Гандлярка і паэт
Шрифт:
У сапраўднасці ўсё было натуральна: Вольга нібы рэпеціравала новую ролю. Яшчэ там, на рынку, як толькі Камандзір развітаўся з ёй, яна падумала, што ёй трэба як сувязной. — пароль падказаў: зрабіцца «надомніцай», хоць не надта паважала тых, хто гэтым займаецца — ходзіць па дамах і купляе рэчы, каб пасля ў вёсках выгадна выменяць на прадукты; такі гандаль здаваўся ёй цыганскім, несумленным. Але цяпер ён мог памагчы справе.
«Выкручвайся — як умееш». А гэта яна ўмее.
Ішла Вольга на сваё першае баявое заданне без страху. Сама здзіўлялася. Разумела: калі Камандзір баіцца пайсці дадому і калі думае, што жонка можа быць арыштаваная, значыцца, нешта здарылася. Але, напэўна, з-за таго, што нічога не ведала і здагадацца не магла, што там у іх такое, і чалавека, да якога ішла, не ведала, — нічога не баялася. Верыла ў праўдзівасць сваёй ролі скупшчыцы адзення, для яе роля гэтая сапраўды-такі праўдзівая: ёй не трэба прытварацца. Паўгорада пацвердзіць, хто яна такая: прадавала з маленства, а раз прадавала — значыцца, і купляла, і цяпер купляе.
Адно хіба збянтэжыла: з варот напроціў таго дома, куды ёй трэба зайсці, выязджалі ваенныя машыны. Няўжо яна недачула адрас, наблытала? Але прыгадала, на якой машыне Камандзір прыязджаў па прыёмнік. Рызыкант. Урэшце, суседства такое адбылося не па яго волі. Шмат каму яны сталі суседзямі, гэтыя прышэльцы, — кожны другі дом заняты.
Вольга пільна прыглядалася, каб зразумець, што ж не дало Камандзіру зайсці дадому. Нічога падазронага не ўбачыла. Па вуліцы ходзяць немцы. Але дзе яны не ходзяць? У двары пуста. I ў пад’ездзе дома — нікога.
Яна паднялася па скрыпучай лесвіцы на другі паверх. I толькі перад дзвярамі пачула, што хвалюецца, як вучаніца перад экзаменам. Але не баіцца, а хвалюецца. Паўтарыла ў думках пароль. Не адразу адважылася пастукаць. Пасля схамянулася, што нельга доўга стаяць: раптам за ёй сочыць таемна-чужое вока, варожае вока? Камандзір мог угледзець гэтае вока.
Рашуча пастукала. Адчынілі без запытання. Вольга ўзрадавалася і збянтэжылася: жанчына, што стаяла ў калідоры, была знаёмая — да вайны неаднойчы купляла ў яе зеляніну, і запомніла таму, што належала да тых нямногіх гаспадынь, якія дробязна не таргаваліся, не перабіралі пучкі радыскі і цыбулі — куплялі, як мужчыны. Але найбольш уразіла, што Яніна Восіпаўна цяжарная. Угледзела гэта адразу па плямах на твары, па паставе, па тым, як тая трымала рукі. Ад такое неспадзяванасці забылася нават на пароль. Ды гаспадыня запрасіла без пароля, здзівіўшы, што ведае яе імя:
— Заходзьце, Вольга.
Не, пароль Вольга ўсё ж сказала. Яніна Восіпаўна дала адказ як мае быць. Але тут жа зняла з плячэй шэрую пуховую хустку, працягнула Вользе, папрасіла:
— Вы ходзіце ў сёлы мяняць? Выменяйце мне што-небудзь… сала, масла…
Вольга разгубілася: што гэта, дадатковая праверка, працяг пароля ці шчырая просьба? Вельмі проста зразумець, што жанчыне ў такім стане патрэбны тлушч. Але гэта проста там, дзе ўсё проста, а тут — бог ведае, што да чаго.
Збіраючыся сюды пад выглядам скупшчыцы, яна ўзяла з сабой не толькі што-нішто з нядаўна купленага адзення, але захапіла буханку хлеба і брусок сала, бо ведала, што многія з гэтых спекулянтаў, якія нажываюцца на бядзе, не галадаюць: скупляюць рэчы не за грошы — за прадукты, але плацяць трэць таго, што пасля выменьваюць у вёсках. Падумала і пра іншае, маючы вопыт: самагонкай, хлебам ды салам лягчэй за ўсё адкупіцца ад якога-небудзь нахабнага паліцая, ды і немцы не грэбуюць — бяруць.
Пастаяўшы нейкі момант у нерашучасці, у роздуме, Вольга ўзяла з рук гаспадыні хустку, акуратаа згарнула і паклала на стол, на чысценькі, добра адпрасаваны клятчасты абрус. Пасля развязала свой вузялок і туды ж на стол, побач з хусткай, паклала хлеб і сала.
Глянула на гаспадыню і… аслупянела: шырокія вочы, з сінімі кругамі вакол, як у многіх цяжарных, раптоўна напоўніліся смяртэльным страхам, жудасцю. Вольга глядзела на яе і не разумела, што ж адбылося за нейкі міг, пакуль яна развязвала вузел.
— Што з ім? — ледзь чутна прашаптала Яніна Восіпаўна раптоўна засмяглымі вуснамі.
— З кім?
— З Андрэем.
Дык вунь што! Божа мой! Які сорам! Якая яна варона! Сама ж перажыла такое зусім нядаўна і не сцяміла, што патрэбна гэтай жанчыне ў першую чаргу, чаго яна чакае. Хіба не відно было, што хустку гэтую сунула, пра мену загаварыла, каб не выдаць хвалявання, адцягнуць час, калі яна, Вольга, прыйшла з бядой? А яна, дурніца, пачала хлеб выкладваць, як міласціну няшчаснай, як дапамогу на памінкі.
— Андрэй чакае ў Віцька.
Яніна Восіпаўна схапіла яе за рукі:
— Хто? Хто сказаў вам?
— Ён сам.
— Вы бачылі яго? Калі?
— Сёння. На рынку. Нядаўна. Колькі таго часу прайшло? — глянула на будзільнік, што цікаў на стале. — Гадзіны дзве, можа, не больш.
Яніна Восіпаўна адступіла, павольна высунула з-пад стала крэсла, асцярожна, як пры радыкуліце, села на яго, запрасіла Вольгу:
— Сядайце, калі ласка.
Страху ёй не ўдалося ўтаіць, а радасць стаіла: адразу зрабілася спакойная, падкрэслена ветлівая, уважлівая. Вольга села напроціў і проста растлумачыла:
— Я так зразумела, што сам ён не мог пайсці дадому, таму паслаў да вас мяне. Доўга ж, ведаеце, гаварыць не было як. Людзі ж вакол. Ён з’еў колькі бульбін. Я солі яму дала.
— Дзякуй, Вольга. Цяпер я разумею. На світанні гэтыя, — яна кіўнула на акно, дзе цераз вуліцу стаяла ваенная часць, — узнялі трывогу, ачапілі ўвесь раён, рабілі вобыск у кожнай кватэры. Некага і нешта шукалі. Але не арыштоўвалі. Ва ўсякім разе, з нашага дому не ўзялі нікога. Па тым, як шукалі ў мяне, куды заглядвалі, здагадваюся, што недзе блізка вёў перадачу наш радыст, і яны яго запеленгавалі. Але гэта мая здагадка. Так перадайце Андрэю. Няхай пачакае, пакуль не праверым.
— А ёсць і такія… радысты? — шэптам, азірнуўшыся на акно, спытала Вольга.
Яніна Восіпаўна ледзь прыкметна ўсміхнулася, і Вольга пачырванела, зразумеўшы, што спытала па-дзіцячаму наіўна. Добра ж ведае сама, што ёсць, немцы пісалі з восені, што злавілі савецкіх радыстаў, і на рынку пра іх людзі шапталіся. Але ж вельмі захацелася пачуць ці хаця б здагадацца з Янінінага адказу, што радысты разам з імі, адна група. Яшчэ там, на рынку, з’явілася непараўнальнае ні з чым ранейшым адчуванне, што яна далучаецца да нечага асаблівага, высокага, уступае на новую дарогу, невядомую, таемную, небяспечную, але і прывабную сваёй нязведанасцю. Ды хацелася ўведаць усё хутчэй. Хацелася пэўнасці. Радысты — гэта пэўнасць і сіла, гэта Чырвоная Армія, а не нейкая мясцовая самадзейнасць, накшталт таго, з чаго пачаў Саша: узяў употайкі пісталет і застрэліў немца; толькі цуд уратаваў яго, можа, яе, Вользіна, малітва. Каб да яе прыйшоў радыст і папрасіў дапамогу, то такому байцу яна, напэўна, даўно, нават на пачатку вайны, згадзілася б памагаць.
Яніна Восіпаўна разглядала яе так пільна, што Вользе стала няёмка, яна апусціла вочы.
Гаспадыня сказала:
— Прабачце, я не прапанавала вам распрануцца. Сёння ў мяне цёпла, я прапаліла пасля вобыску, яны выстудзілі…
Вольга са здзіўленнем і супярэчлівым захапленнем, да якога прымешваўся дакор, падумала, што гэтая інтэлігентка не ўяўляе сабе іншага жыцця: няхай галодна, але ўсё адно павінна быць чыста і ўтульна, бач, нават пасля вобыску, пасля такой трывогі за мужа навяла парадачак, прапаліла грубку. Здалося, што пра распрананне гаспадыня сказала таму, што яна ў сваім зашмальцаваным паліто аблакацілася на чысценькі — як толькі можна без мыла так памыць! — абрус.
Засаромленая, Вольга падхапілася і гатова была развітацца: няма чаго сядзець, не ў госці прыйшла. Але Яніна Восіпаўна сапраўды памагла ёй распрануць паліто, аднесла ў калідор на вешалку. Вольга пакарылася, хоць была незадаволеная сабой, паспрабавала настроіцца супроць гэтай чысцюлі. Што хочаш можна падумаць пра жанчыну, якая, носячы ў сабе дзіця, новае жыццё, свядома ідзе на такое, на смерць. Але настроіцца супроць яе немагчыма. Загадкавы яе муж, у якога яна, Вольга, спытала: «Што вы за людзі?» Яшчэ ў большай меры хацелася спытаць у жонкі: «Што ты за чалавек, жанчына? Растлумач мне, я хачу зразумець цябе, мне гэта вельмі патрэбна, можа, тады лягчэй будзе разумець уласныя ўчынкі, якія так палохаюць мяне». Але не ўмее яна спытаць такое, няма ў яе патрэб-ных слоў, асаблівых, высокіх, такіх, якія гаварыў Алесь.