Пляц Волі
Шрифт:
А некаторым і ў вочы глядзець сорамна было, асабліва пасля таго, як выйшла «раскладка»: пэўным вёскам здаваць па 2-3 «галавы» жывёлы. І скуру назад варочаць, і рэквізіцыйныя квіткі выпісваць… На трэці дзень «на хлеб» выпрасіліся. У многіх пакінутых маёнтках пазаставалася збожжа. Вось і пачалі малаціць і муку здабываць. Малацілі палонныя і перабежчыкі (іх больш сотні назбіралася да гэтага часу). Налічылася б больш, ды беларусаў адразу ж на свабоду адпускалі. (Пазней палонных, па дамове з польскім ваенным ведамствам, накіроўвалі ў лагеры на захад). Частка палонных-беларусаў зноў прыбівалася да брыгады і, гуртуючыся самачынна і асобна, таксама брала ўдзел у баях. Камуністам і камісарам Чырвонай арміі пагражаў расстрэл — пасля выраку ваеннага суда (у складзе старшыні, пракурора, абаронцы і некалькіх прадстаўнікоў камсаставу й ніжніх чыноў) або загаду камандзіра брыгады.
Але й за здабыццём хлебу нудзіліся хлопцы і, пэўна, збеглі б у свой полк, каб не нечаканае новае даручэнне.
Пад Грозавам усчаліся жорсткія баі. Магутная бальшавіцкая 16-я армія вырашыла ачысціць «нейтральную зону» ад «нечаканых» абаронцаў. Польскія ўлады на тое пагадзіліся, груба парушыўшы свае дамовы з беларусамі.
Змену ў ваенна-палітычных варунках адразу ж адчуў Булак-Балаховіч. Случакі мусілі ці загінуць, ці шукаць падтрымкі ад Беларускага Палітычнага Камітэта. Фіктыўна інтэрнаваны, пазбаўлены сваёй «народнай арміі», Булак-Балаховіч меў багатыя ваенныя склады і ўсё яшчэ спадзяваўся стаць на чале Слуцкай брыгады. Дарэмна перадаць зброю ён адмовіўся. Тымчасам і ў радзе, і ў штабе брыгады пачаліся хістанні. Выспелі новыя перамовы, на якія напачатку выправіўся Мацэля, а за ардынарцаў запрасіў Алеся й Лістапада (пэўна, чуў, што яны ўжо «гасцявалі» ў «бацькі»).
…Тыя ўспаміны толькі слаба цепліліся ў ягонай памяці, як тумановым вэлюмам акрыты былі. Зрэшты, і насамрэч туман — халодны, зімны — наваліўся тога ранку на іх. І Лунінец, куды нарэшце дабраліся яны, як у малацэ патанаў, - так і не разгледзелі места. А з Балаховічам таго разу не пабачыліся — быў у ад'ездзе.
…Хата ў цэнтры мястэчка, але неяк усё ж наводшыбе. Ціскануў мароз, і за дарогу — выбраліся ноччу — зледзянелі. Адразу ж, як прывязалі коней, іх запрасілі ў хату. Падскочыў асілкаваты хлопец і, як даведаўся, што госці са Слуцкай брыгады, забубніў:
– Я ад'ютант генерала Густалес. Дазвольце правяду…
Хата з прысенкам, на адзін вялікі пакой. Пэўна, некалі ўсё ж была падзелена на дзве часткі — падлога сшывалася на палове, і па ёй, відно, і йшла сцяна (бо навошта ж было такога рубца сярод хаты рабіць?). Тры нізкія акны. Круглы стол у куце… Канапы чорнай — няма…
– Слуцакі, рэж вас камары! — голас з прастуджанай хрыпцой, знаёмы ўжо.
«Дык гэта ж Ядвігін Ш.!»
Парукаліся.
– Атаман Дзяргач, — назваўся другі засядайца — у цёплым кабаціку ён выглядаў на карэннага палешука: чорная густая з кучаравінкай барада, цвёрдыя вусы, густыя бровы, цёмныя — але добрыя — вочы (якія адно выдавалі ў ім яшчэ маладога чалавека), бульбаваты нос, змуленыя вусны, абветраныя шчокі…
На стале — папера, алоўкі, скрэсленая карта.
– А па руках мо й кроў ня бегае! Сядайце да грубкі, грэйцеся, — гэта зноў Ядвігін Ш., прыставіў да грубкі — як снег белай — лаву, сам да стала вярнуўся. Пра што вялі гаворку Дзяргач з Мацэлем, Алесь не прыслухоўваўся і ўзгадаць не мог.
– А я атамана Дзергача ведаю ўжо, — абнечаканіў Лістапад. — У красавіку ў Слуцку ён пачынаў вербаваць у беларускае войска ад імя Беларускай вайсковай камісіі. Нацкам наш не падтрымаў тады яго. Але ягонымі пачынаннямі і быў адкрыты вербунковы пункт пад бел-чырвона-белым сцягам. Асвяцімскі рупіўся. Ну ты ж пра гэта ведаеш…
«І насамрэч знаёмы твар Дзергача… Ну, а я ж дзе мог яго бачыць?..» — няўрымсцілася і Алесю.
І толькі калі праз паўгадзіны ў хату яшчэ адзін чалавек увайшоў — высокі, прыгожа апрануты, з гальштукам, даўгаваты роўны нос, добрыя шэрыя вочы пад нізкімі брывамі; зняў шапку — валасы далікатна прычэсаны, маладая лысіна раз'ядала прабор, вусы доўгай хвалькай на канцах ускідваліся ўверх — Алесю як праяснілася…
– Сябар штабу Грач, — сам адрэкамендаваўся зайшла.
«Як Грач? Гэта ж Ксяневіч!..»
Яшчэ з Гаруном бачыў яго Алесь. «Ну пэўна!» А яшчэ й атамана гэтага… Адамовіч прозвішча ягонае…
«Ну дык гэта ж іхнія «псеўданімы» партызанскія!» — Алесю стала ніякавата за сваю нездагадлівасць.
«Канешне, бачыў іх — і Ксяневіча, і Адамовіча! Абодва ў рэзерве БВК ў Менску служылі!»
Адамовіч з падтрымкі бацькі — старшыні Беларускага палітычнага камітэта, таксама Вячаслава — і Ядвігіна Ш., сябра камітэта, заснаваў арганізацыю «Зялёны Дуб». Зрэшты, гэтая ідэя выспела яшчэ ў БВК — аб'яднаць дзейнасць партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі. Адступленне Балаховіча толькі паскорыла згуртаванне «Зялёнага Дуба». У лістападзе быў створаны Галоўны штаб. У яго ўвайшлі разам з атаманам Дзергачом, Грачом таксама і Ядвігін Ш., старшы ад'ютант Корч (ён жа Мікола Крывашэін), капітан Фёдараў і яшчэ некалькі надзейных сяброў).
Дзяргач-Адамовіч патрапіў у партызаны наўпрост з БВК, Грач-Ксяневіч жа напачатку паслужыў у польскім войску, затым — у гусарскім палку Балаховіча, на браняпоездзе «Балаховец», які цяпер стаяў у Лунінцы.
А тым часам давяршаўся разгром войска генерала Балаховіча, «бацькавы» атрады, зразумела ж, не маглі супрацьстаяць Чырвонай арміі. 20 лістапада яна адбіла Балаховічаву «сталіцу» Мазыр і адціснула балахоўцаў на польскі бок.
На самога ж генерала ўсчаліся нападкі. Не хацеў дараваць яму служэння незалежнай Беларусі Савінкаў. Узлючаны «начальнік» Рускай добраахвотніцкай арміі кідаў у агонь кіпы дастаўленых яму агентурай балахоўскіх улётак, ледзь не пырскаў слінай:
– Батька выискался! Стенька Разин прямо… «Беларускі народзе! Пасля многапакутных вякоў няволі і здзеку збліжаецца найвялікшы гістарычны момант у нашым гаротным жыцці. Адбудова дарагой нашай Бацькаўшчыны, адраджэнне… Дык гей, беларускі народзе, пад штандар нашага правадыра бацькі Булак-Балаховіча. Адзавісь на магутны кліч сыноў сваёй Бацькаўшчыны. Ачнісь, Беларусь…» Будитель, мать твою…
Балаховіча сталі бэсціць і савецкія, і польскія, і расійскія эмігранцкія газэты. Супраць яго пачаліся судовыя працэсы… Збіў спанталыку польскі генштаб Савінкаў — знішчыў шэраг дакумэнтаў аб дзейнасці Балаховіча, нарабіў пасквіляў. А неўзабаве і сам будзе разбіты Тухачэўскім…
А гэтая скампраметацыя ў габрэйскіх пагромах — таксама ці не ад Савінкава першага пачалася. Сам жа Балаховіч пра гэта адзначаў — у лісце да Пілсудскага пісаў аб тым, што Савінкаў і яго людзі здрадзілі яму, збеглі ў Польшчу ці да бальшавікоў, а цяпер палкоўнікі Паўлаў і Паўлоўскі пад ягоным — Балаховіча — імем зганяюць злосць на беларускіх габрэях…
Папсавалі Балаховічу рэпутацыю ў «жыдоўскім пытанні» і ўкраінскія «госці», — яшчэ ў 1919-м, калі бальшавікі абклалі армію Сымона Пятлюры, Балаховіч дазволіў некаторым яе сечавікам быць на сваёй палескай тэрыторыі. Калі ж дакаціліся погаласы пра гвалты і рабункі пятлюраўцаў, генерал загадаў Пятлюру вывесці свае аддзелы назад на Украіну. Толькі ценю на ўсё ўкраінскае войска кідаць праз тое аніяк нельга! Адданыя патрыёты Украіны палеглі пад Кіевам ці засталіся ваяваць, адыходзілі-хаваліся зазвычай «хістанцы», а ім адно б душа ў целе…
Самога ж Сымона Пятлюру і чыннікам беларускага руху назваць павінны.
«Беларусы ды іхняе нацыянальнае пытанне» — так, напрыклад, называлася адна з ягоных рэцэнзій.
Больш таго — сталым супрацоўнікам часопіса «Украинская жизнь», які да расійскіх рэвалюцый выдаваў у Маскве Пятлюра, быў Максім Багдановіч, яго артыкул «Краса і сіла» ды іншыя да друку… рыхтаваў Пятлюра!
…Але далёка аднесла ўзгадкі ягоныя пра «Зялёны Дуб»… Гэтае згуртаванне — яго афіцыйная назва Сялянская партыя Зялёнага Дуба — была для Балаховіча, як на сёння думаецца, адзіным злучвом з беларускім супрацівам, і ўзрастала не без «бацькавага» куратарства: «хрысцілі» ў свет зеленадубцаў лідэры Беларускага палітычнага камітэта, і партыйныя дакумэнты дапамагалі афармляць, і пячаткі рабілі, і склад штаба, і яго функцыі разам узгаднялі. Да ўсяго ж з «Зялёным Дубам» скрыжаваўся лёс і яшчэ аднаго случака — Радаслава Астроўскага. Займаючы на той час пасаду кіраўніка Пінскага адзьдзела польска-амерыканскага камітэта дапамогі дзецям, былы дырэктар Слуцкай гімназіі і ўжо таксама ў былым міністр асветы, «расстараўся» для партызанаў тытуню і хлеба.