ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Чыстая праўда, - сказаў Джоўд, - колькi жыву.

– Дык вось, разумееш, я не дурань. Канешне, зямля тут не вельмi добрая. I нiколi добрай не была, на ёй толькi скацiну пасвiць. Цалiну тут дарма разворвалi. А пад бавоўнай яна амаль зусiм як мёртвая стала. Калi б мяне нiхто адсюль не гнаў, я, можа, даўно ўжо з'ехаў бы ў Калiфорнiю - вiнаград там еў бы i апельсiнчыкамi, як захочацца, ласаваўся. Але калi сукiны гэтыя сыны загадваюць мне выбiрацца... дык Хрыстом-богам клянуся, не падпарадкуюся я такому загаду!

– Правiльна, - сказаў Джоўд.
– Проста розуму не дабяру, чаму гэта бацька так лёгка скарыўся. I дзiўна, што дзед нiкога не падстрэлiў. Ён нiкому не дазваляў над сабой верхаводзiць. I мацi не цярпела нiякiх указчыкаў. Я раз бачыў, як яна вандроўнага гандляра рондалямi жывой курыцай бiла за тое, што ён ёй слова насуперак сказаў. У адной руцэ курыца, у другой сякера - збiралася галаву ёй адсекчы. Пайшла на чалавека з сякерай, але забылася, што ў якой руцэ, i давай яго курыцай лупiць. Курыца гэтая нам так у талерку i не трапiла. Нiчога ад яе не засталося - адны ногi ў руцэ. Дзед ледзьве са смеху не лопнуў. Дык чаму ж гэта мае так адразу з месца знялiся?

– Ды вось прыехаў да нас сюды адзiн малойчык i пачаў угаворваць i мазгi нам круцiць. "Вам, кажа, трэба ехаць адсюль. Толькi я тут не вiнаваты".
– "Дык хто ж, пытаюся, вiнаваты? Скажыце хто, i я ведаю, што з iм зраблю".
– "Гэта ўсё Зямельна-жывёлагадоўчая кампанiя Шоўнi. А я ўсяго толькi загад выконваю".
– "А хто ён такi, гэты Шоўнi?" - "Чалавека такога няма. Гэта кампанiя". Проста да шаленства давёў. Выходзiць, i скардзiцца няма на каго. Шмат хто страцiў надзею знайсцi каго-небудзь, на кiм можна было б гнеў свой спагнаць, а я стаю на сваiм. У мяне ўся кроў кiпiць. Я нiкуды адсюль не пайду.

Вялiзная чырвоная кропля сонца памарудзiла над гарызонтам, потым упала ўнiз i знiкла, неба над тым месцам заззяла, i рванае воблачка акрываўленай анучкай павiсла на небакраi. Усходнюю частку неба зацягнула празрыстай iмглой, i на зямлю з усходу папоўз змрок. Скрозь сутонне трымцела, паблiскваючы, першая вячэрняя зорка. Шэрая кошка пракралася да свiрна i ценем шмыгнула ў адчыненыя дзверы.

Джоўд сказаў:

– Ну, восем мiль да дзядзькi Джона мы сёння ўжо не асiлiм. Капыты мае агнём гараць. Можа, пойдзем да цябе, М'юлi? Гэта ж усяго каля мiлi.

– Нiякага толку.
– Выгляд у Грэйуза зрабiўся збянтэжаны.
– Мае ўсе ў Калiфорнiю паехалi - i жонка, i дзецi, i швагер. Не было чаго есцi. Яны не так азлобiлiся, як я, сабралiся i паехалi. Нiдзе тут няма нiякай ежы.

Прапаведнiк нервова заёрзаў на месцы.

– Табе таксама трэба было ехаць, М'юлi, - сказаў ён.
– Сям'ю нельга разбiваць.

– Не мог я. Ну вось быццам нешта ўчапiлася ў мяне i не пускае.

– Божа, як я прагаладаўся, - сказаў Джоўд.
– Цэлыя чатыры гады еў па гадзiнах - хвiлiна ў хвiлiну. А цяпер кiшкi марш iграюць. Ты што будзеш есцi, М'юлi? Як ты цяпер кормiшся?

М'юлi сарамлiва адказаў:

– Спачатку еў жаб, вавёрак, зрэдку сабачак лугавых. А што было рабiць? Але цяпер я стаўлю драцяныя сiлкi на праторынах у сухiм хмызе каля ручая. Зайцы трапляюць, а то i цяцерка пападзецца. Здараецца - скунсы, яноты.
– Ён нахiлiўся, падняў свой мяшок i вывалiў з яго ўсё на ганак. Два трусы i заяц глуха шмякнулiся на дошкi мяккiмi пушыстымi камячкамi.

– Божа мiлы!
– усклiкнуў Джоўд.
– Я ўжо больш за чатыры гады ў рот не браў свежай дзiчыны.

Кейсi падняў аднаго труса i спытаўся, трымаючы яго ў руцэ:

– Падзелiшся з намi, М'юлi Грэйуз?

М'юлi неяк няёмка пакруцiўся.

– Выбiраць не даводзiцца, - сказаў ён i змоўк, збянтэжаны недалiкатнасцю сваiх слоў.
– Не тое хацеў я сказаць. Не тое. Я меў на ўвазе...
– ён запнуўся, - я вось што меў на ўвазе: калi ў аднаго чалавека ёсць харч, а другi стаiць побач галодны... дык тут выбiраць не даводзiцца. Ну дапусцiм, я забяру сваiх трусоў, адыду ўбачок i сам iх праглыну, адзiн... Разумееш?

– Разумею, - адказаў Кейсi.
– Яшчэ як разумею. Бачыш, Том, М'юлi да нечага дадумаўся. За нешта такое ўхапiўся, толькi яно задужа цяжкое яго разуменню, i майму таксама.

Том радасна пацёр рукi:

– У каго ножык ёсць? Зараз мы возьмемся за гэтых небарак грызуноў. Ужо ж мы iх разбяром!

М'юлi ўсунуў руку ў кiшэню штаноў i выняў вялiкi складаны нож з рагавымi тронкамi. Том Джоўд узяў яго, адсланiў адно лязо i панюхаў. Потым некалькi разоў ткнуў лязом у зямлю, зноў паднёс да носа, выцер аб калашыну i паспрабаваў вастрыё вялiкiм пальцам.

З задняй кiшэнi штаноў М'юлi дастаў вялiкую пляшку з вадой i паставiў на ганак.

– На ваду не вельмi налягайце, - сказаў ён.
– Гэта ўсё, што ёсць, а калодзеж тут завалiлi.

Том узяў труса.

– Схадзiце хто ў свiран, пашукайце там дроту пакавальнага. Агонь распалiм з паламаных дошак абшыўкi.
– Ён агледзеў труса.
– Труса разабраць няма лягчэй.
– Ён адцягнуў шкурку на спiнцы, крыху падрэзаў яе, усунуў у дзiрку пальцы i рвануў. Скура знялася, як панчоха, - саслiзнула з цельца да самай шыi, да лапак. Тады паклаў шкурку на зямлю, успароў трусу жывот; вывалiў на шкурку вантробы i кiнуў усё ў бавоўнiк. На ганку ляжала амаль гатовае да смажання маленькае цельца з аголенымi мышцамi. Джоўд адсек усе чатыры нагi i разрэзаў удоўж мясiстую спiнку. Калi ён ужо ўзяўся за другога труса, да ганка падышоў Кейсi са зблытаным скруткам дроту.
– Цяпер раскладзiце агонь i ўваткнiце ў зямлю калю, - сказаў Джоўд.
– Божа, якi ў мяне апетыт разыграўся на гэтых звяркоў!
– Ён выпатрашыў другога труса i зайца, парэзаў iх i нанiзаў кавалкi мяса на дрот. М'юлi з Кейсi адарвалi ад развернутага вугла некалькi дошак, распалiлi вогнiшча i з двух яго бакоў усадзiлi ў зямлю па калку для дроту.

М'юлi падышоў да Джоўда.

– Глянь, цi няма на зайцы гнайнiкоў, - сказаў ён.
– Не люблю есцi зайцоў са скуламi.
– Ён выняў з кiшэнi маленькi мяшэчак i паклаў на ганак.

Джоўд сказаў:

– Заяц чысценькi, як яблычак. Ох, М'юлi, ты i соллю запасся! У цябе ў кiшэнi, можа, i талеркi выпадкам знойдуцца i палатка?
– Ён адсыпаў сабе на далонь солi i пасалiў кавалкi мяса, насаджаныя на дрот.

Затрапяталiся высокiя языкi полымя, адкiдваючы ценi на сцены дома, сухое дрэва патрэсквала i страляла. Неба ўжо амаль зусiм пачарнела, на iм выразна вылучалiся зоркi. Шэрая кошка выйшла са свiрна i, мяўкаючы, пабегла да агню, але каля самага вогнiшча скiравала ў кусты бавоўнiку, да кучкi вантробаў. Яна кусала i прагна глытала, i з яе рота звiсалi доўгiя кiшкi.

Кейсi сеў каля вогнiшча, кiдаў у агонь трэскi i падсоўваў у яго доўгiя дошкi, калi яны абгаралi на канцах. Кажаны гойсалi ўзад i ўперад у слупе святла над вогнiшчам. Кошка, нiзка прыпаўшы да зямлi, выйшла з кустоў, села i пачала аблiзвацца, мыць пыску, чысцiць вусы.

Джоўд узяў аберуч дрот з нанiзанымi на яго кавалкамi мяса i падышоў да вогнiшча.

– Ану, М'юлi, бярыся за адзiн канец. Накруцi вунь на гэты калок. Ага, вось так, добра. Цяпер давай тужэй нацягнем. Лепш было б пачакаць, пакуль касцёр не выгарыць, але ў мяне нiякага ўжо цярпення.
– Ён напяў дрот, падняў з зямлi палачку i перасунуў кавалкi мяса так, каб яны апынулiся над самым агнём. Агонь пачаў лiзаць мяса, яно зацвярдзела i пакрылася глянцавiтай скарынкай. Джоўд сеў на зямлю i стаў палачкай паварочваць мяса, каб яно не прыпяклося да дроту.
– Зараз пабалюем!
– сказаў ён.
– У М'юлi ўсё ёсць - i соль, i вада, i трусяцiна. Вось каб яшчэ i гаршчэчак мамалыгi знайшоўся ў яго ў кiшэнi! Гэта верх майго жадання.

Поделиться с друзьями: