ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– У мяне таксама, - сказаў Кейсi.
– Хочаш табакi пажаваць? Голад не так чуваць. Дарэмна мы пусцiлiся ў дарогу ў такую рань. Пры святле лепш iсцi.
– Ён змоўк i адгрыз кавалак жавальнага тытуню.
– Так добра спалася.

– Гэты вар'ят М'юлi мяне падняў, - сказаў Том.
– Я з перапуду як ускочу! Пабудзiў i кажа: "Бывай, Том, мне пара. Трэба сюды-туды наведацца. А вы, кажа, таксама збiрайцеся, каб, як разднее, вас ужо тут не было". Баязлiвы зрабiўся, як суслiк, ад такога жыцця. Нiбыта за iм iндзейцы гоняцца. Па-твойму, ён крануўся з розуму?

– А хто яго ведае. Ты ж бачыў, як учора машына прыкацiла на наш агеньчык. Развернуты дом бачыў? Тут нядобрыя справы творацца. Не без таго - М'юлi трохi крануўся. Шнырыць, крадучыся, па наваколлi, як каёт, - мiмаволi чокнешся. Яшчэ заб'е каго i дачакаецца, што яго сабакамi зацкуюць. Можаш лiчыць гэта прароцтвам. Чым далей, тым ён усё горшы робiцца. Кажаш, адмовiўся з намi iсцi?

– Наадрэз, - адказаў Джоўд.
– Па-мойму, ён людзей стаў баяцца. Яшчэ дзiва, што ён да нас падышоў. Да свiтання будзем у дзядзькi Джона.
– Колькi часу яны iшлi моўчкi, i запозненыя совы праляталi ў iх над галавой, спяшалiся да свiрнаў, да дуплаў, да сваiх гнёздаў на цыстэрнах для вады, каб паспець схавацца ад дзённага святла. Неба на ўсходзе пасвятлела, i ўжо можна было разглядзець кусты бавоўнiку абапал дарогi i яшчэ шэрую зямлю пад нагамi. Проста розуму не дабяру, як яны там у дзядзькi Джона ўсе размясцiлiся, дзе спяць. У яго ўсяго адзiн пакой з летняй кухняй i хляўчук. Цяпер там, пэўна, i не павернешся.

Прапаведнiк сказаў:

– Я не памятаю, цi была ў Джона сям'я. Па-мойму, ён жыў адзiн. Я мала што помню пра яго.

– Самы адзiнокi чалавек на свеце, - сказаў Джоўд.
– Вар'ят неймаверны накшталт М'юлi, толькi, бадай што, яшчэ ў сiм-тым горшы. Дзе толькi ты яго не ўбачыш - то ён у Шоўнi аб'явiцца п'яны, то да адной удавы завiтае за дваццаць мiль ад дому, а то раптам пачне капацца ў сябе на ўчастку ноччу з лiхтаром. Зусiм ачмурэў. Нiхто не думаў, што ён так доўга пражыве. У такiх адзiнокiх людзей век кароткi. Дзядзька Джон старэйшы за майго бацьку. Год ад году толькi больш жылiсты робiцца i наравiсты. Ён круцейшы норавам, чым нават дзед.

– Глядзi, вiднее ўжо, - сказаў прапаведнiк.
– Як срэбра. А што, у Джона нiколi жонкi не было?

– Была. I вось слухай, да чаго давяла яго ўпартасць. Бацька расказваў. Узяў дзядзька сабе маладую жонку. Пражыў з ёю месяцы чатыры. Яна зацяжарала. Неяк ноччу ёй зрабiлася дрэнна, нешта ўсярэдзiне забалела, i просiць яна Джона: "Прывядзi доктара", а ён сядзiць сабе i не шманае. "У цябе, кажа, проста расстройства жывата. Аб'елася. Выпi чаго-небудзь болесуцiшальнага. Набiла жывот, вось i балiць". Ранiцай пачала трызнiць i сканала да чатырох дня.

Што з ёю было?
– папытаўся Кейсi.
– З'ела што-небудзь?

– Не, у яе лопнула нешта ўнутры. Нейкi ап... апендзiк. Ну, дзядзька Джон наогул душой добры i цяжка перажываў. Не мог дараваць сабе. Доўга нi з кiм нi слова не прамовiў. Ходзiць, як сляпы, i ўсё малiтвы пад нос сабе мармыча. Толькi праз два гады ачомаўся, але з тае пары зусiм перамянiўся. Як ашалеў. Спакою ад яго не было. Ледзь толькi ў каго з малых глiсты завядуцца цi там рэзь у жываце, ён зараз жа доктара цягне. Нарэшце бацька сказаў яму канчаць. У дзяцей, маўляў, жываты заўсёды баляць. Джон лiчыў, што жонка па яго вiне памерла. Дзiвак. Увесь час выкупляў сваю вiну - то малым падарункi нясе, то каму-небудзь на ганак мукi мех падкiне. Амаль усё нажытае раздаў, а на душы лягчэй у яго не стала. Бывала, начамi ўсё ходзiць i ходзiць адзiн. А гаспадар ён добры. Зямлю спраўна даглядае.

– Няшчасны чалавек, - сказаў прапаведнiк.
– Няшчасны i адзiнокi. А ў царкву ён часта пасля смерцi жонкi хадзiў?

– Не, не хадзiў. Ён людзей цураўся. Шукаў адзiноты. А малыя проста ў захапленнi ад яго былi. Бывала, цiхенька прыйдзе да нас ноччу, i мы ранiцай адразу здагадвалiся, што ён прыходзiў, бо кожнаму ўсуне ў ложак пачак жавальнай гумкi - прачнемся, а гумка збоку ляжыць на пасцелi. Мы яго за госпада бога лiчылi.

Прапаведнiк iшоў, апусцiўшы галаву. Ён нiчога не адказаў. У першых ранiшнiх промнях лоб яго нiбы ззяў, а рукi, якiмi ён размахваў пры хадзе, то высвечвала святло, то паглынаў паўзмрок.

Том таксама маўчаў, быццам засаромеўся сваёй залiшняй шчырасцi. Ён прыспешыў крок, i прапаведнiк падладзiўся пад яго хаду. Цяпер у шэрым сутоннi яны маглi бачыць крыху далей перад сабой. З радоў бавоўнiку, паволi выгiнаючыся, выпаўзла на дарогу змяя. Том адразу спынiўся i пачаў прыглядацца да яе.

– Такiя на суслiкаў палююць, - сказаў ён.
– Няхай сабе паўзе.

Яны абышлi змяю i пакрочылi далей. Неба на ўсходзе злёгку паружавела, i амаль адразу над зямлёй разаслалася панылае святло золку. Сям-там зазелянелiся кусты бавоўнiку, зямля набыла буры колер. З твараў людзей сышло шараватае адценне. Пры святле твар Джоўда здаўся цямнейшым.

– Цудоўная пара!
– сказаў Том Джоўд цiха.
– Хлапчуком я, бывала, падымаўся на золку i паходжваў адзiн. Што гэта там наперадзе?

На дарозе ў гонар сучкi сабралася сабачая хеўра. Пяць сабак нечыстакроўныя аўчаркi, шатландскiя колi i iншыя сабакi, чыю пароду нельга вызначыць з прычыны свабоды нораваў у сабачым племенi, - былi занятыя заляцаннем да сучкi. Кожны далiкатна абнюхваў яе, потым цырымонна адыходзiў да куста здзеравянелай хадою, урачыста падымаў заднюю нагу, палiваў яго i вяртаўся назад. Падарожнiкi спынiлiся панаглядаць, i Джоўд раптам весела засмяяўся.

– О божа! Вось дык вiдовiшча!

Сабакi сышлiся ў кучку, поўсць у iх на хiбах натапырылася, яны пачалi гыркаць, не кранаючыся з месца, чакаючы, хто першы пачне грызню. Раптам адзiн сабака асядлаў сучку, i астатнiя адступiлi перад неабвержным фактам i сталi з цiкавасцю назiраць, высунуўшы языкi, з якiх капала слiна.

– Вось дык вiдовiшча, - паўтарыў Джоўд.
– Гэта ж, здаецца, наш Стракаты. А я думаў, ён даўно ўжо здох. Стракаты, да мяне!
– Джоўд зноў засмяяўся.
– Чорт! Калi б мяне паклiкалi ў такi момант, я таксама не пачуў бы. Прыгадаўся мне выпадак з Уiлi Фiлi - быў ён тады яшчэ хлапчуком. А сарамлiвы быў! Страшэнна сарамлiвы. Дык аднаго дня загадалi яму завесцi цялушку да Грэйузавага быка. Дома ў iх нiкога не было, акрамя Элсi, дачкi Грэйуза, а Элсi сарамлiвасцю пахвалiцца не магла. Уiлi стаiць перад ёю, а сам рота раскрыць не можа. Элсi кажа: "Я ведаю, чаго ты прыйшоў. Бык у хляве, на заднiм двары". Ну, завялi яны туды цялушку, самi на паркан палезлi i цiкуюць. Неўзабаве Ўiлi пачаў ёрзаць на паркане. Элсi зiрнула на яго i пытаецца, быццам ёй няўцям: "Што гэта з табой, Уiлi?" А таго так разабрала, ледзь на паркане трымаецца. "Эх, кажа, вось бы мне гэтак!" А Элсi яму: "Ну дык чаго ты? Цялушка ж твая".

Прапаведнiк цiха засмяяўся.

– Паверыш, - сказаў ён, - я вельмi рады, што больш ужо не прапаведнiк: нiхто пры мне падобных гiсторый не расказваў, а калi, здаралася, хто-небудзь i расказваў, дык я пасмяяцца не мог. I нават вылаяцца не мог. А цяпер магу аблаяць усё, што хачу i калi хачу, i ад сэрца ў мяне неяк адлягае.

Небакрай на ўсходзе азарыўся чырванню, на зямлi заскакалi i гучна зацвыркалi птушкi.

– Глянь, - сказаў Джоўд.
– Вунь, наперадзе. Дзядзькава цыстэрна. Ветрака не вiдаць, а цыстэрна вунь стаiць. Бачыш на фоне неба?
– Ён пайшоў шпарчэй. Толькi б дома былi ўсе.

З-за ўзгорка выступiлi абрысы вадзяной цыстэрны. Ад паспешлiвых крокаў Джоўда клубы пылу ўзнiмалiся яму да самых калень.

– Хоць бы мама...

Завiднелiся ўжо распоркi цыстэрны, дом - маленькi, падобны да скрынi, нейкi голы, нефарбаваны, i свiран - нiзенькi, пахiлы. З бляшанага комiна iшоў дым. Двор быў увесь беспарадкава застаўлены: зваленая ў кучу мэбля, крылы i механiзм ветрака, ложкi, сталы, крэслы...

– Э! Яны ладзяцца ехаць!
– выгукнуў Джоўд.

На двары стаяў грузавiк з высокiмi бартамi - нейкi дзiўны з выгляду грузавiк: пярэдняя частка ў яго была, як у лiмузiна, а ззаду верх быў зняты, i кузаў прыстасаваны для перавозкi грузаў. Падышоўшы блiжэй, падарожнiкi пачулi стук, i, калi над гарызонтам выплыў асляпляльны абадок сонца i яго промнi ўпалi на машыну, яны ўбачылi чалавека, у руках у якога, узлятаючы ўгору i апускаючыся, паблiскваў малаток. Сонца ярка гарэла на шыбiнах вокнаў. Пацямнелыя ад часу сцены дома зрабiлiся светлыя. Дзве рыжыя курыцы быццам запалалi пад адлюстраваным святлом.

Поделиться с друзьями: