ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ты што? — толькi i здолеў выцiснуць з сябе забойца.

— Ды нiшто. Цяпер будзем удвох, — нейкiм скрыпучым, бы грамафонным голасам вымавiў труп. — Назаўжды.

— Дык жа нязручна! — крыўдлiва прасiпеў забойца.

— Што зробiш! — адказаў труп. — Затое разам…

Што ж, падумаў забойца. Мабыць, нiчога ўжо ня зробiш. Прыйдзецца жыць з трупам. Калi не схацеў з жывым…

Бутэльчына, альбо прэзідэнт на дрэве

Яхім Памазок — ветэран BAB i калгасны качагар па сумяшчальніцтве. Ягоная жонка Кацярына доўга рабіла ў калгасе даяркай, зарабіла паўкілё металёвых узнагародаў на грудзі i звалася майстрам машыннага даеньня. Яхім, што прынёс з вайны ўсяго адзін ордэн, вядома ж, зайздросьціў жонцы i хацеў, каб яго звалі майстрам цэнтральнага ацяпленьня. Званьне тое, аднак, не прышчапілася да Памазка, можа, з тае прычыны, што быў ён сьпец іншае справы, пра якую не любіў казаць. Але ён стараўся. У партыі браў удзел амаль пяцьдзесят год, часам актыўнічаў, аднойчы нават абіраўся ў раённы савет, ды няўдала. Сябры суцяшалі: яшчэ ня вечар. З тваімі заслугамі напэўна можна дачакацца лепшага — вунь колькі старых бздуноў сядзяць дэпутатамі, чым ты за іх горшы?

Той дзень яны трохі прыклаліся да чарговай бутэльчыны — там жа, у качагарцы на сконе дня. Замурзаную бутэльчыну прынёс маладзейшы Яхімаў напарнік Юрка Дзядзенка, нядаўні механізатар, якому трактар вясной пераехаў нагу, i ён рабіў у качагарцы. Зрэшты, як заўжды, галоўны Юркаў клопат палягаў наконт выпіўкі. Гэтую бутэльчыну ён пepaxaпiў у знаёмага хлапца з «Сельгастэхнікі», які ў сваю чаргу прывёз яе ад адной бабкі з хутару, дзе тая гнала адмысловае па тым часе пітво. Усе, каму давялося паспытаць яго, казалі: бярэ, бы зьвер. У качагарцы тае прадукцыі яшчэ не каштавалі.

Не пасьпелі дружбакі выцягнуць з бутэльчыны куртаты, нібы абгрызены, папяровы корак, як у кацельнае сутарэньне ўвапхнуўся трэці сабутэльнік — былы аграном Ладуцька. Гэты меў даўно адпрацаваны ў такіх выпадках нюх i не пудлаваў ніколі. Часам сябры былі ня супраць ягонага ўдзелу (калі выпівону хапала), часам наракалі — калі таго было мала, але заўсёды дзяліліся па-справядлівасьці. Той раз бутэльчына выдалася нішто сабе — большая за паўлітра, а што да яе зьмесьціва, дык спрактыкаваныя пітакі вызначылі адразу. Ладуцька аж скалануўся ад задавальненьня: ай, халера, бярэ! Бярэ, пацьвердзіў i Памазок, глыкнуўшы з заскарузлай ад бруду шклянкі. Па чарзе выпілі ўтрох, закусілі цыбулінай з салам ды абкрышаным кавалкам хлеба. Большага ім i ня трэба было — галоўнае выпіць ды закурыць. Натуральна, не марудзячы, выпілі i яшчэ, а затым дадалі. Менавіта тады ў зачыненыя на крук дзьверы качагаркі пастукалі — моцна, патрабавальна, як гэта звычайна рабіла хіба Памазкова жонка або хто з начальства. Кампанія сьпярша прыціхла, а пасьля Памазок падняўся. Паводле нейкіх толькі яму вядомых прыкметаў ён сьцяміў, што то ня жонка i ўжо не старшыня — хтось іншы.

I праўда, то была паштарка Рыбакова Анюта, якая з парогу сунула Яхіму пакамечаны, са сьнежнай крупкай блакнот — тэлеграма вам, расьпішыцеся.

Дрыготкай рукой Памазок крамзануў сваё прозьвішча i разгарнуў аркушык тэлеграмы. Міжнародная, аднак, значылася буйна ўгары, а ўнізе быў нейкі тэкст, які Яхім ня мог прачытаць без акуляраў i аддаў маладзейшаму Юрку. Той моўчкі прачытаў i, дзіўна якочучы, бокам паваліўся з табурэткі на падлогу. Памазок няўцямна пaзipaў на яго. Паперыну ўзяў Ладуцька. Маё віншаваньне, маё віншаваньнe, замармытаў ён i аж крыкнуў: «Юрка, кроў з носу бутэльку!» — «Але што?» — няўцямна ўтаропіўся ў яго Яхім. «Што? А во што, чытаю: „Містэру Памазку Яхіму Найвышэйшы дзяржаўны савет дэмакратычнай рэспублікі Памазоніі віншуе вашую вялікасьць з абраньнем на высокую пасаду прэзідэнта рэспублікі Памазоніі якую належыць заняць 22 лістапада білет авіякампаніі Люфтганза да шчасьлівага спатканьня подпіс найвышэйшы савет“».

Памазок зьняможана апусьціўся на абабітую цыратай табурэтку, ён не разумеў нічога: «Каго? Мяне? Якім прэзідэнтам? Якой Памазоніі?» «Цябе, цябе, ось жа напісана», — тыцкаў яму тэлеграмай у твар Ладуцька. Юрка Дзядзенка, ад’енчыўшы сваё, сеў роўна на лаўцы i высалапіў ад зьдзіўленьня вочы, бы ўпершыню ўбачыў напарніка, які ўсё паўтараў няўцямна: «Я — прэзідэнт?» — «Ты, ты, ось жа напісана. Юрка, бягом за бутэльчынай», — камандаваў былы аграном.

I праўда, Дзядзенка паслухмяна падыбаў на сваёй кульбе да дзьвярэй, а Памазок усё ня мог чагосьці зразумець. Найперш ці не правакацыя тое, арганізаваная міжнародным імперыялізмам або сусьветным сіянізмам? I дзе тая Памазонія, якой ён ніколі ня чуў нават, што за краіна? Добра, калі сацыялістычная, а калі… I чаму яго ў прэзідэнты, ці ён прасіўся? Найперш карцела паслаць ycix на тры літары ды вярнуцца да таго, што было. А было няблага, яны спакойна выпівалі… Але ж Юрка пайшоў па гарэлку, мабыць, нягожа падводзіць сяброў, гарачыцца, лепей узважыць усё як мае быць. «Во i добра, што тады цябе ў райсавет пракацілі», — сказаў Ладуцька. «Чаму гэта — добра? — зьдзівіўся Памазок. — Няварты ці што?» — «Варты, варты, але тады б прэзідэнтам ня стаў. А так — прэзідэнт, віншую», — амаль лісьліва мовіў Ладуцька. А й напраўду, падумаў Яхім, нашто адмаўляцца? Калі што, качагарка ад яго не ўцячэ. А там, можа, хоць дзяшовую іншамарку прыдбаць, а то зяць ужо воўкам глядзіць, яшчэ дачку кіне. Але ж — жонка, раптам задумаўся Яхім, як яна да таго паставіцца? Прэзідэнтша ж…

Яго клопатны роздум перапыніў Дзядзенка, які, канешне ж, прынёс і бутэльчыну. А з ім у качагарку напхнулася i яшчэ выпівохаў розных узростаў — ужо ўсе ведалі Памазкову навіну i прагнулі яе абмыць. У кацельні стала цесна ад людзей, якія абступілі Яхіма. Кожны стараўся павіншаваць ці хоць пахваліць, а то i даць параду: «Ну, пашэньціла чалавеку! Памазок там навядзе парадак! Слухай, ты там адразу — дэмакрацію к ногцю! Калі што — мы на падмогу. Але ўжо там пап’еш гарэлачкі…»

Памазок усьмешыста маўчаў, яму ўжо не цікава стала размаўляць з гэтымі людзьмі i адказваць на іхнія досьціпы. Галоўнае — ён паверыў у сваю ўдачу i амаль пераканаў сябе, што ўсё правільна. Іначай i не магло быць. Ён — прэзідэнт рэспублікі Памазоніі, пэўна ж, высакаразьвітай, не якой-небудзь адсталай краіны. Адсталая краіна яго прэзідэнтам не выбірала б. Канешне, ён там ня быў, але не сказаць, што зусім незнаёмы з «капстранамі» — колісь у вайну браў Берлін i нават адзін раз пераспаў у мокрым шынялі на іхняй пярыне. Нічога асаблівага. Праўда, тады ён быў радавы, не сяржант нават, а тут — адразу ў прэзідэнты. Граматы меў няшмат — сем класаў, але павінна хапіць. Расьпісацца ўмеў прыстойна, асабліва калі пакласьці локці на стол, а для прэзідэнта тое, мабыць, галоўнае.

I тут ён здагадаўся, чаму ў прэзідэнты Памазоніі абралі менавіта яго. Уся справа ў прозьвішчы. Ці не паходзяць ягоныя продкі Памазкі з тае Памазоніі? Добра ж вядома, што заўсёды i ўсюды цягнуць сваіх людзей — хоць з калгаса ў раён ці з раёну ў сталіцу. Гэтак i ў іншую краіну. Калі так, дык ўсё зразумела i, мабыць, законна. Няма пра што турбавацца. У той дзень надвячоркам ён ужо не пайшоў у качагарку, на ягонай зьмене яго падмяніў напарнік. Рана ўстаўшы назаўтра, пачаў рыхтавацца ў дарогу. Найперш аднёс у майстэрню боты. Боты, канешне, ня новыя, але калі падбіць падмёткі, дык яшчэ паслужаць i ў той Памазоніі. Па дарозе зайшоў у цырульню. Увогуле падстрыгаць не было чаго — даўно ўжо ад ілба да патыліцы пралягала шырокая лысіна, ды ўсё ж… Калі стаў прэзідэнтам, дык хацеў выглядаць адпаведна. Мабыць, у дарогу трэба было б мець які чамаданчык, ды ў местачковых «Таварах паўсядзённага попыту» чамаданаў не было. Давялося пазычыць невялічкі куфэрак у Сьцяпаніхі, які застаўся ад зяця, што колісь зьбег ад дачкі на БАМ. Спрытны куртаценькі гальштук пазычыў у агранома — казалі, бяз гальштука там будзе нягожа. Можа, i праўда. З жонкай сталася горш — два дні сварыўся. Сьпярша ягоная Кацярына была катэгарычна супраць, каб ён куды ехаў, а пасьля, заплакаўшы, заявіла: i я з табой. Яхім стаяў на сваім: паеду адзін. А як абжывуся, тады паклічу цябе. «Чорта ты паклічаш, там сабе маладзейшую знойдзеш…» Ледзьве адчапіўся ад жонкі.

Праводзілі прэзідэнта Памазоніі сьціпла i непрыкметна. Купка дружбакоў прыйшла на засьнежаны аўтобусны прыпынак, куды ён прыпёрся за паўгадзіны раней часу. Ззаду ішла сплаканая жонка, усё бубніла сваё: «Ну паглядзіце, здурнеў стары. Ну куды ён прэцца?» — «Ладна, ня плач, прэзідэнтшай будзеш», — суцяшаў яе Ладуцька, які трымаўся ля сябра неяк дужа блізка i сардэчна, быццам што хацеў сказаць асаблівае. Ён i сказаў, як Кацярына адвярнулася: «Можа, там, гэта, i мяне куды… Каб па аграрнай часьці. А то тут, ведаеш… Памазгуй, Яхімка». Яго перапыніў Юрка Дзядзенка, які прыстыргікаў на прыпынак, канешне, не з пустымі рукамі. «Трэба аглаблёвую!» — прапанаваў ён, адкаркоўваючы бутэльку, якую спаважна перадаў напарніку-прэзідэнту. Той трохі выпіў, затым выпілі Дзядзенка, Ладуцька, абодва браты Целяпенчыкі i напасьледак да бутэлькі прыклалася заплаканая Кацярына. Тады і перастала плакаць. Тут якраз падкаціў аўтобус. «Ну — пакеда, чакайце на госьці», — махнуў з аўтобусных дзьвярэй Памазок. Невялічкая грамадка засмучаных землякоў засталася на аўтобусным прыпынку.

Як ён ехаў аўтобусам да станцыі, пасьля цягніком да Масквы i там праходзіў доўгую шаталомную працэдуру ў міжнародным аэрапорце — мала што запомніў, усё нібы плыў у разрэжаным алкагольным тумане, хаця i быў цьвярозы, бы шкельца. Ды так сталася, што ўсё было ня ў знак, — ішоў не туды, рабіў ня так i ня тое. Яго раз за разам асаджалі i тузалі, нават лаяліся — усе гэтыя міліцыянеры, жанчыны з пагонамі i нават дзяўчаткі, зусім лагодныя з выгляду, але што да яго, дык з яўна металічнымі позіркамі. Яму так i карцела абурыцца, сказаць ім, хто ён i куды едзе. Ды ўсё ж чалавек ён быў сьціплы, асабліва сярод незнаёмых людзей, i трываў. Трохі ачомаўся толькі ў самалёце, як мілае дзяўчо ласкава папыталася, што ён будзе піць? Ён зірнуў на стос бутэлек у калясцы i ткнуў заскарузлым ад торфабрыкету пальцам у самую знаёмую — во гэта. Дзяўчо наліла з напарстак «Сталічнай», i тады Памазок, можа, упершыню схамянуўся — а ці туды ён едзе. Калі выпіць даюць — курам на сьмех!

У самалёце ён хутка заснуў лёгкім сном праўдзіўца, ня грэшніка, ведама ж нямала натузаўшыся ў дарозе. Прачнуўся, як падкацілі каляску з харчам, ды столькі, што ледзьве зьмясьцілася ўсё на маленькім адкідным століку. Тады зноў далі выпіць — паўшклянкі кіслага віна, якое ён не ўзлюбіў з часоў дружбы з братушкамі. А во ягонаму суседу — выгалястаму буржую ў стракатым пінжаку, налілі чагось, пэўна, мацнейшага, а пасьля і яшчэ дабавілі. Памазку таксама захацелася такога, але ён ня ведаў, як папытацца, i трываў. Хай, думаў, дацягну да Памазоніі, а ўжо там…

Самалёт ішоў над аблокамі, унізе, мяркуючы па ўсім, быў акіян, глядзець там не было на што, i ён зноў заснуў. А як прачнуўся, дык аж спалохаўся, што спозьніцца — усе паўскоквалі з месцаў, пачалі цягнуць свае валізкі, апратку, — мабыць, прыехалі. Па гучнай сувязі ў самалёце пра штось аб’яўлялі, але хіба зразумееш, пра што? I тады Памазок падумаў: ці знойдзецца хто ў Памазоніі, каб разумеў па-нашаму? Але наўрад. Калі ўжо ў Менску мала хто разумее, дык чаго чакаць у заморскай краіне. Гэта яго пачало турбаваць.

Поделиться с друзьями: