Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
— Бі, бі, каб цябе маланка біла. Шукай, шукай — хваробу ты там знойдзеш пасля мяне.
Фашыст трапіўся настойлівы. Наверсе нічога не знайшоў — палез у хаце на паліцу. Заглянуў у адзін гладыш, у другі, бразнуў іх аб падлогу і пайшоў. Дзверы так і засталіся расчыненыя.
Маці зрабілася дрэнна. Яна лягла ў пасцель. Глыжка зашыўся на печ, грызе сухар і спалохана выглядае з-за коміна. А бабуля збірае чарапкі і не супакойваецца.
— Каб ты касцей сваіх не сабраў, сабака шалудзівы. Што немец кідаўся да маці з нажом, што нарабіў нам шкоды — з гэтага я ўжо не дзівіўся. Чаго я ад іх хачу? Немцы! Мяне больш уразіла тое, што бабуля сказала «пан» і нават «паночку». Я чуў, што калісьці і ў нашай ізёсцы быў пан. Я ведаў, што за мяжой іх і зараз як сабак нярэзаных. I ў кніжках пра гэта ёсць, і Антаніна Аляксандраўна ў школе расказвала. А тут на табе — жывы пан!
Мяне разабрала на бабулю злосць, быццам яна ва ўсім гэтым была вінавата.
— Пан! Пан! Распанкалася тут! — накінуўся я на яе.
Бабуля спакойна выпрасталася і, трымаючы ў прыпале чарапкі, са здзіўленнем спытала ў мяне:
— Ты не чамярыцы аб'еўся?
— А ты панкала б паменш,— не сціхаў я. Яна адказала мне ўжо на парозе:
— Дурны ты са сваей маткай разам. Каб разумный былі, не лезлі б дарма на ражон.
I ляпнула дзвярыма.
Але і бабульчынай вытрымкі хапіла ненадоўга. На гэты раз зайшлі ў двор двое. Не сказаўшы ні слова, яны пачалі расчыняць вароты. Пара шырачэзных біцюгоў ледзь праціснулася паміж шуламі, а калёсы зачапіліся за плот. Падгніўшае каля зямлі шула затрашчала і пахілілася.
Немцы не сталі асаджваць коней, каб заехаць у двор па-людску, а пагналі іх наперад. Ад гэтага з трэскам звалілася ўся пераплёціна. Бабуля маўчала. Яна стаяла на ганку і толькі з дакорам ківала галавой: няма ў людзей розуму, свой не ўставіш.
У двары немцам не спадабалася. Відаць, ім тут было цесна. Таму яны развалілі і той плот, які адгароджваў двор ад агарода. Бабуля памкнулася была паказаць, што на агарод ёсць варотцы, але яе адпіхнулі. Потым на градах немцы пачалі забіваць у зямлю калы. I гэта на агурках і памідорах, куды бабуля і курыцы не давала ступіць, куды мяне не падпускала і блізка, каб не пацёр націну! Калі я быў меншы, мяне палохалі русалкай, якая нібыта сядзіць у траве і толькі чакае каго-небудзь з малых, каб заказытаць. А як падрос, мне проста далі зразумець, што будуць бедныя вушы. А тут біцюгі! Ды ў іх капыты, як рэшаты!
Бабуля зноў падбегла да немцаў і запанкала:
— Пан! Паночку! Так не гут...
«Во,— думаю,— па-нямецку бабуля рэжа...»
Яна раіць ім паставіць коней на аўсянішчы. Няхай яго топчуць, шкоды такой не будзе. А «пан» ужо адарваў жардзіну ад паваленага плота, выцягнуў на агарод і прымярае да калоў. Канавязь думае зрабіць. Быццам незнарок, ён павярнуў жардзіну вакол сябе і пляснуў яе канцом бабулі па натыліцы. Старая звалілася ў мяжу, а немец заржаў, як жарабец. Вясёлы, чорт.
У бабулі аж слёзы на вачах выступілі. Яна высмаркалася ў фартух і найшла ў сенцы. Аб чым з нелюдзямі размаўляць?
Гэтыя двое стаяць у нас ужо другі дзень. Нацягалі ў хату саломы, зрабілі з дошак. агародку, каб салома не раскідалася па падлозе, і заслалі ўсё гэта шэрай суконнай коўдрай.
— Гэта яны сабе пасцель такую зрабілі,— растлумачыў я Глыжку, а бабуля са злосцю мяне паправіла:
— Не пасцель, а гайно.
Адзін з фашыстаў такі высокі, што заўсёды б'ецца лбом аб вушак дзвярэй. Ён падоўгу ляжыць у сваім гайне і іграе на губным гармоніку. У маці ад яго музыкі галава расколваецца.
— Скажы ты яму, — просіць яна бабулю кволым голасам, — каб сціх.
Бабуля яму ўжо сто разоў казала: хворая ў хаце, а ён толькі:
— Я-я-я-я!
I зноў рыпае:
—Тылі-тылі, тылі-тылі...
У другога вочы, як у нашай каровы, лупатыя, сумныя, якога колеру — не разбярэш, быццам вадой налітыя. Гэты ўсё ходзіць па дварах ды лазіць па курасаднях. Дзвюх нашых курыц яны ўжо зжэрлі, ды яшчэ бабулю скубці іх прымусілі. Бабуля, вядома, абскубла, хоць увесь час і бурчала:
— Каб вас саміх чэрці абскублі.
А іх біцюгі тым часам трубяць наш авёс на поўны рот, быццам прыйшлі з галоднага краю. Мы яго і абмалаціць нават не паспелі, як бацька загадваў. Паводзяць сябе біцюгі не горш за сваіх гаспадароў: паўснапа ў зубы і пачынаюць малоць, нібы дзедава саламарэзка, а паўснапа — пад ногі. На дармаўшчыну яно можна.
3-за гэтага аўса ў мяне з бабуляй непрыемныя размовы.
— Што? Зберагла? — папракаю я яе кожны раз, калі лунаты немец кідае пад ногі біцюгам новы абярэмак.
А яна злуецца:
— Не твайго розуму справа!
Як бы не так. Не майго. Аддала б тады тым чырвонаармейцам, што хацелі купіць для сваіх коней, дык пашкадавала, расплакалася:
— Мне ж, старой бабе, карову пракарміць трэба. Вы ў калгасе накасіце. Тут недалёка.
А цяпер фашысцкія коні трубяць наш авёс за маліну.
Бабуля глядзіць на ўсё гэта і толькі ўздыхае. Яна гаворыць, што калі гэты дудар са сваім лупатым курашчупам хутка ад нас не з'едзе, то мы пойдзем жабраваць. Ды яно ўжо і так хутка будзем скусваць быркі. Авёс коні даядаюць, грады вытанцавалі, як ток, курэй засталося ўсяго тры, двор разбурылі — як бура прайшла.
Пра быркі бабуля заўсёды ўспамінае, калі ў хаце галаднавата. Іх скусваць — усё адно, што пакласці зубы на паліцу. Але што гэта за быркі такія, я не ведаю. Мне здаецца, што быркамі бабуля называе біркі, якія прывязваюць у сельмагу да розных тавараў. Мы будзем хадзіць у магазін і скусваць іх. Уяўляю, як гэта зробіць бабуля бяззубым ротам.
11. МЫ ПРЫГЛЯДАЕМСЯ, ШТО ДА ЧАГО
Першыя дні пасля таго як немцы занялі нашы Падлюбічы на ўсходзе за лесам яшчэ грымела. I мы з Санькам не трацілі надзеі, што не сёння-заўтра нашы вернуцца. А калі над вёскай паказаўся савецкі «ястрабок», нам і зусім стала зразумела — хутка немцы пабягуць. І рантам немаведама адкуль ударылі зеніткі, завалаклі неба чорныя хмары дыму. «Ястрабок» узвіўся ўгору, развярнуўся і знік за хмарай. Паступова сціхла і за лесам.
Схлынулі з вёскі немцы. Яны рушылі далей на ўсход. Паехаў і наш дудар са сваім лупатым курашчупам. Бабуля ім і шчаслівай дарогі пажадала:
— Едзьце, каб вас калёсы пераехалі...
Мы з Санькам сядзім на прызбе і трымаем нараду. Калі вернуцца нашы — невядома: можа праз тыдзень, а можа і праз месяц. Мы апынуліся ў тыле ворага. Што нам рабіць — ісці адразу ў тыя партызаны ці крыху пачакаць, пакуль і другія пойдуць?
— Давай прыгледзімся, што да чаго, можа вінтоўку знойдзем ці наган,— прапанаваў Санька.— А потым і пакажам ім, дзе ракі зімуюць.
Адчапіўшыся так-сяк ад Глыжкі, мы выскачылі на вуліцу і пабеглі да школы. Бяжым і змены прыкмячаем. А змен цікавых вельмі багата. Каля сельмага ўпаў снарад і выкапаў яму, як у Скока на агародзе. Другім снарадам ссекла самую высокую таполю каля школы. Буслінае гняздо раскідана па дарозе, і сам бусел ляжыць нежывы ў пыле.
— Хто бусла пакрыўдзіць — таму не бачыць шчасця,— успомніў Санька. Я таксама веру гэтаму. Але што зараз зробіць свайму забойцу мёртвая, акрываўленая птушка?
Шмат год прылятаў бусел вясной з далёкага поўдня на школьный таполі, прыносіў на сваіх крылах цяпло і радасць нам, дзецям. Бусел прыляцеў — неўзабаве канікулы. Шмат год ён выводзіў са сваей бусліхай буслянят. Яны вырасталі на нашых вачах, вучыліся лятаць. Мы сачылі, як яны, падужэўшы, узнімаліся высока-высока, пад самае неба, і кружылі над вёскай, расправіўшы шырокія лёгкія крылы.