Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Дзень цёплы — і дзверы з сенцаў у хату адкрыты насцеж. Пасярод пакоя самаробны стол. На стулах — Уласаў з жонкай. Аляксандра Паўлаўна торапка круціла ручку швейнай машынкі. Аляксандр Мікітавіч сядзеў насупраць жонкі, штось пісаў у тоўстым сшытку. Малыя — Дзіма й Алег — таксама былі пры занятку: адзін пілаваў дошку, другі біў па ёй малатком…

Аляхновіч нават зніякавеў: не хацелася перарываць сямейную ідылію. Гаспадыня перапыніла работу, паправіла на плячах хусціну, пазнала Аляхновіча — і ўсміхнулася.

–  Вось гэта госць! — узрадаваўся і Уласаў — з аграмаднай копкай чорных вусоў, падстрыжаны «пад нуль», у шырокім зрэбным касцюме. Агледзеў Аляхновіча (з чамаданікам, цёплае паліто, зіхоткія чаравікі).
– Давай бліжэй, і табе месца хопіць, — і паказаў на лаву. — Куды гэта так выхранціўся? Во каму дома не сядзіцца!

–  Так-так, дома добра… — выдыхнуў Аляхновіч і стомлена сеў. — Ды яшчэ з такімі памочнікамі!
– і кіўнуў на малых.

–  Зразумеў… - Уласаў бліснуў шкельцамі пенснэ. — Сабраўся ляцець…

Аляксандра Паўлаўна схавала машынку, пачала збіраць на стол пачастунак:

–  Во, як і ведалі… З абедам прыпазніліся. А што гэтым часам у Менску чутно?

–  Калі вы пра харч — усе крамы адчынены, ды ў іх адно хлеб, квас і «сітро»… — Аляхновіч памаўчаў і сказаў да Уласава: — А на Камароўцы ЧК зноў страляе… А ў вас?

–  А ў нас бальшавікі пакуль толькі збожжа забіраюць…

Ноччу Аляхновіч нелегальна перайшоў пад Радашковічамі мяжу — дзе гэта лацвей было зрабіць, падказаў Уласаў.

–  Трымайцеся там… — сказаў ён, выпраўляючы госця. — Нешта будзе… А дарогай — на вось, прачытаеш… — і запіхнуў Аляхновічу ў кішэнь складзеную старонку газэты.

Яе Аляхновіч разгарнуў ужо ў «Польшчы», калі перайшоў мяжу, — газэта (назвы на адарванай старонцы не было) перадрукоўвала Мемарыял Найвышэйшай рады БНР польскаму ўраду:

«<…> у імя <…> будучыні і каб паправіць старыя абмылкі і завязаць з Беларускім народам вузлы прыязьні, Найвышэйшая рада Беларускай Народнай Рэспублікі зварочваецца да Ураду Найясьнейшай Рэчыпаспалітай Польскай з просьбай зрабіць вось якія пастановы:

1. Прызнаць незалежнасьць Беларусі ў яе этнаграфічных граніцах і ў цеснай эканамічнай сувязі з суседнімі дзяржавамі, якія ўтварыліся з былой Расейскае імперыі.

2. Форму дзяржаўнага ладу, а таксама дзяржаўную і палітычную сувязь з суседзямі разрашыць Беларускі Устаноўчы Сход, які будзе скліканы тым часовым Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі.

3. Усялякіе акупацыйные войскі павінны быць выведзены з беларускай тэрыторыі, а ў пераходным часе пратэктарат над Беларусьсю павінна ўзяць з рукі Лігі Народаў адна з дзяржаў, незаінтэрасаваных у Беларусі тэрытарыяльна.

Апрача гэтых асноўных пунктаў Найвышэйшая рада БНР просіць прыняць свайго прадстаўніка ў склад польскай дэлегацыі на мірные перагаворы з Савецкай Расеяй».

Пад Мемарыялам стаялі прозвішчы прадстаўнікоў Найвышэйшай рады Іваноўскага, Цярэшчанкі і Дубейкоўскага. Аляхновіч захавае тэкст Мемарыяла і праз некалькі тыдняў перадрукуе яго ў № 2 свайго новага часопіса «Беларускі Звон» ад 3 красавіка 1921 года. Аднак перамагла «эндэцкая» палітыка і ейны сцяганосец Грабскі. Незалежнасць падзеленай Беларусі так і засталася «папяровай»…

«Злосны» выкладчык

На пачатку сакавіка ў Вільні Аляхновіч сустрэўся з Тарашкевічам — абгаварыць навіны і, асобна, перадаць «галубіную пошту» ад Уласавай пляменніцы Веры (а ўжо ведаў, што Браніслаў з Верай даўно знаюцца).

Тарашкевіч жа нечакана агаломшыў:

–  О! Добра, што цябе ўбачыў… Ты вельмі патрэбны. Будзеш вучыць польскай мове і літаратуры ў нашай гімназіі.

–  Як гэта? Я ж не патраплю. Мову яшчэ так-сяк… А літаратуру?

–  Выйсця няма. Ранейшая настаўніца з'ехала ў Коўну. Нікога не падабраць: не пачатак жа года… Словам, ідзі да Кахановіча, пагавары з ім.

Аніякіх планаў Аляхновіч яшчэ не паспеў скласці, і капейчына ад настаўніцкага заробка не стала б лішняй. Але ж і настаўнікам быць ніхто не вучыў…

А Кахановіч — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі — яшчэ больш азадачыў:

–  Вучні слаба ведаюць польскую мову, а польскія школьныя ўлады патрабуюць заканчэння курса навучання па агульнай для ўсёй Польшчы праграме. Інакш усе гімназісты застануцца ў сваіх клясах на другі год. Выручай!

Часу ж на падрыхтоўку лекцый не было. Аляхновіч пастараўся выбраць найбольш кідкія і цікавыя матэрыялы з гісторыі польскай літаратуры і «бліснуць» імі перад аўдыторыяй — каб, крый Божа, не рассакрэцілі такога «прафесара». Адно добра: да заканчэння школьнага года заставалася некалькі тыдняў…

Першая лекцыя — у восьмай клясе. Абазначыў тэму: «Вільня і пачаткі польскага рамантызма». Аляхновічу яна падалася найцікавейшай: у Вільні, у тых жа Базыльянскіх мурах, адбываліся сцэны Міцкевічаўскіх «Дзядоў»… Лекцыю заканспектаваў, у партфель склаў кнігі — каб зачытваць цытаты, перад сабой на стале паклаў гадзіннік — каб «укласціся» ў сорак пяць хвілін… Стараўся — як ні на кожным сваім спектаклі. Адгаварыў з палову лекцыі, паспрабаваў выклікаць у сваіх чытачоў смех — і толькі нудныя міны…

Мароз прабег па скуры. «Няўжо яны расшыфравалі мяне?! Няўжо такія відочныя мае недахопы?!»

Нарэшце — званок. І Аляхновіч насмеліўся на шчырасць:

–  Ці ўсё было зразумела?

Маўчанне.

–  Мо хто з вас мае нейкія запытанні?

У адказ — выбух смеху.

Зніякавелы, збянтэжаны, Аляхновіч сеў і, чырванеючы, нясмела запытаў у дзяўчатак з першага раду:

–  Што здарылася?

Тыя разам і пратараторылі:

–  Выбачайце, пане вучыцель, але мы нічога не зразумелі…

–  Як?

–  Мы не разумеем па-польску…

Папярэдніца Аляхновіча усім — не зважаючы на паспяховасць — ставіла пяцёркі. Аляхновіч жа, разважыўшы, пачаў «разбаўляць» пяцёркі чацвёркамі: не ўсе ж вучацца аднолькава.

І вось аднойчы на яго кватэру прыйшлі дзве гімназісткі восьмай клясы — гадоў па васемнаццаць.

–  Калі ласка… Сядайце… — Аляхновіча, папраўдзе, іхні візіт крыху здзівіў.

Адна намагалася штось сказаць, а другая нечакана заплакала… Прычына — настаўнік паставіў ёй сёння чацвёрку, а ўсім — пяцёркі…

Поделиться с друзьями: