Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
— Эге-е, — заківаў дзед барадой, — справа твая, хлопец, неважнецкая. Толькі ты слухай сюды — нікога больш не ўблытвай. Калі ўзяўся вінаваціць вераб'ёў, на тым і стой...
Тут загрымелі цяжкой клямкай дзверы, завішчалі завесы, і на цэментаваную падлогу мяшком зваліўся акрываўлены Лебяда.
— Аляксандр Макавей, выходзь...
Спачатку Санька і не ўцяміў, што гэта маюць на ўвазе яго. Ён нават аглянуўся навокал, хто там яшчэ з такім жа, як у яго, прозвішчам. Але ніхто не варушыўся.
— Макавей!
I Санька пайшоў, пераступіў цераз крывавую лужыну, што расцяклася з-пад аднарукага, і нейкімі чужымі, драўлянымі нагамі стаў падымацца па каменных прыступках.
I вось перад ім сядзіць пажылы, гладка паголены, наадэкалонены афіцэр. Вочы добрыя, спагадлівыя, не такія, як у таго з тоўстым каркам. Ён з ласкавым папрокам ківае галавой, быццам хоча сказаць: хлопец, хлопец, як мне цябе шкада. Афіцэр хоць і кепска, але гаворыць па-руску:
— Как тэбя зваць, мальшык?
— Санька.
— Санька іст Александр? Карошы мальшык. У меня свой сін ест дома, такой, какой ты. Зваць Петэр, значыць — Пеця, Пеця.
Паведаміўшы пра свайго сына, немец змоўк, цяжка ўздыхнуў і закурыў цыгарэту. Санька, насупіўшыся, разглядае вышытага на яго мундзіры арла.
«Хітры, — думае ён пра афіцэра. — Кось-кось — і за грыву».
Афіцэр пускае тонкія струменьчыкі дыму і расказвае, як ён вельмі любіць «рускі мальшык», як ёй іх шкадуе. Ім, бедным, вайна перашкодзіла вучыцца, многія з іх сіраты, бо бацькоў сілай пагналі на вайну. Санька — хлопчык разумны, і ён, зразумела, раскажа, хто навучыў яго ўкрасці пісталет і сумку. За гэта яму дадуць многа вельмі смачных цукерак і пакатаюць на машыне.
Саньку прыпамятавалася, як яго везлі сюды пад аўтаматам. Пакаталі ўжо — хопіць з яго, здаволіўся.
Яму падораць самы сапраўдны пісталет, калі ўжо ён гэтага хоча.
— Ты хацел такой пістоль? — спытаў немец і паклаў на стол зброю. — Пістоль будет твой...
Людзі, якія вучаць красці «рускі мальшык» нямецкія сумкі з картамі і пісталеты, — вельмі дрэнныя людзі. Яны самі баяцца гэта рабіць і пасылаюць «бедны мальшык» на смерць. Але Саньку нічога не будзе. Пакараюць толькі таго, хто яго навучыў. Немцам, якія білі яго там, пад вокнамі ў бульбе, таксама здорава пападзе, таму што «некарашо абідзіт бедны мальшык».
— Ты будзеш гаварыт, затшэм брал пістоль?
Санька моўчкі кіўнуў у знак згоды галавой.
— Затшэм?
— Вераб'ёў страляць, — прызнауся Санька.
— А сумку?
— Так. Хацеў у яе што-небудзь класці. Яна прыгожая.
Не, афіцэр нічым не зможа «памагайт», калі Санька будзе такім неразумным. Яго будуць біць, яго могуць расстраляць. Яны хочуць пакараць толькі тых нядобрых людзей, што вучаць красці. Красці непрыгожа і сорамна.
— Вераб'ёў страляць, - стаіць на сваім Санька.
Моцны ўдар па твары зваліў яго на падлогу. У вачах замітусіліся сінія, ружовыя, жоўтыя агеньчыкі, закружылася столь, лямпа і афіцэр разам са сталом.
— Вераб'ёў? — пытае немец.
— Вераб'ёў, — хныкае Санька.
Яго біў здаравенны салдат, біў цяжкімі валасатымі кулакамі, біў папругай, біў ботамі. Потым, калі страціў прытомнасць, аблілі з вядра вадой. Мокрага, акрываўленага Саньку паднялі пад пахі і зноў пасадзілі на ўслон перад сталом.
Санька баяўся крыві. Ён не мог глядзець, як хлопцы б'юць каменнем жаб, ён уцякаў у белы свет, калі бацька рэзаў свінню. А тут чамусьці абыякава зірнуў на свае чырвоныя пальцы і апусціў галаву. Па лбу з галавы пацёк цёплы струменьчык, заліў вочы. Санька працёр іх рукавом і глянуў на афіцэра, як скрозь каляровае шкельца. Афіцэр ружовы, салдат ружовы, лямпа над галавой ружовая.
Ён, здаецца, аглух.
У галаве бомкаюць нейкія званы. Быццам дзесьці за сцяной крычыць афіцэр. Што ён крычыць — не чуваць, але і так вядома. Яму хочацца ведаць, навошта ўзяў Санька пісталет.
— Вераб'ёў страляць.
Яго прывалаклі ў падвал ледзь жывога, таксама, як і Лебяду, штурхнулі за дзверы.
— Вераб'ёў страляць,— сказаў Санька шырокабародаму дзеду, які падхапіў яго на рукі, і страціў прытомнасць.
35. Я ЎСТУПАЮ Ў МАРЫНІНА
Усю ноч я пракалаціўся па беразе ракі ў лазе. Раніцой, убачыўшы трох жанчын з кашолкамі, вылез з куста і пашыбаваў следам. Разлік быў просты — жанчыны, відаць, ідуць у мястэчка, што раскінулася на тым беразе. Калі іх будзе перапраўляць на лодцы перавозчык, залезу ў лодку і я.
Так яно і выйшла. Пераехаўшы раку, жанчыны сталі разлічвацца, а я саскочыў проста ў ваду і пабег, бо плаціць не было чым.
— А хіба гэта не твой, Хрысціна? — здзівіўся перавозчык, з плаксівым тварам дзядзька, і пачаў лаяцца мне ўслед. Дужа я цяпер яго баюся. Няхай паспрабуе дагнаць. Цяпер мне сам чорт не брат. Выбраўшыся на пясчаны, разбіты машынамі і фурманкамі шлях, я падаўся ў бок лесу. Каб зноў не наткнуцца на немцаў, трымаюся бліжэй да сасонніку.
Скупое сонца крыху награда дарожны пясок, толькі ў цяньку пад кустамі яшчэ бялее іней. Казычуць у носе грыбныя пахі, блінамі паразлягаліся старый маслякі. Падняў адзін, другі — патачылі чарвякі.
I раптам дарогу мне перагарадзіў павалены тэлеграфны слуп. Пень ад слупа ў мой рост. Ён ашчэрыўся вострымі шчэпкамі. Нейкая невядомая сіла разарвала бервяно на дзве часткі. Падыходжу да другога слупа, і гэты на баку. Таксама раструшчаны, як і першы. Валяюцца на дарозе парваныя, пераблытаныя правады. I трэці і чацвёрты. Ды што ж гэта такое? Не вецер жа іх паламаў. Радасна ёкнула сэрца — партызаны. Гэтаму быў сведкай і мост цераз невялікую рэчку з непраходнымі забалочанымі берагамі, дакладней кажучы, тое, што засталося ад моста. А засталіся ад яго толькі чорныя галавешкі, якія тырчалі з рудой тарфяной вады.
У вёску Марыніна, якая прытулілася на краі сасно-вага бору, я ўвайшоў у баявым, прыўзнятым настроі, як уваходзяць вызваліцелі ў сталіцы. Гэта быў не проста я, а перадавы атрад... Праўда, у мяне не было сцяга, і ніхто не вынес мне хлеба-солі. Кішкі ігралі марш. Свіння з двума рабымі парсюкамі, не падазраючы, хто ідзе, разляглася на дарозе. Я даў аднаму парсюку босай нагой выспятка, той завішчаў і адскочыў убок. Жанчына, якая брала ў калодзежы ваду, з цікаўнасцю правіла мяне позіркам, але нічога не сказала.
Меркавалася прайсці вёску без прывалу, хацелася хутчэй у лес — там партызаны. Але каля сельуправы давялося спыніцца. Да вайны тут, напэўна, было праўленне калгаса. У сельуправе ніводнага акна, дзверы, знятыя з завесаў, валяюцца каля ганка. Па дарозе вецер ганяе паперкі з нямецкімі арламі і пячаткамі. На калодах, зваленых супраць управы, сядзіць мясцовы жыхар і старанна калупае ў носе. Яму год шэсць, як і Глыжку.
— Хто гэта так раскалашмаціў? — пытаюся я ў яго.
Мясцовы жыхар глядзіць на мяне шэрымі цікаўнымі вачыма, выцірае рукавом нос і толькі сапе.