Пляц Волі
Шрифт:
Давялося асудзіць на смерць і двух бандытаў, што былі ў брыгадным конным аддзеле — Мірончыка з Ячава і яшчэ кагось з Шацкае воласці (прозвішча не прыпаміналася). Аднае начы яны ўкралі ў Новых Макранах дзесяць коней, шмат бялізны, сала — і на раніцу не пайшлі ў наступ. Пра рабунак стала вядома ў штабе, абодвух заарыштавалі і ў глінішчах за Грыцэвічамі (у вёсцы стаяў штаб) публічна расстралялі.
А разлад у брыгадзе толькі падахвоціў бальшавікоў. На разгром «мецяжу» дадаткова з сібірскіх франтоў перакінулі 27-ю Омскую дывізію, частку якой склалі чырвоныя кітайскія добраахвотнікі, ашуканыя савецкай прапагандай. Фронт напяўся й лопнуў…
7 снежня пачалося адступленне з Семежава. Штодня — жорсткія баі. Сотні параненых. Бацька ягоны, слуцкі лекар, не спаў начамі, перавозіў параненых у шпіталі Клецку і Нясвіжу. Зноў баі — каля Раманава й Капыля. Вопытныя чырвонаармейцы колькі разоў намагаліся акружыць брыгаду, але камбрыг Сокал-Кутылоўскі своечасова «загінаў» флангі й пазбягаў пятлі. Па лініі Вызна - Кажушкі - Ляднава - Савічы крыху затрымаліся — і зноў адступілі на захад. Тады і…
Божа, як ні высільваўся Алесь доўгія гады гнаць ад сябе нават прыгадкі пра той страшны дзень, шматкроць сціраў са сваёй памяці, і здавалася нават, што ўжо, нарэшце, і адбалеў, адпакутаваў дарэшты імі - а яно зноў, як крыж ягоны, узвальвалася на цела і пад сэрцам шчымела, і свядомасць ірвала. І не ўцячы ад яго — ні ў краі чужым, ні тут - на зямлі, якая тое ў сябе прыняла…
Шпіталь бацькаў адарваўся ад брыгады, адкалолі яго нападаўцы — і ўсіх нямоглых, беспрытомных (з дзесяткі два) у стадоле ляснога хутара, абсталяванага пад шпіталь, і пастралялі.
Бацьку рукі звязалі, а трох «сясцёрак» — сярод іх і Люду! (як дзіцё сваё апякаў яе бацька, ад сябе не адпускаў!) — пацягнулі ў хлеў, на сена. Застагнаў бацька, вартавога свайго з ног збіў, на кітайца, ад якога Люда вырывалася, наваліўся, пальцамі хоць і звязаных рук за горла ўхапіў (пра гэта потым Алесю адна з ацалелых «сясцёрак» пераказвала)…
– Бяжы, дачухна!!!
Грымнуў стрэл. Збіты кітаец вінтоўку ўпусціў — з-пад знежывелага бацькі выбірацца пачаў… Тут і іншыя апамяталіся. А Люда хапіла кітайцаву вінтоўку — і лязом штыха навекі сэрца сваё дзявочае астудзіла… А яно — маладое, неўтаймоўнае, не схацела адразу рвацца: штурхане балюча ў грудзі раз-другі — і прыцішыцца, з новай сілаю збіраючыся. Затым зноў так, зноў. Наўсколенцы прыпала, да сябровак памкнецца — і зноў сэрца аціхне… І вочы — зеленаватыя зорачкі — ужо невідушчыя, у павалоцы небнай, — як здзіўленне таілі… А потым і ўпала на тыя зболеныя грудзі, руку да галавы ўскінуўшы-падламаўшы — як касу сваю папраўляючы…
Адчуў раптам, што зямля наўкруг пайшла, млосна зрабілася, горача. Баючыся ўпасці, паволі пашомкаў да чыёйсь лаўкі каля плоту.
– Вам не блага? Давайце дапамагу. — Сусед па аўтобусе. І добра, бо мог бы й не дайсці, абсароміўся б толькі…
Сеў, падзякаваў, а сэрца зноў пачало знібець.
– Можа, лекаў якіх? — зноў хлопец нясмела занепакоіўся.
– Дзякуй, ёсць…
Пасля нітрагліцэрыну ажыівіўся:
– Дзякуй, хлопча… А то размяк нешта…
Пачаўся мітынг. Большасцю выступленні — прачулыя, палкія. І каб лепей чуць прамоўцаў, ён падціснуўся бліжэй да грамады. А ў свядомасці зноў колішняе выбліснула - быццам спяшаючыся, давершваючы…
На апошнім тыдні слуцкага фронту лёс звёў яго з вяліжскім хлопцам Антосем Гарынем. Гарыня — колішні гімназіст, на год ці два толькі старэйшым быў.
Наогул, кожную ціхую хвілю Алесь сам-насам праводзіць пасля смерці бацькі й Люды імкнуўся, нават ад сяброў, каб не надакучалі хоць і жаданай спогаддзю, адасабляўся. А тут — песня, тужлівая, павольная, пякучая:
Ой, на той на Мядзвежай Гары Падмывае Дзвіна тры крыжы. А пад імі ляжаць асначы - Ой, тутэйшыя ўсе дзяцюкі…За жывое зачапіла песня, не ўтрымаўся, пайшоў паслухаць. Спявак малады яшчэ, а твар маршчыністы, састарэлы, валасы як мукою падбелены… Скончыў — і ў вочы ягоныя, слёзнай павалокай зацягнутыя, гледзячы, мовіў:
– Так, браток, усе мы асначы-бурлакі долі сваёй…
Сям'ю ягоную — маці, бацьку, старэйшага брата знішчыў камдэз [13] . І адзін ён з Гарыняў ацалеў у вяліжскім антыбальшавіцкім паўстанні. Расказваць не любіў пра гэта, але не-не, дый згадае штось, выцісне. У лістападзе 1918-га на Віцебшчыне пачалі мабілізаваць сялян у Чырвонае войска. У Вяліжы іх некалькі сотняў назбіралася, павятовая казарма ўсіх не змяшчала. Раскватаравалі па прыватніках. А тут почут — заўтра на фронт кінуць, супраць чэхаславакаў. Частка сабралася на Рынкавую плошчу перад павятовым выканкамам:
13
Камітэт па барацьбе з дэзерцірамі.
– Ня хочам зноў кроў ліць!
– Нашы маткі й дзеці з голаду пухнуць, а мы вас мусім абараняць?!
– Няхай камісары за Леніна з Троцкім ваююць!!!
Зашыліся па закутках камуністы й камсамольцы, а калі паўстанцы пакінулі горад, бальшавікі абвясцілі ў павеце ваенны стан. Выканкам стаў рэўкамам. З Вяліжа ў Віцебскае ГубЧК затым тэлеграма паляцела:
«У Вяліжскім павеце ўзбунтавалася разагітаванае папамі кулаччо. У горадзе забіты начальнік ЧК таварыш Мусаеў. Усе мы змагаемся з мяцежнікамі, але спяшайцеся на дапамогу».
А мабілізаваных, якія паварочаліся дамоў, залічылі ў дэзерціры. Іх і вышукваў камітэт па барацьбе з дэзерцірамі.
Мужчыны зноў у горад кінуліся (помсцячы за родных, Зміцер Лаймінг, Гарынеў сябар, і заб'е тады начальніка ЧК). Толькі ў нямногіх трохлінейкі былі, бралі і сякеры, вілы, косы… Пад Семічоўскім борам кінуліся на кулямёты, палова на аснежаным верасе навечна засталася… Ды і што маглі яны зрабіць супраць узброенай роты ЧК? Лаймінга хацелі захапіць у палон. Сын багатага ўладальніка маёнтка, ён вызначаўся неймавернай сілай — разгінаў падковы, мог перахрысціцца двухпудовай гірай. Быў закаханы ў адну гімназістку, а ў каханні так і не прызнаўся ёй.
«Мне лягчэй яе на руках з Вяліжа ў Віцебск занесці…»
І вось у бары ўтрох на яго наскочылі, хацелі жыўцом затрымаць, а ён лёгка параскідваў іх — ды ад прыкладу не ўвіхнуўся… Зацягнулі ў ЧК, вобзем кінулі: «Уставай, сабака!»
А ў тога кроў у венах ускіпела — яго, нашчадка тэўтонскіх рыцараў, чый прадзед, генерал, абараняў у 1812-м Баграціёнавы флешы, чый дзед, палкоўнік, загінуў за веру ў Бацькаўшчыну на Грынвіцкіх рэдутах пад Плеўнай, чый бацька, ротмістар Тэкінскага коннага палка, у баі пад Равай-Рускай у 1916-м злёг — сабакам называць?!