Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Табе неахвота пра гэта гаварыць, так? Я не буду распытвацца, што ты там такое нарабiў.

– Я i цяпер зрабiў бы тое самае, - сказаў Джоўд.
– Я забiў аднаго малойчыка ў бойцы. Мы добра напiлiся з iм на танцах. Ён нажом мяне пырнуў, я схапiў рыдлёўку i прыкончыў яго. Размажджэрыў яму галаву.

Бровы ў прапаведнiка занялi сваё звычайнае месца.

– Значыць, саромецца табе няма чаго?

– Няма, - адказаў Джоўд.
– Мне далi толькi сем гадоў, бо ён першы пачаў пырнуў мяне нажом. Выпусцiлi праз чатыры гады - умоўна.

– I нiхто з тваiх не пiсаў табе ўсе чатыры гады?

– Чаму ж, пiсалi. Два гады назад ад мацi паштоўку атрымаў, а на мiнулыя Каляды бабка прыслала. О, Езус, i смеху ж было ў нашай камеры! Паштоўка з малюнкам - ёлка ўся ў блiшчынках, быццам снегам абсыпаная. I вершык:

У свята светлае Каляды

Будзь жыццю, хрыстосiк, рады,

I пад ёлачку ты глянь.

Падаруначак дастань.

Бабка, вiдаць, i не чытала яго. Пэўна, у разносчыка купiла, выбрала самую прыгожую i блiскучую. Хлопцы ў камеры жываты надрывалi ад рогату. З таго дня ўсе мяне "хрыстосiкам" дражнiлi. А бабка i думаць не думала, што з мяне смяяцца будуць. Бачыць, святочная паштоўка, прыгожая, блiскучая, навошта чытаць? У той год, калi мяне пасадзiлi, яна свае акуляры згубiла. Да гэтага часу, думаю, яшчэ шукае.

– А як абыходзяцца яны там з вамi, у Макалестары?

– Ды нядрэнна. Кормяць па гадзiнах, адзяваюць чыста, i памыцца ёсць дзе. Без жанчын толькi цяжка.
– Джоўд раптам засмяяўся: - У нас там неяк аднаго тыпуса ўмоўна выпусцiлi. I месяца не прайшло, як ён праштрафiўся i зноў вярнуўся да нас. У яго спыталiся, чаму ён парушыў падпiску. А ён кажа: "Якога чорта! У бацькавай халупе выгод нiякiх. Нi табе электрычнасцi, нi душа. I кнiжак няма, i ежа паганая". Вярнуўся, кажа, бо тут хоць якiя выгоды ёсць i жратва па гадзiнах. На волi, кажа, адзiн супраць цэлага свету - не ведаеш, што рабiць, куды падацца. I ён украў машыну i зноў сеў.
– Джоўд дастаў свой капшук, падзьмуў на курыльную кнiжачку, каб аддзялiць адзiн бураваты лiсточак, скруцiў цыгарку.
– Што ж, хлапец ён не дурны, - дадаў ён.
– Як падумаў я ўчора, дзе ноч буду спаць, дык страх мяне ўзяў. Прыгадаўся мне ложак i той чокнуты, што з намi быў у камеры, падумаў: што ён цяпер робiць? У нас аркестр там быў. Добры струнны аркестр. Адзiн казаў, што мы маглi б нават па радыё выступаць. А сёння ранiцай прачынаюся i не ведаю - падымацца цi яшчэ рана. Ляжу i чакаю, калi пабудку дадуць.

Кейсi хмыкнуў:

– Гэтак можна i не пачуць, як лесапiлка вiшчыць.

Жаўтавата-пыльнае святло кранула зямлю пазалотай. Кукуруза ўся залацiлася. Чародка ластавак пранеслася ў небе - вiдаць, да нейкай вады. Чарапаха ў Джоўдавым пiнжаку зрабiла яшчэ адну спробу ўцёкаў. Джоўд перагнуў папалам брылёк кепкi, i цяпер брылёк стаў падобны на крывую дзюбу вароны.

– Ну, вiдаць, патупаю, - сказаў Джоўд.
– Скварыцца на сонцы не вельмi люблю, але цяпер ужо не так пячэ.

Кейсi рашуча падняўся.

– Старога Тома я цэлы век не бачыў, - сказаў ён.
– Даўно хацеў зiрнуць, як ён там. Я ж колькi часу да вас хадзiў са словам божым, грошай нiколi не браў, глыну толькi чаго-небудзь...

– Гайда, - сказаў Джоўд.
– Бацька табе рады будзе. Ён заўсёды казаў, што ў цябе дзюба занадта вялiкая для прапаведнiка.
– Джоўд падняў з зямлi пiнжак i шчыльней абкруцiў iм чаравiкi i чарапаху.

Кейсi падабраў свае парусiнавыя туфлi i ўсунуў у iх босыя ногi.

– Я не такi смелы, як ты, - сказаў ён.
– Чаго добрага, яшчэ на калючы дрот наступлю ў пыле цi на шкло. Страх як баюся палец парэзаць - няма нiчога горшага.

Яны нерашуча пастаялi, перш чым пераступiць лiнiю ценю, i раптам рушылi наперад, як два плыўцы, што спяшаюцца дабрацца да другога берага. Шпарка прайшоўшы некалькi крокаў, яны сцiшылi хаду i пайшлi няспешна, быццам у роздуме. Кукурузнае бадыллё кiдала на дарогу косыя шэрыя ценi, у паветры стаяў душны пах нагрэтага пылу. За кукурузным полем пачаўся цёмна-зялёны бавоўнiк цёмна-зялёнае лiсце з зачаткамi насенных каробачак пад пялёнкай шэрага пылу. Усходы былi няроўныя - густыя ў западзiнах, дзе даўжэй трымалася вiльгаць, i зусiм пляшывыя на высокiх месцах. Раслiны ўпарта змагалiся з сонцам. А блiжэй да гарызонту далеч зацягнулася непрагляднай рудаватай смугой. Пыльная дарога адбягала ўдалечыню хвалiстай стужкай. Вербы, што раслi па берагах ручая, збочвалi разам з iм на захад, а на паўночны захад ад iх няўроблены ўчастак зямлi ўшчыльную падыходзiў да нiзкага i рэдкага кустоўя. Тхала распаленым пылам, паветра было такое сухое, што слiзь у носе засыхала скарынкай, а з вачэй цяклi выратавальныя слёзы.

Кейсi сказаў:

– Бачыш, як добра падымалася кукуруза, пакуль яе пылам не засыпала? Багаты быў бы ўраджай.

– Кожны год, - сказаў Джоўд, - кожны год, як я сябе памятаю, выспяваў добры ўраджай, але нi разу так i не выспеў. Дзед казаў, што зямля толькi першыя пяць гадоў добра радзiла, пакуль яшчэ перагной ад старога пустазелля ў ёй заставаўся.

Дарога апусцiлася па схiле ўзгорка i паднялася на другi пакацiсты груд.

Кейсi сказаў:

– Адсюль да старога Тома будзе не болей за мiлю. За трэцiм узгоркам, здаецца, так?

– Правiльна, - адказаў Джоўд.
– Калi толькi дом наш не ўкралi, як некалi бацька зрабiў.

– Дом украў?

– Ага. Знайшлi пусты мiлi за паўтары адсюль i ўкралi. Сям'я, што там жыла, перабралася ў iншае месца. Дзед, бацька i Ной, брат мой, хацелi перацягнуць увесь дом цалкам, ды ён не даваўся. Толькi з паловай справiлiся. Таму ён у нас такi дзiўнаваты з аднаго боку. Рассеклi на дзве часткi, у адну палову ўпрэглi дванаццаць коней i два мулы i перавезлi на свой участак. Вярнулiся па другую палову - хацелi прыбудаваць яе да першай, але раней за iх туды паспеў Уiнк Мэнлi са сваiмi хлопцамi i з-пад носа сцягнуў тое, што засталося. Дзед з бацькам злыя хадзiлi, як чэрцi, ды неяк раз выпiлi з Уiнкам, i ўсе трое толькi за жываты трымалiся ад рогату. Уiнк кажа: дом мой цяпер як жарабец, прыводзьце вашу палову, мы iх злучым, i, можа, ад iх добрыя "шпакоўнi" пойдуць. Стары Ўiнк, як вып'е, мог такое вытварыць! Пасля гэтага бацька i дзед моцна з iм пасябравалi. Знаходзiлi любую магчымасць выпiць разам.

– Стары Том малайчына, - пагадзiўся Кейсi. Узнiмаючы пыл, яны спусцiлiся па схiле ўзгорка i на пад'ёме запаволiлi крок. Кейсi выцер рукавом лоб i зноў надзеў свой пляскаты капялюш.
– Так, Том малайчына, - паўтарыў ён.
– Блюзнер, але малайчына. Бывала, на маленнях, памятаю, прасякнецца святым духам зусiм крышачку, а скача ледзь не пад столь. Калi ўжо старога Тома праняло, дык сцеражыся - а то нагамi затопча. Што племянны жарабок у стойле.

Яны ўзышлi на вяршыню наступнага ўзгорка, а там дарога апусцiлася да крывога рэчышча ручая з няроўнымi, абсыпанымi берагамi, збарозненымi дажджавымi вымоiнамi. Кладка была з камянёў. Джоўд асцярожна перабраўся басанож на другi бераг.

– Вось ты ўсё пра майго бацьку дзяўбеш, - сказаў Джоўд.
– А ты паглядзеў бы на дзядзьку, калi яго хрысцiлi на Поўлкавым падворку. Бегае, гойсае, скача. Перамахнуў нават цераз разлапiсты куст вышынёй з пiянiна. Раз!
– туды пераскочыў; раз!
– назад пераляцеў i вые, як здзiчэлы сабака ў месячную ноч. Бацька лiчыў сябе найлепшым скакуном ва ўсёй акрузе, i як убачыў гэта, аблюбаваў такi ж шырачэзны куст, удвая толькi вышэйшы, завiшчаў не сваiм голасам, як свiння, што бiтым шклом апарасiлася, пераскочыў з разбегу цераз куст i вывiхнуў правую нагу. Тут з яго дух божы i вылецеў. Прапаведнiк усё лезе памалiцца, каб нага выправiлася, а бацька кажа: не, ну яго к богу, падавай мне доктара. А дзе яго ўзяць, доктара? Дантыст тут нейкi бадзячы трапiўся, ну ён яму косць i ўправiў. А прапаведнiк усё роўна за сваё памалiўся-такi.

Яны паволi адолелi нястромкi пад'ём па другi бок яра. Цяпер, калi сонца хiлiлася на захад, спёка пачала спадаць, i хоць паветра па-ранейшаму было яшчэ гарачае, сонечныя промнi абрыналiся ўжо з меншай сiлай. Па краях дарогi стаялi такiя ж крывыя калы з нацягнутым на iх калючым дротам. Справа драцяная загарадзь пайшла праз баваўнянае поле, але няспелы бавоўнiк быў аднолькавы з абодвух бакоў - сухi, цёмна-зялёны, зацярушаны пылам.

Джоўд паказаў рукой на межавую загарадзь:

– Вось наша мяжа. Папраўдзе, агароджа нам была без патрэбы, але ў нас завёўся дрот, i бацьку закарцела абгарадзiць поле. Цяпер, кажа, адчуваеш: сорак акраў - гэта сорак акраў! Толькi не было б нiякай агароджы, каб неяк раз ноччу дзядзька Джон не прывёз у сваiм фургоне цэлых шэсць шпуль дроту. Выменяў у бацькi на парася. Дзе ён узяў гэты дрот, так i засталося тайнай.
– На пад'ёме яны пайшлi цiшэй, цягнучы ногi па мяккiм, глыбокiм пыле i адчуваючы пад ступнямi зямлю. Вочы ў Джоўда нiбы ўзiралiся ў мiнулае. Здавалася, ён пацiху пасмейваецца сам з сябе.
– Дзiвак у нас дзядзька, - сказаў ён.
– Узяць хоць парася гэтае, - ён хiхiкнуў i моўчкi пайшоў далей.

Поделиться с друзьями: