Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
– Цябе зацкуюць, Том, як дзiкага звера. Як з Флойдам было.
– Цкаваць усё роўна будуць. Увесь наш народ зацкаваны.
– Больш ты нiкога не заб'еш, Том?
– Ну што ты. Я вось пра што думаю: раз я ўжо на ўцёках, дык, можа, мне... Чорт, я яшчэ не ва ўсiм разабраўся. Ты цяпер мяне не трывож. Не трывож мяне, ма.
Яны памаўчалi, седзячы ў чорнай, як вугаль, цемры пад кустамi. Потым мацi сказала:
– Як жа я пра цябе даведаюся? Цябе могуць забiць, а я нiчога ведаць не буду. Цi пакалечаць. Як я даведаюся?
Том нявесела засмяяўся:
– Можа, Кейсi праўду казаў: у чалавека сваёй душы няма, а ёсць толькi часцiнка адной агульнай душы... Значыць, тады...
– Што тады, Том?
– Тады ўсё добра. Тады ты i ў цемры мяне адчуеш. Я буду паўсюль - куды ты нi глянеш. Калi галодныя падымуцца на змаганне за кавалак хлеба, я з iмi буду. Дзе палiсмен замахнецца дубiнкай, там буду я. Калi Кейсi ведаў, што гаворыць, значыць, я буду i з тымi, хто не сцерпiць i закрычыць... Я буду разам з дзецьмi смяяцца i радавацца, калi, прагаладаўшыся, яны прыбягуць дамоў i ўбачаць на стале вячэру. I калi нашы людзi будуць есцi тое, што яны самi вырасцiлi, будуць жыць у дамах, якiя самi пабудавалi, - там буду i я. Разумееш? Божа мой, я загаварыў зусiм як Кейсi! Гэта таму, што многа пра яго думаю. Часам мне здаецца, што я бачу яго перад сабой.
– Не разумею, пра што ты гаворыш. Не разбяруся.
– Я таксама яшчэ не зусiм разабраўся, - сказаў Том.
– Такiя ў мяне думкi. Калi сядзiш на адным месцы, столькi ўсяго ў галаву лезе. Табе час ужо вяртацца, ма.
– Дык ты грошы вазьмi.
Том памаўчаў.
– Добра, - сказаў ён.
– Том, а потым... калi ўсё ўляжацца, ты вернешся? Ты знойдзеш нас?
– Ну вядома, знайду. А цяпер iдзi. Дай руку.
– Том памог мацi знайсцi выхад. Пальцы яе моцна ўчапiлiся ў яго запясце. Ён адвёў убок вецце i вылез за ёю.
– Дойдзеш да поля, iдзi краем да явара, а там пераходзь рэчку. Бывай.
– Бывай, - сказала мацi i шпарка пайшла прэч. У вачах у яе стаялi слёзы, але яна не плакала. Яна iшла праз зараснiк, не тоячыся, пад яе нагамi шумна шамацела лiсце. З цёмнага неба пасыпаў дождж, рэдкiя, буйныя кроплi цяжка пляскалi па сухiм лiсцi. Мацi спынiлася, пастаяла ў мокрым гушчары i павярнула назад - зрабiла тры крокi да вялiкай купы ажыннiку i раптам рэзка павярнула i пайшла ў лагер. Перабраўшыся цераз рэчку, яна выйшла да маставой трубы i па насыпе паднялася на шашу. Дождж сцiх, але хмары засцiлалi неба. Раптам яна пачула за спiнай крокi i апаслiва абярнулася. На дарозе цьмяна памiльгваў агеньчык кiшэннага лiхтарыка. Мацi пайшла далей, Неўзабаве яе дагнаў нейкi чалавек. З далiкатнасцi ён не пасвяцiў ёй у твар, а скiраваў прамень лiхтарыка на зямлю.
– Добры вечар, - павiтаўся чалавек.
– Добрага здароўя, - адказала мацi.
– Вiдаць, дажджы пачынаюцца.
– Не хацелася б. Спынiцца збор бавоўны. А нам трэба збiраць.
– I мне таксама трэба. Вы з гэтага лагера?
– Так, сэр.
Яны iшлi ў нагу.
– У мяне дваццаць акраў пад бавоўнай. Я крыху запазнiўся з сяўбой, але цяпер бавоўна паспела ўжо. Дай, думаю, схаджу ў лагер, можа, зборшчыкаў знайду.
– Знойдзеце, вядома. У нас збор ужо да канца падыходзiць.
– Вось i добра. Да мяне ўсяго адна мiля адсюль.
– Нас шасцёра, - сказала мацi.
– Трое мужчын, я i двое дзяцей.
– Я павешу аб'яву. За дзве мiлi ад лагера на гэтай шашы.
– Мы ранiцай прыедзем.
– Толькi каб дажджу не было.
– Ага. Дваццаць акраў абабраць нядоўга.
– Чым хутчэй, тым лепш. Запазнiлася мая бавоўна. Зацягнуў я з пасадкай.
– А колькi вы плацiце, мiстэр?
– Дзевяноста цэнтаў.
– Мы пойдзем на збор. Кажуць, у наступным годзе семдзесят пяць будуць плацiць, а то i шэсцьдзесят.
– Я таксама такое чуў.
– Дабром гэта не скончыцца, - сказала мацi.
– Вядома. Я сам ведаю. У такой драбязы, як я, выбару няма. Плату ўстанаўлiвае Асацыяцыя, а з ёю не лiчыцца нельга. Не палiчышся - прапала твая ферма. На дробных гаспадароў увесь час наступаюць.
Яны падышлi да лагера.
– Мы пойдзем да вас, - сказала мацi.
– У нас тут бавоўны зусiм ужо мала засталося.
– Яна збочыла да крайняга вагона i паднялася па сходках. Цьмянае святло лiхтара кiдала змрочныя ценi навокал. Бацька, дзядзька Джон i трэцi пажылы мужчына сядзелi на кукiшках, прыхiнуўшыся да сцяны.
– Хэло, - сказала мацi.
– Добры вечар, мiстэр Уэйнрайт.
Уэйнрайт падняў галаву. Рысы твару ў яго былi тонкiя, быццам вытачаныя, вочы сядзелi глыбока пад густымi брывамi. Мяккiя сiвыя валасы адлiвалi блакiтам. Чэрненае срэбра барады закрывала яго скулы i падбародак.
– Вечар добры, мэм, - адказаў ён.
– Заўтра пойдзем на збор, - паведамiла мацi.
– Каля мiлi на поўнач адсюль. Дваццаць акраў.
– Вiдаць, лепш паехаць на грузавiку, - сказаў бацька.
– Раней прыедзем больш збяром.
Уэйнрайт парывiста ўскiнуў галаву:
– А што, калi i нам пайсцi?
– Канешне. Мы з гаспадаром разам iшлi сюды. Яму патрэбны зборшчыкi.
– Тут ужо мала што засталося. Другi раз амаль няма чаго збiраць. Нiчога не заробiш. З першага разу ўсё падчыстую бяруць.
– Вы з намi можаце паехаць, - прапанавала мацi.
– Бензiн папалам.
– Вось гэта па-сяброўску, мэм.
– I нам i вам выгада, - сказала мацi.
Бацька сказаў:
– У мiстэра Ўэйнрайта праблема - прыйшоў да нас на раду. Мы тут сядзелi, разважалi.
– А што такое?
Уэйнрайт апусцiў вочы.
– Ды вось Эгi, - сказаў ён.
– Падрасла дзяўчына... шаснаццаты год канчаецца, зусiм дарослая стала.
– Эгi ў вас прыгожанькая, - сказала мацi.
– А ты перш паслухай, - абарваў яе бацька.
– Эгi i ваш Эл кожны вечар гуляюць. Эгi дзяўчына здаровая, нармальная, ёй мужа трэба, а то бяды чакаць нядоўга. У нас у сям'i нiколi нiчога такога не было. А цяпер мы жывём у нястачы. Вось мы з мiсiс Уэйнрайт i непакоiмся. Што, калi бяда з ёю здарыцца?
Мацi расклала матрац i села на яго.
– Яны разам гуляць пайшлi?
– запыталася яна.
– Заўсёды разам, - адказаў Уэйнрайт.
– I так кожны вечар.
– Гм... Што ж, Эл хлопец добры. Пеўнiк - гэта ў iм трохi ёсць, але хлопец ён добры, стойкi. Я лепшага сына i не хацела б.
– На Эла мы i не скардзiмся! Як чалавек ён нам падабаецца. Але чаго мы з жонкай баiмся... разумееце, Эгi ўжо дарослая дзяўчына. Вось мы куды-небудзь адлучымся цi вы, а вернемся i... Што тады? У нас у сям'i такой ганьбы нiколi не было.