Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

— Ідзі сюды. Толькі глядзі, тут нейкае ламачча...

Аказваецца, і Максім не спіць, шныпарыць па гумну.

— Можна падкоп зрабіць, ды доўгая песня,— шэпча ён. — Давай лепш страху драць. Мінулай ноччу я спрабаваў — аднаму нязручна. I галоўнае — ціха. Баба тут адна ёсць. Дужа баіцца смерці. Пачуе — лямант узніме.

Максім выгнуў дугой спіну, упёрся рукамі ў сцяну і скамандаваў:

— Лезь...

Стаяць на Максімавых плячах вельмі нязручна. Яны хістаюцца ўвесь час, нібы купіна пад нагамі на зыбкім балоце. Таму скубці салому даводзіцца адной рукой, а другой — трымацца за пераплёціну. Страха зроблена па-гаспадарску, пакрыта, як кажуць, пад грабёнку, трывала ўвязана. Пацягнуў раз, пацягнуў другі — пасыпалася пацяруха, запарушыла вочы. А тут яшчэ Максім пахіснуўся, знікла пад нагамі апора, хруснула пад рукой спарахнелая жардзіна, і я загрымеў на ток. У цемры трэснуўся аб нешта цвёрдае патыліцай, аж войкнуў.

— А божачка ж ты мой! — залямантавала баба. — Ды нас жа пазабіваюць і спаляць праз гэтых хлопцаў...

Заварушылася на саломе яшчэ некалькі чалавек.

— Вось саплякі! — прасіпеў нехта з мужчын прастуджаным голасам.

— Русь! Русь! — пагрозліва абазваўся за варотамі немец.

Апоўначы, калі ўсе, здаецца, заснулі, мы зноў узяліся за страху. На гэты раз прыцягнулі барану і асця­рожна, каб не стукнуць, прысланілі яе зубцамі да сцяны. Зноу пасыпалася на галаву пацяруха.

— Ты перавясла шукай! — падае парады Максім, прытрымліваючы мяне знізу. Цяпер я дзейнічаю дзвюма рукамі, і справа падаецца лепш. Як толькі выцягнулася першая жменька саломы, другая пайшла лягчэй. Шмаргану адзін раз і замру. Слухаем, ці далека немец. Далека — яшчэ раз. Блізка — чакаем, пакуль зойдзе за вугал.

Так-сяк удалося прадраць невялікую дзірку. Дачакаўшыся, калі вартавы адышоў ад варот, я ўчапіўся за жардзіну і падцягнуўся колькі мог на руках, боўтаю ў паветры нагамі, хачу дастаць сцяну, каб адпіхнуцца. Добра, што знізу падсадзіў Максім.

Ноч дыхнула мне ў твар першым марозцам. Страха ўзялася інеем. Думаць няма калі. Знізу падштурхоўвае Максім:

— Давай...

I я, затаіўшы дыхание, сігануў у невядомую і страш­ную цемру. Або пан, або прапаў.

Падхапіўшыся на ногі, я пабег уздоўж агародаў, по­тым пералез цераз адзін штыкетнік, цераз другі, абадраў рукі аб калючы дрот. Сабакі ўзнялі страшэнны гармідар. Спачатку гаўкнуў у бліжэйшым двары, яму адазваўся на суседняй вуліцы, і пачалася пераклічка на розныя галасы. Ногі самі вынеслі мяне за вёску. Я мяшком скаціўся з гары і пашыбаваў, не выбіраючы дарогі, у хмызнякі, па балоту, па купінах, па калючай асацэ.

Дзесьці за спіной грымнуў стрэл, затым другі. У начной цішыні яны гулка пракаціліся па лузе да самага лесу і адтуль рэхам вярнуліся назад.

— Па Максіму, — здагадаўся я і яшчэ больш паддаў ходу. Чаўкае пад нагамі вада, усё глыбей і глыбей топяцца купіны, а далей і зусім не прайсці. Давялося бегчы ў абход.

34. САНЬКА ВІНАВАЦІЦЬ ВЕРАБ'Ёў

Саньку забралі са склепа яшчэ ноччу, кінулі ў машыну і кудысьці павезлі. Куды, ён не ведаў. Думаў, што на расстрэл.

I вось ужо другія суткі Санька сядзіць у цёмным падвале. Ад школьнага склепа ён адрозніваецца толькі тым, што пад самай столлю тут ёсць невялікае акенца. За бруднай шыбай хістаецца ад ветру тоненькая, яшчэ зялёная былінка і раз-пораз праходзяць то ў адзін бок, то ў другі салдацкія боты.

У падвале не так страшна, як у склепе, но так лезуць у галаву чорныя думкі. Тут многа людзей, і гэта супакойвае.

Побач з Санькам сядзіць на цэментаванай падлозе, прыхіліўшыся да цаглянай сцяны, аднарукі дзядзька, зарослы да самых вачэй чорнай шчацінай. Ён звесіў га­лаву на грудзі і, здаецца, спіць. 3 другога боку ляжыць дагары, падклаўшы рукі пад патыліцу, яшчэ зусім малады хлопец. А далей — шапкі, картузы, хусткі, дзіравыя боты, старыя, падвязаныя вяроўкай галёшы і нават лапці. Лапці належаць старому з шырокай, як лапата-хлебніца, барадой. Яна закрывае яму грудзі амаль да пояса. Стары ні на каго не глядзіць. Ён увесь час пазірае на свой дзіравы лапаць і вялізнымі, вузлаватымі пальцамі спрабуе запхнуць у дзірку брудную анучу.

Непадалёку ад яго — дзве дзяўчынкі. Яны прыціснуліся адна да адной і спалохана ўздрыгваюць, як толь­ко што ляпне за дзвярыма. Адна з іх ужо амаль дарос­лая, а другая — зусім горкае дзіця. Тварык дробненькі, абсыпаны вяснушкамі, нібы вераб'інае яечка.

Гэта толькі здаецца, што аднарукі спіць. Калі Сань­ка прымасціўся побач, ён расплюшчыў вочы, пільна глянуў на свайго новага суседа і нібы даўняга знаёмага спытаў:

— А цябе за што?

Спытаў так, быццам Санька і не чалавек, быццам ён не можа нарабіць немцам шкоды. Расказваць не ахвота. Санька толькі ўздыхнуў і адвярнуўся.

— Не хочаш — не гавары, — не пакрыўдзіўся сусед і зноў заплюшчыў вочы.

Паветра ў падвале густое і вільготнае, пахне анучамі, сырой адзежай і потам. Ад усяго гэтага кружыцца галава. Як скрозь сон даносяцца крокі з-за бруднага акенца, бразгае замок на дзвярах, вішчаць, аж мароз ідзе па скуры, іржавыя завесы.

— Кандраценка, выходзь!

3 кутка падняўся дзядзька ў прамасленым, зашмальцаваным летніку і пачаў пераступаць цераз галовы, цераз ногі, цераз клункі. Завішчалі завесы, і дзверы праглынулі няскладную, згорбленую постаць Кандраценкі.

Санька спіць і не спіць. То яму здаецца, што ляжыць ён у Плёсах каля свайго будана, то паўстае перад вачы­ма тоўсты карак фашыста, складзены гармошкам над каўняром.

— Яны знайшлі ў бульбе пісталет, — узнікла ў Санькі здагадка, — і пільнавалі, калі я прыйду...

Аднекуль з-пад столі зноў рыпіць той жа голас:

— Іван Лебяда, выходзь...

На гэты раз падняўся Санькаў аднарукі сусед. Ён не спяшаючыся, па-гаспадарску абцерушыў прыліпшыя да вайсковых пацёртых штаноў саломіны і пайшоў. На парозе павярнуўся і сказаў:

— Бывайце на ўсякі выпадак...

Яму паспеў адказаць толькі шырокабароды дзед:

— Бывай, сынок...

I дзверы праглынулі Лебяду.

Саньку стала страшна. Што ён будзе рабіць, калі паклічуць і яго? Што з ім зробяць? Меншая дзяўчына пачала хліпаць:

— Наташа, мне страшна, — прашаптала яна.

Другі Санькаў сусед, кірпаты хлопец, які да гэтага моўчкі грыз саломіну, з неадабрэннем глянуў на дзяўчат і, звяртаючыся да Санькі, сказаў:

— Абы сырасць разводзіць. Дзеўкі і ёсць дзеўкі. Вочы на мокрым месцы. Мяне не за такое ўзялі і то...

Яны разгаварыліся. Хлопца завуць Міколам. Ён з Чыстых Луж. Затрымалі яго з савецкімі лістоўкамі.

— Пасвіў я ў лесе карову, — шэпча кірпаты, — і вось пайшоў дамоў узяць хлеба, а па дарозе назбіраў лістовак. Іх там цэлымі жмутамі самалёт накідаў.

— А што пішуць?

— Пішуць, што блізка, што пад Курскам сагнулі немцаў у дугу. Ну, ды я ўсяго не памятаю. Словам, з гэтымі лістоўкамі мяне і сцапалі. Партызан, кажуць. А я ім: не, пан, паперу на раскурку ўзяў...

3 гэтым хлопцам спакайней. Ва ўсіх яго словах, рухах, паводзінах ёсць упэўненасць і вера, што ўсё абыдзецца, усё будзе добра.

— Я дык уцяку, — не сумняваецца Мікола. — Дзякуй богу, не першы раз.

— А як? — узняўся на локаць Санька.

— Там будзе відаць...

3 пятага на дзесятае расказаў сваю гісторыю і Сань­ка, як ён украў зброю і сумку, як яго схапілі, як білі і пыталіся — навошта.

— Я сказаў, што вераб'ёў страляць...

Мікола доўга слухаў моўчкі, усё грыз сваю саломіну, а потым заўважыў:

— Ну і дурань ты. Трэба было адразу браць і ў сенцы.

Тут нечакана ўвязаўся ў гаворку дзед. Ён непрыкметна перасеў на месца Лебяды.

Поделиться с друзьями: