Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

…Зноў усё неяк блытана, спешна ўсплывае. Толькі ж напачатку не пра тое ўзгадаць мецілася, штось яркае… А, вось!

Гэта ўжо назаўтра, калі яны з Лістападам рыхтавалі да ад'езду коней, да штаба ліха прыгужаваў вершнік, кінуў ім павады — пакрыўдзіў, помніцца, за прыслужнікаў злічыў… І зноў штось знаёмае Алесю тады ў ім — у белым кажушку — убачылася, і зноў не адразу праяснілася. І калі абедалі затым разам — вачэй не зводзіў, штось непрыемнае ў душы шкрэблася. А той, у кажушку (не скінуў яго і за сталом), хутка ежу глытаў, жаваў моцнымі зубамі… Выцер вусны сурвэткай, як пра штось вырашанае ўжо сказаў:

–  Значыць, суткі на дарогу. А там я з вынікам ганца дашлю — рошыце, што далей рабіць, купляць што перш…

–  Дай то Бог, — Драч паківаў галавой. А Ядвігін Ш. перастрэў зацікаўлены Алесеў позірк, улучыў момант — і на вуха: - Вось пана Асінскага да Варшавы пасылаем. Магдалена Радзівіл золатам падтрымаць вырашыла…

–  А хто гэты пан? — нарэшце, думалася Алесю, ён разгадаецца.

–  Скарбнік наш. Па фінансах… Ад Балаховіча прыехаў.

Ды толькі мацней штось няўлоўна-неспакойнае, турботнае застукала ў скроні. А калі пан Асінскі пашкроб бараду, Алесь паспрабаваў яго ўявіць паголеным — і ледзьва не ўскочыў! У вушах зашумела… Паспяшыў выбрацца з-за стала, а Асінскі — як учуў што — кальнуў вострымі зрэнкамі. І зноў загаварыў пра сваё. Алесь, прызнацца, усё ж разгубіўся напачатку. Доўга шукаў рукаў свайго паношанага кажушка, зашпільваць не стаў, на лаву — так з учарашняга каля грубкі і стаяла — асунуўся. І толькі калі адчуў пад рукою прыклад сваёй абразанкі, даведзенай да ладу Жалязовічам, крыху супакоіўся, выхопліваў назіркам Асінскага — і чакаў, як той рукі з-пад стала ўзніме (кабура ў тога — паспеў заўважыць — была на дзязе пад кажушком).

«Штось падазрона ён на мяне зіркае… Можа, дарма першым узняўся…»

Але марудзіць і адступацца было позна. Як толькі Асінскі зноў пашкроб бараду, Алесь і бухнуў:

–  А вы, пан Асінскі, часам у нас у Слуцку не гасцявалі?

Усе зірнулі на Алеся, Мацэля нават схмурыўся — што гэта так запанібрацкі… Асінскі ж адхінуўся ад стала, скрывіў вусны. Алесь жа — сваё:

–  Толькі тады, пры бальшавіках яшчэ, вы Красніцкім былі! І не на кані, а на аўто раз'язджалі… На ім і драпанулі.

І тады ўсе зніякавелі, і Лістапад («Юрка тады ў Менску быў, не можа гэтага ведаць…»), і Мацэля («І яго ў Слуцку на той час не было»). А Асінскага — добра ўбачыў! — як токам працяла, хоць праз вомірг намагаўся быць спакойным:

–  Блытаеш, хлопча…

–  Не блытаю, былы таварыш камісар! Шнар свой ад вуха да рота барадой даўно хаваеш?

Тут ужо ўсе адхінуліся ад стала. А рука былога «камісара» паволі папаўзла пад стол… І тут Алесь ускочыў:

–  Рукі!
– і нацэліў на ліхвяра абразанку. А той нечакана зароў нема, стол абярнуў — і да дзвярэй… І ўжо рэвальвер выхапіў… Лістапад скраю як сядзеў — толькі й паспеў, агоўтаўшыся, падставіць нагу. Таго й хапіла. Красніцкі-Асінскі бразнуўся вобзем, а калі тузануўся крутнуца й узняць рэвальвер, — на ім ужо сядзеў Алесь…

–  Ну, гніда саплівая, я табе яшчэ за паклёп душу выму! — як і ні ён быццам збегчы хвілю таму ймкнуўся. — Абняславіць… Ды я кроў сваю ліў, як ты ў штаны мачыўся!

–  І ў вяскоўцаў нашых апошнюю кроху адбіраў! — па-праўдзе, не ахладнеў яшчэ і Алесь, хоць і разумеў, што трэба растлумачыць усё спакойна. — Мала было? І да князёўскіх грошай памазаўся?!

Выкрыты, абяззброены, звязенены, Красніцкі-Асінскі пачаў звар'яцела апраўдвацца:

–  Ды я ж асобы памочнік Багуцкага… Ён паляк! Мы з ім выконвалі важную місію Польшчы!..

–  Знаем мы тваю місію… — гэта нечакана Ядвігін Ш. абазваўся, зноў падсеў да перакуленага стала, жалезную лыжку прыклаў да ілба. — Трэба ж, бугай, галаву сталом ледзь не разбіў!

А праводзячы да коней, абняў і Алеся, і Юрку:

–  Ну, бадні вас камар, мала-айцы. Дальбог, малайцы! Беражыцеся там… — а Мацэлю адвёў убок — і зноў нешта цвёрда яму наказваў.

«Мяне й Юрку Лістапада зноў на ахову харчовых складоў паставілі, а Жылку накіравалі за Макарам Краўцовыім у Слонім — наладжваць справу з брыгадным друкам.

А зеленадубцы пачалі пасыілаць нам зброю, атрыманую праз палякаў ад балахоўскх атрадаў. Перадавалі з браняпоезда выібуховыія рэчы. Штабам камплектаваліся атрады па 20 - 25 жаўнераў і выпраўляліся да Сіняўкі й Семежава. На чале аднаго з аб'яднаных атрадаў пад Старобінам дзейнічаў і сам Дзяргач…

А набыць сваю друкарню рада Случчыны хацела яшчэ летам. Цяпер жа прапанавана было карыстацца друкарняй БВК. Вырашылі ўсталяваць яе ў Слоніме і заканспіраваць, каб не выклікаць пратэстаў Савецкай Расіі: другім пунктам Рыжскай дамовы Польшча абавязалася не падтрымліваць арганізацыі, якія вядуць збройную барацьбу з Саветамі. Пытаньне з друкарняй узгадняць адкамандзіравалі перш Макара Краўцова. Зьвестак ад яго не даходзіла, а дэкларацыі й улёткі неабходна было размножыць. Зрабіць гэта і належала Уладзімеру Жылку.

Напачатку, праўда, ён закрыўдаваў нават:

— Чаму я? Хібая горшы шараговец? З гэтым жа кожны справіцца… — хоць ой як цяжка будзень вайсковы даваўся хвораму хлопцу! І толькі калі хтось з шарагоўцаў пачаў даводзіць, што на курок націскаць — не вялікая навука, а вось літару да літары ўціснуць — гэта ня кожны зможа, — згадзіўся, хоць нездавальненьне ў вачах і пакінуў…

Так з Жылкавай лёгкай рукі й была аддрукавана за ўлётку «Пагоня» Максіма Багдановіча. А калі пачалося адступленьне, адозвы й новыя ўлёткі даводзілася памнажаць на звычайным гектографе…»

(З запісаў Алеся Ваяра).

* * *

Усё глыбей і глыбей укручваў яго ў свае нетры абуджаны вір памяці, усё мацней у абдоймах сваіх сціскаў, свет навакольны засцячы: як не хацеў-намагаўся штось з рэчаіснасці ахапіць і вычуць — усё праз хвілю запавольвалася, туманілася. І зноў, як зрэдзьчас на ягоныя фларыдскія Дзяды, збіраліся цяпер перад ім забытыя, думалася, постаці; ажывалі — у руху, колеру, гуках — даўно прамінулыя дзеі. Яму ажно немарасцева рабілася — ці не памарак памутнёнасці абрынуўся нечакана? А згадкі, прыпаміны ўсёй свядомасцю авалодваць пачыналі, нават чуць пераставаў, як нямела чагось левая рука, сэрца знібела і штось даўка-ўчэпістае пад ім, сэрцам спрацаваным, узрастала. Усё часцей уяўляцца пачынала, што — вось ён, стары й амаль нямоглы, праваліўся ў прогу таго бязмежнага 1920 года і выбрацца з яго і не жадае, і не можа; што гэта ён не калісьці, а яшчэ заўтра вернецца з Лістападам і Мацэлем ад Балаховіча і стане сведкам раздраю паміж штабам брыгады і радай. Так, Мацэлю з Беларускім Палітычным Камітэтам абвінавацяць ледзь не ў спробе захопу чыну ў свае рукі, нагадаюць і ўцёкі Чайкі. Брыгадную контрвыведку абзавуць ледзь не штабам Балаховіча… На канспіратыўным сходзе рада пастанаўляе арыштаваць былога камандзіра брыгады Анцыповіча… і ўвесь штаб. З даручэннем Пракулевіча да батальённага Каўпака выправіліся Русак і Бусел, каб тэрмінова «ў імя выратавання Рэспублікі» накіраваць пад камандаванне рады восемдзесят жаўнераў. Каб не агаляць фронт, камандзір батальёна адкамандзіраваў толькі палову.

Кудысь надоўга знікаў Жаўрыд, Русак захварэў на тыф…

А раніцай 4 снежня адбыўся пераварот. Анцыповіча «перавялі» ў шарагоўцы, многіх пазбавілі пасад. Разлад прайшоўся й па былых «папараць-кветаўцах»: ён, Лістапад — Русак, Бусел…

«Улетку 1922 года Юрка Лістапад вярнуўся ў БССР. Выкладаў на пэдкурсах у Слуцку. У 1924-м у яго і Марыі Стагановіч нарадзілася дачка Нінка… А праз год Юрку асудзілі за антысавецкую дзейнасьць. На ўсю рэспубліку прагучаў г. зв. «лістападаускі» працэс. Шэф бальшавіцка-беларускай «ахранкі» Язэп Апанскі ўзначальваў у 1920-м асобы адзьдзел той самай 16-й арміі, што зьнішчала Слуцкі чын, а затым граміў «нацдэмаўскія вульлі» ў Інбелкульце. Той жа Апанскі ў 1925-м падпісаў ордэр на вобыск у кватэры Якуба Коласа — самога ж пісьменьніка забралі на допыт у ГПУ. Апанскі асабіста завербаваў Мядзёлку. Ён жа распачаў і перасьлед «лістападаўцаў» — маладых слуцкіх настаўнікаў і вучняў. (У жніўні 1925 года па слуцкіх вёсках Селішча, Еўлічы, Дарасіно, Пагост зьявіліся абвесткі з антыбальшавіцкімі й антырасейскімі заклікамі.) Амніставаны, Юрка зарабляў «вольным» перакладчыкам. Зноў быў арыштаваны — і зноў вызвалены. Расстраляны, ГПУ 5 ліпеня 1938 года.

Васіля Русака ў 1945-м у Празе арыштаваў «Смерш». Асудзілі на 10 гадоў лагеру, дзе і згінуў.

Сяргея Бусла лёс завёў быў у Прагу. НКУС арыштаваў яго ў Вільні. І — як у бездань кануў…»

(З запісаў Алеся Ваяра).

Дні вайны — новыя смерці. Апаліла вестка пра паланенне бальшавікамі слуцкіх выведчыкаў — ім паадразалі насы і вушы і вазілі, бедалагаў, на паказ па вёсках. Пасля гэтага і слуцакі пе расталі адпускаць палонных. Пастановай ваенна-палявога суда расстралялі васемнаццаць камуністаў і камісараў (сярод іх — увесь вызненскі рэўком), зямля на той час ужо моцна ўмерзла, і іхнія целы перад адыходам нават не аддалі зямлі.

Поделиться с друзьями: