Гандлярка і паэт
Шрифт:
А потым сумнае і светлае — як бы Алесь гаварыў пра сваё, што дарога яго цяжкая і далёкая, а конь стаміўся, хрыпіць. і невядома, дзе родны прытулак, але дзесьці далёка-далёка, за лесам, пяюць песню — і ад гэтага лягчэй дыхаецца; каб не было яе, песні, то і конь бы ўпаў і ён ніколі не даехаў бы, а так верыць — даедзе. Куды? Да чаго? Усё адно. Абы была вера. Абы была вера! У што?
Яна сама добра не ведала, у што верыць ёй, проста яна да тае хвіліны сур’ёзна не задумвалася над гэтым. А вершы, дзіўныя, малазразумелыя, прымусілі задумацца. Сапраўды, у што ёй верыць? У Бога? У Сталіна? У невядомага трубача, які дасць сігнал і падыме народ?
Мабыць, яна штось сказала ці падумала ўголас, ці, можа, выгляд у яе зрабіўся незвычайны, бо Алесь раптам перастаў чытаць і пільна ўгледзеўся ў яе.
— Чытай, Саша, — паварушыла яна вуснамі, якія раптам засмяглі, нібы іх апаліла гарачка.
— Падабаецца? — радасна спытаў ён.
Тады Вольга схамянулася: вельмі ж нязвыкла і дзіўна паводзіць яна сябе! Вершамі можа захапляцца ён, юнак, інтэлігент, у яго маці — настаўніца, а ёй у яе становішчы смешна так расчуліцца ад вершыкаў. Скажы, калі ласка, як закалыхаў, ажно душа самлела, праўда, трохі да слёз не давёў. А ёй такая мяккацеласць зусім без патрэбы, тут толькі пакажы слабасць, дык цябе адразу з’ядуць, бо навокал ваўкі, каб з імі жыць, трэба па-воўчаму выць, па-воўчаму агрызацца, як яна на паліцаяў, а не пырхаць салавейкам і не залівацца песнямі.
— Ён што… У Бога верыў? — спытала яна ў яго раптам.
— Хто?
— Ды гэты… Блок.
Алесь збянтэжыўся: не чакаў, што з прачытаных вершаў жанчына зробіць такі дзіўны вывад.
— Ды як сказаць… Тады яшчэ многія верылі… Але Блок прыняў рэвалюцыю.
— Вось бачыш: хто ў Бога верыў, той і пісаць добра ўмеў, — павучальна, як маці сыну ці настаўніца вучню, сказала яна.
— Ну, ведаеце, — нясмела запярэчыў Алесь, — гэта не зусім так. Многія вялікія пісьменнікі не толькі нашага стагоддзя, калі вынайшлі радыё і чалавек узляцеў у паветра, але і тыя, што жылі раней… у сярэднія вякі, напрыклад, былі перакананымі атэістамі.
— Кім?
— Няверуючымі. Сервантэс… Бёрнс… Вальтэр.
— Прачытай яшчэ што, — перапыніла яна пералік атэістаў. — Ты хораша чытаеш. У цябе добры голас. Дзявочы.
— Гэта ад слабасці.
— Табе цяжка чытаць?
— Не-не, чытаць не цяжка, — як бы спалохаўся ён і пачаў хутка гартаць кніжку, шукаючы, што яшчэ прачытаць ёй, безумоўна, хацеў знайсці такое, што кранула б яе. Чаму спыніўся на гэтым вершы? Зусім жа не хацеў, каб Вольга пераканалася, што Блок сапраўды быў набожны чалавек. Ці, можа, яму здалося: менавіта гэты верш дасць ёй зразумець, што справа не ў словах, нават не ў сюжэце — вялікія мастакі мінулага пісалі на біблейскія сюжэты, а ў сапраўднасці адлюстроўвалі сваю сучаснасць і людзей, якія жылі з імі побач. Так і ў гэтым вершы: ангел-храніцель — жывы чалавек, жанчына. Ён прачытаў колькі радкоў сабе, варушачы губамі, потым з натугай пракаўтнуў сухую сліну. Вольга паглядзела на яго шыю, яна такая худая і белая, што здавалася, прасвечвалася наскрозь, і здавалася, што відаць не толькі тое, як ён каўтае, але і кожнае вымаўленае ім слова — якія яны, словы, круглыя, вострыя, лёгкія, цяжкія…
Люблю тебя, Ангел-хранитель, во мгле, Во мгле, что со мною всегда на земле.Прачытаў і спыніўся як бы ў нерашучасці, ці, можа, спазма сціснула горла.
Першыя радкі Вольга выслухала безуважна, толькі ўсмешкай падбадзёрыла: чытай, маўляў, далей. Нешта, як цяжкая льдзіна, скранулася ў душы, калі ён усё яшчэ шэптам прачытаў:
За то, что нам долгая жизнь суждена. О, даже за то, что мы — муж и жена!Але пакуль што гэта толькі нагадала пра тое невядомае, што чакала іх у недалёкай будучыні, пра што яна ўжо думала і трывожылася, хвалявалася, чым скончыцца яе бяздумны ўчынак. Кім гэты хлапчына стане ў яе доме, калі ачуняе?
Яна здрыганулася, калі голас яго раптам як бы вырваўся з-пад падушкі, якой быў заціснуты, зазвінеў рашуча і гнеўна:
За то. что не любишь того, что люблю, За то, что о нищих и бедных скорблю. За то, что не можем согласно мы жить, За то, что хочу и не смею убить — Отмстить малодушным, кто жил без огня. Кто так унижал мой народ и меня!«Божа мой! — падумала Вольга. — Дык гэта ж ён пра нас, пра сябе і пра мяне… што мы пра рознае думаем… і па-рознаму пражыць хочам…»
На нейкі момант нават усміхнулася, што ў кнізе так надрукавана. Ці не сам ён прыдумаў усё, пакуль ляжаў тут адзін? Гэта яе чамусьці асабліва ўзрушыла, але і спалохала. Яна азірнулася на акно, на грушу, да галін якой прымерзла пачарнелае, зморшчанае рэдкае лісце. А ён ажно расчырванеўся і нічога ўжо не бачыў вакол сябе, на ўсё забыўся, і голас яго — о не, зусім не дзявочы, не слабы! — мацнеў з кожным словам, і нішто яго не магло спыніць. Толькі ў адным месцы як усхліпнуў, на словах — «люблю я тебя и за слабость мою». За сваю ўласную слабасць таксама любіць…
Гэта праўда: бывае і так. Недарма бабы казалі: слабы любіць больш верна. Ды балюча яму, што слабы ён, нядужы.
Скончыў ён не шэптам, бадай на ўсю моц, але голас яго як бы слабеў з кожным запытаннем:
Кто кличет? Кто плачет? Куда мы идем? Вдвоем — неразрывно — навеки вдвоем! Воскреснем? Погибнем? Умрем?Можа, яму хацелася плакаць, таму ён заплюшчыў вочы. I кніга ўпала на грудзі, прыкрытыя адной белай сарочкай. Часта-часта білася яго сэрца. Як часта яно білася, Вольга бачыла па пульсе на яго худзенькай, з трысціначку, шыі.
Вольга асцярожна ўзяла кнігу, але кніга загарнулася, і жанчына, разгарнуўшы яе, не магла знайсці таго верша, а гартаць хутка, шумна не адважылася, цішыню парушаць не адважвалася, бо з’явілася ў ёй, у цішыні, нешта таемнае, загадкавае, незразумелае, але жаданае. У цішыні яны і раней часта сядзелі, калі хворы быў зусім яшчэ слабы і яму цяжка было гаварыць, але тады, калі ён не спаў, Вольга не ахоўвала гэтай цішыні — імкліва рухалася. Грымела, бразгала, гаварыла пра хваробу, пра надвор’е, пра навіны, пачутыя на рынку, лічыла, што хвораму на карысць такая жыццядзейнасць яе. А тут сэрцам адчула, што яму патрэбна цяпер не цішыня адзіноцтва, а яе маўклівая прысутнасць. Ды і ў самое з’явілася патрэба памаўчаць пасля тых слоў, якія пачула. А што гэта за словы? Яна так лёгка запамінала ўсё, а тут не можа прыгадаць ніводнага радка гэтай дзівоснай песні ці малітвы, помніла толькі сэнс простых слоў ды адчувала складаную музыку іх, музыка тая ўсё яшчэ як бы гучала ў галаве, у сэрцы.
Азірнулася: чаму не чуваць Светкі? Вельмі здзівілася: дачка спала ў зале, на ватнай коўдры, там жа, дзе гуляла з драўлянымі кубікамі. Ды здзівіла не тое, што дачка спіць, дзіця ёсць дзіця — яго то не ўкладзеш, то засынае нечакана. Здзівіла, што заснула ў дзіўнай паставе, па сутнасці, седзячы, паклаўшы галоўку на вялікага, палінялага ўжо плюшавага мішку; Вольга прынесла яго ў першыя дні вайны з чужой кватэры і чамусьці не любіла яго, а Светка любіла. Амаль з прымхлівым страхам падумала: няўжо і малую ён закалыхаў гэтай малітвай? Наслухалася камароўскіх баек пра кнігі-магіі, кожнае слова якіх мае цудадзейную сілу — заварожвае, прыварожвае, лечыць і гоіць раны. Таму падумала: ці не такая і гэтая кніга? Ён ажыў за нейкія тры дні, калі атрымаў кнігу. А яе заваражыў за паўгадзіны.
Трэба пакласці Свету ў каляску. Прыкаціла каляску да яго ложка, каб пакалыхаў, калі малая будзе прачынацца. I трэба бегчы на рынак — па мяшкі і кашы… Але не магла паварушыцца, бо Алесь ляжаў з заплюшчанымі вачамі, знясілены магічным чытаннем. I яе як закалыхаў.
Потым празрыстая рука яго пачала шукаць на грудзях кнігу, значыцца, не чуў, як Вольга брала яе. Не знайшоў — здзівіўся, расплюшчыў вочы, паглядзеў на Вольгу вінавата і збянтэжана.
Яна сказала, як малому:
— Спі.