ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Дарма, аднак, тое яго турбавала — ужо на першай паліцэйскай загародцы, нават не запытаўшыся, яго пазналі, i два маладыя, дбайна апранутыя чалавекі кудысь павялі праз агромністы гаманкі аэрапорт. Як толькі выйшлі на сьпякотную вуліцу пад шэрагам высачэнных пальмаў, падкаціў даўгі аўтамабіль, і тыя паслужліва расчынілі дзьверы — сядай, пан прэзідэнт. Ён i сеў. Пасьля селі яны — адзін наперадзе, другі, што нёс ягоны перавязаны дзяжкай куфэрак, побач. Як яны ехалі, Памазок ва ўсе бакі круціў галавой, дужа яму тут было цікава. Людзей на вуліцах сноўдала процьма — белых, чорных i нейкіх невялічкіх жаўтлявых, міма праносіліся статкі аўтамабіляў, i тут, i там стаялі купкі плячыстых «гарылаў» у камуфляжнай форме жабінага колеру. Што шмат паліцэйскіх, Памазку спадабалася: значыць, будзе парадак у ягонай Памазоніі, такі ж, як i ў Беларусі. Хіба палкі ў гэтых былі надта кароценькія, ня тое, што ў беларускіх — трэ будзе падоўжыць, пачаў уваходзіць у дзяржаўны клопат новы прэзідэнт. Ён спрабаваў загаварыць з канваірамі, але абодва маўчалі, бы нямкі. Тады i ён змоўк, падумаўшы: можа, яны саромеюцца яго, бо ўсё ж маладзейшыя, а ён стары, ды не абы-хто — прэзідэнт!

Яны доўга ехалі па зіхоткіх ад шыльдаў вуліцах невядомага гораду, затым праз нейкі дзівосны лес з велізарнымі, проста гіганцкімі дрэвамі. Гэткіх сукаватых дрэваў не расло на Памазковай радзіме, у густое сучча ўгары не прабівала нават яркае сьвятло фараў. А як аўтамабіль спыніўся, зьдзіўленьню Памазка не было мяжы. Сярод лесу ярка асьветлены электрычнасьцю раскашаваў палац. Чырвоная жвіровая дарожка, шырокія прыступкі i над імі калоны. Бог ты мой, якія гэта калоны — белыя i таўшчэзныя, з пакручастымі загагулінамі на вяршках, якія нібы ўкручваліся ў прыцьмелае неба. Задраўшы ад захапленьня голаў, Памазок аж спыніўся, але да яго штось гукнуў той, што ішоў ззаду, i ён подбегам дагнаў пярэдняга, які ўжо расчыняў высачэзныя дзьверы ў палац.

Усё тут наскрозь было заліта электрычнасьцю, чырванела дыванамі ў доле. На ягоным шляху маўклівымі слупамі стаялі нейкія людзі, у чорным i камуфляжы, па безьлічы новых прыступак яго павялі ўгору. Сьпярша ён пачаў лічыць тыя прыступкі, налічыў пяцьдзесят i кінуў. Затым яны кудысь шпарка ішлі праз пакоі i па калідорах, цемнаватых i сьвятлейшых, i ўрэшце, як ён зразумеў, прыйшлі. То быў вялізны, бы вакзальны, пакой з блішчастым i сьлізкім паркетам, на сярэдзіне якога блішчэў бакамі нейкі агромністы шкляны каўпак. У прыцемках прыгледзеўшыся да яго, Памазок зразумеў, што пад каўпаком ложак. Вялізны шырокі ложак з бялізнай, на якім ці не яму сёньня спаць? Абодва ягоныя канваіры дзесь зьніклі, замест іх зьявілася чорненькая жанчынка з дужа белымі зубкамі i ў белым фартушку. Яна паставіла на столік пры каўпаку блішчасты падносік і, усьміхнуўшыся, выйшла. Памазок адразу пацікавіўся, што на падносе, — але нічога здатнага ня ўбачыў. Пара нейкіх зялёных фруктаў, шклянка жоўтага соку, малако ў кубку i ўсё. Hi чарчыны, ні бутэльчыны. Скупыя, аднак, людзі ў гэтай Памазоніі, падумаў прэзідэнт. Хаця не сказаць, каб бедныя.

Трохі патупаў з кутка ў куток гэтай стадолы, паслухаў цішыню. Абышоў вакол каўпака, пастукаў пальцам па ягоным шкле — тоўстае халера. I навошта? Hixтo болей да яго не заходзіў, i прэзідэнт, памарудзіўшы, сьцягнуў з ног боты. Спаць — ведаў з часоў даўняй салдатчыны — было заўсёды найлепшым выйсьцем. Як у вайну, так i ў міры.

Прачнуўся, мусіць, зарана, вылез з-пад каўпака, сеў у крэсла i сядзеў. Чакаў. Скрозь было ціха, чуваць толькі, як за акном у гольлі дрэваў шугалі птушкі, акурат як у садку за качагаркай — сініцы. Тады ён пайшоў шукаць месца, дзе можна б справіць сваю патрэбу. Тыцнуўся ў адны дзьверы — зачыненыя, у другія — таксама. Тады знайшоў трэція, адразу, як адчыніў ix, навакол пыхнула сьвятлом, ярка высьвеціла ўсё, i Бог ты мой, што ён згледзеў! Думаў — туалет, а тут аказалася адмысловая туалетная зала, усе сьцены i столь — бялюткія i люстраныя, як i ванны ды розныя ракавіны i ўнітазы. Шмат што навакол аздоблена золатам, невядомага начыньня — бы ў кабінеце зубнога доктара. Ён дакрануўся да аднае кнопкі, ды аднізу як плясьне ў твар — аж вылаяўся, падумаўшы, аднак, што, мабыць, гэтак нягожа. Напалохаўшыся, адразу падаўся да выхаду. Падумаў, можа, дзе знойдзецца болей звыклае месца, тут пэцкаць што ў яго не хапіла адвагі.

Як ён вярнуўся да свайго каўпака, зноў расчыніліся нейкія дзьверы i ў пакой увайшла мажная белая жанчына — зноў з маленькім падносікам у руках. Штось буркнуўшы, яна паставіла падносік на месца ўчарашняга, які ўзяла з сабой. Наважыўшыся, Памазок пастукаў па баку каўпака — навошта гэта? Думаў, не зразумее, аж зразумела i сказала: пук-пук ноу. I ўсьміхнулася. Надзіва i Памазок зразумеў: то ад куляў, а ён думаў… Але што з таго вынікае?

Трохі азадачаны, падышоў да свайго сняданку — зноў высокая шклянка соку, нешта цёплае ў малюпасенькім чайнічку, скрылёчкі сыру i маленькая булачка. Выпіць жа зноў не было ні кроплі.

Не пасьпеў ён падумаць, што зьесьці, як расчыніліся дзьверы i ў пакой шпарка ўвайшлі яго ўчарашнія маладыя канваіры. Адзін з ix моўчкі, але выразна кіўнуў на дзьверы. «З куфрам?» — папытаўся Памазок, паказваючы на свой пакінуты пры ложку багаж. Той крутнуў галавой — значыць, без багажу, зразумеў Памазок i падняўся.

На гэты раз яны нікуды не паехалі, толькі ішлі доўгімі калідорамі — быццам у другі канец палацу, дзе зноў апынуліся нібыта ў больніцы — усё тут было гэткае белае і сьветлае. Наўкола зьзялі нейкія прыборы, крэслы, люстэркі. Людзі, пераважна жанчыны, былі апранутыя ў белыя зграбныя халацікі. Заўважыўшы ягоны зьбянтэжаны выгляд, адна, дужа белазубая, мовіла: імідж, імідж, ды ён не зразумеў — які імідж? Але яго прымусілі распрануцца ў дужа шыкоўным і вялікім прылазьніку, і як толькі ён, голы, пераступіў парожак, яго тут жа абдало сьцюдзёным струменем зьверху. Скалануўшыся ад нечаканасьці, ён не адразу знайшоў што пакруціць, каб пацепліць ваду. Неяк абмыўся збольшага, праклінаючы, аднак, гэты залішні шык. Але разумеў, канешне, што, мабыць, так трэба, што гэта — ня дома. Ды і ён не качагар. Усё ж — прэзідэнт.

Як памыўся, распараны, надзеў на сябе белы тоўсты халат, што вісеў на залачонай вешалцы побач, і выйшаў. Тут яго зноў абступілі жанчыны, усе ў чысьценькім белым, нібы даяркі. I, адвёўшы ў надзвычай сьветлы кабінет, пасадзілі ў крэсла. З ycix бакоў зьзялі люстэркі, і з іх ашаломлена пазірала ягоная аздаба. Жанчыны пачалі штось абмяркоўваць, як ён здагадаўся, — ягоны выгляд. Ён і сам з цікавасьцю паглядзеў на сябе. Канешне, не маладзён, зашмат зморшчын на цёмным, нібы апечаным твары дый выгляд надта заклапочаны, бы вінаваты. Але што зробіш? Найперш узяліся за яго парэпаныя ў качагарцы рукі, паклалі іх на бялюткія сурвэткі, дзе мазалі, мачылі i церлі. Мабыць, кепска, аднак, адціраліся ўедлівыя сьляды торфабрыкету з яго замазалелых рук. Ды майстрыцы стараліся. Асабліва наконт вялікага пальца з крывым заскарузлым кіпцем, які яны i пілавалі, i шліфавалі, — усё роўна той заставаўся крывы i непрыгожы. Далей, ужо ў другім крэсьле яго далікатна стрыглі, галілі шчокі, парфумілі i макіяжылі — наводзілі незвычайны шык на яго прэзідэнцкі твар. Пасьля ўсяго наклеілі на лысіну ладны кучаравы хамлак i пад нос — зухавата-бухматую паску вусоў. Усё тое было відаць у люстэрках, i Памазок толькі зьдзіўляўся, як з нядаўняга качагара выходзіць зухаваты фарсісты замежнік. «Імідж, імідж», — усё шчабяталі майстрыхі, i ён спакваля зьмірыўся з сваёй нялёгкаю доляй. Але што ж, мусіць, доля таго вымагала.

I праўда, з аграмаднага крэсла ён устаў зусім іншым, чым нядаўна садзіўся туды, i пачувацца стаў адпаведна. Найперш — прыбыло сілы i нават гонару. А як у наступным пакоі пачалі мераць яму гарнітуры, дык ён аж спадабаўся сабе — такіх файных апратак ён ня толькі ніколі ня меў, але i ня бачыў. Хіба ў тэлевізары. Чорны, бы смоль, пінжак з бялюткаю хустачкай у кішэньцы, такая ж белая сарочка i гальштук. Чаравікі замянялі двойчы, пакуль не прынесьлі дужа блішчастыя на высачэзных абцасах, ад чаго ён куды як падвысіўся ростам. З насалодай пратупаў па люстраным паркеце — лясь, лясь… Добра стаць прэзідэнтам!

Настрой яго трошкі пагоршаў, калі ў іншым пакоі, куды яго затым прывялі, вялізны паліцай ці вайсковец падаў яму штось няўклюднае i цежаленнае. «Што гэта?» — зьдзівіўся Памазок, і здаравяк адказаў: «Панцірблёк!» Бесцырымонна зьняўшы з яго пінжак, той навесіў на ягоныя плечы дзьве засланкі — сьпераду і ззаду. Памазок аж прысеў. «Але ж цяжкі», — мовіў ён, ды здаравяк толькі выскаліў свае конскія зубы. Як надзеў зьверху пінжак, дык стаў сам ня свой — нейкі камлюкаваты, здаравенны i таўсты. Ад нядаўняе Памазковай шчуплыні не засталося і сьледу.

Затым далі трошкі спачыць у прахалодзе з пальмай над высокай зашклёнай стольлю. На нізенькі, таксама шкляны столік прынесьлі дзьве шклянкі — з сокам i лёдам, да якіх Памазок i не дакрануўся нават. Што яму сок, калі карцела чагось зьесьці і, канешне, глыкнуць з такой ператомы. Дома гэткай парой ужо быў пасьнедаўшы, а то i паправіўшы галоўку, — калі было трэба. Але тут у яго не пыталіся, i ён ня ведаў, што i як сказаць. Ды во прыйшлі ажно тры вайскоўцы, сапраўды, быццам гарылы — усе ў камуфляжы i малінавых бярэтах, з вялізнымі рэвальверамі на баку. Зноў яго павялі. Адзін iшoў наперадзе, два ззаду — зноў нібы канваіры. Але Памазок ужо не баяўся, яго нядаўняя няёмкасьць збольшага мінулася, у новай аздабе ён пачуваўся амаль упэўнена, нават зьявіўся гонар. Ішоў, шырока сігаючы на высокіх абцасах i няўзнак пaзipaў на сябе ў люстэркі, якіх багата траплялася па баках, зусім не пазнаючы ў гэтым вусатым таўстуну сябе — колішняга калгаснага качагара. Доўгі стракаты гальштук целяпаўся каля матні.

Урэшце невялічкі канвой спыніўся каля нейкіх зачыненых дзьвярэй, трошкі счакаў, i дзьверы шырока, на абедзьве палавіны расчыніліся. Тут яго прапусьцілі наперад, Памазок увайшоў у вялізную залу, ад парогу якой адзін супраць другога стаялі два шчыльныя шэрагі вайскоўцаў. Усе былі ў аднолькавым камуфляжы, толькі адзін шэраг быў у бярэтах малінавага колеру, а другі — маркоўнага. Шэрагі штось гаркнулі, падобна — вітаньне, на што Памазок паціху кінуў сваё — дабрыдзень, іншага ён ня ведаў. Наводдаль у канцы залы месьціўся аздоблены золатам стол з адным крэслам, у якое, як зразумеў Памазок, яму належала сесьці. Што ён i зрабіў без замінкі. Тады з шэрагу малінавых бярэтаў выйшаў самы тоўсты вайсковец i пачаў прамаўляць. Прамаўляў гучна i доўга, аж гуло ў высокім падстольлі, малінавыя прытым зьзялі вачыма, а твары маркоўных наадварот — корчыліся ад злосных грымасаў. Але ўсе стрымана маўчалі. Пасьля таўстуна малінавых таксама грымотным голасам пачаў мовіць яшчэ болей тоўсты i аграмадны маркоўны. Памазок зьніякавела сядзеў на краі крэсла. Ягоная душа ўпершыню адчула, што гэтае прэзідэнцтва можа дабром ня скончыцца.

Поделиться с друзьями: