Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Кейсi нецярплiва чакаў, калi Джоўд зноў загаворыць. Але працягу не было. Ён даў Джоўду яшчэ трохi часу, каб сабрацца з думкамi, i нарэшце не вытрымаў i крыху раздражнёна спытаўся:
– Ну i што ж ён з парасём гэтым зрабiў?
– Га? А-а... Ну, ён тут жа, на месцы, закалоў яго i загадаў мацi плiту распалiць. Тады выразаў адбiўных i паклаў на гарачую патэльню, а рэбры з кумпяком у духоўку засунуў. Адбiўныя з'еў, тым часам рэбры згатавалiся, а як рэбры абгрыз, кумпяк падрумянiўся. Узяўся за кумпяк - адхопiць нажом добры кавалак i пхае ў рот. Мы, дзецi, ад яго не адыходзiм, клянчым, i ён, нарэшце, пачаставаў нас, а бацьку нi дробачкi не даў. Нарэшце так аб'еўся, што яго званiтавала, i тады ён залёг спаць. Пакуль спаў, мы з бацькам з кумпяком тым расправiлiся. Ранiцай дзядзька Джон падымаецца i другi кумпяк бразь - у духоўку. Бацька пытаецца: "Няўжо, Джон, ты ўсяго падсвiнка з'есцi сабраўся?" А той кажа: "Сабраўся, Том. Баюся толькi, каб ён не пратух, перш чым я яго ў страўнiк адпраўлю, а я тухляцiны не ем, хоць i страшэнна люблю свiнiну. Пакладзi трохi сабе на талерку, а мне аддай назад дзве шпулi дроту". Ну, сэр, бацька мой не з дурных. Даў дзядзьку Джону абжырацца, а як надышоў час таму ехаць, яшчэ больш за палову засталося. Бацька i кажа: "Ты яе засалiў бы, Джон". Але ж дзядзька не такi: захоча свежанiны, дык ты яму цэлую свiнню падавай, а наб'е жывот, нават паху яе не церпiць. Паехаў, а што засталося, бацька засалiў.
Кейсi сказаў:
– Калi б я быў, як раней, прапаведнiкам, дык зараз жа вывеў бы з гэтага мараль i наставiў бы цябе на шлях iсцiнны. Але больш пропаведзяў нiхто ад мяне ўжо не пачуе. Як думаеш, чаму ён гэтак зрабiў?
– Не ведаю, - адказаў Джоўд.
– Проста прагны на свiнiну. Мне i самому, як успомнiў, страшэнна захацелася. За ўсе чатыры гады толькi чатыры кавалкi смажанай свiнiны з'еў - па адным на кожныя Каляды.
Тонам прапаведнiка Кейсi прамовiў:
– Можа, Том зарэжа адкормленае цяля свайму блуднаму сыну, як у Пiсаннi?
Джоўд пагардлiва засмяяўся:
– Ты, браце, бацькi не ведаеш. Калi ён курыцу рэжа, дык не столькi крыку ад яе, колькi ад яго самога. Не можа ён такое рабiць. Свiнню заўсёды беражэ на Каляды, а яна ў вераснi задзiрае капыты - ад перакорму цi ад хваробы якой, пасля чаго есцi яе нельга. Затое дзядзька Джон, як захочацца яму свiнiны, дык наесца ўжо да адвалу. Свайго не прапусцiць.
Яны паднялiся на грэбень узгорка i ўнiзе ўбачылi ферму Джоўдаў. Том спынiўся.
– Тут нешта не так, - сказаў ён.
– Зiрнi на дом. Штосьцi нядобра. Нiдзе нi душы.
Абодва стаялi, пазiраючы на невялiкую купку будынiн.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Землеўласнiкi пачалi наведвацца на свае землi, але часцей замест сябе пасылалi пасрэднiкаў. Агенты гэтыя паяўлялiся на палях у лiмузiнах, шчупалi i расцiралi пальцамi сухую зямлю, а то заганялi ў глебу земляны бур i бралi пробу. З-за парканаў сваiх апаленых сонцам падворкаў арандатары з трывогай сачылi за лiмузiнамi, што снавалi ўздоўж палёў. Нарэшце пасрэднiк уязджаў у двор i, не выходзячы з кабiны, заводзiў гутарку з арандатарам праз акенца. Падышоўшы да машыны, арандатары першыя хвiлiны стаялi, потым апускалiся на кукiшкi i вадзiлi па пыле падабранымi з зямлi пруткамi.
Праз адчыненыя дзверы дамкоў вызiралi кабеты, а з-за iх спiн цiкавалi дзецi - светлавалосыя, пад колер кукурузы, дзецi з шырока расплюшчанымi вачамi, - пачухваючы пальцамi адной босай нагi галёнку другой. Жонкi i дзецi не спускалi вачэй са сваiх мужчын, якiя размаўлялi з прадстаўнiкамi гаспадароў зямлi, i зацята маўчалi.
Адны агенты гаварылi мякка, бо iм брыдка было рабiць тое, на што iх паслалi; другiя - раздражнёна, бо iм брыдка было праяўляць жорсткасць, а трэцiя - холадна-спакойна, бо даўно ўжо зразумелi, што гаспадар павiнен быць халодным i спакойным. I кожнага з iх учэпiста трымала нейкая неадольная сiла. Некаторыя з iх ненавiдзелi матэматыку, якая даймала iх, другiя баялiся сваёй матэматыкi, а iншыя абагаўлялi яе, бо ў ёй яны знаходзiлi збавенне ад думак i чалавечых пачуццяў. Калi зямлёй валодаў банк цi фiнансавая кампанiя, агент гаварыў: банк цi кампанiя хоча... адчувае патрэбу... настойлiва патрабуе... не можа абысцiся... быццам банк цi кампанiя - нейкая пачвара, надзеленая розумам i пачуццямi, страшыдла, якое завабiла iх у свае цянёты. Агенты не неслi адказнасцi за дзейнасць банкаў i кампанiй, яны былi ўсяго толькi людзi, нявольнiкi, а банкi - гэта ж машына! Яна i валадар. Сёй-той з агентаў нават нямала ганарыўся тым, што ён нявольнiк такiх халодных i магутных валадароў. Агенты сядзелi ў машынах i тлумачылi людзям: вы ж ведаеце, зямля спустошылася. Бог ведае колькi ўжо гадоў вы капаецеся ў ёй.
Седзячы на кукiшках, арандатары кiвалi галовамi, гадалi i прыкiдвалi, выводзячы ўзоры ў пыле, - ага, так, ведаем, далiбог. Калi б зямлю не засыпала пылам, калi б не выветрываўся верхнi пласт глебы, тады б яшчэ можна было цярпець...
Пасрэднiкi гнулi сваё: вы ж ведаеце, што зямля з кожным годам яшчэ больш спусташаецца. Не мне вам казаць, што з ёю робiць бавоўна, - губiць, высмоктвае з яе ўсе сокi.
Арандатары згодна кiвалi галовамi: яны ўсё разумеюць, бог сведка. Калi б увесь севазварот... зямля зноў налiлася б сокамi.
Гэта праўда, але цяпер ужо позна. I агенты тлумачылi механiку дзеянняў i ход думак пачвары, што схапiла iх самiх такой мёртвай хваткай.
Чалавек можа сядзець на зямлi, нават калi яму хапае толькi на пракорм i на выплату падаткаў. Такое ж зусiм магчыма.
Так, такое магчыма, пакуль не здарыцца неўраджай i не прыйдзецца браць пазыку ў банку. Але, разумееце, банку цi кампанii трэба зусiм не тое - яны ж не паветрам дыхаюць i ядуць не мяса. Яны дыхаюць прыбыткам, ядуць працэнты з капiталу. Калi iм гэтага не даць, яны памруць, як мы з вамi памерлi б без паветра i без ежы. Усё гэта сумна, але так яно ёсць. Нiчога не зробiш.
Людзi, што сядзелi на кукiшках каля лiмузiнаў, узнiмалi вочы, намагалiся зразумець. А цi нельга яшчэ пабыць нам тут? Можа, наступны год выдасца ўраджайны? Адзiн бог ведае, якая ўродзiцца бавоўна праз год. А войны? Хiба ўгадаеш цяпер, якiя цэны будуць на бавоўну? З яе ж робяць узрыўчатку, цi не так? А абмундзiраванне? Будуць войны, i цэны на бавоўну падскочаць. Можа, ужо нават у наступным годзе. Арандатары пытальна ўзнiмалi ўгору вочы.
На гэта разлiчваць нельга. Банк - пачвара, яна бесперапынку павiнна паглынаць падаткi. Чакаць ёй няможна. Бо памрэ. Не, падаткам не павiнна быць спыну. Калi пачвара застыне ў росце, ёй смерць. Ёй нельга спыняць свой рост.
Выпеставаныя пальцы пачыналi пастукваць па нiзе аконнай аправы ў кабiне; заскарузлыя пальцы мацней сцiскалi пруткi, што нястомна чыркалi па пыле. Жанчыны ў дзвярах прапаленых сонцам хацiн уздыхалi, пераступалi з нагi на нагу, адна ступня церла другую ступню, пальцы не пераставалi варушыцца. Сабакi падыходзiлi да машын, абнюхвалi iх i адно за адным палiвалi ўсе чатыры колы. Куры ляжалi на гарачым пыле, распушыўшы пер'е, каб сухi пыл дабраўся да самай скуры i пачысцiў яе. А ў хлеўчуку над бруднымi рэшткамi пойла просьбiтна рохкалi свiннi.
Людзi, што сядзелi на кукiшках, зноў апускалi вочы. Што ж вы ад нас хочаце? Хiба можна памяншаць нашу долю ўраджаю, мы i так галадаем. Дзецi нiколi дасыта не ядуць. Адзежы няма - адны лахманы. Калi б у суседзяў было лепш, мы ад сораму на малiтоўныя сходы хадзiць перасталi б.
I нарэшце агенты гаспадароў раскрывалi ўсю паднаготную. Арэнда сябе не апраўдала. Адзiн чалавек на трактары можа замянiць дванаццаць - чатырнаццаць фермерскiх сем'яў. Плацi яму жалаванне i забiрай сабе ўвесь ураджай. Мы вымушаны так рабiць. Мы iдзём на гэта неахвотна. Бо пачвара занядужала. З ёю здарылася нешта нядобрае.
Вы ж бавоўнай зямлю загубiце.
Мы ведаем. Нам трэба паспець зняць некалькi ўраджаяў, перш чым загiне зямля. Потым мы пусцiм яе ў продаж. Шмат сем'яў ва ўсходнiх штатах захочуць купiць тут участак.
Арандатары спалохана падымалi вочы да кабiн. А з намi што будзе? Як мы пракормiмся?
Вам давядзецца пакiнуць свае ўчасткi. Плугi пройдуцца проста па вашых дварах.
I тады арандатары ў гневе падымалiся з кукiшак i станавiлiся ва ўвесь рост. Мой дзед першы прыйшоў на гэтую зямлю, ён ваяваў з iндзейцамi i прагнаў iх адсюль. А бацька тут нарадзiўся i таксама ваяваў - з пустазеллем i змеямi. Потым абрынуўся няўрод, i бацька ўзяў у пазыку крыху грошай. I наша тут таксама радзiма. Вунь, бачыце, у дзвярах нашы дзецi? I яны нарадзiлiся тут, у гэтым доме. Бацька быў вымушаны ўзяць пазыку. I тады зямля перайшла да банка, але мы засталiся на ёй, i нам крыху перападала з таго, што мы вырошчвалi.