ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Нам гэта добра вядома. Вельмi добра вядома. Мы тут нi пры чым, усё гэта банк. А банк не чалавек. I гаспадар, у якога пяцьдзесят тысяч акраў, таксама не чалавек. Ён - пачвара.

Яно так, казалi арандатары, але ж зямля гэта наша. Мы абмерылi яе, мы ўзаралi цалiну. Мы нарадзiлiся на ёй, на ёй гiбелi, на ёй памiралi. Няхай зямля высiлiлася - усё роўна яна наша. Яна наша таму, што мы на ёй нарадзiлiся, яе ўраблялi, на ёй памiралi. Вось што дае права ўладаць ёю, а не паперка з нейкiмi там лiчбамi.

Нам вельмi шкада, але мы што? Гэта ўсё яна - пачвара. У банку няма нiчога чалавечага.

Яно так, але ж банк складаецца з людзей.

Не, вы памыляецеся, вы груба памыляецеся. Банк i людзi - розныя рэчы. Бывае, што людзям, кожнаму з iх, ненавiсна тое, што робiць банк, i, аднак, банк робiць сваю справу. Паверце, банк - гэта нешта большае, чым людзi. Банк пачвара. Ствараюць яго людзi, але ўправiцца з iм не могуць.

Арандатары абуралiся: дзед тут ваяваў з iндзейцамi, бацька знiшчаў змеяў, змагаючыся за гэту зямлю. Можа, трэба знiшчыць банкi - яны страшнейшыя за iндзейцаў i змеяў. Можа, давядзецца ваяваць за сваю зямлю, як ваявалi нашы дзед i бацька.

I тут пачыналi ўжо абурацца агенты гаспадароў. Прыйдзецца вам ехаць адсюль.

Дык жа зямля гэтая наша, усклiкалi арандатары. Мы...

Не, не ваша. Яна належыць банку-пачвары. Вам прыйдзецца ехаць.

Мы выйдзем са стрэльбамi, як дзед наш выходзiў насустрач iндзейцам. Што тады?

Што ж - спачатку прыйдзе шэрыф, потым - войска. Калi ўчэпiцеся за свае ўчасткi - вы грабежнiкi, а за стрэльбы возьмецеся - вы забойцы, i так i гэтак вы - злачынцы. Банк - пачвара, не чалавек, але можа прымусiць чалавека рабiць, што захоча.

А калi нам iсцi, дык куды? I як мы пойдзем адсюль? У нас грошай няма.

Вельмi шкада, гаварылi агенты. Банка - уладальнiка пяцiдзесяцi тысяч акраў - гэта не датычыць. Вы седзiце на зямлi, якая вам не належыць. Дзе-небудзь у iншых штатах вы, можа, увосень ноймецеся на збор бавоўны. Магчыма, атрымаеце дапамогу. А чаму б вам не падацца ў Калiфорнiю? Там заўсёды ёсць праца i нiколi халадоў не бывае. Там варта толькi руку працягнуць - i рвi апельсiны. У Калiфорнii заўсёды што-небудзь збiраюць - толькi працуй. Чаму б вам не перасялiцца туды? I агенты запускалi маторы i ад'язджалi.

Арандатары зноў апускалiся на кукiшкi i вадзiлi пруткамi па пыле, прыкiдвалi, разважалi. Асмаленыя спёкай цёмныя твары, вылiнялыя ад няшчаднага сонца вочы. Жанчыны асцярожна спускалiся з ганка i шлi да мужоў, за iмi баязлiва кралiся дзецi, гатовыя ў любы момант пусцiцца наўцёкi. Старэйшыя сыны садзiлiся на кукiшкi побач з бацькамi - гэта дае табе адчуванне, што ты ўжо мужчына. Крыху счакаўшы, жанчыны пыталiся: чаго ён прыязджаў?

Мужчыны на iмгненне адрывалi позiрк ад зямлi, i ў вачах у iх таiўся боль. Давядзецца ехаць адсюль. Трактар, упраўляючы - тут будзе ўсё, як на фабрыцы.

Куды ж мы паедзем?
– пыталiся жанчыны.

Хто ж ведае? Хто ведае?

Жанчыны таропка i моўчкi вярталiся ў хацiны, гонячы перад сабой чародку дзяцей. Яны ведалi: калi мужчыну бярэ такая крыўда, такая роспач, ён можа сарваць злосць на дарагiх яму людзях. Яны пакiдалi мужчын адных - няхай думаюць, няхай мяркуюць, дапамагаючы сабе чырканнем па пыле.

Неўзабаве арандатар азiраўся навокал - кiдаў позiрк на пастаўленую яшчэ дзесяць гадоў назад вадакачку з доўгай, як гусiная шыя, помпай; на калоду, на якой паклала галаву не адна сотня курэй; на плуг пад паветкай i на падвешаную да бэлькi кармушку ўласнага вынаходства.

А ў хаце жанчын абкружалi дзецi. Што ж мы рабiць будзем, мама? Куды мы цяпер?

Жанчыны адказвалi: нiхто яшчэ нiчога не ведае. Iдзiце, гуляйце. Толькi да таты блiзка не падыходзьце. А то ён можа i набiць вас, калi не ў пару падлезеце. I жанчыны зноў бралiся за працу, але нi на момант не спускалi вачэй з мужоў, што сядзелi на кукiшках у пыле, збянтэжаныя i апанаваныя трывожнымi думкамi.

Трактары ехалi па дарогах i збочвалi на палi - вялiзныя машыны на гусенiчным хаду. Яны паўзлi, як насякомыя, i, як насякомыя, былi неверагодна энергiчныя. Яны паўзлi па зямлi - апускалi гусенiцы, кацiлiся па iх i падбiралi iх ззаду. Дызельныя маторы пафырквалi, калi працавалi ўхаластую, а калi трактары краналiся з месца, маторы ўзнiмалi аглушальны роў, якi паступова пераходзiў у аднастайны рокат. Жалезныя страшыдлы ўздымалi клубы пылу i, пратыкаючы iх сваiмi тупымi рыламi, iшлi напрасткi па мясцовасцi, удоўж i ўпоперак, скрозь агароджы, праз двары, ныралi ў яры i вынырвалi з iх, не адхiлялiся ў бакi. Iм было няважна - ёсць дарога цi няма, яны самi пракладвалi сабе дарогу. Iм было ўсё хоць бы што - узгоркi, лагчыны, канавы, агароды, будынкi.

Чалавек на жалезным сядзеннi не падобны быў на чалавечую iстоту: рукавiцы, вялiкiя акуляры, гумавая маска ад пылу на носе i роце - ён здаваўся часткай гэтай махiны, робатам. Грукат цылiндраў разносiўся па ўсёй акрузе, пранiзваў паветра i зямлю, i зямля i паветра адгукалiся гулам i здрыгалiся ў лад яму. Трактарыст не меў улады над машынай - яна iшла напрасткi, кроячы дзесяткi фермаў, i таксама напрасткi вярталася назад. Лёгкi перавод рычага - i гусенiцы павярнулi б убок, але рука трактарыста не магла перавесцi рычаг, бо пачвара, што стварыла трактар i паслала яго сюды, завалодала рукамi трактарыста, яго мозгам, яго мускуламi, начапiла яму шоры, надзела наморднiк - шорамi зацямнiла яму розум, наморднiкам прыглушыла словы, зацямнiла свядомасць, прыглушыла пратэст. Ён не бачыў зямлi такой, якой яна была, не мог адчуць яе сапраўднага паху; ногi яго не размiналi камякоў гэтай зямлi, не адчувалi яе цеплынi, яе сiлы. Ён сядзеў на жалезным сядзеннi, ногi стаялi на жалезных педалях. Ён не мог нi падбадзёрваць, нi бiць, нi лаяць, нi падганяць гэту жалезную сiлу i таму не мог нi падбадзёрваць, нi бiць, нi падганяць самога сябе. Гэтай зямлi ён не ведаў, не валодаў ёю, у яе не верыў, нi аб чым яе не прасiў. Калi кiнутае ў зямлю зерне прарастала, яго гэта не тычылася. Калi маладыя атожылкi вялi ў засуху цi гiнулi ад пралiўных дажджоў, трактарыста гэта хвалявала так мала, як i сам трактар.

Зямлю гэтую ён любiў не болей, чым любiў яе банк. Ён мог захапляцца трактарам - яго адшлiфаванымi паверхнямi, яго магутнай сiлай, выццём яго цылiндраў, але трактар не належаў яму. Трактар цягнуў за сабой блiскучыя дыскi, якiя рэзалi зямлю вострымi лёзамi - не ворыва, а хiрургiчная аперацыя; узняты пласт падаў направа, а другi рад дыскаў крышыў яго i валiў налева. Вострыя лёзы ззялi, адпалiраваныя зямлёй, у якую яны ўгрызалiся. А за дыскамi iшлi бароны, жалезнымi зубамi прачэсвалi зямлю - разбiвалi дробныя камякi i пакiдалi за сабой гладкую паверхню. Следам за бараной цягнулася сеялка дванаццаць жалезных дзетародных членаў, выкаваных на заводзе, па волi механiзмаў вывяргалi семя, метадычна i бясстрасна гвалтуючы зямлю. Трактарыст сядзеў на жалезным сядзеннi i ганарыўся прамымi барознамi, пракладзенымi мiма яго жадання, ганарыўся трактарам, да якога не адчуваў любовi i якi яму не належаў, ганарыўся сiлай, над якой не меў улады. А калi ўраджай выспяваў i яго збiралi, нiхто не размiнаў гарачых камякоў зямлi пальцамi, не прасейваў яе мiж iмi. Нiчые рукi не дакраналiся да насення, нiхто з замiраннем сэрца не чакаў новых усходаў. Людзi елi тое, што яны не вырошчвалi, памiж iмi i хлебам знiкла сувязное звяно. Зямля радзiла пад жалезам i пад жалезам паволi памiрала; яе нi любiлi, нi ненавiдзелi, да яе не звярталiся нi з малiтвай, нi з праклёнамi.

Апоўднi трактарыст спыняўся каля фермерскага дамка i даставаў сняданак сандвiчы, загорнутыя ў васкаваную паперу: белы хлеб з марынаваным агурком, з сырам, з каўбасой i торцiк з кляймом, як на дэталi машыны. Ён еў без смаку. А яшчэ не выселеныя арандатары выходзiлi да яго з дамоў, з цiкавасцю пазiралi, як ён знiмае акуляры i гумавую маску, пад якiмi засталiся белыя кружкi вакол вачэй i вялiкi белы круг вакол носа i рота. Выхлапная труба цiха пафырквала, бо гаручае каштавала танна i не было нiякага сэнсу выключаць дызель, каб потым зноў праграваць яго. Цiкаўныя дзецi абступалi яго чародкай, абарваныя дзецi з аладкамi ў руках. Яны адкусвалi па кавалачку i прагнымi вачамi сачылi, як трактарыст раскручвае з паперы сандвiчы, завостранымi ад голаду насамi ўдыхалi пах агуркоў, сыру, каўбасы. Яны не загаворвалi з трактарыстам, толькi ўважлiва сачылi за рукой, што падносiла ежу да рота. Яны не глядзелi, як ён жуе, - iх вочы не адрывалiся ад рукi, у якой ён трымаў сандвiч. А неўзабаве падыходзiў арандатар, якi адмаўляўся пакiдаць свой участак, прысаджваўся на кукiшкi ў цянi трактара.

– Цi не сын ты Джона Дэвiса?

– Ён самы, - адказваў трактарыст.

– Навошта ж ты пайшоў на такую работу - супраць сваiх?

– Тры даляры ў дзень. Надакучыла поўзаць перад кожным з-за кавалка хлеба. У мяне жонка i дзецi. Трэба ж нешта есцi. Тры даляры ў дзень i пастаянная праца.

– Усё так, - гаварыў арандатар.
– Але праз твае тры даляры пятнаццаць цi дваццаць сем'яў сядзяць галодныя. Ледзь не сотнi людзей давялося зняцца з месца, i цяпер усе яны блукаюць па дарогах. Усё праз твае тры даляры ў дзень. Цi ж гэта справядлiва?

Поделиться с друзьями: