ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

М'юлi рассунуў рукамi сухое галлё i запоўз у пячору.

– А мне добра тут!
– крыкнуў ён адтуль.
– Прынамсi, адчуваеш сябе ў бяспецы.

Джым Кейсi сеў на пясок каля Джоўда.

– Паспi крыху, - сказаў яму Джоўд.
– Як толькi развiднее, рушым да дзядзькi Джона.

– Я спаць не буду, - адказаў прапаведнiк.
– Ёсць над чым галаву паламаць.
– Ён сагнуў ногi ў каленях, абняў iх рукамi, падняў вочы ў неба i ўтаропiўся на яркiя зоры. Джоўд пазяхнуў i закiнуў руку за галаву. Абодва маўчалi, i мала-памалу зноў ажыло мiтуслiвае жыццё зямлi - норак, падземных хадоў i хмызу: зашнарылi суслiкi, асцярожна падкрадалiся да зялёнага лiсця трусы, снавалi мышы памiж камякамi зямлi, а крылатыя драпежнiкi бязгучна ляталi ў небе.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

У гарадах, на гарадскiх ускраiнах, пасярод палёў, на пустках - паўсюль паркi ўжываных аўтамабiляў, машын, адноўленых пасля аварыi, гаражы з зазыўнымi шыльдамi i плакатамi: Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Танны сродак перавозкi, тры прычэпы. "Форд" 27-га года, новы матор. Правераныя машыны, якасць гарантуецца, бясплатнае радыё. Машына i 100 галонаў бензiну ў прыдачу. Заходзьце, самi пераканаецеся. Ужываныя машыны, накладныя выдаткi ў кошт не ўваходзяць.

Невялiкi ўчастак i будыначак, у якiм ледзь хапае месца сталу, крэслу i сiняй канторскай кнiзе. Пачак бланкаў, загнутых па ражках i змацаваных сашчэпкамi, побач - акуратны стос яшчэ чыстых, не запоўненых бланкаў. Вечная ручка - сачы толькi, каб у ёй заўсёды было чарнiла i каб пiсала. Здзелка не адбылася толькi таму, што ручка закапрызiла.

Вунь тыя сукiны дзецi нiчога не купяць. Такiя швэндаюцца па ўсiх гаражах. Проста разявакi. Iм абы падзiвiцца. Машыны такiм не патрэбныя, толькi час забiраюць. Iм напляваць на твой час. А вунь, глянь, парачка - не, тая, што з малымi. Пасадзi iх у машыну. Пачнi з двухсот i паступова збаўляй. З выгляду на сто з чвэрцю пацягнуць. Пракацi iх. Вунь у тым драндулеце. Дай iм жару! Толькi час з iмi марнуем.

Гаспадары машын з падкасанымi рукавамi. Прадаўцы - акуратненькiя, бесстароннiя, маленькiя ўважлiвыя вочкi нiчога не прапускаюць.

Зiрнi на твар той вунь жанчыны. Калi жонцы спадабаецца, старога мы абломiм. Пачнi з "кадзiлака". Урэшце навяжы iм "б'юiк". Калi пачаць адразу з "б'юiка", яны яшчэ запатрабуюць "форд". Трэба спяшацца, доўга так не працягнецца. Пакажы iм вунь той "нэш", а я пакуль што падпампую дзiравую камеру "доджа-25". Як будзе гатова, клiкну.

Машына вам для язды патрэбная, цi ж не так? Не ў цацкi гуляць. Што ж, абiўка працерлася. Ды хiба колы круцяць падушкi?

Шэрагi машын стаяць насамi наперад - капоты ржавыя, шыны спушчаныя. Стаяць упрытык адна да адной.

Жадаеце паглядзець вунь тую? Ну якая ж гэта турбота. Зараз я яе выведу.

Няхай адчуваюць сябе абавязанымi. Няхай забiраюць твой час. Не давай iм забыцца пра гэта. Пакупнiкi - народ большасцю далiкатны. Iм непрыемна турбаваць людзей. А ты прымусь iх турбаваць цябе, потым прыцiснеш iх.

Шэрагi машын мадэлi "Т" - высокiя, тупарылыя, руль, як павернеш, скрыпiць, тармазныя пракладкi сцерлiся. "Б'юiкi", "нэшы", "дэ-соты".

Так, сэр, "додж" 22-га. Найлепшая мадэль, якую Додж калi выпускаў. Зносу не мае. Нiзкая кампрэсiя. З высокай кампрэсiяй першы час рэзвасцi многа, але метал нядоўга вытрымлiвае. "Плiмуты", "рокнесы", "стары"...

Госпадзi! Адкуль узяўся гэты "аперсан" - з Ноевага каўчэга, цi што! А "чалмерс", а "чандлер"? Iх ужо ж колькi гадоў не выпускаюць. Мы не аўтамабiлi прадаём, а жалезны лом на колах. Але чорт! Каб больш такiх драндулетаў. Даражэй за дваццаць пяць цi трыццаць мне не трэба. Iдуць па пяцьдзесят, а то i па семдзесят пяць. Навар неблагi. Бог ты мой, цi шмат настрыжэш на новай машыне? Каб больш такiх драндулетаў. Не паспееш купiць, ужо iх хапаюць. Усё, што хочаш, абы не за дзвесце пяцьдзесят. Заганi ты, Джым, сюды таго старычыну, што на бакавой дарожцы. Ён не адрознiць асла ад калдобiны. Паспрабуй уцiснуць яму "аперсан". А куды ён дзеўся, гэты "аперсан"? Прадаўся? Калi мы не займеем яшчэ такiх драндулетаў, дык хоць кантору зачыняй.

Сцяжкi - бела-чырвоныя, бела-сiнiя - па абочыне пляцоўкi. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. На памосце - машына, на якую сёння знiжана цана. Не падумай прадаваць яе. Яна - прыманка для публiкi. Калi прадаць гэтую дзяшоўку за такую цану, дык i цэнта лiшняга не пакладзеш у кiшэню. Гавары, што прададзена ўжо. А перш чым аддасi машыну, знiмi з яе наш акумулятар. Пастаў вось гэты хлам. Госпадзi, што iм яшчэ трэба за iхнiя медзякi? Закасай рукавы наляж. Так доўга працягвацца не будзе. Каб больш такiх драндулетаў, i праз паўгода можна было б i на спачын.

Слухай сюды, Джым. У гэтага "шаўрале" шум у заднiм мосце. Быццам там бутэлькi трушчаць. Засып туды кварты са дзве пiлавiння. I ў каробку скорасцей не забудзь. Гэты гнiлы лiмончык трэба прадаць за трыццаць пяць даляраў. Той прахвост абвёў мяне вакол пальца. Я даваў яму дзесяць, а ён упёр мне яе за пятнаццаць, ды яшчэ, сукiн кот, iнструмент увесь ухiтрыўся забраць. Божа лiтасцiвы! Каб нам штук пяцьсот такiх развалiн! Гэтак доўга не працягнецца. Што, шына яму не даспадобы? Скажы, што ў гэтых шынах запасу яшчэ на дзесятак тысяч мiль, i скiнь паперкi паўтары.

Груды ржавага лому навалам каля агароджы, у заднiм канцы двара валяюцца ламаныя карпусы, крылы, замаслены хлам, блокi матораў, скрозь цылiндры прарасла трава. Тармазныя цягi, зваленыя ў кучы выхлапныя трубы - як клубкi змеяў. Разлiтая змазка, бензiн.

Схадзi пашукай, цi няма дзе цэлай запальнай свечкi, а то ўсе трэснутыя. Чорт, каб раздабыць штук пяцьдзесят прычэпаў, даляраў за сотню, вось быў бы прыварак! Чаго гэта ён там скандалiць? Наша справа прадаць машыну, а дадому няхай ён сам яе пiхае. Здорава сказана, ха, мы яе яму дадому не пiхаем! Галаву кладу, можна i ў гумарыстычным часопiсе "Манслi" надрукаваць. Думаеш, ён так нiчога i не купiць? Дык ганi яго ў шыю. У нас тут i так спраў шмат, няма часу важдацца з такiмi, што самi не ведаюць, чаго хочуць.

Знiмi пярэднюю правую пакрышку з "грэхема", павярнi яе латай усярэдзiну. Астатняе - проста шык! Пратэктар нават яшчэ не сцёрся.

Абавязкова! Гэтае старое жалеззе яшчэ пяцьдзесят тысяч мiль прабяжыць. Толькi больш масла залiвайце. Бывайце. Шчаслiва.

Падбiраеце машыну? А што б вам хацелася? Знайшлi што-небудзь прыдатнае? Нешта ў горле суха. Як наконт таго, каб прапусцiць па маленькай? Давайце пойдзем, а жонка ваша няхай пакуль што паглядзiць на гэты "ласаль". Вы "ласаль" не хочаце? Так, падшыпнiкi знасiлiся. Праз меру масла бярэ. Магу прапанаваць "лiнкольн" 24-га года. Вось гэта машына! Вечная. Пераробiце ў грузавiк.

Гарачае сонца на ржавым жалезе. Зямля ў масленых плямах. Людзi азадачана расхаджваюць, iм патрэбна машына.

Вытры ногi. Не прыхiнайся да гэтай машыны. Яна брудная. Якую выбраць? Колькi наогул яны каштуюць? Пасачы за дзецьмi. Цiкава, колькi яны хочуць за гэтую. Зараз спытаем. За спрос грошай не плоцяць. Спытацца ж можна. Больш за семдзесят пяць нi на адзiн пяцiцэнтавiк даць не магу, а то да Калiфорнii не дабяромся.

Госпадзi, ну каб хоць яшчэ з сотню гэтых дамавiн на колах! На хаду цi не на хаду - мне няважна.

Поделиться с друзьями: