Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Чалавек доўга глядзеў на Джоўда. Сонечнае святло глыбока пранiкала ў яго карыя вочы i запалiла ў зрэнках залатыя iскрынкi. Калi ён падняў галаву, жгут мускулаў у яго на шыi яшчэ больш наструнiўся.
Джоўд моўчкi стаяў у дзiравым цянi. Ён зняў кепку, выцер ёю спацелы твар i разам са скручаным пiнжаком кiнуў на зямлю.
Не высоўваючыся з ценю, чалавек выцягнуў ногi i зарыў пальцы ў пыл.
Джоўд сказаў:
– Фу! На дарозе пячэ, як у пекле.
Чалавек пiльна паглядзеў на яго.
– Цi не Том гэта Джоўд, сынок старога Тома?
– Ага, - сказаў Джоўд.
– Ён самы. Дамоў iду.
– Мяне ты, пэўна ж, не памятаеш, - сказаў чалавек, i пухлыя губы яго скрывiлiся ва ўсмешцы, адкрыўшы вялiкiя конскiя зубы.
– Ды дзе табе помнiць. Ты толькi тое i рабiў, што дзяўчатак за косы цягаў, замест таго каб мае казанi слухаць. А ў адной дзяўчынкi ўсё наравiў коску з каранямi выдзерцi, а слова святое мiма вушэй прапускаў. Ты, напэўна, забыўся, а я памятаю. Давялося мне i цябе, i дзяўчо тое далучыць да ласкi боскай. Абаiх у арашальнай канаве ахрысцiў. А ўжо ж адбiвалiся як, вiшчалi, што тыя кацяняты.
Джоўд паглядзеў на яго зверху i раптам засмяяўся:
– Дык ты ж прапаведнiк! Вось ты хто - наш прапаведнiк! Мо толькi якую гадзiну назад я пра цябе аднаму хлопцу расказваў.
– Былы прапаведнiк, - спахмурнеў чалавек.
– Прападобны Джым Кейсi - з секты "Неапальная купiна". Горла драў у славу гасподню. I грэшнiкаў-пакаянцаў ледзь што - у канаву; наб'еш яе iмi да краёў, так i глядзi, патопяцца. Але цяпер я ўжо не той.
– Ён уздыхнуў.
– Цяпер я проста Джым Кейсi. Няма ў мяне тае адданасцi богу. Усё ў галаву грэшныя думкi лезуць... грэшныя, але, на мой погляд, цвярозыя.
Джоўд сказаў:
– Калi ўжо што ў галаву палезе, тады i задумаешся. Я не забыў цябе. Ты ў нас неблагiя маленнi наладжваў. Памятаю, неяк раз ты стойку зрабiў i так, на руках ходзячы, такую пропаведзь закацiў! I завываў як апантаны. Мацi маёй ты быў больш за iншых па душы. А бабка, дык тая казала, што дух з цябе божы так i б'е ў нос.
– Джоўд запусцiў руку ў скрутак, намацаў бутэльку i выняў з кiшэнi пiнжака. Чарапаха варухнула лапай, але Джоўд закруцiў пiнжак тужэй. Потым адкруцiў каўпачок з рыльца i падаў бутэльку Джыму Кейсi.
– Глынеш?
Кейсi ўзяў бутэльку i тужлiва паглядзеў на яе.
– Больш я ўжо не прапаведую, толькi зрэдку. Цяпер у народзе няма ўжо таго духу боскага, што быў раней. А горш за ўсё, што i ўва мне яго анi кропелькi не засталося. Бывае, праўда, калi-нiкалi ўвойдзе ў цябе дух, ну i склiчаш людзей на маленне. А яшчэ, здараецца, перад ядой богу малiтву скажаш, калi да стала хто запросiць. Але душу я цяпер ужо ў гэта не ўкладаю. Проста просяць людзi, i я не адмаўляюся.
Джоўд зноў выцер твар кепкай.
– Няўжо ты такi ўжо святоша, што ад вiскi адмаўляешся?
– сказаў ён.
Кейсi глянуў на бутэльку, быццам толькi што ўбачыў яе ў сваiх руках. Потым паднёс да рота, перакулiў i зрабiў тры вялiкiя глыткi.
– Ну i пiтво!
– пахвалiў ён.
– А ты як думаў?
– сказаў Джоўд.
– Не самагон якi - фабрычнае. Яму цэлы даляр цана.
Перш чым аддаць бутэльку, Кейсi яшчэ раз прыклаўся да рыльца.
– Так, сэр!
– прамовiў ён.
– Так, так, сэр!
Джоўд узяў з яго рук бутэльку i адпiў, з далiкатнасцi не абцёршы рыльца рукавом. Потым апусцiўся на кукiшкi i прыставiў бутэльку да скручанага пiнжака. Падабраў з зямлi сухую галiнку - каб запiсваць ёю свае думкi ў пыле. Змёў лiсце ўбок, разраўняў далонню чысты квадрацiк i пачаў выводзiць на iм рысачкi, куты i кружочкi.
– Даўнавата цябе не бачыў, - сказаў ён.
– А мяне нiхто не бачыў, - адказаў прапаведнiк.
– Аднаго дня ўзяў i пайшоў ад iх, цяпер усё больш сяджу адзiн i сам з сабою разважаю. Боскага духу я не страцiў, толькi цяпер ён нейкi iншы. Сумненнi пачалi адольваць.
Кейсi сеў крыху раўней спiнай да ствала. Вавёркай юркнула ў кiшэню кашчавая рука i выцягнула адтуль чорную, абкусаную з усiх бакоў плiтку тытуню. Ён старанна сцёр з яе саламяную труху i iншае кiшэннае смецце, адкусiў кавалачак i засунуў за шчаку. Джоўд адмоўна памахаў галiнкай, калi Кейсi падаў яму плiтку. Чарапаха ў скрутку зноў пачала валтузiцца. Кейсi паглядзеў на пiнжак, якi варушыўся, нiбы жывы.
– Што гэта там у цябе - курыца? Глядзi, задыхнецца.
Джоўд тужэй скруцiў пiнжак.
– Чарапаха, - сказаў ён.
– На дарозе падабраў. Вялiзная, як трактар. Брацiку нясу. Малыя любяць чарапах.
– Рана цi позна яны ўсе iмi абзаводзяцца. Але чарапаху пры сабе доўга не ўтрымаеш. Торкаецца, тыцкаецца сюды-туды, пакуль не знойдзе лаза, выберацца на волю, i шукай ветру ў полi. Вось i я так. Няма таго, каб проста разгарнуць Евангелле, што ляжыць пад рукой. Не, усё круцiш яго, гартаеш, шукаеш нечага адны шматкi застаюцца. Бывае, натхнюся боскiм духам, а што ўслаўляць, не ведаю. Прызначэнне маё - весцi людзей, але ж няма куды.
– А ты вадзi iх кругом i навокал, - сказаў Джоўд.
– Доўга не думай, штурхай iх у арашальныя канавы. А свой розум мець захочуць, скажы iм, што ў пякельным агнi гарэць будуць. На чорта табе ведаць, куды iх весцi? Проста вядзi, i справе канец.
Цень ад ствала вярбы падаўжэў. Джоўд з радасцю перасеў у цень i зноў расчысцiў i разраўняў маленькi квадрацiк пылу, каб, крэслячы на iм сваiм прутком, запiсваць думкi. Мiма iх бегла па дарозе жоўтая калматая аўчарка. Падкурчыўшы вялы хвост, нiзка звесiла галаву i высунула язык, з якога капала слiна. Яна гучна, задышлiва сапла. Джоўд свiснуў, але аўчарка яшчэ нiжэй апусцiла галаву i пабегла трушком да толькi ёй адной вядомай мэты.
– Вось бяжыць кудысьцi, - сказаў крыху закрануты за жывое Джоўд.
– Пэўна, дадому.
Прапаведнiка нiчым нельга было адцягнуць ад яго думак.
– Кудысьцi бяжыць, - паўтарыў ён.
– Правiльна - кудысьцi кiруе. А я вось... куды кiравацца, не ведаю. У мяне на маленнях людзi, бывала, так наскачуцца, налямантуюцца, нагарланяцца на славу боскую, што як нежывыя падаюць на дол. Некаторых, каб прывесцi ў прытомнасць, даводзiлася акунаць у канаву. А пасля, ведаеш, што я рабiў? Пацягну якую-небудзь дзеўку ў густую траву i лягу з ёю. I так кожны раз пасля малення. А потым каяцца пачынаю. Малюся-малюся, а карысцi нiякай. Другi раз зноў усе боскiм духам прасякнемся, i я зноў за сваё. Нарэшце зразумеў: дайшоў я да краю - крыўлю душой перад богам. Хоць сам таго не жадаю.
Джоўд усмiхнуўся i, прасунуўшы кончык языка мiж доўгiх зубоў, аблiзнуў губы.
– Пасля такiх набажэнстваў самы раз у кусты iх цягнуць, - зазначыў ён. Па сабе ведаю.
Кейсi ўсхвалявана падаўся наперад.
– Вось бачыш!
– усклiкнуў ён.
– Я нарэшце зразумеў гэта i задумаўся.
– Ён мерна махаў сваёй кашчавай рукой з вузлаватымi пальцамi ў такт словам.
– Вось як пачаў я разважаць: я прасякся ласкай боскай, i паства мая так прасяклася ёю - аж скача i нема крычыць. А тут кажуць, што вадзiцца з жанчынай - сатанiнскае насланнё. Але ж чым больш у жанчыне богам дараванай ласкi, тым мацней яе цягне ў кусты. Дык вось я i падумаў: як жа гэта так, чорт вазьмi... ох, прабач мне... як жа сатана падбярэцца да жанчыны, калi дух святы так i бруiцца з яе? Ужо ж тут, здаецца, сатане, як нi хiтруй, нi з якага боку не падступiцца. А на справе выходзiць зусiм iншае.
– Вочы ў Кейсi блiшчалi ад хвалявання. Ён паварушыў шчокамi i губамi i плюнуў. Плявок пакацiўся па зямлi, абвалокся пылам i ператварыўся ў шэры, цвёрды з выгляду шарык. Прапаведнiк выставiў наперад руку, уставiў вочы на далонь, быццам на разгорнутую кнiгу.
– Вось я якi...
– цiха прамовiў ён.
– Вось якi я: у мяне ў руках чалавечыя душы, я адказваю за iх i адчуваю, якая вялiкая ляжыць на мне адказнасць, а сам кожны раз пасля малення кладуся з жанчынай.
– Ён глянуў на Джоўда. На твары ў яго была разгубленасць. У вачах - заклiк аб дапамозе.