Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

— За мяне стань, за мяне,— шэпча ён,— не так вецер будзе.

Санька нічога не разумеў. Пры чым тут вецер? Хіба не ўсё роўна?

Калі клацнулі затворы аўтаматаў, дзед пасунуўся шчыльней да Лебяды і на нейкі момант засціў перад Санькам фары.

Затым усё пераблыталася. Апякло агнём плячо, закружыліся ў вачах зоркі, і Санька паляцеў у чорную бездань. Зверху на яго хтосьці наваліўся, прыціснуў да зямлі. Ён ужо не бачыў, як, пераступаючы цераз лю­дзей, фашысты свяцілі кішэннымі ліхтарыкамі і стралялі з пісталетаў у таго, хто здаваўся ім яшчэ жывым.

– ------------------------------------------------------------------------------------------------------

Санька апрытомнеў ад холаду. Падняў набрынялыя свінцовым цяжарам павекі і застагнаў. Нельга было паварушыць ні рукой, ні нагой. Сцяўшы зубы, ён зрабіў спробу ўзняць галаву, і не змог. Галава чыгунная. Паварушыў рукой, і пякучы боль працяў усё цела да пятак. У вачах замільгалі чырвоныя і сінія кругі.

Так-сяк Санька выбраўся з-пад старога Ахрэма. Выбраўся і сеў. Пакратаў свае плячо і скрыгануў зубамі. Побач ляжыць Лебяда і кірпаты Мікола.

Дзед Ахрэм застыў у такой позе, быццам збіраўся падхапіцца. Адну нагу падцягнуў пад сябе, рукой абапёрся на пясок, а вуха прыклаў да зямлі, нібыта слухае, б'ецца яшчэ ў яе сэрца ці не. Вецер пяшчотна перабірае пасмы яго шырокай барады.

Сабраўшы сілы, Санька пабег. Пабег, не выбіраючы дарогі. Ён бег, затым ішоў, потым поўз па лазе, па бульбянаму, няўбранаму полі. Босыя ногі заходзяцца ад іною, які пакрывае зямлю. Санька здымае з галавы сваю падраную шапку, хавае ў яе ступні ног.

Ён страціў пачуццё часу: то дзень, то зноў ноч, то крычаць у халодным небе дзікія гусі, то равуць бамбардзіроўшчыкі.

Лежачы дагары ў бульбе, Санька праводзіць іх ва­чыма. Гэта нашы бамбардзіроўшчыкі. На іх крылах чырвоныя зоркі.

I зноў засцілае вочы цемра — нічога не відаць і не чуваць.

Позна вечарам Санька прыпоўз да нейкай вёскі. Дабраўшыся да крайняй, урослай па вокны ў зямлю старэнькай хаты, ён слабай рукой пачаў драпаць дзверы.

38. «ХОЦЬ I НЕМЕЦ, А ЧАЛАВЕК»

У Плёсах на хлопцаў, што пасвілі кароў, немцы зрабілі аблаву. Многія паўцякалі, пакідаўшы жывёлу, а чалавек пяць, у тым ліку і Міцьку-Мангола, прывезлі людзі ў вёску на падводзе. Праўда, Міцька аддаў сваё жыццё недарма, ён усё ж пекануў са свайго ржавага кулямёта, і адзін з фашыстаў лёг касцьмі. Толькі Малашыху гэта не суцяшае. Пахаваўшы сына, яна ўсім скардзіцца, што яе хлопец чамусьці не прыходзіць абедаць. Кажуць, на яе нешта найшло.

Мая бабуля абяцае пасадзіць мяне на ланцуг разам з Жукам, каб не ўцякаў з двара.

— Глядзі, мой хлопец, мухі восенню балюча кусаюцца,— папярэджвае кожны дзень.

Гэта яна пра немцаў так. Бабуля падобная на квактуху, растапырыла, нібы крылы, над намі свае натруджаныя рукі, нос яшчэ больш завастрыўся, быццам дзюба, губы глыбока запалі, вочы насцярожаныя. Вось-вось гляне на неба і пачуецца трывожнао:

— Кыр-р-р!

Хавайцеся, маўляў, пад мяне, каршун кружыцца.

I раптам высяленне! Прайшлі салдаты па вуліцах, выгналі людзей з хат і калонай пад канвоем павялі іх кудысьці на захад. Дарогай некаторыя паўцякалі, разбрыліся па знаёмых і родзічах, што жылі ў іншых вёс­нах, а некаторыя крадком начамі вярталіся дамоў. Што датычыць нас, дык мы і зусім нікуды не выбіраліся.

— Куды гэта нас панясе супраць зімы? — абурылася бабуля, — калі даведалася пра высяленне.— Хіба я зусім ашалела, каб кінуць-рынуць хату ды ісці ў белы свет? Не пойдзем!

Мы хуценька перацягнулі клункі з манаткамі ў бабульчьш бліндаж, залезлі туды самі і сцішыліся. Старая села на выхадзе, каб мы з Глыжкам не высоўвалі насоў. Назіранне за ворагам яна вядзе сама і перадае нам кароткія звесткі:

— Топчуцца ў двары... Панясло, каб іх нячыстая сіла насіла.

I вось ужо цэлы месяц снарады з лютым завываннем дзяўбуць мёрзлую зямлю на агародах. Па начах то на адной, то на другой вуліцы палаюць хаты. Днём, амаль чапляючыся за коміны, носяцца над стрэхамі нашы самалёты-штурмавікі.

Спачатку было страшнавата, а потым неяк прызвычаіліся. Нават бабуля прывыкла да баявой абстаноўкі і перастала божкаць пры кожным выбуху. Яна па гуку навучылася вызначаць, дзе ўзарвалася: далека ці блізка. Грымне так, што за каўнер сыплецца з бабульчынага накату пясок, а яна супакойвае нас:

— На Скокавым агародзе. Асколашны.

Заходзіць ходырам зямля, а бабка зноў:

— Бач ты... бомбу скінулі.

Я спачатку лез спрачацца — мне ж больш вядома,— толькі старая ў спрэчкі не ўвязваецца:

— Ну, няхай міна.

Махне рукой, абы адчапіўся.

Калі страляніна крыху сціхае, мы з Глыжкам прабіраемся ў хату і пачынаем кухарыць: намываем у чыгункі бульбы, запальваем у печы агонь. У вокнах ніводнай шыбы, па хаце гуляе вецер, завываюць снарады, праносяцца штурмавікі, а ў нас кіпіць бульба. Самае галоўнае — данесці яе ў бліндаж. Гэта не заўсёды ўдаецца. Аднойчы на суседнім агародзе метраў за сто ад нас упалі два снарады. Глыжка з перапуду ткнуўся носам у разору, і па зямлі пакаціўся гарачы чыгунок, рассыпалася бульба.

— Эх ты, салдат! — папракнуў я малога.— Табе толькі паклоны біць.

— А ты шалдат! — пакрыўдзіўся Глыжка, старанна падбіраючы бульбу.— Шам дык поўжаеш...

Але пасля гэтага выпадку пахрабрэў. Калі ўжо і падаў, то бярог чыгунок.

Толькі, нягледзячы на нашу з Глыжкам мужнасць, мы не заўсёды вярталіся ў бліндаж з ежай. Двойчы бульбу ў нас адбіралі немцы. Адзін проста высыпаў у крысо шыняля і пабег па агародах, а другі выхапіў чы­гунок і даў нам кожнаму па выспятку.

Неўзабаве бабуля і зусім забараніла такія вылазкі. Здарылася гэта пасля гібелі дзеда Мірона. Ён сядзеў у хаце з бабай Гапай і снедаў. Раптам забег немец, вывеў дзеда на агарод і загадаў легчы. Стары Мірон лёг.

Не так,— паказаў яму фашыст рукамі.— Лажыся ніц.

Дзед лёг ніц. Немец стрэліў з пісталета ў патыліцу і пайшоў.

Выбегла баба Гапа на агарод, залямантавала на ўсю вуліцу, праклінаючы і гэтых нелюдзей, і Гітлера, і ўсю Германію. Яна цяпер не баялася смерці, няхай заб'юць і яе. А той нават не азірнуўся, паціху пайшоў за агароды на гарадзішча, дзе былі іх траншэі.

Ноччу асабліва люта грымеў бой. Стралялі зусім блізка. 3 аўтаматаў. Мабыць, нашы ўварваліся ў вёску. Успыхваюць ракеты, заліваючы наваколле халодным сіняватым святлом, гараць хаты. Вось ужо настала і раніца, а наверсе робіцца штосьці незразумелае. Страляніна то набліжаецца, то аддаляецца, то сціхае, то разгараецца з новай сілай.

Мне не сядзіцца. Бабуля сварыцца і ўвесь час цягне за зашмальцаваны рукаў маёй світкі, але хіба ты вытрымаеш і не высунеш носа?

Ён быў далекавата, але я адразу зразумеў, што гэта наш баец.

— Баба, нашы! — радасна крычу я ў бліндаж.

— Сядзь, нячысцік! — цягне бабуля мяне за бурак. Баец пераскочыў агароджу і ўпаў у разору. Замерла сэрца — няўжо забілі. Але праз хвіліну адтуль абазваўся аўтамат. Баец страляе то ў адзін, то ў другі бок. Яго акружаюць.

Вось адзін з немцаў зялёнай яшчаркай паузе па бульбе.

Поделиться с друзьями: