Пляц Волі
Шрифт:
І мусіў Аляхновіч прасіць у дзяўчат прабачэння, частаваць іх цукеркамі і лікёрам.
– Не гневайцеся, — на развітанне шляхотна пацалаваў ім ручкі…
А на экзаменах яго зноў перастрэў Тарашкевіч:
– Ну, як жа там?
– Зусім кепска… Нават мовы польскай не ведаюць… — Аляхновіч казаў, як было.
– Якое выйсце? — Тарашкевіча гэта не надта занепакоіла.
– Адно… З тваёй згоды пастаўлю ўсім пяцёркі, - Аляхновіч па-блазенску прымружыў вока.
Больш на выкладчыка Аляхновіча аніхто крыўды не меў…
Праз паўтары тыдні пасля свайго настаўніцкага дэбюта Аляхновіч пачаў збіраць матэрыял для свайго новага літаратурна-грамадскага часопіса «Беларускі Звон» — яго першы нумар выйшаў 22 сакавіка 1921 года. Выкладчыцкі клопат разбаўляўся выдавецка-рэдактарскім — і меў, трэба думаць, лепшы плён.
««Звон» згуртаваў каля сябе лепшыя беларускія публіцыстычныя і літаратурныя сілы. Орган гэты зьяўляецца цяпер у Віленшчыне праўдзівым выявіцелям беларускай грамадзкай апініі», — напіша пазней пра часопісь Францішка Аляхновіча ковенскі «Беларускі Сьцяг».
Маладое жыццё
Уладзімера Жылку, камісара БНР, прызначылі на працу ў Віленскі паўстанцкі камітэт (дзе ён мусіў дзейнічаць поруч са сваім знаёмцам па Слуцкім чыне цёзкам Пракулевічам). Паўстанцкі камітэт рыхтаваў выступленні супраць польскіх улад, пад ачолам якіх чыніліся здзекі на акупаваных беларускіх абласцях.
Ранкам Жылка агледзеў рэшткі абарончых замкавых муроў з параненымі вежамі, доўга стаяў каля куста маладога бэзу пад Гедымінавай гарой. Летуценілася пра штось няўлоўнае і вабнае, самі сабой пачыналіся складвацца вершы — лёгкія, нібыта счытаныя з пергамінаў старых патрэсканых вежаў…
Мы любім даўнія паданьні, Быліцы сівых песьняроў. Няхітры іх апавяданьні Аб справах мінулых вякоў… Але нам будуць ўсё ж мілейшы Часы, калі з нізін, балот З надзеяй ў шчаснасьць дзён сьвятлейшых Устане ўзбуджаны народ…Прысеў на друз замкавай сцяны, агледзеў прыціхлы зранку горад, затым — Гедымінаву гару, пакрытую маладым вясновым зяленівам…
Наўкола роў, травой парослы і шырокі, За ім астача сьцен зруйнованых замковых… Тут князь калісьці жыў багаты, ганаровы, І слава-чутка йшла аб ім у сьвет далёкі. Цяпер жа сумна мур глядзіцца адзінокі, Ў праходах вецер рве, здзьмухае пыл вяковы, Ўначы стагнаньнямі і плачам страшаць совы, І кажаны лятуць на дзень ў цьвілыя лёхі…Праз гадзіну ён выбраўся на Вострабрамскую. У рэдакцыі «Нашай Думкі» — нечаканая сустрэча. За стосам газэт, закасаўшы рукавы (пінжак накінуты наапашкі), узвышаўся Макар Краўцоў…
– Жылка! Няўжо ты?! — ад здзіўлення ажно прыўстаў. — Даўно ў Вільні?
– Першы дзень.
– А як дабраўся?
– Ды без прыгод. Гуртам, кажуць, і бацьку лацвей біць, не тое што перахітрыць Пілсудскага… — і ён зморана, хоць і вымагаўся ўсміхнуцца, сеў на прыстаўлены да рэдактарскага стала табурэт…
З Польшчы на Віленшчыну яны дабіраліся ўтрох: Жылка, Міхась Каберац і Юльян Сасноўскі — усе ўдзельнікі леташняга Слуцкага чыну. Макар Краўцоў прыехаў у Вільню раней, і вось цяпер, як расказаў, Максім Гарэцкі перадаваў яму рэдактарства «Нашай Думкі», якая, аднавіўшыся, выходзіла з пачатку 1921 года.
Прагаварылі з паўгадзіны. Напрыканцы, ужо развітваючыся, Жылка дастаў з кішэні некалькі напалам складзеных аркушаў — вершаваныя радкі на іх былі ўпісаны каліграфічным прапісным почыркам.
– Я гэта… вось колькі вершаў прапанаваць рэдакцыі хацеў бы, — асцярожна паклаў на стол і намерыўся развітацца, як дзверы рэдакцыйнага пакоя расчыніліся і ўвайшоў Максім Гарэцкі: бадзёры, у шырокім касцюме з яркім гальштукам; нават раннія залысіны пасавалі ягонай шляхотнай паставе.
– Знаёмся: Уладзімер Жылка, — Макар Краўцоў выйшаў з-за стала. — Вершы нам прывёз. Можа, глянеш? — Краўцоў Гарэцкага быў «старэй» на тры гады, і намагаўся трымацца «стала».
– То ж аўтар ёсць, хай і прадэклямуе нам. — Гарэцкі прысеў да вакна, ускінуў нагу на нагу — і зрыхтаваўся слухаць. Жылка не чакаў такога ходу, крыху зніякавеў, сторапу прачытаў два вершы і сціх. Гарэцкі одумна пахітаў галавой, адзначыў у вершах «маладога паэта» (на сем гадоў маладзейшага) некаторыя шурпатасці і… забракаваў іх [36] .
36
Пра гэта ўзгадваў ва ўспамінах пра Ўладзімера Жылку сам Макар Краўцоў.
У Вільні Жылку падтрымалі Антон Луцкевіч і Францішак Аляхновіч. З'явіліся і новыя сябры сярод гімназістаў, не зніклі і колішнія — Сасноўскі (пачаў вучыцца ў беларускай гімназіі) і Каберац. Восенню ў Вільні адкрылася восем пачатковых беларускіх школ. У адной з іх пачала працаваць настаўніцай Наталля Арсеннева (таксама маладая паэтка, вершы якой — яшчэ гімназісткі — былі ўхвалены ейным настаўнікам Гарэцкім). Кіраўніком той школы прызначылі Міхася Кабераца.
Пара акрыленасці не ведае крыўдаў… Не меў іх і Жылка, хоць і быў крыўдлівым, хоць і ўспрымаў нядобразычлівасць балюча, хваравіта, — як і ўсе сухотнікі. Нядаўна ён прачытаў нумар «Нашай Думкі» ад 25 сакавіка — і быў уражаны артыкулам А. Мсьціслаўскага «Думкі і развагі з прычыны свята незалежнасці». Пад такім псеўданімам пісаў Максім Гарэцкі — і Жылка ведаў пра гэта. Некалькі разоў перачытваў ён «Думкі і развагі»…
«Незалежнасьць — гэта ёсьць вянец усім нашым імкненьням. Гэта ёсьць той ідэал, тое пуцяводнае сьвятло, да спраўджаньня якога скірована дзеяльнасьць кожнага грамадзяніна… Якое бы райскае жыцьцё ні дэкляравалі нам маскоўцы, палякі ці навет ліцьвіны, мы — прапашчыя, няшчасныя людзі датуль, пакуль не зрэалізуем <…> свайго незалежнага гаспадарства… Пад Польшчаю ці пад Маскоўшчынай мы памром нацыянальнай сьмерцю і пойдзем гноем пад красаваньне чужое культуры <…>. Пад маскоўскім панаваньнем мы якраз рызыкуем страціць сваю душу <…>. Маскоўскія камуністы гвалтам накінулі нам так званую «дыктатуру пралетарыята», хаця Беларусь ня можа прыняць ня толькі яе нягоднае фікцыі <…>, бо ня можа быць «дыктатуры пралетарыята» па маскоўскаму рэцэпту ў той старонцы, дзе калі й мысьліма якая дыктатура, дык толькі дыктатура сялянства <…>. І вось адзіны вывад з усяго сказанага, адзіны правільны адказ: Незалежнасьць бацькаўшчыны!».
Жылка прачытаў ужо аповесць Гарэцкага «Дзве душы» (кніжку, якая выйшла ў Вільні яшчэ ў 1919 годзе, даў яму Макар Краўцоў) і цяпер пачынаў задумвацца аб тым, што душа балюча дваілася не толькі ў галоўнага героя аповесці Ігната Абдзіраловіча, але — і ў самога аўтара, самога Максіма Гарэцкага… У памяці высвеціліся Бядулевы выцінкі з менскай «Звезды» за 1919 год з артыкулам «Крах самостийности», пазначаны крыптанімам П. Б.
– А хто гэты «П. Б.»? — спытаў тады Жылка.
– Панскі Бізун… Ён жа — Максім Гарэцкі, аўтар зборніка апавяданняў «Рунь», — паківаў галавою Бядуля…
А ў тым артыкуле два гады таму Гарэцкім выкладаліся зусім адрозныя думкі:
«Самостийность — это самая уродливая форма, в какую может вылиться возрождение <…>. Теперь жертвовать великими идеями коммунизма во имя возрождения в понимании самостийников — преступление перед тем же возрождаемым пролетариатом <…>. Наше крестьянство <…> должно смело ндти за свим коммунистическим строем, единственным истинным возрождателем».
«Як двума рознымі людзьмі пісалася… — дзівіўся Жылка. — За два гады — чым не дваенне душаў?..»