Гары Потэр і Вязень Азкабана
Шрифт:
– Глядзі!- прашапатала Герміёна.- Хто гэта? Хтось выйшаў з замка!
Гары ўзірнуўся ў цемру. Нейкі мужчына спяшаў да аднаго з выхадаў з фальварка. За яго пасам нешта блішчэла.
– Гэта Макнэйр!- адказаў Гары.- Кат! Ён ідзе па дэментараў! Герміёна, час...
Дзяўчынка паклала свае рукі на Бакбіка і Гары падставіўшы рукі дапамог ёй падняцца на спіну гіпагрыфа. Потым абапёршыся нагой на адну з ніжніх галінак куста, хлопчык падняўся сам і сеў на бакбікаву спіну перад Герміёнаю. Падцягнуўшы вяроўку, ён прывязаў яе з іншага боку аброжка нібы лейцы.
– Гатова?- шэптам спытаўся ён у Герміёны.- Табе лепш трымацца за мяне...
Ён штурхнуў гіпагрыфа пяткамі па баках.
Бакбік хутка ўзмыў у цемру. Гары сціснуў яго бакі каленямі і адчуў, як перад ім ўздымаюцца і апускаюцца вялізныя магутныя крылы жывёлы. Герміёна вельмі моцна сціснула яго за талію і хлопец адчуў, што яго пачало нудзіць.
– Вой не... мне гэта не падабаецца... вох, мне гэта сапраўды не да спадобы...
Гары прыпусціў гіпагрыфа. Яны павольна падняліся да верхніх паверхаў замку... Гары пацягнуў за левы бок вяроўкі і Бакбік развярнуўся. Хлопчык спрабаваў палічыць мільгаючыя міма яго вокны...
– Тпруу!- загадаў ён, з усяе моцы пацягнуўшы лейкі на сябе.
Гіпагрыф запаволіў рух і супыніўся на месцы і толькі працягваў падымацца і апускацца на фут-другі, каб заставацца ў паветры.
– Ён там!- прамовіў Гары, зазірнуўшы у вакно перад якім яны супыніліся і знайшоўшы там Сірыюса. Гары выцягнуў руку і калі Бакбік апусціў крылы, каротка стукнуў у шкло.
Блэк падняў галаву. Хлопчык ўбачыў, як у таго адпала сківіца. Ён ўскочыў з крэсла на якім сядзеў і падбегшы да вакна паспрабаваў адчыніць яго, але яно было закрыта.
– Пасунься!- клікнула Герміёна і, працягваючы трымаццца за Гары левай рукой, правай дастала палачку.
– Алагамора!
Акно нечакана адчынілася.
– Што... як..?- слабым голасам вымавіў Блэк, вытарапіўшыся на гіпагрыфа.
– Забірайся... у нас няма часу.- сказаў Гары, шчыльна абедзьвума рукамі сціскаючы Бакбіка за гладкую шыю, каб стрымаць яго на месцы.- Табе трэба цікаць адсюль... Хутка тут будуць дэментары... Макнэйр ужо пайшоў за імі.
Блэк схапіўся абедзвума рукамі за аконную раму і высунуў праз яе галаву і плечы. Яму пашанцавала, што ён быў настолькі схуднелым. У лічаныя секунды ён паставіў сваю нагу на спіну гіпагрыфа і праз імгненне ўжо сядзеў ззаду Герміёны.
– Добра, Бакбік,- крыкнуў Гары, хістнуўшы за вяроўку,- давай наверх, на Вежу!
Гіпагрыф ўзмахнуў сваімі магутнымі крыламі, яны зноў рэзка ўзняліся ў паветра і хутка былі ўжо на даху Заходняй Вежы. Бакбік з грукатам прызямліўся і Гары з Герміёнаю адразу сасклізнулі з яго спіны.
– Сірыюс, тебе лепш паспяшацца,- запыхаўшыся прамовіў хлопец.- Яны ў любы момант могуць зайсці ў кабінэт прафесара Флітвіка і знайсці, што ты збег.
Бакбік пашкроб дах і рэзка ўскінуў галаву.
– А што з тым хлопцам... Ронам?- хутка спытаўся Сірыюс.
– З ім ўсё будзе балазе... зараз ён у цяжкім стане, але мадам Помфры кажа, што вылекуе яго. Давай... паспяшайся!
Але Блэк працягваў глядзець на Гары.
– Як я магу аддзячыць...
– ЦЯКАЙ ЎЖО!- разам крыкнулі Гары і Герміёна.
Блэк развярнуў гіпагрыфа дзюбай да адкрытага неба.
– Мы яшчэ пабачымся,- прамовіў ён.- Гары... ты сапраўдны сын свайго бацькі...
Сірыюс стукнуў пяткамі па баках гіпагрыфа. Гары з Герміёнаю адскочылі, калі Бакбік зноўку расправіў свае крылы... Ён ўзмыў у паветра... Гіпагрыф і яго вершнік пакрысе станавіліся ўсё меньш і меньш і, нарэшце, іх закрыла хмарамі, якія плылі вакол месяца... Сірыюс і Бакбік адляцелі прэчкі.
— РАЗДЗЕЛ XXII —
Новая савіная пошта
– Гары!- Герміёна, пазіраючы на гадзіннік пацягнула яго за рукаў.- У нас засталося дзесяць хвілінаў, каб незаўважна вярнуцца ў шпітальнае крыло... перш чым Дамблдор зачыніць дзверы...
– Добра,- пакутліва пазіраючы на неба, адказаў Гары,- хадзем...
Яны праслізнулі ў дзверы, што вялі з даху і пачалі спускацца па вузкай каменнай спіральнай лесвіцы. Калі яны былі ўжо ў самым нізе, Гары і Герміёна пачулі нейкія галасы. Яны прыціснуліся да сцяны і прыслухаліся. Гэта размаўлялі Фадж і Снэйп, якія спяшаліся па калідоры ў які спускалася лесвіца.
– ... адзіная надзея, што Дамблдор ня будзе чыніць аніякіх перашкод,- сказаў Снэйп.- Пацалунак. Ён будзе выкананы адразу?
– Так. Як толькі Макнэйр вернецца з дэментарамі. Гісторыя з Блэкам настолькі занепакоіла ўсіх. Не магу нават выказаць вам, як я чакаю таго моманту, калі змагу праінфармаваць Штодзённы Вяшчун аб тым, што мы яго нарэшце схапілі... Мяркую яны пажадаюць узяць у вас інтэрв’ю, Снэйп... а пасля таго, як юны Гары вернецца ў свой розум, спадзяюся ён таксама захоча распавесці Вяшчуну аб тым, што менавіта вы выратавалі яго...
Гары сціснуў зубы. Ён бачыў як пасміхаўся Снэйп, калі яны з Фаджам прамінулі месца іх з Герміёнаю схованкі. Нарэшце іх крокі сціхлі. Гары з Герміёнаю пачакалі колькі секунд, каб упэўніцца, што тыя насамрэч адышлі, а потым кінуліся бегчы ў супрацьлеглым кірунку. Яны падняліся па адных сходах, потым па другіх, выбеглі ў іншы калідор... і тут пачулі нейкае гігіканне наперадзе.
– Піўз!- схапіўшы дзяўчынку за руку, прамармытаў Гары.- Сюды!
Яны кінуліся ў пустую класу з левага боку і зрабілі гэта вельмі сваячасова. Піўз здавалася несся ўздоўж калідора ў найбаявым настроі і гагатаў.
– Вох, які жах,- прашапатала Герміёна, прыціснуўшы вуха да дзвярэй.- Іду ў заклад, ён радуецца таму, што дэментары збіраюцца скончыць з Сірыюсам...- яна зірнула на гадзіннік,- Гары, засталося тры хвіліны!
Яны прыняліся чакаць, пакуль зларадасны смех Піўза не аддаліцца ад іх, выслізнулілі з класы і зноў кінуліся бегчы.
– Герміёна... а што здарыцца... калі мы не паспеем да таго моманта... калі Дамблдор зачыніць дзверы?- цяжка дыхаючы спытаўся Гары.
– Не жадаю думаць пра гэта!- прамармытала яна і зноў зірнула на свой гадзіннік.- Засталася хвіліна!
Яны дабеглі да канца калідора, што вёў да ўвахода ў шпітальнае крыло.
– Балазе... Я чую Дамблдора,- напружана прамовіла Герміёна.- Давай, Гары!
Яны пайшлі па крыле. Дзверы ў адну з палат адчыніліся і з іх паказалася спіна дырэктара.
– Я збіраюся замкнуць дзверы пакою.- пачулі яны дамблдораў голас.- Зараз, пяць хвілінаў да апоўначы. Міс Грэнджэр, думаю трох круткоў павінна хапіць. Поспехаў.
Дамблдор пакінуў палату і зачыніў за сабою дзверы, потым дастаў палачку і сабраўся замкнуць іх чароўным чынам. У адчаі Гары з Герміёнаю прыпусцілі да яго. Дамблдор падняў вочы, пад яго доўгімі срэбным вусамі паказалася шырокая ўсмешка.