ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Раптам прапаведнiк, якi ўглядаўся праз палi ўдалячынь, сказаў:

– Сюды нехта iдзе. Глядзi! Вунь, проста праз бавоўнiк.

Джоўд павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў пальцам Кейсi.

– Ага, праўда нехта iдзе, - сказаў ён.
– Такi пыл падняў, што i не разгледзiш. Каго гэта чорт нясе?
– Яны сачылi за постаццю, што наблiжалася да iх у вячэрнiм святле, i пыл, якi ўзнiмаўся з-пад яе ног, заходняе сонца афарбавала ў чырвань.
– Мужчына, - сказаў Джоўд. Чалавек падыходзiў усё блiжэй, i, калi ён параўняўся са свiрнам, Джоўд сказаў: - Гэ, я яго ведаю. I ты яго ведаеш - гэта М'юлi Грэйуз.
– I гукнуў: - Гэй, М'юлi! Здарова!

Чалавек раптам спынiўся - спалохаўся воклiку, а потым пайшоў шпарчэй. Ён быў худы, нiзкаваты ростам. Рухi яго былi рэзкiя i хуткiя. У руцэ ён трымаў джутавы мех. Сiнiя джынсы на каленях i ззаду злiнялi, стары чорны пiнжак ад былога гарнiтура быў увесь у плямах, рукавы на плячах выдралiся з проймаў, на локцях працерлiся да дзiрак. Чорны капялюш быў такi ж брудны, як i пiнжак, i стужка трымалася толькi адным канцом - другi матляўся пры кожным кроку. Твар у М'юлi быў гладкi, без маршчын, але насуплены, як у капрызнага дзiцяцi, губы сцялiся ў вузкую шчылiнку, у маленькiх вочках цi то гнеў, цi то горыч.

– Ты памятаеш М'юлi?
– запытаўся Джоўд у прапаведнiка.

– Вы хто такiя?
– крыкнуў iм на хаду М'юлi Грэйуз. Джоўд не адказаў. М'юлi падышоў блiжэй, яшчэ блiжэй i нарэшце разгледзеў твар тых, хто сядзеў на ганку.
– Тфу ты, чорт!
– выгукнуў ён.
– Гэта ж Томi Джоўд! Калi цябе выпусцiлi, Томi?

– Два днi назад, - адказаў Джоўд.
– Дабiраўся дамоў на спадарожных машынах. I глянь, што я ўбачыў. Дзе ўсе мае, М'юлi? Чаму дом развернуты, а двор бавоўнай засеяны?

– Дзякуй богу, што я мiма iшоў, - сказаў М'юлi.
– Стары Том вельмi непакоiўся за цябе. Калi твае сабралiся выязджаць, я тут у вас на кухнi сядзеў. Сказаў Тому, што адсюль нiкуды не пайду, так i сказаў, далiбог, праўда, а Том мне кажа: "Баюся я дужа за Томi. Раптам ён вернецца, а нас нiкога няма. Што ён падумае?" Я кажу: "Можа б, ты яму пiсьмо напiсаў?" А Том мне: "Можа, i напiшу. Падумаю. А калi не, дык ты ўжо на ўсялякi выпадак паглядай, калi застанешся: Томi, можа, вернецца". "Я застануся тут, кажу, аж пакуль усе чэрцi ў пекле не перамерзнуць. Яшчэ не нарадзiўся той чалавек, якi згонiць М'юлi Грэйуза з гэтай зямлi". I так i не сагналi пакуль што.

Джоўд нецярплiва перабiў яго:

– Дзе ж мае ўсе? Як ты тут ваяваў, потым раскажаш. Куды мае падзелiся?

– Калi банк пачаў усё заворваць трактарамi, яны таксама вырашылi не здавацца. Дзед твой выйшаў са стрэльбай, пачаў страляць i пацэлiў у фару, а трактар усё роўна iдзе. Хлопца, што сядзеў за штурвалам, стары забiваць i не думаў, а гэта быў Уiлi Фiлi, i Ўiлi ведаў, што баяцца яму няма чаго - папёр проста на дом i як дзеўбане яго, як трасяне, ну як сабака пацука. Тут старога Тома ўсяго i перакруцiла. Нешта з iм сталася. З таго часу сам не свой зрабiўся.

– Дзе ж яны цяпер?

– Дык я ж расказваю. Тры разы ганялi фургон дзядзькi твайго Джона. Плiту вывезлi, помпу i ўсе ложкi. Ты толькi паглядзеў бы, як ложкi везлi, - разам з малымi, бабка з дзедам прымасцiлiся ў галавах, а брат твой Ной сядзiць сабе, пакурвае цыгарэтку i сплёўвае цераз борт, быццам гэта яго не тычыцца.
– Джоўд адкрыў рот, каб нешта сказаць, але М'юлi апярэдзiў яго: - Яны ўсе ў дзядзькi Джона.

– А-а!.. у Джона! А што яны там робяць? Пачакай жа хвiлiнку, М'юлi, не лапачы, спачатку адкажы мне, а потым гавары сабе што хочаш. Што ж яны там робяць?

– Бавоўну акучваюць - усе, нават малыя i дзед твой. Грошы збiраюць, машыну хочуць купiць i на Захад ехаць - там лягчэй жывецца. Тут зусiм кепска. За акучванне пяцьдзесят цэнтаў з акра, ды яшчэ i такую работу трэба вымольваць.

– Яны яшчэ не паехалi?

– Не, - адказаў М'юлi.
– Думаю, не. Апошнi раз чуў пра iх днi чатыры назад: Ноя сустрэў - ён паляваў на трусоў, сказаў, што яны збiраюцца ехаць тыднi праз два. Джона таксама папярэдзiлi, каб выязджаў. Ты да Джона iдзi усяго восем мiль. Усе яны там - набiлiся ў хату, як на зiму суслiкi ў нару.

– Ну добра, - сказаў Джоўд.
– Цяпер садзiся на свайго канька i давай. Ты нi кропелькi не перамянiўся, М'юлi. Пачнеш расказваць пра адно, а цябе цягне на другое - тыцкаешся то туды, то сюды.

М'юлi агрызнуўся:

– I ты ж не перамянiўся. Малым як быў развязны нахаба, такi i застаўся. Цi не вучыць мяне, як жыць, сабраўся?

– Не, анi. Калi табе закарцiць усунуцца галавой у кучу бiтага шкла, нiхто ўжо цябе не адгаворыць - усё роўна палезеш. А прапаведнiка нашага ты пазнаеш, М'юлi? Гэта ж яго прападобнасць Кейсi.

– А як жа, вядома, пазнаю. Я на яго адразу проста не паглядзеў. Добра яго памятаю.

Кейсi падняўся з ганка, i яны пацiснулi адзiн аднаму рукi.

– Рады бачыць цябе, - сказаў М'юлi.
– Чорт ведае колькi часу ты ў нашых краях не паказваўся.

– Я пайшоў адсюль, каб разабрацца ў некаторых сумненнях, - адказаў Кейсi.
– А што тут такое нарабiлася? Чаму людзей з зямлi зганяюць?

У М'юлi так моцна сцялiся губы, што верхняя, як дзюбка папугая, навiсла над нiжняй. Бровы насупiлiся.

– Мярзотнiкi! Сукiны дзецi!
– сказаў ён.
– Будзьце пэўныя, я з месца не скрануся. Ад мяне яны так проста не збавяцца. Як прагоняць, я зноў вярнуся, а калi яны думаюць уцiхамiрыць мяне, загнаўшы на той свет, дык добра, я прыхаплю з сабой дваiх-траiх гэтай сволачы за кампанiю.
– Ён паляпаў рукой па выпнутай кiшэнi пiнжака.
– Нiкуды адсюль я не пайду. Бацька мой прыйшоў сюды пяцьдзесят гадоў таму назад. I я адсюль нiкуды не пайду.

Джоўд запытаўся:

– А навошта спатрэбiлася iм зганяць людзей з зямлi?

– О, яны тут шмат чаго нагаварылi! Ты ж памятаеш, як было апошнiя гады. Пыл узнiмаўся такi, што ўсё скрозь засыпаў i паганiў, i ўраджаю не хапала нават на тое, каб заткнуць зад аслу. Усе ў даўгi залезлi да бакалейшчыка. А ты ведаеш, што гэта такое. Тады тыя, каму належыць зямля, пачалi гаварыць: "Арандатары нам больш не па кiшэнi. Тая доля, якая iдзе iм, - гэта той мiнiмальны прыбытак, якi мы не можам дазволiць сабе страцiць". I яшчэ: "Калi мы збяром усю нашу зямлю ў адно, дык i тады яна ледзь-ледзь акупiцца". I трактарамi ўсiх здольнiкаў з фермаў сагналi, усiх, акрамя мяне, i, далiбог, праўда, я адсюль не пайду. Ты мяне ведаеш, Томi. Колькi жывеш, мяне ведаеш.

Поделиться с друзьями: