К. Крапіва), стварэнне гэта свет копціць (І. Козел).
Капыліць (закапыліць) губы (-у). Агульны для бел. і ўкр. м. Крывіцца, выражаючы незадаволенасць, злосць. Скіба гумару ў сітуацыі не зразумеў, ён адно чмыхнуў і, як кажуць, закапыліў губу (А. Кажадуб. Высока сонейка, высока).
Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану.
Карміць абяцанкамі каго. Паўкалька з руск. м. (кормить обещаниями). Абяцаць зрабіць што-н. у хуткім часе і не выконваць абяцанага. Цётка ведала дабрату свайго пляменнічка: толькі абяцанкамі корміць (М. Лобан. На парозе будучыні).
Утварыўся ў руск. м. на базе фразеалагізма кормить завтраками, у апошнім кампаненце якога каламбурна сутыкаюцца два значэнні: ‘снеданне’ і ‘абяцанне зрабіць што-н. заўтра’.
Карты зблытаны чые, каго. Гл. <усе> карты зблытаны (змешаны) чые, каго.
Карты раскрыты чые. Гл. <усе> карты раскрыты чые.
Карты ў рукі каму. Гл. <і> карты ў рукі каму.
Карычневая чума. Агульны для ўсходнесл. м. Фашызм. Час яшчэ не сцёр ні з памяці людской, ні з пакутнай зямлі слядоў, якія пакінулі на ёй нечуваныя трагедыі, страты і ахвяры, што прынесла чалавецтву карычневая чума (В. Вітка. Даследуецца чалавек).