ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Як тыя два бугаі адкрычэлі свае прамовы, аднекуль збоку вынік непрыкметны малады чалавек з папкай i паклаў перад прэзідэнтам дзьве старонкі нейкага кароценькага тэксту. Тут жа зьявілася прыгожая асадка з залатым шлячком. Памазок сьцяміў, што трэба падпісаць. Што там надрукавана, было невядома, тэксты былі аднолькавага памеру, а вяршкі — з прыгожа намаляванымі пеўнямі. Але пеўні былі неаднолькавыя. Памазок ад нараджэньня быў хлопец прыкметлівы, i цяпер згледзеў, што адзін певень быў нібы ў пер’і, а другі — нібы абскубаны. Які з іх належала падпісаць першым, было невядома.

Між тым, абодва шэрагі зацята чакалі, скіраваўшы на яго нейкія дужа непрыемныя ваўкаватыя позіркі.

Памазок пасунуў да сябе тую паперчыну, дзе быў певень з пер’ем, i адразу адчуў, што памыляецца — левы шэраг малінавых заварушыўся, зласьліва загуў. Тады ён адсунуў паперчыну i пацягнуў руку да іншае — з абскубаным пеўнем, i тут жа настырчыўся шэраг маркоўных. Д’ябал іх ведае, як было зрабіць, каб дагадзіць абодвум? Трохі счакаўшы, бы ў роздуме, Памазок зноў падсунуў ранейшы аркуш i нават пасьпеў вывесьці першую літару П…

Падпісваючы, ён адным вокам працягваў сачыць за шэрагамі i адразу згледзеў, як аднекуль ад дзьвярэй паявіўся падобны на д’ябалёнка, невялічкі прыгнуты чалавечак з даўжэзным кулямётам у руках. Кінуўшы асадку, Памазок, бы на фронце, кульнуўся пад стол, як залу аглушыла грымотная кулямётная чарга. Ад стала паляцела ўгару ашмоцьце папераў, трэскі; Памазка, бы кувалдай, выцяла ў грудзі, i ён дагары нагамі сьлізгануў ад стала па паркеце. Адчуваў, што жывы, але ўскочыць ня мог, да яго падбеглі нейкія людзі, паднялі i хуценька павялі праз бакавыя дзьверы з праклятай залы. Дзіўна, але людзі навокал былі нават спакойныя, нібы нічога асаблівага i ня здарылася. Дый ніхто болей не пацярпеў, можа, не спалохаўся нават. Дрыжучы ад страху, Памазок даў садраць з сябе ператвораны ў ашмоцьце шыкоўны пінжак i з удзячнасьцю падумаў пра свой выратоўчы панцыр.

У гэтых пакоях, куды прывялі Памазка, вайскоўцаў не было ніводнага, вакол тоўпіліся цывільныя — добра апранутыя, усе скрозь вусатыя мужчыны розных узростаў. Памазок пакратаў свой вус — той аказаўся на месцы. А во хамлак з лысіны дарэшты зьмяло чаргой, i прэзідэнт падзівіўся, як блізка яго мінула пагібель. Ён усё яшчэ ня мог акрыяць ад прыкрага здарэньня, каб усьміхнуцца, тады як усе навокал аж расплываліся ў лагодзе добразычлівасьці. У Памазковай душы другі раз мільганула сумненьне наконт слушнасьці сваёй паездкі. Як тут з ім абышліся! Але, падобна, тое нікога, апроч яго, не клапаціла.

Неўзабаве яму прынесьлі новы, яшчэ болей шыкоўны гарнітур — чорны, з малюсенькімі бліскаўкамі па тканіне i новы даўжэзны гальштук — малпы сярод пальмаў. Гальштук асабліва спадабаўся Памазку, i ён пaпpaciў служку, каб той завязаў яго яшчэ даўжэй, чым ранейшы. Такія даўгія гальштукі тут былі ва ўcix. Як яго апранулі, тады зноў кудысь павялі разам з грамадою гаваркіх мужчынаў. Памазок паныла i моўчкі ішоў. Ажыў толькі апынуўшыся ў прасторнай асьветленай зале з багата накрытым сталом, на якім выразна тырчэлі рыльцы бутэлек. I тады ён падумаў, што ўсё ж гэта краіна, мабыць, не такая i кепская, як ён сьпярша меркаваў.

Як пачалі рассаджвацца за сталом, нейкі сівавусы мажны мужчына, можа, туташні тамада, пацягнуў яго ў канец стала да крэсла, адметнага сярод іншых дужа выкрутасьлівым падплечнікам. Памазок, можа б, i сеў на яго, калі б насупраць на стале было штось болей прывабнае, чым жоўтае пітво ў графіне. Крэсла выразна не здалося Памазку выгодным, ён ужо нагледзеў для сябе лепшае — каля невялічкай, але прывабнай купкі бутэлек. Там ён i сеў. На адмысловае ж крэсла змушаны быў сесьці той белавусы; лакей зважліва памяняў іхнія карткі, што былі расстаўленыя перад кожным месцам.

Упершыню за ранак Памазок перавёў дух i ўжо стаў забывацца на прыкрае здарэньне. Пакуль побач гаманілі, ён засяродзіў увагу на дзьвюх бутэльках, адна з якіх здалася яму знаёмай. Як лакеі з-за плячэй пачалі наліваць бакалы, Памазок паказаў свайму — во гэту, i той зважліва наліў яму, — праўда, ня ў самы вялікі фужэр. Памазок на тое паморшчыўся, але змоўчаў — хай! Можа, не апошняя, мабыць жа прэзідэнцкі тэрмін не на адзін год. А калі што, дык можна i падоўжыць…

З таго адмысловага крэсла з фужэрам жоўтага соку ў руцэ ўстаў сівавусы — мабыць, каб мовіць тост. Памазок з гатоўнасьцю працягнуў руку да свае чаркі, як перуновы выбух абрушыў усё — i стол, i гасьцей, i ўсю гэтую залу. Засыпаны друзам Памазок апынуўся далёка ў куце, побач цяжка пляцнулася долу ўзьнятае выбухам грузнае цела сівавусага тамады. Адусюль сыпалася тынкоўка, трэскі ды кавалкі мэблі, бітае шкло бутэлек, енчылі людзі. Памазок на кукішках падаўся між акрываўленых целаў у той бок, дзе, памятаў, былі дзьверы.

Зрэшты, ён мог бы i не турбавацца пра дзьверы, — як трохі асеў пыл, дык убачыў, што канца палацу як не было — скрозь грувасьціліся кавалкі сьценаў, каменьня, знадворку тырчэў абломак калоны. Уцалелі хіба нейкія прыступкі з парэнчынамі, да якіх i падаўся Памазок. Абы прэч з гэтага жахлівага палацу…

Ён мкнуў прэч, а прыступкі вялі, куды самі хацелі — унутр i ўгару. I ён бег па іх, пасьля задыхана плёўся, бо блізка ўнізе ўсчалася страляніна i чуліся крыкі. У нейкім сьцішаным закутку скінуў з сябе свой цяжкі панцыр, які ўжо не было сілы трываць на плячах. Ён прагнуў выбавіцца з гэтага муру, кідаўся па ягоных заблытаных пераходах, пакуль незнарок не апынуўся на даху. Але, можа, i добра, што на даху, тут нікога не было i можна было аддыхацца. Дах быў вялізны i плоскі, з рознымі папярэчынамі i надбудоўкамі ў доле. Зьнізу Памазок ня быў бачны, i тое абнадзейвала. Можа, яму пашэньціць перахавацца да ночы, а ноччу ён бы як-небудзь уцёк. Памазок ужо набыўся ў гэтай краіне, болей яму не хацелася. Ён ужо амаль пераканаўся, што зрабіў памылку, калі паквапіўся на тое прэзідэнцтва.

Унізе між тым усчалося штось неверагоднае — падобна, ішоў бой, як на вайне. Чуліся выбухі, стрэлы i гучныя каманды вайскоўцаў. Але хто — на каго, хто — за каго, зразумець было немагчыма. Трохі ачомаўшыся, Памазок памкнуўся зірнуць з даху, падкраўся да карнізу, ды зараз жа кулямётная чарга ледзьве ня зьнесла яму галаву. Памазок порстка пляснуўся долу — значыць, за ім сачылі. Ляжаў, думаў, што, пэўна, гэта маркоўныя, якім ён не дагадзіў. Тады ён на кукішках падаўся да іншага боку даху, дзе, можа, былі малінавыя, — ужо гэтым ён паспрыяў, падпісаўшы іхняга пеўня. Можа, яны яго ўратуюць? Але толькі ён глянуў з-за нейкага коміну ўніз, як адтуль зноў грымнула пара чэргаў, якія дашчэнту зьнесьлі цагляны верх коміну. Здаецца, ягоны шлях уніз быў адрэзаны з абодвух бакоў. Што было рабіць прэзідэнту гэтай дурной краіны?

Унізе тым часам доўжылася гамана, крыкі, час ад часу гахалі выбухі гранатаў. Па карнізах паддашша лапаталі кулі — яго намагаліся выбіць адсюль. Але ён не такі дурны, каб пакідаць сваё месца, сваю Брэсцкую крэпасьць. Ён будзе сядзець тут да апошняга i загіне героем. Хай ведаюць, якія прэзідэнты растуць у партызанскай рэспубліцы.

Але пакуль ён быў жывы, і, нямала стаміўшыся, прысеў каля нейкае бетоннай папярэчыны. Горш за ўсё, што на гэтым даху не было засені, а з паўдзённага неба неверагодна горача паліла сонца. Памазок даўно быў мокры ад поту i незнарок прыгадаў, колькі на тым стале было настаўлена рознага пітва. Ды нікому нічога не дасталося, — во чортава краіна! Каб жа хоць не было, як на ягонай радзіме, а то… То не даюць, то страляюць, а ты бегай з раніцы галодны i дашчэнту цьвярозы. У такі момант тужлівай скрухі побач штось шлёпнулася долу — ён азірнуўся: то была гронка бананаў. Але адкуль? Памазок паўзіраўся ў недалёкае гольле дрэваў, што месцамі былі вышэй даху, i ўбачыў там малпу. Тая сядзела на тоўстым суку i сьмешна крывіла свой рухавы зморшчаны тварык, — бы насьміхалася над чалавекам. «Во, дзіва, — падумаў Памазок, — тут яшчэ i малпы. Трэ будзе не забыцца расказаць пра тое дома…»

Але да дому, мабыць, было далёка, — нешта дужа застралялі ў дальнім, разбураным канцы палацу. З бананам у руцэ Памазок падаўся туды i хутка сьцяміў — з таго боку лезьлі. Пераскокваючы папярэчыны, ён кінуўся ў другі канец даху, ды й там не было спакою. Там таксама спрабавалі ўскараскацца да яго — да сьцяны падагналі вялізны аўтамабільны кран. Адзіны бясьпечны бок быў пад дрэвамі, дзе разьлягаў парк. Не марудзячы, Памазок разьбегся, як колісь у маладосьці, i скокнуў на бліжні сук. Ён удала ўчапіўся, напружыўся i апынуўся на суку зьверху. Тут была прыемная засень, зводдаль на суках расьсеўся з паўтузін малпаў, якія адразу ж усчалі абураны вэрхал. «Ну, чаго злуецеся? — падумаў Памазок. — Самі ўладкаваліся, а мне не даюць…»

Поделиться с друзьями: