Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Джоўд старанна вывеў галiнкай у пыле жаночы торс - грудзi, клубы, таз.
– Прапаведнiкам я нiколi не быў, - сказаў ён, - таму не зяваў, калi што ў рукi плыло. I рознымi думкамi галаву сабе не забiваў - падвернецца што дзе калi, i я сам не свой ад радасцi.
– Ну ясна, ты ж не прапаведнiк, - упiраўся Кейсi.
– Табе дзеўка - проста дзеўка. Што табе да яе. А мне жанчына - сасуд свяшчэнны. Я ратаваў iхнiя душы. I вось, узяўшы на сябе такую адказнасць, я спачатку ўсяляў у iх дух святы, а потым цягаў iх у кусты.
– Можа, i мне не пашкодзiла б зрабiцца прапаведнiкам, - уголас падумаў Джоўд. Ён дастаў з кiшэнi тытунь i паперу, скруцiў цыгарку. Запалiў яе i скрозь дым пакасiўся на субяседнiка.
– Даўно ўжо я без жанчыны. Давядзецца наганяць.
Кейсi гаварыў далей:
– Я давёў сябе да таго, што начамi не спаў. Iдзеш на пропаведзь i зарок сабе даеш: "Сёння, далiбог, не буду". Але яшчэ не дагаварыўшы, ужо ведаю буду.
– Ажанiцца табе трэба, - сказаў Джоўд.
– У нас жыў адзiн прапаведнiк з жонкай. Егавiсты. Наверсе ў нас спалi. На маленне народ прыходзiў да iх у гумно. А мы, дзецi, падслухоўвалi, як жонцы ад яго даставалася пасля кожнага вячэрняга малення.
– Добра, што ты мне гэта сказаў, - ажывiўся Кейсi.
– А то я думаў, што я адзiн быў такi... Нарэшце не вытрымаў, кiнуў усё i пайшоў. З тае пары ў мяне толькi адно ў галаве.
– Ён падцягнуў каленi да падбародка i пачаў выкалупваць гразь мiж пальцаў ног.
– I вось спытаўся я ў самога сябе: "Што цябе мучыць? Юрлiвы сверб?" I сам адказваю: "Не, не сверб, а тое, што ўсё гэта грэх". I зноў пытаюся: "Як жа гэта так? Чалавек, поўны вялiкай павагi да бога, павiнен, здавалася б, як мул, упiрацца, каб не ступiць на грэшны шлях, дык жа ж не яму карцiць хутчэй штаны расшпiлiць".
– Ён мерна паляпаў двума пальцамi па далонi, быццам акуратна кладучы на яе словы радком.
– Кажу я сабе: "Можа, ва ўсiм гэтым няма нiякага грэху? Можа, людзi i павiнны быць такiмi? Можа, дарэмна мы мардуем сябе, выганяючы д'ябла?" I згадаў я, як некаторыя сёстры сцябаюць сябе метровымi абрыўкамi правадоў. I падумаў: можа, iм гэта прыемна, можа, i мне прыемна сябе мучыць? Я ляжаў тады пад дрэвам, думаў, думаў ды заснуў. Прачынаюся, гляджу - ноч, апраметная цемра. Недзе паблiзу скуголiць каёт. I раптам само сабой так голасна ў мяне вырвалася: "К чорту ўсё! Нiякага грэху на свеце няма, няма i праведнасцi. Ёсць толькi тое, што людзi робяць. Адно без другога не iснуе. У людзей некаторыя справы добрыя, некаторыя нядобрыя, вось i ўсё, i то з якога яшчэ боку на гэта паглядзець".
– Кейсi змоўк i адарваў вочы ад далонi, на якой ён нiбы раскладаў словы.
Джоўд слухаў прапаведнiка з усмешкай, але позiрк яго быў востры i ўважлiвы.
– Ты сваю веру ўсю ператрос, - сказаў ён.
– З усiх бакоў абсмактаў.
Кейсi зноў загаварыў, i ў голасе яго гучалi боль i разгубленасць.
– Я пытаюся ў сябе: "Што такое боскi дух i парыванне?" I адказваю: "Гэта любоў. Я так люблю людзей, што, бывае, сэрца крывёю аблiваецца". Зноў пытаюся: "А Iсуса ты хiба не любiш?" Думаю, думаю i нарэшце кажу: "Не, я нiкога з такiм iмем не ведаю. Гiсторый розных пра яго чуў шмат, але люблю я толькi жывых людзей. Сэрца разрываецца ад любовi да iх, i хочацца мне зрабiць усiх iх шчаслiвымi, i таму прапаведую iм тое, што можа прывесцi iх да шчасця". А потым... Ну i нагаварыў я табе чортаву прорву ўсяго. Табе, можа, дзiўна, што я такiя брыдкiя словы ўжываю? Нiякiх тут брыдкiх слоў, на мой погляд, няма. Так усе гавораць, усе людзi, i нiчога дрэннага яны гэтымi словамi сказаць не хочуць. Ну, добра, хай. А цяпер я скажу табе яшчэ нешта, да чаго я сваiм розумам дайшоў, толькi прапаведнiку казаць такое - кашчунства, i таму я не маю права быць прапаведнiкам, бо ўвесь час думаю пра гэта i веру ў гэта.
– Пра што ты?
– спытаўся Джоўд.
Кейсi хiтравата глянуў на яго.
– Калi твой слых разане, не крыўдуй, га?
– Я крыўдую, толькi калi мне нос расквасяць, - сказаў Джоўд.
– Ну, што ты там такое надумаў?
– Разважаў я пра духа святога i пра Iсуса: "Чаго гэта мы ўсё горнемся да бога i да Iсуса? Можа, - думаў я, - мы проста людзей любiм - мужчын i жанчын? Можа, дух святы - гэта i ёсць душа чалавечая, вось i ўсё. Можа, усе людзi разам i ўтвараюць адну вялiкую душу i часцiнку яе знойдзеш у кожным чалавеку?" Доўга сядзеў я так, думаў, думаў i раптам усё зразумеў, усiм нутром, i так ува мне гэта i засталося.
Джоўд апусцiў вочы, быццам яму было не пад сiлу вытрываць шчыры позiрк прапаведнiка.
– З такiмi думкамi нi ў якай царкве не ўтрымаешся, - сказаў ён.
– За такiя думкi цябе прагоняць з нашых краёў. Што людзям трэба? Паскакаць i павыць. Гэта iм самая вялiкая ўцеха. Бабка наша, бывала, як пачне лямантаваць, рады ёй даць было нельга. Аднаго разу здаравеннага псаломшчыка кулаком з ног звалiла.
Кейсi задуменна пазiраў на Джоўда.
– Вось я хачу спытацца ў цябе пра нешта, - сказаў ён.
– Душу мне гэта кроiць.
– Што ж, пытайся. Часам i я ў чым-небудзь разбiраюся.
– Вось што...
– нерашуча пачаў прапаведнiк.
– Я хрысцiў цябе найлепшым чынам у той дзень, калi боскае ззянне сышло на мяне. З вуснаў маiх словы Хрыстовы лiлiся. Ты, пэўна, нiчога не памятаеш, бо ўвесь час коску тую цягаў.
– Чаму ж не, памятаю, - адказаў Джоўд.
– Гэта была Сюзi Лiтл. Праз год яна мне ледзь палец не адарвала.
– Дык вось... Пайшло табе на карысць тое хрышчэнне? Лепш табе зрабiлася ад таго?
Джоўд, падумаўшы, адказаў:
– Н-не, я нават нiчога не адчуў.
– Так... А шкоду табе гэта зрабiла? Толькi падумай.
Джоўд падняў з зямлi бутэльку i адпiў.
– Нiчога я не адчуў - нi добрага, нi дрэннага. Мне тады проста весела было, больш нiчога.
– Ён падаў бутэльку прапаведнiку.
Кейсi ўздыхнуў, прыгубiў бутэльку, потым паглядзеў, колькi ў ёй на дне засталося, i зрабiў яшчэ адзiн маленькi глыток.
– Вось i добра, - сказаў ён.
– А то я ўсё мучыўся - цi не нарабiў я сваiм умяшаннем якой-небудзь шкоды людзям.
Джоўд глянуў на свой пiнжак i ўбачыў чарапаху - яна выбралася на волю i ўжо спяшалася ў тым жа кiрунку, у якiм паўзла, калi ён падабраў яе. Джоўд паназiраў за ёю, тады ўстаў на ногi, падняў чарапаху з зямлi i зноў закруцiў у пiнжак.
– Нiякiх падарункаў дзецям не прыпас, - паяснiў ён.
– Хоць гэту старую чарапаху прынясу.
– Дзiўная рэч, - сказаў прапаведнiк.
– Якраз калi ты падышоў, я старога Тома Джоўда прыгадаў. Падумаў, цi не завiтаць да яго. Я заўсёды лiчыў яго бязбожнiкам. Як ён там жыве, стары Том?
– Не ведаю. Чатыры гады я ўжо дома не быў.
– Хiба ён не пiсаў табе?
Джоўд замяшаўся.
– Тата на пiсьмы не вялiкi мастак i наогул пiсаць не ахвочы. Прозвiшча сваё чын чынам падпiша, не горш за iншых, i нават аловак паслiнiць. Але пiсьмаў не пiша. Тата заўсёды казаў: чаго нельга выказаць голасам, таго i алоўкам не варта.
– Увесь гэты час ты па свеце бадзяўся?
– запытаўся Кейсi.
Джоўд недаверлiва глянуў на яго.
– А ты хiба нiчога не ведаеш? Ва ўсiх газетах пра мяне пiсалi.
– Нiчога. А што?
– Кейсi закiнуў нагу на нагу i ссунуўся па ствале нiжэй. Дзень ужо зайшоў далёка за поўдзень, i сонца налiвалася чырванню.
Джоўд, палагаднеўшы, сказаў:
– Казаць, дык адразу ўсё, i скончым з гэтым. Але калi б ты i цяпер яшчэ быў прапаведнiкам, я асцярогся б расказваць, бо ты пачаў бы малiцца за маю душу.
– Ён дапiў рэшту вiскi i шпурнуў паўлiтэрку ўбок, i пляскатая бутэлька мякка слiзганула па пыле.
– Я чатыры гады праседзеў у Макалестары.
Кейсi крута павярнуўся да яго i так насупiў бровы, што высокi яго лоб зрабiўся яшчэ вышэйшы.