Пляц Волі
Шрифт:
Мацэля агітаваў за далучэнне да Балаховіча. У лагер і сам «бацька» прыязджаў — выдаў амаль кожнаму па камплекце бялізны, па пляшцы гарэлкі… Арганізавалі запіс добраахвотнікаў у атрады Балаховіча. Сярод першых у спіс і Алесь патрапіў. (Тых жа, хто да «бацькі» йсці не пажадаў, перавялі з Палесся ў Беласток, пад апеку БВК і Найвышэйшай рады).
Месяцы з два, сустрэўшыся з Дзеркачом, прабыў у «Зялёным Дубе», а затым пацягнула бліжэй да дома. У Блёўчыцах, на поўнач ад Семежава, збіраўся партызанскі атрад. Яго, Алеся, абралі галоўным. На знішчэнне «бандытаў» наляцеў карны атрад Цыганкова — мужчын катавалі без разбору, гвалцілі дзяўчат і жанчын. Штодня да «алесяўцаў» (гэтак ад ягонага імя і празваўся атрад) ішлі пасланцы, прасілі ратунку. І вырашылі яны — жменька маладых смельчакоў-нескаронцаў — ці самім загінуць, ці ката Цыганкова знішчыць. А на тое й атрад ягоны ў недалёкай вёсцы атайбаваўся… Загулялі, падпілі — і ў вока не кінулася, што зранку на поле з баронамі й плугамі жанкі цягнуліся, а падвечар — мужчыны вярталіся. А ноччу й астатнія партызаны атачылі вёску. А трэцяй гадзіне забахкалі абразанкі, застракатаў кулямёт, перасільваючы разлівістае «гу-урра-а!»… Сонныя чэкістыя пачалі адстрэльвацца, ды ў пустую. Крык, мацюканне, стогны…
Мала хто ацалеў тады з карнага атрада.
Ну, а далей… Далей была няволя, два гады астрогу, адкуль з Божай ласкі ўцёк і прыехаў у Менск — да свайго земляка, сябра яшчэ па колішніх «папараць-кветаўскіх» пяцёрках Рыгора Мурашкі, які, пайшоўшы сцяжынай Чорнага і Бабарэкі, пабыў інструктарам Слуцкага павятовага ваенрэўкома, паслужыў у войску, затым «апасадзіўся» ў сталіцы — і ў ЦК кампартыі Беларусі, і ў беларускім НКУС. А сяброўству колішняму не здрадзіў… Доўга гаварылі, балюча ўспаміналі — і Слуцак, і Бязверхавічы Рыгоравы, што ў чатырох кіламетрах ад ягонай Цароўкі. І паспрыяў Мурашка, а з ім і Ігнатоўскі — пераслед на Алеся здолелі прыпыніць і — больш таго! — уладкавалі на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Вышэйнага педагагічнага інстытута! У 1930-м ён быў ужо настаўнікам у Радашковічах, — там, дзе колісь Ядвігін Ш. аптэкарыў… Напрыканцы 1941-га, зноў жа з Мурашкавай падказкі, стаў працаваць у «акупацыйнай» «Беларускай газэце», затым зноў настаўнічаў, прызначаўся інспектарам школ (а Мурашка пайшоў у падполле, партызаніў, - загінуў падчас прарыву партызанскай блакады на Лагойшчыне).
Перад вайною ў будынку слуцкай раённай міліцыі тыднямі грукацеў рухавік, зняты з МТСаўскага трактара — глушыў крыкі пакутнікаў — сялянаў, работнікаў памежнага (да верасня 1939 года) горада. Трупы закатаваных вывозілі ў яр пад Амговічы — за Вясею, Набушава… Па начах збіраліся там ваўкі, днём зляталася груганнё…
Пасля вайны Алеся прытуліла Аўстрыя. Пяць беларускіх пачатковых школак адкрыў ён там… Пачаў выдаваць кнігі. Пажыў і ў Францыі, пакуль нарэшце не перабраўся за акіян…
«Божа, вар'яцеючы доўгімі амэрыканскімі начамі, я маліў Цябе захіліць ад нядолі выгнанца, загаіць боль расстаньня майго з Бацькаўшчынай, і з прахам родзічаў, і з сабой самім — ранейшым. І Ты, здалося, пачуў маю літанію, і даў мне працу, даў сямейны спакой. А хвароба — не залекавалася… Яна наноў паліць маю кроў, труціць яе ўсё тымі ж запытаньнямі: чаму, за што? І жонка не лічылася з болем маім, і сын — мой сын! — болю майго ня чуе.
Божа, ці ня досыць выпрабаваньняў?
Маліць Цябе чужой мовай не магу, а маю тут, на чужыне, можа ня чуеш, не разумееш? Можа, і насамрэч — дамоў, да Цябе свайго, туды, дзе шукалі Цябе, гаварылі з Табой і прадзед мой, і дзед, і бацька? То чакай, я еду, тольк знайдзі адказ!..»
(З запісаў Алеся Ваяра).
Абудзіўся, калі пачуў верш — чыталі звонкім, спеўным голасам. І чытаў… ягоны знаёмец, малады сябар-цёзка — Алесь. І верш, і чытэц усхвалявалі — нібы гэта сам ён, той, далёкі, тут, на зямлі семежаўскай - і не з вінтоўкай, а з вершам…
І тады самому выказацца ўсхацелася — толькі не вершам, паўтараючы маладога Алеся, а болем сваім, страхам сваім, жыццём — у прозе сказаць.
І трымаў — апошнім! — ён слова сваё:
— Людцы, сябры ў народзе пакутным, беларускім! — І зніякавеў, счакаў. Змуліў парэпаныя маршчынамі вусны, праяснёныя блакітныя зрэнкі зноў затуманіліся. Наляцеў вецер — і разбрындаў яго рэдкія сівыя валасы, на доўгія веі ўзбеглі пякучыя слязіны… Думкі раіліся ў галаве, пачуцці ўзвірылі, а прамаўляцца не хацелі… І тады зноў дапамагла адроджаная памяць: — Гляджу на вас, на зямельку нашу, а быццам з паднябесся голас Купалаў ліецца… І сам пясняр сёння гаворыць прамовай сваёй:
«Хай вас, Браты Беларусы, не палохае цяперашні бурны час. Агнём і жалезам куецца моц гарт, доля й воля народная… Зямля, засеена касьцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх… Хай толькі асьвеціць вас адна вялікая думка — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, нават жыцьцё, калі яна вас да гэтага пакліча».
Я шмат пажыў, а нідзе мацнейшага не пачуў… - Зрабіў пярэрву, агледзеў прысутных — і сустрэўся з засяроджана-замагнічаным Алесевым позіркам. — І яшчэ… Вось і век наш заканчваецца. А ў новы панесці вы павінны цвёрдае перакананне, што для Бацькаўшчыны найгалоўным будзе жыццё ваша, жыцці ўсіх свядомых сыноў і дачок яе… Вось згадка якраз пра тое ж… Слуцкія паўстанцы — пра гэта, пэўна, мала хто з вас ведае — для сваіх патрэбаў выкарыстоўвалі старыя запасы расейскіх марак, але рабілі на іх наддрукоўку — лацінкай: «Надзвычайная Рада Случчыны». А пазней ужо Задзіночанне беларускай моладзі ў Амэрыцы выдала да саракавых угодкаў чыну сваю марку: выява юнака з бел-чырвона-белым сцягам і светаччу. А тэкст да яе гучаў так:
«Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывіце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага паўстання… Пашырайце праўду аб Беларусі!» — Пад сэрцам здрадліва замуляла, голас пачаў дрыжэць. — А новае стагоддзе, тысячагоддзе павінны стацца часам памяці, памяці мірнай, плённай… Я, сведка ўсіх войнаў старога стагоддзя, мару перадаць вам адно: мір … Жывіце, каб Бацькаўшчына не памерла!
Гэтым ён сказаў усё. Выказаўся, і нарэшце адчуў заспакаенне, якога ніводны твор, ніводная кніга яму не давала. І, здалося, ён нават палегчаў, нават боль адступіў у мінулае, старое… І адно акрыленае пачуццё: ён зрабіў усё… Як «усё»?!
Люд паступова пачаў разыходзіцца. Частка пацягнулася да аўтобуса і ён нават спалохаўся, што не паспее дагнаць свайго земляка-цёзку. Ды не, стаіць той, задуменны, узрушаны.
– Унучак… Я й пачаць як ня ведаю… — Уздыхнуў, у вочы блакітныя зазірнуў. — Падарыць, словам, рэч табе адну хачу, на справу адну ўгаварыць… Прысядзем давай… — Адкрыў чамаданік, разгарнуў паперы. — Ты мне, будзь ласкаў, прозвішча сваё назаві…
– Ганаровіч.
Асцярожна ўпісаў яго ў нейкі тэкст на адной паперчыне, адклаў пад левую далонь — каб вецер не ўзняў. Затым яшчэ ў адной — меншай — распісаўся…
– Вось табе… Гэта - тэстамант. — Перадаў спешка, зніякавела — А гэта чэк… — Не прамінуў заўважыць, як і хлопец напяўся, разгубіўся. — Я з-за акіяну ехаў сюды, а назад зямля наша слуцкая адпускаць ужо ня хоча… Там, у Сан'юку, штат Фларыда… дом мой застаўся, архіў багаты. Можна шмат яшчэ чаго дарабіць… Як ахвота табе, маладому, — паедзь, зірні. Музей беларускае культуры закласці ў доме можна ці выдавецтва якое… А грошай на пачатак хопіць… Мову ж ты, казаў, ведаеш, і сэрца ў цябе, бачу, нашае. Абы ахвота… Там і тэлефоны сяброў. Яны дапамогуць з афармленнямі… - Бачыў, што хлопец штось яму мовіць хоча, але перапыніў, пальца да вуснаў паднёс. — Падумай, а я йшчэ з полем пагавару.
Яны былі акурат на ўскрайку вёскі. І ён, аберуч паціснуўшы хлопцаву руку, паволі, не зважаючы на папераджльны сігнал кіроўцы аўтобуса, паклэпаў за прысады, да неперааранага перад зімою іржышча. Горычна ўкленчыў, ахапіў рукамі намерзлую зямлю. І пачуў, як з паднябесся зусім нечакана пачала набліжацца-расці жывая салаўіная песня.
І яго ўзяло ў свае абдоймы роднае слуцкае поле — альфу і амегу слаўнай і трагічнай гісторыі тых даўніх уж, о вясновых гадоў, таго далёкага лістападаўскагамесяца.
Яе першага і апошняга сведку.
Яе пачатак і канец…
Не, Алесю Хведаравічу не пашчасціла вось так прыгожа памерці… «Хуткая» адвезла яго ў Слуцак. Алесь Ганаровіч датэлефанаваўся ў Менск у амбасаду ЗША. Адтуль звязаліся з еўрапейскім прадстаўніцтвам карпарацыі «Кантыненталь» (на якую дваццаць гадоў працаваў Алесь Хведаравіч), яна выправіла ў Слуцак верталёт — каб перавезці спадара Яцкевіча ў Варшаўскую клініку… Пасля інсульта Алесь Хведаравіч перастаў хадзіць. Ягоны сын Міхаіл, вядомы ў ЗША фізік, не пажадаў даглядаць бацьку — і накіраваў яго ў старэчы дом, дзе праз тыдзень Алесь Хведаравіч і сустрэў сваю смерць.