Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На імперыялістычнай вайне

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Ізноў паехалі на той бок Нёмну.

Тады перапраўляліся начою, цяпер — удзень. Памылі ў Нёмне рукі і боты. На беразе, дзе я мыўся, дужа смярдзела ад здохлай цёлкі. Рунь сялянская змешана з гразёю, нічога тут налета не вырасце. Перад намі была незвычайна прыгожая відаль. Унізе — яшчэ макрава ад марозу, а верхавіны дрэў — ужо абліты баграю восеннага сонца.

I сёння трапіў я на бунтаўніцкую гутарку нейкага прыгнатага надоечы кудлатага запасніка.

— Дурні мы ўсе, вось чаму нам трудна, і мы тут цягаемся…

Салдаты сапраўднае (па-расійску — «действительной») службы з патрыятычным задорам зараз асадзілі яго. Але як бы і сорамна ім было, як бы і чулі троху сябе дурнямі…

* * *

10 верасня.

Пішу пасля галоднага абеду галодны і грэюся ля вогнішча.

Начою зараўлі: «Абамунічвай!» Гадзіны ў дзве. А потым прамучылі ў няведамым чаканні і выехалі толькі ў гадзін пяць.

Ізноў назад за Нёман. Нейкае пракляцце турае нас з берагу на бераг. Гэтае пракляцце, урэшце, падае свой голас: вёрст за дзесяць перад намі загрукаталі даўна не чутыя нямецкія гарматы.

Раніца была незвычайна харошая на Нёмне-рацэ… Панарама чыстая, ясная, толькі Нёман унізе дыхае густою, белаю і сцюдзёнаю, параю. Мыцца яго вадзіцаю было дужа прыемна.

13 верасня.

Учора, 12 верасня, пасля паўдня, на падворку хутара, ля хаты, гледзячы на ўсход сонца, прыняў я прысягу «на вернасць цару і ацечаству». Даволі мізэрненькі вайсковы попік, немаладых лецяў, пасля кароткай працэдуры, шчыра ці няшчыра, расчуліўся, абняў і пацалаваў мяне, вітаючы «высокім званнем воіна яго імператарскага вялічаства гасудара імператара Мікалая Аляксандравіча, нашага добрага, кроткага цара-батюшкі…». Калі ён гэта мне ўкладаў, я чамусьці ўздумаў на наш народны погляд на прысягненне, як баіцца наш селянін усякае, самае страшнае, кары за зламанне прысягі. Аднак, бывае, прысягаюць і фальшыва…

Да гэтага часу я служыў без прысягі, як «малады салдат».

Учора ж мяне наградзілі і першаю нашыўкаю (быў кананір, зрабіўся бамбардзір).

— Будзь стоек у баі і міласціў к ворагу! — казаў мне добры попік.

«Буду… мне цяпер усё роўна».

Хадзіў потым за камандзірам батарэі з бусоллю. Ён выбіраў лепшую пазіцыю. Калі вярнуліся назад, камандзір убачыў, што батарэйная прыслуга аднаго аруддзя, замест паляпшаць бліндажы, спіць. У будцы з вецця пад дрэвам (батарэя стаяла пад лесам). Ён пацягнуў бліжэйшага за ногі, і калі той усхапіўся, заспаны, з усяе сілы бэцнуў яму поўху. Другія паўскакалі самі. Ён даў яшчэ двум-тром і з пенай на вуснах, ад шалёнай нервовай злосці, крыкнуў перарваным, дрыжачым голасам:

— Вораг на носе, а яны дрыхнуць!

Яму было дужа прыкра, што так зрабіў. Я бачыў па яго вачах. Калі ён схаваўся ў сваёй хаце, салдаты дражнілі пабітых і насміхаліся, асабліва тыя, што спалі ды ўцяклі. Але пабітыя, з чырвонымі ад аплявух мордамі, нядоўга былі збянтэжаны і зараз пачалі смяяцца разам з усімі. Дзіўная справа: на батарэі зрабілася як бы троху весялей пасля гэтае прыгоды.

14 верасня.

Вайна парушае ўвесь парадак жыцця. I ў святочныя дні бадзяемся мы тут брудныя, вашывыя, нямыцькі. Я і не ведаў бы, што свята, і дзівуюся, як аб гэтым помняць тут другія.

— У царкву схадзіць няма куды, — бядуе Пашын і лае Польшчу на чым свет стаіць.

— Дурны! Тут не Польшча, а Літва, — навучае яго Беленькі.

— Не адно ліха, — не згаджаецца ўпорчывы кастраміч. — Там касцёлы, тут касцёлы — скрозь адна Польшча і паны голеныя.

У мяне радасць: прыйшлі ад родных і знаёмых доўгачаканыя лісты, а з Вільні — некалькі нумароў «Нашае нівы». Камандзір быў якраз у канцылярыі. Ён пакруціў «Нашу ніву» ў руках, з асаблівай цікаўнасцю прыгледзеўся да мяне — і нічога не сказаў.

Радасць маю зняважыў старшы пісар Лебедзеў, калі камандзір выйшаў:

— Ахвота ж пісаць газеты на такой свінячай мове. Ведь по-русски так легко научиться.

Задрыжэла ў мяне ўсё ад гневу, але што я магу сказаць гэтаму чарнасоценцу, калі ён гаворыць так не ад цемнаты, а свядома і наўмысля. Пашын так не скажа.

Добра ў хаце, у канцылярыі. А на дворы сцюдзёна. Вецер, як узімку. Ішоў на батарэю і па дарозе думаў: ці прыйдзе той час, што не будзе імперыялізму, нацыянальнага ўціску, багатых і бедных, сытых і галодных, цёплых і сцюдзёных, не будзе салдат, вайсковай службы, вайны? Калі наступіць гэты залаты век? Эх, вецер, вецер! Сцюдзёна, браце, жыць на свеце! Нашто і за што гадуем мы тут «звяроў»? Праклятыя казюлькі, на якую хваробу стварыла вас «разумная» прырода? Наіўнае пытанне! I Лебедзеў — казюлька, і я — казюлька, і ўсе мы — казюлькі. I тыя нашы заўзятыя «свядомыя» беларусы, якія заўсёды вытыкалі мне падобныя развагі як слабасць духа, нягожую дзеля праўдзівага адраджэнца рэвалюцыянера, і яны самі казюлькі…

А ўсё ж я рад, што родныя мае ўсе здаровы, што ў дварэ ўсё добра! I недарма ж мы тут ваюемся, — да нечага ж даваюемся. I калі тут не заб'юць, прыйдзе пара паваюем і за што другое…

Паварот

16 верасня.

Удосвецця выехалі за Нёман. «Цяпер ідзём наступаць», — чамусь думаюць усе. Цёмна, з поля гудзе сцюдзёны восенны вецер. У лесе зацішней. Там пахне дымам. Між соснаў мітусяцца постаці пехацінцаў.

Дождж. З левага флангу далятае далёкая кананада. Дождж яшчэ буйнейшы. Стаім. Схаваўся пад сасну. Пад ёю было некалькі пехацінцаў і між імі адзін пехацінец — вальнапісаны. Ён сказаў дзіўную навіну: «З левага боку кавалак нашага фронту займае японскі корпус». Зусім нядаўнія ворагі — японцы? Дзіўна!

17 верасня.

Цэлы дзень залівае нас дождж, а мы едзем, едзем і едзем. На ганках пустой, кінутай хаткі стаяў вайсковы поп і бласлаўляў нас крыжам, і так бласлаўляў усю калону, як цягнулася міма яго. Іншыя, старанныя, падходзілі, і ён даваў цалаваць крыж і руку.

Значыцца — ідзём наступаць…

18 верасня.

Страшная ноч! Растаропіца непралажая, вецер ёдкі, праразлівы. То адно, то другое аруддзе топіцца. Цягнуць, крычаць, лаюцца. Трэба ўсім доўга стаяць і чакаць, покуль яго выцягнуць. Я азыз і трасуся.

— Злайся, братка, па-мацернаму, — пацяплеець, — дае мне раду старшы.

19 верасня.

У нас ёсць ужо новы прапаршчык, маладзенькі, толькі са школы, на прозвішча Кульгацкі. Ён загаманіў са мною па-сяброўску. На маё пытанне сказаў, што ніякіх японцаў на нашым фронце няма, — наіўна было б думаць… Ад яго ж даведаўся, што ішлі мы спачатку на м. Сімна, потым падаліся на Марыямпаль і стаім ад яго за колькі вёрст. Немцаў абходзяць, і яны сёння ў 1 гадзіну дня пакінулі Марыямпаль без бою.

Цэлы дзень ехалі па глыбокай гразі пад дажджом. Сухой ніткі не было на мне.

Праязджалі вялікі панскі двор, дзе памешчык — паляк, арандатар — яўрэй, батракі — жмудзіны. Зусім як бывае і ў нас на Беларусі. Не дзіва, што ні польскія паны, ні яўрэйскія эксплуататары не спагадаюць ні літоўскаму, ні нашаму адраджэнню. Прабудзіцца народ — і зверне ім карак… Толькі ці дажывуся я да гэтае пары, цягаючыся так, як учора? Кашаль мяне душыць, левы локаць балюча ные. I што б мне захварэць як мае быць. Скончыліся б гэтыя мукі. Будзь проклята мая доля, кінуўшая мяне на вайну… I думаю: «Саромся, браце, хоць сам сябе…» — «Ребята, не падай духом».

Поделиться с друзьями: