Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На імперыялістычнай вайне

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Ніхто яму не паверыў.

— Бач, які сыты, нажраўся… Не падай духам, — бурчыць наш запаснік, туляк Ізотаў.

А нейкі пехацінец, ні на кога не гледзячы, закідвае мнагазначныя словы:

— У Расіі людзей многа, трэба іх перагубіць, каб…

Што — каб, ён не паясняе, але і так ува ўсіх расце небяспечная для такіх парадкаў злосць.

Адно праўда: у нас ёсць «господа офицеры», ды няма палкаводцаў. Таму такое адступленне.

Уцёкшыя з палону кажуць, што Ваўкавышкі набіты мірнымі бежанцамі, а нямецкія салдаты ўсё ламаюць, усюды шукаюць, у скляпах, у падвалах. «Мы з імі культурылісь, а яны з намі свінячуцца», — хто гэта сказаў? Ці, можа, я сам выдумаў? Не ведаю. А ўсе — скаты двухногія. Хай жыве вайна — знішчэнне скатоў скатамі! Мы не людзі, мы — быдла…

Здурнеў пяхотны капітан з нашага батарэйнага прыкрыцця. Стаў лаяцца самымі бруднымі словамі, гэтак жа лаіць бога, нанасіць сабе раны. Яго звязалі.

Бясконца пруцца абозы. У дактароў і чыноўнікаў у руках рэвальверы: пракладаюць, махаючы імі, дарогу сваім мнагацэнным фурманкам.

— Абоз, ну-ну наперад! Едзь, абоз! Застрэлю, хто загародзіць дарогу! Артылерысты, пасунься ўбок.

Наш камандзір неўспадзеўкі вынырнуў:

— Тут няма германцаў. Нашто ў вашых руках я бачу рэвальвер?

Спалоханы чыноўнік без адказу хапаецца «пад казырок». Дзедка на бабку, бабка на ўнучку, унучка на сучку…

З верасня.

Уцякаем далей на ўсход. Каторыя гэта суткі? Чацвёртыя ці пятыя? Не ведаю таксама, які сёння дзень.

Праязджалі вялікі сумны лес; многа грабу, елкі. Ледзьва чутны тут праследуючыя нас глухія гарматныя стрэлы.

Вялікі прывал! Наўкол — шырокае жмудскае поле, цёмна-зялёныя хутаркі («калоніі»). Змораны валюся на зямлю. Хочацца есці. Кансервы старшага не дзеля мяне… Ён жарэ, схаваўшыся, а ў мяне няма. Запаснік-пехацінец нясе хлеб. «Дзядзька, стойце! Вазьміце колькі хочаце, дайце маленькі кавалачак!» — «Вы, батарэйцы, з голаду не здохнеце. Мяне цэлы ўзвод чакае». Ай, што мне рабіць, мне страшэнна хочацца есці. Сёння і ўчора батарэя без абеду. Беленькі раіць смактаць цукар; у яго знайшлося два кавалачкі.

Сонейка заходзіць. Шумяць, адступаючы, масы людзей, вазоў, коні, гармат.

— Вярнуся я ўва Уладзівасток, — раздумана разважае прыгнаны нядаўна з запасу батарэец, быўшы прыказчык гандлёвай фірмы. — Вярнуся я к Шорыну… Абед на тры стравы… Дзве астатнія — налюбкі, выбірай якую хочаш.

— Чорт далікатны, чаго заманулася. — Калі немец не забіў, лепей застраліцца, чымся так мучыцца…

— Дурная твая гаворка.

— Ідзеш-ідзеш, а есці нечага… — Змоўкні!!! тты… халера!

А я смакчу кавалачак цукру, што даў Беленькі, але есці яшчэ болей хочацца, і я таксама кажу ў думках на гэтага прыказчыка: «Змоўкні ты, халера, з сваімі стравамі налюбкі!»

* * *

4 верасня.

Нарынулі ўспаміны аб сваёй роднай снежнай зіме са скрыпуча-лёгкімі санкамі на замеценай дарозе, з зялёным сенам у яслях у пуні, дзе грэюцца, спусціўшы галовы, нашы гнядыя коні. Прыемна яно. На вайне я люблю яго, далёкае, роднае. А тут так цяжка… Чаму? Што хлеба няма? Ці што людзі — не людзі, а быдла? I таму, і таму, і таму…

Недалёка, кажуць, Коўна. Вёрст 15–20. Едзем на пазіцьію. Ізноў круцяцца над намі нямецкія аэрапланы. А дзе ж вораг?

Нёман

9 верасня.

Чатыры дні не пісаў…

Перапраўляемся ізноў з Віленшчыны ў Сувальшчыну. Назад за Нёман. А ў Віленшчыну пераправа была ўвечары ці тое самае што ўночы, з 6 на 7 верасня. Апішу, як гэта было.

Выехалі з Петкялішак у паўноч 5–6 верасня. Доўга, бясконцу доўга, цялёпаліся ў гразі, пакуль развіднелася. Быў вялікі вецер.

— Куды ў гэтакую процьму?

— За Нёман!

Цераз Мазурышкі, Дарсунішкі — паехалі… «К бесу ў кішкі!» — лаюцца і жартуюць азызлыя ад холаду батарэйцы.

Абедалі на прывале.

Увечары пад распраклятым дажджом прыцягнуліся к Нёману. Стаялі… Пасунуліся трошку… Ізноў стаялі… Нейкія хаты пры дарозе; за адною хатаю здыхае конь.

Позна пачалася пераправа цераз Нёман. Круты спуск, гразь, холад, вецер з дажджом — і цёмна, ні ліха не відаць. Загразла гармата — на табе! З сілы выбіліся батарэйцы. Цягнуў і я — па калені ў нейкім жыдкім і ліпкім месіве. Ахрыплы паручнік мацяршчыннік:

— Цягні, цягні!! — і ўсё лаецца.

— Цягні сам, каб табе скулле ў глотку! Сам на кані гоцаеш ды бізуном трасеш. Во схопім і кінем торчма галавою з кручы ў Нёман, каб ты змоўк навекі. Наўкол чорна, як у тваёй душы: ніякі чорт не ўбачыць.

Мусіць, адчуў нашыя думкі, ад'ехаў, кінуў адных. Балазеткі выцягнулі без яго лаянкі. Пяхота шлёпала, шлёпала, учапілася, як саранча, — памагла.

Узлаваны Нёман. Хвалі плешчуць і абдаюць зімовай сцюжаю. На пантонах — апалчэнцы, барадатыя дзядзькі з крыжамі на шапках. На тым беразе — вогнішчы. Нёман тут ушыркі сажняў 60–70. Мераў, ідучы, на сігі.

Абаграванне. Шуканне, дзе б як абначаваць, каб хоць трошку ў сухім. Горкае пачуццё пад дзвярмі вялікага дому, занятага «гаспадамі афіцэрамі». Можна б было дзе-небудзь там прытуліцца — запёрта, не пускаюць… Сон на мокрай зямлі пад дзіравым брызентам, па якім б'юць дажджавыя каплі, як у бубен.

Уранні мясіў гразь па мясцечку, каб знайсці хоць якое-небудзь сабачае едзіва. «Нет!» — «Нема!» — «Нейра!» Салдатаў поўна, не прайсці. Розныя вайсковыя часці, драгуны, конная гвардыя, «арыстакраты». I пяхота, як гразь, заляпіла ўсё. А дождж, балота. Убогія, нешчаслівыя старыя жыды стаяць, як хворыя, ля сваіх зачыненых або і забітых дошкамі крамак… Ой, булкі, булкі!!! Расхапалі… Глядзі ды аблізвайся. Жанчыны-ліцвінкі ідуць і плачуць. I плача-мяўкае на званіцы іх каталіцкі лвон. Касцёл. Грудок гэтых жанчын на каленях. Ксёндз — як старэнькі галодны акцер.

8-га верасня, учора, пісаў лісты. Насіў у канцылярыю і чуў там ад малодшага пісара, што падпалкоўнік Гноеў казаў, быццам вайна працягнецца найболей — два месяцы. А там — мір, і на зімовыя кватэры… Якое шчасце!

Усе салдаты казалі, што два тыдні будзем тут стаяць, бо Аўстрыя ўжо просіць міру. Я не верыў, але так хацелася верыць. Ах, каб праўда! Ах, каб так!

А тым часам я шлындаў галодны. Найшоў на нашых батарэйцаў, што гулялі ў карты, схаваўшыся, каб хто не ўбачыў. Запрашалі мяне. Адмовіўся. «Які ён, чорта, вальнашляючы: у карты не гуляе і грошы ні хваробы не мае…»

Увечары, неўспадзеўкі, выехалі на пазіцыю, недалёчка адгэтуль, і да паўночы капалі акопы. Перад тым як спаць, тэлефаністы яшчэ паспрачаліся аб грыбах (побач — магутны лес) і аб цыганах (пехацінцы злавілі нейкага няпэўнага на выгляд цыгана).

Сёння, 9-га верасня 1914 году, у аўторак, уранні, бульбу варылі, накапаўшы ў пустым маёнтку нейкага пана-паляка. I мутную бурду з прасаванае гарбаты пілі. Без цукру, бо яго маюць толькі афіцэры і іхныя дзеншчыкі.

Не паспелі мы аблізацца — «Абамунічвай!».

Поделиться с друзьями: