Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

Я іду дамоў, а перад вачыма ўсё той хлопец, і крыўда мяне бярэ: хіба я горшы за яго?

Праз дзень у нашай хаце размясціўся штаб. У двары наблытана правадоў, у парозе на ўслоне, дзе раней стаяла ражка, сядзіць салдат і ўвесь час крычыць у тэлефонную трубку:

— Рэзеда! Рэзеда! Паглухлі там, ці што?

Памаўчыць крыху і зноў:

— Рамашка! Ало, Рамашка!

А па двары з новай бацькавай сякерай ходзіць Сяргеіч, пажылы, вусаты дзядзька ў шынялі, падпяразаным ніжэй хлясціка. Ён шукае якую-небудзь дошку, каб збіць хоць часовы стол. Наш, калі мы сядзелі ў бабульчыным бліндажы, хтосьці паламаў. Што старога салдата завуць Сяргеіч, я ад бабулі пачуў. Яна з сябе корчыць вялікую гаспадыню — бегае за ім следам і ва ўсё ўмешваецца:

— Ты гэтай дошкі не руш, Сяргеіч, вунь тую лепш вазьмі. Гэтай столь замосцім, праламалі, гады паўзучыя.

Я злуюся на старую: усюды яна свой востры нос уткне. Тут вайна ідзе, а ёй дошкі шкада. Асмялела. Немцам так не камандавала.

— Вырас пад неба, а дурань як трэба,— адказала мне на гэта бабуля. — То ж немцы, а то свае.

Глядзі ты, Сяргеіч яе слухаецца. Ён абяцае сам залатаць столь: пяць хвілін страху.

— А гэта твой гаспадар, Матрона Яўсееўна? — цікавіцца ён, ківаючы на мяне.

— Ат! — махае рукой бабуля. Ды як махае! Варта, маўляў, на яго звяртаць увагу.— Без бацькі толку не будзе, скруціць галаву. Доўга цяпер?

— Прыйдзе бацька,— абнадзейвае Сяргеіч і спрытна чэша дошку. Трэсачкі адскакваюць роўныя, акуратныя.

— Дай жа бог, — уздыхае бабуля.

Вось прычапілася да чалавека і мне слова не дае ўставіць. Я пакрыўджана зноў іду ў хату, сноўдаюся там з кута ў кут, блытаюся ў штабных пад нагамі. Мяне абыходзяць, просяць не перашкаджаць.

Глыжка сядзіць на печы і грызе чорны салдацкі сухар, ажно іскры з-пад зубоў. А мне не сядзіцца, пагрэўся крыху і зноў блытаюся пад нагамі, прыкідваю, у каго б лепш спытаць пра добраахвотнікаў: бяруць іх ці не?

Чорны гарбаносы капітан, хутаючыся ў шынель, сядзіць над паперамі і п'е нейкія жоўтыя пілюлі. У яго малярыя.

Сяргеіч яго просіць:

— Кладзіцеся на ўслон ды ўкрыйцеся маім кажухом.

Капітан адмоўна круціць галавой і каторы раз пытае тэлефаніста:

— Кузьмін, першы маўчыць?

— Маўчыць,—вінавата адказвае Кузьмін.

Капітан мне падабаецца: мужны, шыракаплечы, падцягнуты. Чхаць ён хоча на малярыю. Нашым малярыя хоць бы што. Вось толькі ён ужо занадта строгі. 3 маім пытаннем да яго не паткнешся. Тэлефаністу таксама не да мяне.

— Рэзеда, рэзеда! — крычыць ён без пярэдыху.

Па хаце ходзіць малады лейтэнант. Шынель на ім з іголачкі, фарсістыя боты гармонікам і новая шапка насунута на адно вуха. Лейтэнант вясёлы і гаваркі.

— Як сухары, братва? — спытаў ён у Глыжкі, а по­тым пачаў песню спяваць:

Темная ночь, только пули свистят по степи,

Только ветер гудит в проводах...

Вось хіба да яго падысці?

— Што? — не зразумеў спачатку лейтэнант.— Добраахвотнікі? Якія добраахвотнікі?

А потым, калі ўцяміў, ва ўсмешцы паказаў мне свае белыя зубы.

— То, мабыць, быў сын палка. Бываюць такія,— растлумачыў ён, калі я расказаў пра хлопца з карабінам, і раптам сур'ёзна спытаў:

— Ты да дзяўчат на танцы яшчэ не ходзіш?

— Не,— пачырванеў я.

— Нічога страшнага,—супакоіў мяне лейтэнант.— Падрасцеш, будзеш хадзіць...

I зноў за свае:

Темная ночь, только пули свистят по степи,

Только ветер гудит в проводах...

Яшчэ насміхаецца! У самога, напэўна, адны дзеўкі ў галаве, дык ён і пра другіх так думае. Камісар дык не смяяўся. Вось то быў чалавек — усё разумеў... А гэты...

Темная ночь, только пули свистят...

— Вы начальнік сувязі ці оперны спявак? Чорт вас вазьмі! — раззлаваўся раптам капітан.—У вас заўсёды толькі вецер у правадах!

Лейтэнант вінавата змоўк. Так яму і трэба, дзяўчатніку гэтаму. Вось зараз ён яму дасць! На ўсялякі выпадак я падаўся на двор. Калі справа не ладзіцца — лепш не блытацца тут.

А на двары Сяргеіч выкапаў ровік, прымасціў на цаглінах вялікую каструлю і варыць штабу абед. Вось у яго спытаць бы. Дык бабуля тут душу злівае:

— Усё чыста забралі, усё пад венік вымелі. Якая бульбіна была, якая адзежына. Засталіся ў чым стаім.

Сяргеіч крывіцца ад дыму, памешвае лыжкай кашу.

— Немцы, Матрона Яўсееўна, што ты хочаш?

— А і нашы добрыя,— не згаджаецца бабуля,— гэтыя самыя ласаўцы. Любяць ласавацца...

— Уласаўцы,— умешваюся я.

— Адчапіся,— ставіць мяне старая на месца,— дай з чалавекам пагаварыць. Дык вось я і кажу: увесь двор швайкамі ўспаролі, усё да зярнятка зглумілі...

— Эх, Матрона Яўсееўна,— уздыхае Сяргеіч,— палову Расіі зглумілі, не тое што...

— А Расія з каго састаіць? — пытае бабуля і тут жа сама адказвае: — 3 нас жа, вось з такіх сірат, і састаіць...

Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але тут выбег на ганак сувязіст:

— Матаем вуды, Сяргеіч! — крыкнуў ён і пачаў адчэпліваць свае правады.

Так і не давялося мне спытаць у старога салдата пра добраахвотнікаў. Але я і сам не лыкам шыты: добраахвотнікі таму так і называюцца, што ідуць самі па добрай ахвоце. А мне яе не пазычаць. Выбраўшы зручны момант, калі ля штабной машыны нікога не было, я ўскочыў у будку, схаваўся пад лаўку і накрыўся не то брызентам, не то мяшком. Будзеш прасіцца — не возьмуць, а калі ад'едуць далека — не выганяць. Скажу, дарогі дамоў не знайду. Так і застануся. Яны вымушаны будуць даць мне ўсё: і адзежу, і карабін. Вось тады я разлічуся і за Саньку і за Міцьку, і за ўсе свае выспяткі, і за «русіш швайн».

Пад брызентам душна. Вельмі няёмка ляжаць пад лаўкай, скруціўшыся ў тры пагібелі. Пад самым носам тупаюць боты Сяргеіча. Ён увесь час нездаволена бурчыць:

— Чортава жыццё. Трэці дзень не даюць кашу зварыць...

— Немцаў вінаваць, Сяргеіч, што так уцякаюць.— Гэта лейтэнантаў голас.

Вось ён зноў зацягнуў:

Темная ночь, только пули свистят по степи,

Только ветер гудит в проводах,

Только звезды мерцают...

Кузаў пада мной уздрыгнуў, хістануўся на ўхабе, і машына пайшла. Добра, што я такі хітры. Стаў бы прасіцца — не ўзялі б. А цяпер — усё. Галоўнае, далей ад хаты ад'ехаць.

I раптам я войкнуў ад пякучага болю. Хтосьці наступіў мне на пальцы. Як я высунуў руку з-пад лаўкі — зразумець не магу,

— Што гэта яшчэ такое? — здзіўляецца Сяргеіч і сцягвае з мяне маскіроўку. Першае, што я ўбачыў, гэта вясёлага лейтэнанта, які сядзеў насупраць за прымацаваным да сценкі столікам. Спачатку вочы яго сталі круглыя, а потым бліснулі зубы, і вось ён ужо заходзіцца бязгучным смехам. Сувязісты заглядваюць пад лаўку і таксама перасмейваюцца.

Поделиться с друзьями: