ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Навядзенне мастоў. Агульны для ўсходнесл. м. Наладжванне кантактаў з кім-н. Савет Эканамічнай Узаемадапамогі падаў сігнал да навядзення мастоў y інтарэсах усіх еўрапейскіх народаў (Звязда. 11.04.1987).

Назоўнікавае ўтварэнне ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма наводзіць (навесці) масты, які абазначае ‘устанаўліваць, наладжваць кантакты з кім-, чым-н.’.

На вярбе грушы растуць у каго. Агульны для бел. і ўкр. (на вербі груші ростуть) м. Хто-н. неймаверна хлусіць, выдумляе, расказвае небыліцы. Дык жа гэты дзед — вядомы на ўсю акругу манюка Навум Бублік. Уяго на вярбе грушы растуць… (Р. Хацкевіч. На золку).

Выраз, струкіурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, утварыўся на аснове назоўнікавага фразеалагізма грушы на вярбе (гл.) шляхам пашырэння яго кампанентнага складу і развіцця інакшай спалучальнасці з кантэкстам.

Ha гарматны (пушачны) стрэл (выстрал). Агульны для ўсходнесл. м, (руск. на пушечньій выстрел, укр. на гарматний постріл). Зусім, ні ў якім разе (не падпускаць; нельга, не трэба падпускаць каго-н.). [Вера: ] Я такіх, як яе муж, на гарматны стрэл да партыі не падпусціла б! (І.Мележ. У новым доме).

Першапачаткова абазначаў ‘на адлегласць, на якую дзейнічае гармата; на адлегласць гарматнага стрэлу’. Магчыма, выраз склаўся пад уплывам франц. `a port'ee de fusil (літаральна „на ружэйны выстрал“).

На горкі яблык. Уласна бел. Вельмі моцна, бязлітасна. Іх, збітых на горкі яблык, знайшоў нямецкі патруль на глухой вуліцы ля руін (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Уступае ў спалучальнасць толькі з дзеясловам збіць (зрэдку — з яго сінонімамі). Такі лексіка-фразеалагічны кантакт вытлумачваецца вобразнай асновай выразу: горкі яблык, звычайна з дзічкі, перш чым есці, б’юць аб цвёрдае, спускаючы кіслы сок.

На грэчаскія калёнды. Агульны для ўсходнесл. м. Ніколі, невядома калі. — Пазыч сторублёў. — A аддасі калі? На грэ[час]кія календы? — Ды сёння ж аддам, скнара ты пракляты! — ускіпеў Шахрай і грымнуў далоняй па стале (Я. Васілёнак. Нараджэнне чалавека).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючымі, сэнсава тоеснымі выразамі на святы Адам, на святое ніколі, на святыя нігды з запаўненнем структурнай схемы кампанентамі фразеалагізма да грэчаскіх календаў (гл.) — паўкалькі з лац. м.

На дзесятым небе. Гл. на сёмым (дзесятым) небе.

Надзець шапку Манамаха. Запазыч. з руск. м. Стаць адзіным, поўнаўладным кіраўніком дзяржавы. Патаемнай жа марай Жыгімонта было самому надзець тую клятую шапку Манамаха (А. Петрашкевіч. Рупнасць дзяржаўнай асобы пра суверэнітэт Айчыны).

Дзеяслоўны фразеалагізм, утвораны на аснове назоўнікавага шапка Манамаха (гл.).

На другі (задні) план. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на второй (задний) план, укр. на другий (задній) план). Як менш істотны, другарадны, нязначны (адцясніць, адступідь і пад). Усё гэта неяк само сабой адступіла на задні план перад яго незразумелым неспакоем і незадаволенасцю сабою (А. Жалязоўскі. У вясковай цішыні).

Паходзіць з маўлення мастакоў, дзе ўжываюць у тэрміналагічным значэнні першы (пярэдні) план і другі (задні) план. Гл. на першым (пярэднім) плане.

Ha другім (заднім) плане. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на втором (заднем) плане, укр. на другим (заднім) плані). Менш важны, другарадны, нязначны. Аксеня цяпер на заднім плане. Яе месца заняла Васіліна (Т. Хадкевіч. Вяснянка).

Паходзіць з маўлення мастакоў. Гл. на другі (задні) план і на першым (пярэднім) плане.

На дух не пераносіць, не выносіць і пад. Гл. <і> на дух не пераносіць, не выносіць і пад.

На дыван выклікаць, ісці, тратяць і пад. Калька з англ. м. (call on the carpet, літаральна „выклікаць на дыван“). Для сур’ёзнай размовы, адказу на якія-н. прэтэнзіі, заўвагі і пад. Усіх, хто правінаваціўся, трапіў на дыван да „таты“ — дырэктара саўгаса, — адсылалі да Аляксея Трафімавіча на перавыхаванне (М. Тычына. Дажынкі).

Першапачатковае значэнне выразу — ‘у засланы дываном пакой, кабінет гаспадара, начальніка’.

На ёту. Агульны для бел. і руск. м. Нямнога, ледзь-ледзь. Мэты нашы — задачы нашы вы ведаеце. A што мы толкам зрабілі, каб хоць на ёту, наблізіць перамогу нашай справы? (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Узнік па аналогіі з фразеалагізмамі тыпу на капельку, на макулінку (выкарыстана іх граматычная структура і першы кампанент). Што да ёты, то гэта так называецца літара і ў грэч. алфавіце, найтанчэйшая сярод іншых літар.

На заднім плане. Гл. на другім (заднім) плане.

На задні план. Гл. на другі (задні) план.

На задніх лапках хадзіць перад кім. Запазыч. з руск. м. Прыслугоўваць, лісліва дагаджаць каму-н. Ага, спужаўся высокага начальства, пачнеш на задніх лапках перад ім хадзіць… (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Паходзіць з байкі І. А. Крылова „Два сабакі“, дзе спачатку выкарыстаны як свабоднае словазлучэнне (гаворыцца пра сабаку, які ў прамым сэнсе можа хадзіць на задніх лапках), a затым — як выраз з пераносным значэннем (размова ідзе пра людзей). Пакаёвы сабачка Жужу хваліцца двароваму Барбосу, што жыве „ў пяшчоце, y дабры“, п’е і есць „на серабры“ (пераклад К. Крапівы):

„Чым служыш ты?“ — „Чым служыш? Вось пытанне! — З насмешкай адказаў Жужу: — На задніх лапках я хаджу“. Так шчасце многія y тым знаходзяць, Што ўсё жыццё на задніх лапках ходзяць!

Ha здароўе. Агульны для бел., руск. і польск. (na zdrowie) м. Колькі хочацца каму-н. і без пярэчанняў з боку таго, хто гаворыць. — Я кахаю Ганчара… — Ну й кахай сабе на здароўе (Г. Багданава. Паганскія экспрэсіі).

Поделиться с друзьями: