Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Музыка ў бары сцiхла, з дынамiка пачуўся мужчынскi голас, але буфетчыца прыёмнiк не выключыла - не заўважыла, што музыка скончылася. Толькi што яна намацала пальцам прышчык за вухам. Намагалася разгледзець яго ў люстры, што вiсела ззаду над стойкай, ды так, каб наведнiк не заўважыў, i таму рабiла выгляд, што папраўляе пасмачку валасоў. Шафёр сказаў:

– У Шонi вялiкiя танцы былi. Кажуць, забiлi там некага цi штосьцi такое. Нiчога не чулi?

– Не, - адказала буфетчыца i пяшчотна памацала прышчык за вухам.

Чалавек падняўся з падножкi, паглядзеў цераз капот на бар. Потым зноў сеў i дастаў з бакавой кiшэнi капшук з тытунём i кнiжачку курыльнай паперы. Не спяшаючыся, умелымi пальцамi скруцiў цыгарку, з усiх бакоў агледзеў яе, акуратна падраўняў табачынкi, нарэшце запалiў i ўтыцнуў непатушаную запалку ў пыл пад нагамi. Наблiжаўся поўдзень, сонца пакрысе паглынала цень ад грузавiка.

У бары шафёр расплацiўся за каву i ўсунуў здачу - дзве пяцiцэнтавыя манеты - у проразь iгральнага аўтамата. Цылiндры закруцiлiся, але нiчога не выдалi.

– Яны так хiтра зроблены, што нiколi не выйграеш, - сказаў шафёр буфетчыцы.

Яна адказала:

– Аднаму тут вялiкi выйгрыш выпаў. Не болей як гадзiны дзве таму. Калi назад праедзеце?

Ужо адчынiўшы дзверы, шафёр адказаў:

– Праз тыдзень цi дзён праз дзесяць. У Талсу еду, а там заўсёды замiнка.

Буфетчыца бурклiва сказала:

– Мух напусцiце. Iдзiце цi дзверы зачынiце.

– Да хуткага, - сказаў шафёр i выйшаў.

Дзверы за iм з грукатам зачынiлiся. Стоячы на санцапёку, ён здзiраў абгортку з жавальнай гумкi, грузны, плячысты, ужо з прыкметным жывоцiкам. Румяны твар, вочы блакiтныя i вузкiя, як шчылiнкi, ад прывычкi жмурыцца на яркiм святле. На iм былi армейскiя штаны i чаравiкi з высокай шнуроўкай. Паднёсшы жавальную гумку да губ, ён крыкнуў буфетчыцы праз сеткаватыя дзверы:

– Ну дык паводзь сябе добра, а то да мяне ўсё роўна дойдзе.

Буфетчыца стаяла тварам да люстра. Яна нешта буркнула ў адказ. Шафёр паволi пачаў раскусваць гумку, шырока адкрываючы рот i энергiчна працуючы скiвiцамi. Потым пайшоў да грузавiка, на хаду размiнаючы жвачку зубамi, нарэшце засунуў яе пад язык.

Падарожнiк, якi стараўся ехаць на спадарожных машынах, падняўся з падножкi i скрозь акенцы кабiны паглядзеў на шафёра.

– Можа, падкiнеце, мiстэр?

Шафёр глянуў на бар.

– Хiба не бачыш, што ў мяне на ветравым шкле?

– Ну ясна - бачу... Але прыстойны чалавек заўсёды застаецца прыстойным, нават калi якая-небудзь багатая сволач прымушае яго ездзiць з такой наклейкай.

Шафёр марудна палез у кабiну, разважаючы над гэтымi словамi. Адмовiш, дык не толькi абняславiш сябе, але яшчэ i прызнаеш, што цябе прымушаюць ездзiць з такой наклейкай, пазбаўляючы людской кампанii ў дарозе. А возьмеш пасажыра, дык прылiчыш сябе да людзей прыстойных, якiя да таго ж не дазваляюць усякай багатай сволачы распараджацца табой, як ёй захочацца. Ён разумеў, што трапiў у пастку, але выйсця з яе не бачыў. А яму вельмi хацелася быць чалавекам прыстойным. Нарэшце ён зноў глянуў на бар.

– Як-небудзь прымасцiся на падножцы да таго вунь павароту, - сказаў ён.

Чалавек нырнуў унiз i ўхапiўся за дзвярную ручку. Матор зароў, счапленне бразнула, i вялiзны аўтафургон скрануўся з месца - першая скорасць, другая, трэцяя, потым машына пранiзлiва заскрыгатала i перайшла на чацвёртую скорасць. Перад вачамi чалавека, што прыпаў да падножкi, з галавакружнай хуткасцю праносiлася дарога, злiваючыся ў мутную пляму. Першы паварот быў за мiлю ад бара, там грузавiк збавiў ход. Чалавек на падножцы выпрастаўся, прачынiў дзверцы i прабраўся ў кабiну. Шафёр зiрнуў на яго праз шчылiнкi вачэй, не перастаючы жаваць гумку, быццам думкi яго i ўражаннi прыводзiлiся ў належны парадак з дапамогай скiвiц i толькi пасля гэтага пранiкалi ў мозг. Яго позiрк затрымаўся спачатку на новай кепцы, потым на новым касцюме i нарэшце слiзнуў да новых чаравiкаў пасажыра. Той усеўся ямчэй, зняў кепку i прамакнуў ёю пот на лбе i падбародку.

– Дзякуй, дружа, - сказаў ён.
– А то капыты мае забаставалi.

– Новыя чаравiкi, - прамовiў шафёр. У голасе ў яго была тая ж змоўнiцкая хiтрынка, што i ў позiрку.
– Хiба ж можна пускацца ў дарогу ў новых чаравiках, ды яшчэ такой спёкай!

Чалавек глянуў на свае запыленыя жоўтыя чаравiкi.

– Другiх не было, - сказаў ён.
– Што ёсць, тое i носiш.

Шафёр уважлiва паглядзеў праз ветравое шкло на дарогу i крыху павялiчыў скорасць.

– Далёка выбраўся?

Ага. Я асiлiў бы дарогу да канца, каб капыты не забаставалi.

Шафёр распытваў яго так, быццам вёў тонкi допыт. Закiдваў сеткi, ставiў пасткi.

– Шукаеш працы?

– Не. У майго старога тут участак - сорак акраў. Ён арандатар-здольнiк, але сям'я наша даўно ўжо ў гэтых месцах.

Шафёр шматзначна паглядзеў на палi ўздоўж дарогi, на палеглую, занесеную пылам кукурузу. З-пад пласта пылу сям-там вызiраў дробны пясчанiк. Шафёр сказаў быццам сам сабе:

– Так i сядзiць на сваiх сарака акрах? I пыл яго не засыпаў, i трактары не сагналi?

– Апошнi час я з дому вестак не меў.

– Значыць, даўнавата не меў, - сказаў шафёр. У кабiну заляцела пчала i з гудзеннем пачала бiцца аб ветравое шкло. Шафёр працягнуў руку i асцярожна пасунуў пчалу да акенца кабiны, i там яе падхапiў вецер.
– Здольнiкам цяпер хана, - зноў загаварыў шафёр.
– Адным трактарам адразу дзесяць сем'яў зганяюць. Трактары такога нарабiлi! Заворваюць участак, а арандатара - прэч. Як гэта толькi стары твой утрымаўся?
– Яго язык i скiвiцы зноў занялiся забытай ужо гумкай, сталi жаваць яе i перакiдваць з боку на бок. Кожны раз, як ён адкрываў рот, мiж губамi ў яго вiдаць быў язык, якi ганяў гумавую жвачку з месца на месца.

– Я даўно не меў вестак з дому. Сам пiсаць не люблю, бацька таксама не аматар.
– Пасажыр паспешлiва дадаў: - Але пiсаць мы ўмеем, была б толькi ахвота.

– Працаваў дзе-небудзь?
– Зноў такi ж дапытлiвы, хiтравата дагодлiвы i быццам абыякавы тон. Шафёр зiрнуў на палi скрозь паветра, якое трымцела ад спёкi, i, засунуўшы гумку за шчаку, каб не перашкаджала, плюнуў у акно.

– Канешне, працаваў, - адказаў пасажыр.

– Так я i думаў. Па руках вiдаць - мазолiстыя. Кiрка цi сякера, а то i кувалда. Я такое заўважаю. Ганаруся гэтым.

Пасажыр пiльна паглядзеў на шафёра. Колы грузавiка, коцячыся па шашы, напявалi сваю бясконцую песню.

– Цябе яшчэ што-небудзь цiкавiць? Дык я раскажу. Чаго табе дарма галаву ламаць.

– Ну вось, ужо i зазлаваў. Я ў чужыя справы не соваюся.

– Я сам усё раскажу. Мне таiць няма чаго.

– Ды кiнь ты, не злуй. Проста я люблю да ўсяго прыглядацца. Хутчэй час iдзе.

– Я ўсё раскажу. Зваць мяне Джоўд, Том Джоўд. Бацька таксама Том Джоўд. Вочы пасажыра заслала смугой, калi ён глянуў на шафёра.

Поделиться с друзьями: