Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

У вакно вызірнуў гаспадар, усміхнуўся і праз хвілю сустракаў Езавітава на абвітай павоямі верандзе.

–  Добры дзень, добры дзень! — імпэтна заварушылася бялявая бародка. — Заходзьце. — Райніс запрасіў у хату і фурмана: — А чаго пячыся? Тут хоць які цень…

Зайшлі ў гасцёўню. Гаспадар спачатку пачаставаў сваімі настойкамі, а толькі потым пацікавіўся:

–  Паведамлялі мне з Рыгі, што ў вас да мяне клопаты?

–  Так, Яніс Крыш'янавіч. Беларусы хочуць прасіць у вас падтрымкі… — загаварыў Езавітаў. — Наша таварыства «Бацькаўшчына» заклала ўжо дваццаць школ. Хочам адкрываць новыя. А для кіраўніцтва і арганізацыі беларускага школьніцтва неабходна стварыць спецыяльны адзьдзел пры міністэрстве асветы. Гэтага і дамагаецца Цэнтральнае праўленне «Бацькаўшчыны» і шукае, найперш, вашай падтрымкі — і як вядомага паэта, і драматурга, і як лідэра латвійскай сацыял-дэмакратыі, і як дэпутата Устаноўчага Сойма.

–  А што… — Райніс прыціснуў даланёй бародку, задумаўся. — З міністрам Дауге я пагавару… Складзём зварот у Кабінет… А чаму б і не?! — Затым доўга распытваў пра Беларусь, беларусаў Латвіі.

Езавітава дзівіла, што Райніс ведаў не толькі пра беларускі нацыянальны супраціў бальшавікам, у прыватнасці — пра Слуцкі збройны чын, але і пра ўзаемаадносіны беларускіх дзеячоў.

–  Ці праўда, што Антон Луцкевіч назваў Ластоўскага бандытам, а літоўцаў — заклятымі ворагамі? Чым займаецца Народная рада БНР і ўрад Ластоўскага ў Каўнасе-Коўні? — некаторыя з ягоных пытанняў.

Езавітаў мусіў даверыцца:

–  Рыжская дамова ад 18 сакавіка па жывому парэзала Беларусь на часткі… - ён зірнуў на свайго фурмана — той нават паспеў задрамаць на мяккім фатэлі — і працягнуў смялей: — У абедзьвюх частках Беларусі пачалася падрыхтоўка паўстанняў. Аднак карныя органы арыштавалі эсэраўскае ЦК — а эсэры кіруюць уздымам — і ўвесь менскі камітэт партыі, сотні партыйных актывістаў… Пасля гэтага галоўная роля ў арганізацыі супраціву і перайшла да дзеячоў у Заходняй Беларусі і эміграцыі, перайшла да Ластоўскага…

Калі развітваліся, Райніс завёў гасцей у сад і натрос ім яблыкаў…

А 18 жніўня на адрас «Бацькаўшчыны» ад яго прыйшоў ліст, у якім паведамлялася аб першых кроках па ўтварэнні беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы. Райніс яшчэ раз запэўніваў:

«Вы ў мяне заўсёды знойдзеце ў добрых справах добрага абаронцу».

Пра ўсе падрабязнасці распачатага нацыянальнага вызвольнага руху Езавітаў расказаць не мог нават Райнісу — і не таму, што не хацеў даверыцца, — не хацеў уводзіць і Райніса, і сваіх сяброў у непатрэбную рызыку. З месяц таму не без удзела ўрада эсэра Ластоўскага і яго, Езавітава, спрыяння быў створаны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт на чале з Уладзімерам Пракулевічам, былым старшынёй Рады Случчыны, пад кіраўніцтвам якой і выбухнуў летась антыбальшавіцкі чын. Пракулевіч быў сябрам прэзідыума Віленскага нацыянальнага камітэта і сябрам замежнага ЦК партыі беларускіх эсэраў. У маі 1921 нават арыштоўваўся польскімі ўладамі.

Галоўны штаб беларускіх партызанаў узначаліў падпалкоўнік Успенскі, былы камандзір Ваўкавыскага беларускага батальёна. Партызанскія атрады пачалі фармавацца на Горадзеншчыне. А на верасень у Празе была запланавана канферэнцыя беларускіх палітычных арганізацый, якая і мусіла вызначыць адносіны беларускага руху да Рыжскай дамовы і далейшую палітыку ў стасунках з Масквой і Варшавай…

Чаканыя нечаканасці

У Дзвінску Езавітава чакаў прыемны сюрпрыз. Раніцай зайшоў на кватэру «Бацькаўшчыны», а Ян Харлап замест роспытаў выпаліў:

–  Тут цябе ўжо колькі дзён твой таварыш дамагаецца… Жыць не мае дзе, дык я яго ў нас, у бібліятэцы «прапісаў», — і ўсміхнуўся. — Схадзі павітайся, а тады пра паездку раскажаш…

Толькі адкрыў шкляныя дзверы ў бібліятэку, а насустрач — Васіль Муха:

–  Нарэшце ты адшукаўся, пан генерал!

…Год Муха правёў у атрадзе Сяменіка. Расказваў, што палякі выдавалі толькі харч, а ў зношанай вопратцы, казалі, у лесе ня сорамна… Нястачы прывялі да хваробаў. Восенню палову атрада — і самога камандзіра, і Муху — зрэзаў тыф. Хворых адвезлі ў мястэчка Смалявічы. Пасля гэтага атраду Сяменіка польскія ўлады выдалі абмундзіраванне, пенсію і, дазволіўшы пашыраць свой аддзел, даручылі самае пякельнае — выведку на фронце.

Муха паказаў нават фотакартку выведчыкаў: дзевяць партызанаў — у шынялях, світках, падперазаных дзягамі, у зімовых шапках-«стаўбурках», за плячыма — вінтоўкі. Паперадзе Лукаш Сяменік — невысокі, у доўгім шынялі з каўняром з чорнага футра, на дзязе — кабура з наганам і марскі корцік (падарунак Мухі), доўгая шабля ў похве, чорная шапка бокам насунута на макаўку галавы, высокі ў маршчынах лоб. За Сяменікам — сам Муха.

–  Чакай, недзе я ўжо гэтую гвардыю бачыў… - Езавітаў аддаў фотакартку. — Ну так, пад артыкулам пра Сяменіка ў Аляхновічавым «Беларускім Жыцьці»! [38] Так што не думай, — і Езавітаў прыязна ўсміхнуўся, — ведаем мы сваіх герояў…

38

Артыкул «Л. Сяменік», падпісаны скарочаным «Ст-іч», і згаданы фотаздымак беларускіх партызан былі змешчаны ў № 3 (25) «Беларускага Жыцьця» за 9 лютага 1920 года. Адным з першых «партызанку» Сяменіка і ўвесь беларускі вайсковы рух (дзейнасць Булак-Балаховіча, арганізацыі «Зялены Дуб» пад ачолам Дергача-Адамовіча) пачаў вывучаць беларускі гісторык і бібліяфіл Рамуальд Зямкевіч. Ён меў магчымасць працаваць з архівам Булак-Балаховіча і нататкамі-мемуарамі Ядвігіна Ш. пра генерала, якія перапісаў у сына Булак-Балаховіча. У лісце да Вацлава Ластоўскага 27 снежня 1922 года (глядзі публікацыю лістоў Язэпам Янушкевічам у «ЛіМе» (1999, 4 чэрвеня)) Рамуальд Зямкевіч прызнаваўся:

«Апрача гэтага запісаў я са слоў Дзергача (Адамовіча) шмат фактаў, каторыя правяраю ў гутарках з ваякамі Балаховіча і св[ятой] пам[яці] Семенюка. Зрабіць гэта, разумеецца, трэба і то як найхутчэй, бо падзеі ў памяці заціраюцца, а не напісанае і не надрукаванае не дасць ніколі будучыім пакаленням зразумення праўды. Гісторыія партызанкі Семенюка (Рамуальд Зямкевіч, як і многія іншыя, называў партызанскага атамана Семянюк, а не Сяменік.
– А. П.), а таксама «Зялёнага Дуба» цікавіць і займае маю ўвагу, але кожная паасобку. Разумеецца, што ўсё гэта ў адрыўках будзе вам паслана для друку ў «Беларускім Сьцягу»».

Згаданыя матэрыялы Рамуальда Зямкевіча знайсці не ўдалося. З ягонага пісьма вядома адно: жыццёвы шлях беларускага партызана-змагара Лукаша Сяменіка скончыўся да снежня 1922 года - перад прозвішчам з'явіўся дадатак «св[ятой] пам[яці]...

Так, часам можа падацца, што жыццё чалавечае сплятаецца з нечаканасцяў. Хто знае, хто з кім спаткаецца, што на што набяжыць?..

На асвечанай яшчэ не ашчадным вераснёвым сонцам Прывакзальнай вуліцы Коўна лёсіла сустрэцца Цішку Гартнаму і Паўліне Мядзёлцы.

–  Дзядзька Цішка, ці ты гэта? — першай азвалася Мядзёлка. — Якім ветрам да нас?!

Гартны здзіўлена зморшчыўся — і прамовіў ціха, усміхаючыся:

–  Ды не да вас, а цераз вас… — прымружыў адно вока і ўважліва агледзеў Мядзёлку: — А паненка ўсё харашэе…

–  Я ўжо год як пані. — Мядзёлка адкінула з брыва завіты кудзярок (тут, на Прывакзальнай, яна нядаўна выйшла з цырульні).

–  Ну?.. — Гартны зноў зморшчыўся. Насамрэч, ён ужо ведаў пра шлюб Мядзёлкі з Тамашом Грыбам, як і пра колішні арышт абодвух польскай дэфензівай, але чамусь яму хацелася пра гэта «забыцца».

–  Так-так… А што там у вас у Менску новага? Як нашы? — зашчабятала Мядзёлка. — Я ж анічогаткі не чула. Давай пап'ём кавы ды пагаворым. Ці надоўга ў Коўну?

–  Вечарам еду.

–  То тым больш хадзем!

У кавярні на той жа Прывакзальнай было моцна накурана. Гартны хмурыўся, неахвотна адказваў на Мядзёльчыны пытанні, выціраў спацелы лоб, а потым цмокнуў і адкрыў вакно, правёў вачыма сялянскую фурманку, што нарабіла на вуліцы грукату, затым сеў і спытаў сам:

–  А як пані Мядзёлцы жывецца?

–  Пакуль, цьфу-цьфу, ад ліха ціха…

–  А муж… Твой Грыб як?

–  Тамаш у Лодзі. І я б там была, каб не збегла па падробленых дакумэнтах… — Мядзёлка, заўважыў Гартны, зусім не хацела кавы — крышку прыгубіла і адставіла філіжанку.

–  А як не сакрэт, куды васпан збіраецца вечарам ехаць?

–  У Берлін, — Гартны мовіў гучна, упэўнена, а Мядзёлка як не дачула — запытальна ўгледзелася яму ў вочы, не стрымалася:

–  Во як! Там, кажуць, цуд, Эўропа! — і ўздыхнула: — А мы вось тут седзімо і пра свет толькі па часопісах ведаем…

І тут Гартнага нібыта працяла электрычным токам — узняў галаву, наструніўся:

–  Хочаш у Берлін… на працу?

Мядзёлка, агаломшаная, адхіснулася да спінкі стула, але здолела стрымацца, адказала, як здалося, нават пакрыўджана:

Поделиться с друзьями: