Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гісторыя і міфы

Грыцкевіч Валянцін

Шрифт:

Што канкрэтна паўплывала на намер беларускага і ўкраінскага епіскапату пайсці на вунію? Здаецца, што найперш крызіс у беларускім і ўкраінскім грамадстве. Ідэя задзіночання ўсяго хрысціянства мела сваіх прыхільнікаў сярод праваслаўнага магнацтва — у прыватнасці ў асобе Канстанціна Астрожскага, які, аднак, у манархісцка-клерыкальнай расейскай гістарыяграфіі вядомы як абаронца праваслаўя. Ён шукаў шляхі да задзіночання праваслаўнай царквы з каталіцкай, каб адзіным фронтам выступіць супраць рэфармацыйнага руху, які ахапіў усю Эўропу, улучаючы і Беларусь з Украінаю. У чэрвені 1593 года ён пісаў аднаму епіскапу:

«Маючы намер… адправіцца ў тыя краіны, недалёка ад якіх жыве папа рымскі, прапаную парупіцца пра злучэнне цэркваў». Далей ён скардзіўся на тое, што «людзі нашай рэлігіі ўпалі маральна, што пануе ў іх лянота і нядбайнасць» і што яны «разбягаюцца па розных сектах» [92].

Дарэчы, шчырым «змагаром за праваслаўе» князь стаў пасля таго, як ягоныя ўмовы задзіночання цэркваў не былі цалкам прынятыя вярхамі рымска-каталіцкае царквы.

Для асвечаных і рэлігійных людзей задзіночанне царквы было зразумелай справай. Свядомыя адзінкі з ліку беларускага і ўкраінскага асяроддзя балюча адчувалі заняпад праваслаўнай царквы, анархію брацтваў (дарэчы, у савецкай гістарычнай навуцы брацтвы звыкла разглядаюць толькі са станоўчага боку, згодна са старой праваслаўнай клерыкальнай традыцыяй), нястачу асветы, рост недаверу да ўсходніх патрыярхаў, чые патрыярхіі трапілі пад уладу іншаверных туркаў-асманаў.

Усходняя канстантынопальская царква, якой тады падпарадкавалася праваслаўная царква Вялікага Княства Літоўскага, паступова страчвала свой колішні маральны аўтарытэт. Яе каноны і догмы ўсё болей касцянелі, а багаслоўская навука перастала развівацца ў адрозненне ад заходняга каталіцкага веравучэння, якое ў Сярэднявеччы прайшло прагрэсіўны шлях развіцця, узняўшыся на ровень знакамітых хрысціянскіх багаслоўскіх школ (аўгусцінізм, тамізм). Калі ў сістэме каталіцкае царквы паспяхова функцыянавалі ўніверсітэты і акадэміі, у Грэцыі багаслоўе засталося на роўні тэорыі і практыкі першых айцоў і настаўнікаў царквы. Менавіта гэта меў на ўвазе епіскап уладзімірскі Іпат Пацей, калі пісаў К. Астрожскаму:

«Царква грэцкая… чым далей, тым горш даходзіць да боства і да вялікай няўмеласці і грубіянства прыходзіць: дзе між старшымі і дазорцамі царквы нічога іншага, адно п'янства, прагнасць, святакупства, няпраўда, нянавісць, паклёпы, упартасць, пыхлівасць, надзьмутасць і іншае ліха пануе, так вельмі, што там ані работаю горкаю залішыць і смірыцца не хочуць. Аб навуцы ў Пісьме Святым і ў іншых свецкіх пісьмах да аздобы і практыкавання людскога, дзе раней самы цвет быў, таго ўжо ані пытайся: настаўнікаў, прапаведнікаў добрых між іх і са свечкаю не знойдзеш, і, наадварот, казані за ерась папскую сабе лічаць, пакрываючы сваю няўмеласць і грубіянства» [93].

Усходнія патрыярхі ўсё больш умешваліся ў справы беларускай і ўкраінскай царквы. Іяакім, патрыярх антыёхійскі, у 1596 годзе зацвердзіў статут Львоўскага брацтва. Ён дазволіў брацтву кантраляваць царкоўную дзейнасць. Канстантынопальскі патрыярх Ерамія II пацвердзіў гэта. Патрыярхі прымалі такія рашэнні, якія разбуралі ўсе традыцыйныя апостальскія асновы царквы і яўна супярэчылі праваслаўнаму царкоўнаму правапарадку.

Барацьба Львоўскага царкоўнага праваслаўнага брацтва з праваслаўным епіскапам Гедэонам Балабанам пацвердзіла паслабленне царквы [94]. А гэта спрыяла палітыцы і Турэччыны, з якой прыязджалі патрыярхі, падначаленыя султану як свайму сюзерэну, і Маскоўшчыны, якая вяла барацьбу супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы (у складзе якой тады ўжо знаходзілася Ўкраіна).

Усходнія патрыярхі прыслужнічалі маскоўскім царам. Адзін з іх — Іяасаф II абвясціў Івана Жахлівага ў 1563 годзе — у год крывавай расправы з жыхарамі Полацка і паняволення адзінаццаці тысяч палачанаў — пераемнікам візантыйскіх манархаў ва Ўсходняй Эўропе, а Ерамія II у 1589 годзе згадзіўся на самастойнасць Маскоўскай патрыярхіі.

Іпат Пацей у адным з сваіх лістоў пісаў, што ў Маскве «тым цяпер выхваляюцца, што ў іх уласны патрыярх канстантынопальскі мае быць». Справа йшла аб пераносе ўсяго канстантынопальскага патрыярхату ў Маскву адпаведна з ідэяй «Масква — трэці Рым».

Гэтую ідэю вылучыў у сваіх пасланнях 20-х гадоў XVI стагоддзя да пскоўскага дзяка Місюра Мунехіна і вялікага князя Васіля III старац Ялізарава Трохсвяціцельскага манастыра на беразе рэчкі Толвы ля Пскова Філафей. Гэтая асоба, прыбядняючыся, пісала пра сябе: «Я человек сельский, учился буквам, а еллинских борзостей не текох, а риторских астрономий не читал, ни с мудрыми философами в беседе не бывал…» Ён сцвярджаў, што першы Рым паў ад ерасяў, другі Рым — Канстантынопаль — праз сувязь з лацінянамі-каталікамі таксама загінуў, а цэнтр усяго хрысціянскага жыцця выратаваўся ад няверы ў Маскве. Расейскі цар правіць Царквою Хрыстоваю. Масква стала прытулкам святасці. І гэтым зараз вызначаецца яе роля: «Усе царствы праваслаўныя хрысціянскай веры сышліся ў тваё адзінае царства». Ідэю Філафея прасякаў цэзарапапізм, падпарадкаванне духоўнай улады ўладзе свецкай.

Пры пагрозе страты самастойнасці праваслаўных частак Рэчы Паспалітай у Берасці было вырашана павярнуцца да Захаду, абнавіць кананічнае адзінства з цэнтрам Сусветнае царквы ў Рыме. Гэта сведчыць, што кіраўнікі нашай праваслаўнай царквы хацелі быць паслядоўнымі выразнікамі ўкраінскіх і беларускіх інтарэсаў, якім пагражалі з аднаго боку Польшча, а з другога Масква.

Гэтыя епіскапы хацелі пазбавіцца патранату і караля і вяльможаў ды падпарадкавацца Апостальскаму пасаду ў Рыме наўпрост, абмінаючы польскую каталіцкую царкву. Гэта мела важныя гістарычныя вынікі.

Колькі словаў наконт абвінавачвання епіскапаў-«рэнегатаў» у здрадзе. Каму ж яны здрадзілі, творачы Берасцейскую вунію? Свайму народу, перайшоўшы ў іншую веру? Не. Епіскапы як былі хрысціянамі, так імі і засталіся. Яны не падаліся ў іншую царкву, а, наадварот, стварылі новую царкву ў адрозненне ад папярэдніх — Сусветную паводле сутнасці і нацыянальную паводле формы, са спецыфічнай асаблівасцю — дагматычна-абрадавым сінкрэтызмам.

Яны інтэгравалі царкву ва ўлонне Сусветнай Апостальскай царквы. Гэтым епіскапы ўзапраўды, а не толькі пры малітве споўнілі дзевяты сімвал веры: «Веру ў Адзіную, Святую, Саборную і Апостальскую царкву».

Ці, можа, здрадзілі народу тым, што прынялі вучэнне пра чысцец? А можа, яны здрадзілі праваслаўю? І тут, калі прааналізаваць, высвятляецца, што ніякай здрады ў сапраўднасці не было.

Усе трыццаць тры артыкулы дамовы пра вунію, якую падпісалі ў снежні 1595 года ў Рыме епіскапы Іпат Пацей і Кірыла Цярлецкі з папам Кліментам VIII, сведчаць, што яны прагнулі зберагчы «ўсю красу і веліч усходняга абраду». Была захаваная ўся літургія, пра што гаворыць наступны артыкул дамовы:

«Богашанаванні і ўсе малітвы, раннія, вячэрнія і начныя, каб нам засталіся нязменныя па звычаі і абычаі, прынятым ва Ўсходняй царкве, а самыя пры Літургіі — Васіля Залатавуснага і Епіфанія, якая бывае ў часы Вялікага Посту з папярэдне асвечанымі дарамі, а таксама ўсе іншыя абрады і цырымоніі нашае Царквы, што імі дасюль карысталіся, падобна як і ў Рыме пад паслушэнствам найвышэйшага Архірэя: тое зберагаецца, каб тое ўсё мы выконвалі ў нашай мове» [95] (вылучанамною. — В. Г.).

Для казанняў прадугледжвалася народная гутарковая мова. Быў захаваны стары юльянскі каляндар (гэтак званы стары стыль). Святарам не навязвалася забарона ўваходзіць у шлюб. Царкоўная архітэктура магла развівацца ў традыцыйных формах.

Беларуская і ўкраінская царква, прыняўшы вонкавую залежнасць ад Апостальскага пасаду, зберагла нутраную свабоду. Яе гіерархі хацелі захаваць за Царквою тое, чым яна была пры першахрышчэнні нашых земляў — арганічнасць у Сусветнай царкве. Яны прынялі частку догматаў Заходняй царквы — пра зверхнасць папы ва ўсім хрысціянскім свеце, пра чысцец, а крыху пазней пра сыходжанне Святога Духа і ад Бога-Сына.

Поделиться с друзьями: