Пляц Волі
Шрифт:
– Чаму? Стой каля вакна і чакай, я ўвомірг! — і ў дзверы.
Праз некалькі хвілін пад вокнамі Беларускага дома затарахцеў легкавы аўтамабіль, чорны, з вялікімі коламі (сняжынкай разыходзіліся тоўстыя, у палец, спіцы), з дзвюмя круглымі вірламі-фарамі — як з аграмадным пенснэ — над радыятарам. Шырокія шчыткі над коламі, складзены брызентавы башлык-катур ззаду (як дождж ці холад — можна было закрыцца, як у карэце). І — о дзіва! — за рулём Макар сядзеў, Алесю ківаў…
Заставалася толькі вядро ды сякерку расшукаць.
Аўтамабіль належаў Беларускаму камітэту. У Менск жа прыгналі яго немцы (генерал ехаў нейкі), дзе аўто і зламалася. Пры адступленні яго кінулі каля чыгункі. Майстар Домскі — стары менчук-чыгуначнік — адрамантаваў, падфарбаваў іржаўчыну. Дэпо аўтамабіль і падарыла Беларускаму камітэту, Домскі ж стаў шафёрам. У яго і выпрасіў Макар на паўдня жалезнага каня, сам (спрактыкаваны ўжо быў, не раз газаваў па менскіх вулках) за руль сеў — справа, бо аўтамабіль ангельскі быў («жарабец антантаўскі», як ахрысціў яго адразу ж Алесь).
За горад хутка выехалі. Дарогу ён, Алесь, паказваў — памятаў невялікі беразнячок, як на Слуцак выбірацца. Руліў Макар упэўнена, сакавіцкая дарога падсохла ўжо, там-сям з лагчынак снег брудны выглядваў.
«Жарабец» такі грукатаў моцна, і Алесь з Макарам, накрычаўшыся (проста гаварыць не выпадала — не чуваць нічога ж) яшчэ ў горадзе, маўчалі. Першы то па баках вызірваў, то свайго нечаканага шафёра вывучаў — нацятага, сур'ёзнага, галава крыху ў плечы ўехала.
Зналіся яны ці не з самага Алесевага прыезду ў Менск, і хоць на трынаццаць гадоў розніцы ў іх (Макар нарадзіўся ў 1890-м) было, хоць на «ты» зваліся — на цэлага паўвеку старэйшым Алесь сябра бачыў. А як жа яшчэ… Ужо з 1915-га ў вайну быў Макар прапаршчыкам на Паўночна-Заходнім фронце, а затым на Валынскім. Салдаты абралі яго дэлегатам Першага Усебеларускага з'езду. Стаў нават сябрам Рады БНР. Ягоны подпіс стаяў пад тэкстам Першай Устаўной Граматы! Ён браў удзел у паседжанні Рады БНР у ноч з 24 на 25 сакавіка 1918-га — і прымаў акт пра абвешчанне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі! Ён, урэшце, аўтар знакамітага гімна БНР — ім стаў ягоны верш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», пакладзены на музыку случаком Уладзімерам Тэраўскім. Распавядаў жа пра ўсё гэта Макар скупа: «Ну быў…», «Ну давялося…», не выстаўляўся перад ім, маладзейшым, — і праз гэта яшчэ больш загадкавым і «вялікім» здаваўся…
Вясна ж на Меншчыну прыходзіла няспешна, запознена. Разагрэтае сонца зямлю падсушыць, з узгоркаў вясёлыя раўчукі пусціць — а праз дзень зноў нізкія хмары небасхіл абвалакуць, снегу нацярушаць. І назаўтра — зноў макрэча, стынь. Але ж калі і небасхіл падманваў, і зямля йшчэ ад сну выварушвалася, дык дрэвы — гэтыя мудрыя вартавыя-знахары прыроды — маніць не маглі: усе, нават каржакаватыя дубы-перастаркі, неяк па-маладому выстрэньчвалі ўверх намерзлыя за зіму галіны, капілярнымі радзімкамі кволіліся на іх пупаўкі-пупышкі, трэскалі-спяшалі, расцвітаючы аксамітна-востранькімі зубкамі лісткоў.
Яшчэ праз пяць хвілінаў насустрач ім выбегла — і перакінулася за паварот на другі бок дарогі — шырокая пасма падлеску-бярэзніка. Тут Макар і прытармазіў, выскачыў з машыны, моцна бразнуўшы дзверыной.
– Ну, хто першы грэх на душу браць будзе? — і, пастукаўшы даланёй па шэрхлай бярозіне, узяў сякерку. — Нясі вядро…
Нават і не чакалі, што сок пырсне так моцна — як з набухлай вены… Тонка параніў Макар і беластволую суседку-спарыш, гладыш падставіў (да першай вядро прымастачыў).
– Ты, браце, тут пільнуй, я шчэ пашукаю, — і знік за прыгоркам. Як вярнуўся, ужо ледзь не паўвядзёрка соку з дзвюх бяроз нацурцоліла. Прысеў на падножку аўтамабіля, бутэльку з кішэні дастаў:
– Ну на, каштуй… — і бутэльку да Алеся паднёс (той на заднім сядзенні прыўзлёг, зачакаўшыся).
– Ды ты што?! — зніякавеў Алесь.
– Сок гэта, з грабу, не гарэлка. Пі, не бойся, калі такога паспытаеш?..
– З грабу? — перапытаў — думаў, недачуў што. І пражыў у вёсцы, на прылеску, а што з грабу сок спускаюць — і не чуў нават. А глытнуў — аж язык замлеў: соладка, смачна! Макар, аказваецца, за гэты час граба шукаў! І не заўважыў, як большую частку выпіў. Назад бутэльку аддаў, вусны аблізнуў:
– Смаката, я й не ведаў…
– Выпівай, я каля граба наспытаўся! — і ўсміхнуўся, прыгожа канаўкі на шчоках паглыбіўшы.
Алесь ахвотна зноў галаву закінуў, грабавік каб дапіць — і так і застыў з узнятай бутэлькай, другой рукой Макара штурхануў, пальцам уверх тыцнуў, нат слова не мовіў. І Макар знерухомеў, тое ж пабачыўшы: нізка, здавалася — над самымі верхавінамі бяроз, над іхнімі галовамі плыў павольна клін журавоў, птушак з дзвесце — ціха, стройна, грацыёзна. Спераду — важак, шыю выгнуў, на іх — здалося — зірнуў, - і зноў выдзюбіўся наперад. Нават мерны шоргат крылаў апаў на іх зверху…
– Дамоў вярнуліся… — апамятаваўся Макар, калі журавоў ледзь відно стала.
– Можа, і над маім Слуцкам вось так праплывалі?
Счакалі, пакуль не набралася вядзерца соку, і назад паехалі. За руль Алесь напрасіўся:
– На конях то добра гарцую, дык няўжо ж на гэтай траскотцы не здолею?!
Напачатку Макар дапамагаў — і шчапленне, збоку седзячы, адпусціў, і перадачы сам уключаў: Алесь толькі рулём і «газам» камандаваў — з Макаравай падказкі. І атрымалася, толькі роў жарабец жалезны мацней патрэбнага, гыркаў злосна на выбоінах, а пасля такі прынаравіўся, скарыўся лёсу свайму, і віхляць з боку ў бок меней стаў. І Алесь асмялеў, руля плаўней круціў, хуткасці падбаўляў. А Менск дзесь у прывечаровай хмурадзі прыхоўваўся, Домскі ў гаражы — пэўна ж! — нерваваўся… І прыспешвалі хлопцы — вось-вось фары ўключаць давядзецца. Дарога з горкі прыпусціла, лес зноў бліжэй да яе прыціснуўся…
– Тармазі!!! — стрэліў раптам Макар. Крычаць то можна, а як тармазіць — не паказаў жа! Ды ў Макара і ў самога ногі доўгія — увомірг да педалькі дацягнуўся. Аўто нібыта на штось нябачнае тыцнулася, крыху ўбок віхнулася — і стала, заглохла. Алесь (добра, што за руль трымаўся!) ледзь з машыны не выкаўзнуўся, вочы наперад вытарачыў — і ў тую ж паўхвілю перад саменькім буферам штось вялікае, рудое шухнула (ажно ветрам твар абдало), на другі бок дарогі пераскочыла — і толькі тады стук з-пад капытоў данёсся…
– Матка Боска… Няўжо лось?! — Алесь глядзеў услед напалоханай жывёле і, сам зляканы, не мог міргнуць нават.
– Ты ж на дарогу глядзі, вершнік! А то і сам так рогі скруціш!
– Дык я… — пачаў быў Алесь, — але што тут апраўдвацца!..
Толькі з паўвяршка бярозавіку і давезлі яны ў Менск — абярнуўся, разліўся ледзь не ўвесь сок з вядра пры тармажэнні… І на кепікі Домскага «Дзе ж ваш сок, натуралісты?» Макар і знайшоўся толькі:
– Зазяваліся троху, а лось і выкаўтаў…
Алесь Хведаравіч яшчэ крыху пастаяў перад Кафедральным касцёлам, неўразумела гледзячы на дзве паніжэлыя, як падалося, званіцы. Заціснуты недарэчнымі будынкамі, касцёл патанаў пад наступам шэрага бетона. А дзе ж Губернатарскі дом? (Не ведаў, што на яго яшчэ два паверхі надбудавалі.) А дзе ж Ратуша? Яшчэ ж у апошнюю вайну было ўсё, ацалела… І там, справа, бліжэй да Свіслачы, якісь новы гмах-стадола… Нібы апамятаўшыся — спешка перахрысціўся. (Што думаючы? Дзякаваў, канешне, Небу за гэты падарунак звароту.) А затым — міжволі, спантанна — пакрочыў… Куды? Ён і сам яшчэ ўсвядоміць не мог, не паспеў. І ўблудзіў у нейкі напаўзакінуты двор, пашкадаваў нават, што на тлумнай шырокай вуліцы не застаўся ці — і таго лепш — зноў у таксі не сеў. Ды, дзякуй ёй, — акурат перад вачыма кабетка жвава з пад'езду выпырхнула і ледзь з ім не сутыкнулася..