Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

2. звязаўшы сваё імя з беларускім вызвольным рухам, ён не ачысціў сябе ад ганебных абвінавачванняў у габрэйскіх пагромах;

3. ён самачынна аб'явіў сябе галоўнакамандуючым беларускімі збройнымі сіламі і

4. выдаваў акты дзяржаўнага значэння.

Прымаючы ўсё гэта пад увагу, канферэнцыя лічыць Балаховіча, — да таго часу, пакуль ён не апраўдае сябе перад беларускай грамадскасцю, — узурпатарам і авантурыстам».

–  І яшчэ… — Езавітаў адклаў паперы. — Рада беларускай нацыянальнай сувязі правільна зразумела, што нашае драбленне — толькі на карысць нядобразычліўцам, наша расцярушанасць не можа больш доўжыцца, не можна нам распаўзацца і далей ва ўсе бакі… Хочацца верыць, што мы яшчэ не зусім расклеіліся, што агульнаю мовай могуць гаварыць розныя нашы палітычныя партыі і групоўкі. Фактычнае і юрыдычнае становішча нашага сярмяжнага народу назваць інакш, як нацыянальным беспрасвеццем, нельга, стан заселенай беларусамі зямлі нельга лічыць інакшым, як трагічным. Польшча, якая нядаўна сама ўваскрэсла да жыцця з падобнага становішча, патрапіла заключыць у Рызе з Савецкай Расіяй — у тым ліку і куртатай Савецкай Беларуссю — мір, загарнула ў свае межы не адзін мільён беларусаў і маўчыць аб іхнім праўным становішчы, калі не лічыць глухога пункта прынятай Дзяржаўным Соймам Канстытуцыі — аб правох нацыянальных меншасцяў. А аб ягонай рэалізацыі, праўда, нічога добрага не чуваць. Тысячы беларусаў падпалі пад новы суседскі тэрор, сотні арыштаваны і кінуты на здзекі… Адгароджана ад нас гранічнай сцяной і Савецкая Беларусь. Гульня на маскоўскі капыл беларусаў-бальшавікоў у рэспубліку з пяцёх паветаў Меншчыны, а столькі і ўвайшло ў БССР, — здзек з беларускага народу і ягоных правоў на нацыянальнае жыццё. І, урэшце, лёс Віленшчыны вырашаецца без нашага ўдзелу…

Ад імя Найвышэйшай рады БНР прамаўляў Лявон Дубяйкоўскі — і таксама па-іншаму ўжо асвятляў супрацоўніцтва з Польшчай.

На канферэнцыі прынялі сакрэтную рэзалюцыю — аб распачатым акупантамі тэроры на беларусаў, арганізацыі беларускіх паўстанцкіх аддзелаў і пашырэнні партызанскага руху. Былі пацверджаны паўнамоцтвы Цэнтральнага беларускага паўстанцкага камітэта пад старшынствам Уладзімера Пракулевіча.

Перад заканчэннем працы ўдзельнікі канферэнцыі ўсклалі вянок на магілу чэшскіх герояў. Пра іх Езавітаву па дарозе ўзрушана распавёў Тамаш Грыб:

–  Яны змагаліся за волю. Загінула сорак шэсць юнакоў. Паміралі ўсе моўчкі, толькі адзін азваўся: «Pozdrawcie ode mnie moje krasne Cecky»» — «Прывітанне ад мяне маёй слаўнай Чэхіі».

Другі не стаў чакаць ката і сам зацягнуў на сваёй шыі пятлю. Пад адным парвалася вяроўка, і яго меліся памілаваць, але ён стаў да сваіх таварышаў і выкрыкнуў: «Nie chce milosti!»— «Не хачу літасці!»…

Каля помніка былі палымяныя ўзнёслыя прамовы — і беларусаў, і іхніх чэшскіх сяброў…

Новая Эўропа

Краіны «новай» Эўропы абуджаліся да паўнапраўнага жыцця. Латвія папрасіла прыняць яе ў Лігу Народаў. Пасля няўдачы народнага руху на Украіне агенты ўрада Пятлюры пачалі арганізацыю новага паўстання супраць савецкай улады. У Курдыстане абвесцілі аўтаномны курдскі ўрад. Паміж курдамі і персамі адбыліся крывавыя спатычкі…

Яшчэ летам югаславянская скупшчына прыняла дзяржаўную канстытуцыю, па якой пачынала жыць новая серба-харвацка-славенская дзяржава, што паўстала пасля Версальскага міру. Асновай гэтай дзяржавы стала каралеўства Сербія, якое існавала яшчэ да вайны. Харваты і славенцы былі пад прыгнётам Аўстрыі і толькі пасля разгрому аўстрыйскіх і нямецкіх арміяў змаглі аб'яднацца з Сербіяй.

Аляхновіча вельмі ўразіў такі палітычны крок. 19 жніўня 1921 года на першай старонцы свайго «Беларускага Звона» ён падаў артыкул «Канстытуцыя Югаславіі», у якім пісаў:

«<…> Не перашкодзіла гэтаму аб'яднаньню ні тое, што Харваты і Славенцы жылі доўгі час пад чужацкім аўстрыяцка-нямецкім культурным уплывам і ўціскам, ні тое нават, што Харваты і Славенцы пераважна каталікі, а Сэрбы — праваслаўныя. Наадварот, — усе тры народы зьліліся ў адзін жывы арганізм, адну дзяржаву, зразумеўшы, што лепш паступіцца на карысьць агулу, прыватнымі інтарэсамі, ніж дабіцца на час поўнай незалежнасьці і потым не ўтрымаць яе сваімі слабымі паадзіночнымі рукамі…»

Тут Аляхновіч, канечне ж, не мог не думаць і не намякаць і на Літву, Латвію, Украіну і Беларусь: аб'ядналіся б вось так і яны на пэўны час дзеля агульнага змагання за незалежнасць — не былі б зараз па-жывому разрэзаны мацнейшымі Польшчай і Расіяй…

«Сэрбскі народ, геройска вынесшы на сабе ўвесь цяжар барацьбы з аўстра-гэрманцамі за незалежнасьць, па праву карыстаецца гэгэмоніяй у новай дзяржаве, гэгэмоніяй не ў сэнсе ўціску Харватаў і Славенцаў, а ў сэнсе наданьня маладой дзяржаве сілы і цьвёрдасьці «царства Душана»…»

Аўтарам прынятай канстытуцыі быў старшыня сербскага ўрада, лідэр партыі радыкалаў, вядомы на Балканах чалавек — спадар Пашыч. На ягонае жыццё пасля прысягі рэгента сербскага стальца Аляксандра на вернасць канстытуцыі зрабілі замах — ужо трэці на працягу двух апошніх гадоў. Пашыч застаўся жывым.

Францішак Аляхновіч у сваім артыкуле апавядаў далей:

«Хто, якой партыі ці арганізацыі быў чалавек, кінуўшы бомбу, сказаць ня лёгка, бо тэлеграф абвінавачвае камуністаў, а польскія газэты (Rzeczpospolita) — элементы, нездаволеныя канстытуцыяй. Аднак, з пэўнасьцю можна сказаць, што ворагам новай сэрбскай дзяржавы і констытуцыі, хто б яны ні былі, ня ўдасца іх шкодная праца, бо Югаславія пабудавана на цьвёрдым грунце сваяцтва і згоды блізкіх па крыві народаў, вызваліўшыхся дарогаю ўпартай барацьбы з-пад чужацкай няволі і самахвоць аб'яднаўшыхся ў югаславянскую дзяржаву.

Мы, беларусы, ад душы жадаем Югаславіі шчасьця і росквіту».

Летам Аляхновіч разам з тэатральнай трупай выязджаў у «правінцыі» — Вілейку, Ашмяны, Маладэчна, — ставіў спектаклі. На свае вочы пабачыў «крэсавыя» рэаліі — і не мог не канстатаваць у перадавіцы «Беларускага Звона» і такое:

«Цяпер ужо ясна толькі адно, што ад сьляпое арыентацыі ў бок Польшчы час памог вылячыцца ўсяму беларускаму грамадзтву».

А вось палітыку маладой Югаславіі разумець пераставаў.

«Югаславянскія войскі пасоўваюцца ў глыб паўночнае Альбаніі», - падаваў ён інфармацыю без якіх-кольвек каментароў у тым жа нумары газэты…

* * *

1 кастрычніка Паўліна Мядзёлка была ў Берліне і ледзь не патанула ў чатырохмільённым горадзе — на трыццаць вёрстаў ушыркі, з цягнікамі, трамваямі, аўтобусамі — на мастах над галавой, на вуліцах, пад зямлёй у тунэлях… Яна атрымала тры тысячы марак пенсіі ў месяц, з якой траціла на пражыццё палову — на астатнія паўтары тысячы вырашыла прыкупляць сукенак, чаравікаў, іншых рэчаў, якімі былі перапоўнены берлінскія крамы…

Пасля вяртання Езавітава з Прагі яго сустрэлі радаснай навіной: 1 кастрычніка пры міністэрстве асветы Латвіі заснаваны асобны беларускі адзьдзел. Праз некалькі дзён кіраўніком адзьдзела зацвердзяць Сяргея Сахарава, дырэктара рускай гімназіі ў Люцыне, рупліўца і беларускай справы — ён узначальваў мясцовы адзьдзел «Бацькаўшчыны» і быў надзейным сябрам Езавітава (Сахараў нарадзіўся ў Полацку, пра які часта заводзіў гутаркі з ім і Езавітаў, - здавалася, што тыя летнія месяцы, праведзеныя Езавітавым на Полаччыне, заставаліся ўжо ў іншым, мройным жыцці).

Пад кіраўніцтвам беларускага адзьдзела запрацавалі шаснаццаць базавых беларускіх школ. Пачалася статыстычная апрацоўка інфармацыі аб дзецях беларусаў, якія вучыліся ў іншых школах. 1 студзеня 1922 года быў зацверджаны штат беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы Латвіі з чатырох супрацоўнікаў — кіраўніка, інспектара асноўных школ (ім стаў Езавітаў), справавода і машыніста-карэспандэнта.

А навіны з суседняй Літвы Езавітава абнадзейваць не маглі… Пры дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы, створанай з аглядкай на Польшчу генералам Жэлігоўскім, быў ліквідаваны беларускі адзьдзел, які ачольваў рэферэнт Браніслаў Тарашкевіч. Напрыканцы 1921 года з ініцыятывы польскіх уладаў Сярэдняй Літвы ў Вільні абіраўся сойм, на якім планавалася вырашыць далейшы лёс Віленшчыны. Рада міністраў БНР на чале з Ластоўскім (Найвышэйшая рада Луцкевіча падала ў адстаўку) 6 снежня наконт абвешчаных выбараў прыняла пастанову:

Поделиться с друзьями: