ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Джоўд запытаўся:

– Што з табой сталася, М'юлi? Ты ж раней у хованкi гуляць не любiў. Злосны быў.

М'юлi пазiраў на святло фар, якое наблiжалася да iх.

– Ха!
– сказаў ён.
– Я злосны быў, як воўк. А цяпер я злосны, як ласка. Калi ты палюеш на дзiчыну, ты паляўнiчы, а значыць, у цябе ёсць сiла. Такi нiкога не баiцца. Але калi на цябе самога палююць - гэта ўжо зусiм iншае. З табой нейкая перамена адбываецца. У цябе ўжо сiлы няма. Злосць застаецца, а сiлы няма. На мяне даўно ўжо палююць, я ўжо больш не паляўнiчы. Можа, яшчэ i падстрэлю каго-небудзь у цемры, але кала з агароджы ўжо не вырву i нiкога не пакалечу - гэта ўжо ў мiнулым. I няма чаго нам з табою ашукваць адзiн аднаго. Вось так.

– Што ж, - сказаў Джоўд, - iдзi хавайся. А мы тут з Кейсi пра сёе-тое пагаворым з гэтай сволаччу.
– Палоска святла была ўжо зусiм блiзка - скокнула ў неба, знiкла i зноў скокнула ўгору. Усе трое стаялi, сочачы за ёю.

М'юлi сказаў:

– Тут ёсць яшчэ адна асаблiвасць, калi на цябе палююць: ты востра адчуваеш небяспеку. Калi сам палюеш, пра яе зусiм не думаеш, нiчога не баiшся. Ты ж сам казаў: варта табе толькi ў чым-небудзь правiнiцца, цябе зноў запратораць у Макалестар, i прасядзiш ужо там ад званка да званка.

– Правiльна. Так мне сказалi. Але хiба гэта парушэнне, калi сядзеш тут адпачыць цi ноч на голай зямлi захочаш пераначаваць? Нiкому нiякай шкоды. Гэта ж не тое, што напiцца цi дэбашырыць.

М'юлi засмяяўся:

– Вось убачыш. Пасядзi тут, дачакайся машыны. Можа, гэта Ўiлi Фiлi, ён тут цяпер за шэрыфскага наглядчыка. Ён запытаецца ў цябе: "Чаму парушаеш правы ўласнасцi?" Ты ж ведаеш, ён добры паганец, i ты яму скажаш: "А табе што?" Тады Ўiлi ўзлуецца i зараве: "Марш адсюль, а то арыштую". А ты ж не дазволiш кожнаму Ўiлi Фiлi камандаваць табой i раз'юшвацца з перапуду. Ён ужо ўлез, i яму трэба неяк выблытвацца, а ты таксама цуглi закусiў i напралом iдзеш... Не, чорт, залегчы ў мiжраддзi куды прасцей, няхай шукаюць. I да таго ж весялей, бо яны шалеюць ад злосцi, а зрабiць нiчога не могуць, а ты ляжыш сабе i толькi пасмейваешся. Паспрабуй пагавары з Уiлi цi з якiм iншым начальнiкам, яны цябе давядуць, ты кiнешся на iх, а яны цап!
– i арыштуюць, i вернешся ты ў свой Макалестар яшчэ на тры гады.

– Талкова разважаеш, - сказаў Джоўд.
– Кожнае тваё слова разумнае. Але вельмi ўжо не хочацца скакаць пад iхнюю дудку. Рукi так i свярбяць на гэтага Ўiлi.

– У яго стрэльба, - сказаў М'юлi.
– Уiлi будзе страляць,бо ён шэрыфскi наглядчык. Значыць, альбо ён прыстрэлiць цябе, альбо ты яго, калi стрэльбу ў яго адбярэш. Ну пайшлi, Томi. Ты проста скажы сабе: я схаваюся i яны ў дурнях застануцца. Галоўнае настроiць сябе - i ўся справа.
– Яркае святло фар цяпер скiравалася проста ў неба, ужо выразна чуўся роўны гул матора.
– Пайшлi, Томi. Далёка забiрацца не будзем - радоў за чатырнаццаць-пятнаццаць. Адтуль пасочым за iмi.

Том падняўся.

– Правiльна кажаш, далiбог, - сказаў ён.
– Будзе так цi гэтак, мне ўсё роўна нiчога не свецiць.

– Дык гайда. Вось сюды.
– М'юлi абагнуў дом i вывеў iх крокаў за пяцьдзесят у баваўнянае поле.
– Гэтага досыць, - сказаў ён.
– Галаву толькi нiжэй апускайце, калi фары на вас накiруюць - i ўсё. Во будзе пацеха!
– Усе трое разлеглiся на ўвесь рост на зямлi i аблакацiлiся. Раптам М'юлi ўскочыў на ногi, кiнуўся да дома, праз момант-другi вярнуўся i кiнуў у кусты скрутак пiнжак i загорнутыя ў яго чаравiкi.
– А то павязуць, каб у даўгу не заставацца, - паяснiў ён. Святло фар паднялося па схiле, потым нырнула ўнiз i скiравалася проста на дом.

Джоўд запытаўся:

– А не пойдуць яны з кiшэннымi лiхтарыкамi шукаць нас тут? Шкада, палкi няма.

М'юлi хiхiкнуў:

– Не, не пойдуць. Казаў жа я табе, што я злосны стаў, як ласка. Неяк раз ноччу Ўiлi паспрабаваў сунуцца, дык я яго ззаду калом з агароджы агрэў. Звалiўся, як калода. Пасля ўсiм расказваў, што на яго пяцёра напалi.

Машына пад'ехала да дома, успыхнуў пражэктар.

– Галовы нiжэй, - сказаў М'юлi. Паласа халоднага белага святла працягнулася над iмi i пачала гойсаць па полi. Уцекачы не бачылi, што робiцца каля дома, але пачулi, як бразнулi дзверцы машыны, i галасы.
– На святло пабаяцца выходзiць, - прашаптаў М'юлi.
– Я разы два страляў па фарах. Цяпер Уiлi асцярожны. Сёння не адзiн прыехаў.
– Яны пачулi скрып маснiчын, потым убачылi святло лiхтарыка ў доме.
– Можа, пальнуць?
– шэптам спытаўся М'юлi. Яны не ўбачаць, адкуль стралялi. Няхай галаву пачэшуць.

– Не трэба, - прашаптаў Кейсi.
– Якая карысць? Пустая справа. Трэба так рабiць, каб ва ўсiм сэнс быў.

Недзе каля дома пачулiся рыплiвыя гукi i шолах.

– Жар топчуць падэшвамi, - шапнуў М'юлi.
– Пяском засыпаюць.
– Зноў бразнулi дзверцы машыны. Святло фар калыхнулася, зрабiла паўкруг i скiравалася на дарогу.
– Нiжэй!
сказаў М'юлi, i ўсе трое ўткнулiся галовамi ў зямлю. Прамень пражэктара пралёг над iмi i прачарцiў поле ў розных напрамках, потым машына кранулася з месца, пачала аддаляцца, паднялася на грэбень узгорка i знiкла з вачэй.

М'юлi сеў на градку.

– Уiлi заўсёды робiць апошнюю спробу пражэктарам. Так не раз ужо было, i я прывык да гэтага. Ён думае, што неймаверна хiтры.

Кейсi сказаў:

– Можа, хто-небудзь прытаiўся ў доме? Мы пойдзем, а нас схопяць.

– Усё можа быць, - адказаў М'юлi.
– Вы тут пачакайце. Я ўсе iхнiя штучкi ведаю.
– Ён асцярожна пайшоў да дома - толькi лёгка пахруствалi сухiя камякi зямлi пад нагамi. Кейсi i Джоўд напружана ўслухоўвалiся, але там, куды пайшоў М'юлi, было ўсё цiха. Праз колькi хвiлiн з боку дома да iх данёсся яго голас: - Няма нiкога! Iдзiце сюды!

Яны адарвалiся ад зямлi, паднялiся i пакiравалi да чорнай плямiны дома. М'юлi чакаў iх каля кучкi пяску, з якой выбiвалiся струменьчыкi дыму, - усё, што засталося ад iхняга вогнiшча.

– Я так i ведаў - нiкога ў засадзе не пакiнулi, - сказаў М'юлi з гордасцю.
– Уiлi я тады з ног збiў, па фарах разок-другi стрэльнуў - цяпер яны асцерагаюцца. Адкуль iм ведаць, хто тут хаваецца. А я iм так проста ў рукi не дамся. Каля жытла не начую. Калi хочаце, хадзем са мной, я пакажу вам, дзе можна пераначаваць. Там аб вас нiхто не спатыкнецца.

– Вядзi, - пагадзiўся Джоўд.
– Мы пойдзем з табой. Нiколi i ў галаве не было, што на бацькаўскай ферме давядзецца хавацца ад каго-небудзь.

М'юлi выйшаў у поле, Джоўд з Кейсi пайшлi следам. Ступалi проста па кустах бавоўнiку.

– Табе яшчэ шмат ад чаго i ад каго давядзецца хавацца, - сказаў М'юлi. Яны iшлi адзiн за адным цераз грады. Неўзабаве апынулiся перад глыбокай прамыiнай i саслiзнулi на падэшвах на самае дно.

– Э! Я ведаю, куды ты нас завёў, галаву кладу!
– усклiкнуў Джоўд.
– Пячора ў адхоне?

– Правiльна. А як ты здагадаўся?

– Сам яе капаў, - адказаў Джоўд.
– Разам з братам Ноем. Усiм гаварылi, што золата шукаем, а на самай справе мы проста капалi пячоры, як усе малыя. Берагi былi цяпер вышэй iх галоў.
– Недзе тут, ужо блiзка. Помнiцца, павiнна быць ужо зусiм блiзка.

М'юлi сказаў:

– Я прыкрыў яе ламаччам, каб не знайшлi.
– Дно яра выраўнялася, ногi цяпер ступалi па пяску.

Джоўд сеў на чысты пясок.

– У пячору я спаць не пайду, - сказаў ён.
– Лягу вось тут.
– Ён згарнуў пiнжак i падклаў пад галаву.

Поделиться с друзьями: