Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

— Можа ты не ведаеш?

Хлапчука гэта закранула.

— Ага ж, не ведаю,— пакрыўдзіўся ён.— Партыза­ны. Яны ноччу стралялі.

«Калі так,— думаю,— з гэтай вёскі я не пайду. Яны тут недзе блізка. Дачакаюся. Вернуцца».

Мясцовага жыхара маці паклікала есці крупнік, а я застаўся на калодах. Сяджу, грэюся на сонцы, гляджу на лес, што стаіць сцяной за лужком, і глытаю сліну — з коміна бліжэйшай хаты даносіцца пах свежага хлеба.

Цэлы дзень я мазолю людзям вочы. Хто праходзіць міма — прыглядаецца: незнаемы хлапчук. Чаго ён тут?

Вось ужо і вечар надыходзіць, а партызанаў усё няма. Апускаюцца на зямлю халодныя прыцемкі, луг і лес ахутвае шэрая смуга. Дзесьці на краі вёскі баязліва абазваўся гармонік і адразу ж змоўк. Да калодзежа выйшла баба зачэрпаць нанач вады, і стары журавель рыпіць, нібы скардзіцца на сваю немач. У суседнім двары мужык сварыцца на каня: — Куды ты, воўчае мяса!

Конь узлез на нейкія жэрдкі і грукоча капытамі на ўсю вуліцу.

Веска кладзецца спаць. А партызанаў усё няма. Трэба ісці насустрач.

Стары сасновы бор сустрэў мяне трывожным шумам верхавін. У нерашучасці я пастаяў крыху на паляне і нясмела падаўся па прасецы ў глыбіню. 3 дарогі не сыходжу, можна заблудзіцца.

Гучна патрэскваюць пад нагамі сухія галінкі, ад нечаканасці я кожны раз уздрыгваю і потым падоўгу прыслухоўваюся. Начны лес поўны таямнічых гукаў. Крэкча старая сухастоіна. Вось штосьці піснула ў кус­тах, зашамацела па сушняку, і ў мяне мурашкі пабеглі па спіне.

Я пільна ўглядаюся ў цемрадзь, хачу ўбачыць партызанскія вогнішчы, лаўлю вухам кожны гук, кожны шолах, хачу пачуць грозны вокліч: «Стой! Хто ідзе?» Але не відаць агнёў, не чуваць партызанскага вартавога. Бясконца шумяць над галавой сосны, заблудзіўся ў маладым бярэзніку бесклапотны вецер, і раптам... Не, гэта мне не здалося. Было добра чуваць, як трэснула. Дзесьці ўбаку. Я аслупянеў. Хвіліна, другая. Вось зноў. Толькі ўжо ў другім баку. Мне стала страшна. Хтосьці ходзіць вакол мяне, сочыць за кожным маім кронам. Хто ён? Можа чалавек, а можа і воўк.

Я вярнуўся назад і за марынінскімі агародамі зашыўся пад стог. I сніцца мне Санька. Ён быццам бы прыйшоў да нас у госці. На ім шапка-будзёнаўка і чырвонаармейскі шынель. На баку пісталет, украдзены ў немца. Бабуля з гэтага выпадку пячэ пампушкі. Не тыя чорныя і цяжкія, нібы глей, з дранай бульбы і прымессю саматужнай непрасяванай ячменнай мукі, якія бабуля чамусьці называв «лапонікамі», а сапраўдныя, учыненыя на добрай рошчыне з пшанічнай мукі. Яна кідае пампушкі ў рэшата, а мы крадком хапаем іх з Санькам і ядзім. Толькі па адной праглынулі, аж глядзь — пампушкі пячэ не бабуля, а Няўмыка.

— Хальт! — крычыць ён на Саньку, а потым стаў на карачкі і забрахаў, як сабака:

— Гаў, гаў, гаў!

Ад гэтага гаўкання я і прачнуўся. Проста мне ў во­чы свеціць сонца, а ў вёсцы сапраўды заліваюцца сабакі.

36. Я ЗДЗІЎЛЯЮ СВЯТЫХ

Першым маім імкненнем было падхапіцца і бегчы ім насустрач. Неяк нават не верыцца, што мне ўсё ж пашанцавала. Добра, што я нікуды не сышоў з гэтай вёскі, а застаўся тут начаваць. Узброеныя людзі ходзяць па вуліцы, снуюць туды-сюды, з-за плятнёў відаць іх галовы і дулы вінтовак. Адзінае, што мяне крыху бянтэжыць,— чаму яны прыйшлі не ноччу, а раніцой. Як я ўяўляў, партызаны павінны дзейнічаць ноччу. Хаця чаму ноччу? Яны з'яўляюцца тады, калі іх вораг не чакае.

Каля стога расце нейкі бур'ян. Сухое бадыллё хістаецца ад ветру перад вачыма і засціць вуліцу. Каб расчысціць агляд, я высунуўся з нары і быццам абвараны шмыгнуў назад.

Яны стаялі за якія-небудзь пяцьдзесят крокаў ад мяне ў канцы агародаў, прыхіліўшыся да плятня. Адзін біноклем абводзіць лес, а другі паглядае на мой стог і ўжо скінуў з пляча вінтоўку. Немцы! Зараз ён сюды пекане, абальешся тут крывёю і загінеш, не паспеўшы ніічога зрабіці. Паміраць не ахвота.

Я выскачыў са сваёй нары і стаў скубці сена. Ліхаманкава мільгаюць у галаве думкі. Галоўнае — не хвалявацца. Калі я не буду ўцякаць, яны ў мяне не стрэляць. Трэба ісці проста да іх, на маім ілбе не напісана, што я шукаю партызанаў. А што потым? Што ты ім скажаш, калі спытаюць, чаго хаваешся пад стогам? Скажу, што вартую сена. Маці загадала вартаваць, бо ноччу хтосьці абскуб стог. А калі спытаюць, дзе твая маці? Тады павяду ў хату. Вось у гэтую хату, што стаіць насупраць у садзе. Над хатай з коміна ўецца сіні дымок. Гаспадыня паліць у печы, гатуе снеданне. Яна пацвердзіць, што гэта яе хлопец.

Калі вырашыў быць гаспадаром, дык трэба ўжо быць гаспадаром. Я не спяшаючыся падграбаю рукамі сена да апошняй травінкі, а немцы моўчкі назіраюць за маімі дзеяннямі. Нарэшце я згроб усё ў абярэмак і панёс у двор.

Перада мной пералаз у сад. Пакратаў я пераламаную жардзіну і паківаў галавой: ай-я-яй, усё развальваецца, трэба будзе неяк паладзіць. Уецца над комінам дымок. Гаспадыня, відаць, пячэ бліны або варыць пшонную кашу. А што, калі тут жыве паліцай ці стараста? Вунь якая даміна, і двор з бярвенняў.

А немцы ўжо комгэркаюць, пальцам ківаюць. Ах, гэта паны, а я і не бачыў, думаў, што тут нікога няма. 3 сенам падыходжу да іх.

— Пан, сена карове нясу...

— Гут, гут,— пахвалілі яны мяне і наперабой залапаталі: — Лапата, лапата. Фарштэен зі?

— Якая лапата? — здзіўляюся я.— Не лапаце сена, а скаціне.— I замычаў бычком: — Му-у!

Я прыкідваюся цялём і быццам не разумею, што ім патрэбна ад мяне. Нарэшце адзін з іх не вытрымаў, рассыпаў мае сена на дарогу і павёў завулкам у вёску. Другі застаўся з біноклем назіраць за лесам. Баяцца ўсё ж такі, каб ім партызаны не падсыпалі гарачых вугалькоў.

На душы ў мяне стала лягчэй. Не здагадаліся, хто я такі. А што на акопы гоняць, дык там будзе відаць, колькі я ім накапаю.

У канцы вуліцы пад бярозамі стаяць дзве падводы. Каля іх ходзяць дзяўчаты, жанчыны, падлеткі. Усе з рыдлёўкамі. Штосьці камандуе, размахваючы рукамі, немец у касцы. Мой канваір лянівы, як біцюг, ісці яму да тых бяроз не хочацца, і ён, склаўшы далоні трубой, загарланіў на ўсю вёску:

— Петэр! Петэр!

Ад падвод адгукнуўся Петэр. Яны перакінуліся парай слоў, і я атрымаў штуршок у спіну: бяжы, маўляў, сам, вадзіцца яшчэ тут з табой. Добра з хрэнам, добра і так, як гаворыць мой дзед Мікалай. Петэр махае ру­кой — хутчэй. А мне што, на пажар? У мяне не гарыць. Петэр адвярнуўся. Я валакуся, як нежывы, нага за нагу чапляецца. Азірнуўся назад — немец, які прывёў мяне сюды, таксама не глядзіць у мой бок.

«Знайшлі дурня»,— падумаў я, у адзін момант сігануў за вугал і набег з усіх ног. Зараз добра было б заскочыць у які двор ці агарод, пераседзець гэтую навалу, а там ужо буду больш асцярожны. Навучылі. Хопіць.

Мне на вочы трапілася царква. На паперці то адчыняюцца, то зачыняюцца дзверы. За імі хаваюцца бабкі ў чорных, напушчаных на самыя вочы хустках, у доўгіх святочных спадніцах, падпяразаных белымі расшыты­мі фартухамі. А хто мне не дае забегчы крыху памаліцца?

— О госпадзі,— шарахнуліся ўбакі дзве старэнькія багамолкі, якіх я ледзь не збіў з ног, і нават перахрысціліся. А мне не да іх, мояга там за мной ужо бягуць. Я рвануў за клямку і, нарабіўшы грукату, нібы чорт, уляцеў у храм.

На клірасе маладзіцы і два белабародыя дзяды распяваюць малітвы. Пахне воскам і яшчэ нечым прытарна-салодкім. На грукат аглянулася адна з жанчын і праняла мяне з ног да галавы строгім позіркам. Мабыць, хацела адгадаць, чый я: Хрысцінін, Маланчын ці Парасчын. Здзівілася, што не ведае такога, і бязгучна заварушыла губамі — зашантала малітву.

Трэба і мне маліцца, а то, чаго добрага, прагоняць. I па прыкладу строгай цёткі таксама старанна заварушыў губамі. Я шапчу, што ў галаву прыйдзе: і немцам пагражаю, і партызанаў прашу, каб хутчэй выйшлі з лесу, і нават песню мармычу. Ды, мабыць, крыху перастараўся, бо на мяне пачалі ўсё часцей азірацца. Каб як-небудзь выправіць становішча, я перахрысціўся, але, мусіць, не ў той бок або не той рукой. 3 кліраса адзін з дзядоў пускае ў мой бок маланкі. Са здзіўленнем глядзяць на мяне са сцен посныя твары святых: што гэта за багамолец такі знайшоўся?

Поделиться с друзьями: