Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Чумак на гэта не сказаў нічога, толькі неяк апанурана знерухомеў і, як здалося, са шкадаваннем паглядзеў на мяне.
Зрэшты, магчыма, і з зайздрасцю — у поцемках гэта разгледзець было цяжка.
7
У Ваніна ішла работа — узвод акопваўся. Немцы на гэтым схіле вышыні папрацавалі найменш — траншэя атрымалася мелкая, да калена, і цяпер ванінцы, не зважаючы на ноч і слоту, дзяўблі яе ўсім узводам.
Камандзір таксама капаў — распрануты, у адной гімнасцёрцы, ён з нейкай запальчывай заўзятасцю размашыста кідаў рыдлёўкай, пахакваючы ў такт кожнаму кідку. Тут жа, у траншэі, адпачываючы, стаяў ягоны памкамузвода, ціхмяны сяржант Закіраў, ля якога на броўцы варушылася Пулька. Я спыніўся побач.
— Што, Васюкоў? — спытаў Ванін. — Памагаць прыйшоў?
Ведама, памагаты з мяне быў ніякі, і таму гэтае пытанне трохі збянтэжыла з самага пачатку. Трэба было неяк выказаць яму маю просьбу, але я не ведаў, як пачаць, і стаяў на брустверы.
— Глыбей капаеш — даўжэй жывеш, — памаўчаўшы, сказаў Ванін.
— Вам не пашэнціла, — зазначыў я. — У Піліпенкі дык гатовая траншэя.
— А ён заўжды на гатовае. Такі жмот, ого! — Ванін апусціў лапату. — Калі разабрацца, дык гэта ж яго ўчастак. На правым фланзе ягоны ж узвод ішоў. Ды як толькі ў траншэю ўскочыў, так і засеў. А мы немцаў вунь куды гналі…
— З вамі ж камандзір роты быў.
— Вось іменна. А з Піліпенкам — Грыневіч. Тым усё сказана, — намякнуў Ванін і выпрастаўся. — Во ўгрэўся! На, Закіраў, капай.
Памкамузвода ўзяў рыдлёўку, а Ванін скочыў на бруствер і, узіраючыся ў шэры ветраны прыцемак, нацягнуў на плечы ватоўку.
— А ты чаго ў тыл не ідзеш? Ананьеў жа сабе Зайцава ўзяў.
— Ну і хай, — сказаў я.
Размаўляць з ім аб гэтым мне не хацелася, і я маўкліва таптаўся на брустверы, чакаючы, што Ванін пачне ўгаворваць ісці лячыцца. Але ён раптам сказаў:
— А ўвогуле правільна. Пойдзеш — наўрад ці вернешся. А табе ж на медаль паслалі.
Зашпіліўшы партупеі, малодшы лейтэнант на кукішках прысеў побач і адной рукой палашчыў Пульку, якая радасна заварушылася на зямлі.
— Яны там не глядзяць, з якой часці, а пасылаюць, куды трэба. Я во да гэтай дывізіі ў гвардзейскай служыў. У разведцы. А са шпіталя аддзел кадраў сунуў сюды. Я ім даказваў — дзе там! I слухаць не хочуць. Дывізія на фарміроўцы, камандзіраў недакамплект, кадры патрэбны. Так што старайся далей санбата не ехаць.
— Як пастараешся!
Не адказаўшы, Ванін кінуў насцярожаны позірк уздоўж траншэі.
— Зноў там перакур. От сачок! Ну, я яму дам!
Ён імкліва ўскочыў і хутка пайшоў па брустверы, пакінуўшы мяне ля Закірава. За ім жа пабегла і Пулька.
Закіраў моўчкі ўзяўся капаць, ужо не зважаючы на мяне. Ён наогул быў маўчун і тугадум: размаўляць з ім кожны раз было пакутай.
Я пачакаў крыху, мяркуючы, што Ванін неўзабаве вернецца, але ён не вяртаўся, тады я памалу рушыў па брустверы і непадалёк ад Закірава зноў напаткаў яго. Малодшы лейтэнант шпарка ішоў насустрач і, яшчэ не дайшоўшы да памкамузвода, гукнуў:
— Закіраў, ты дзе Лукіна паставіў?
— У сваім аддзяленні быў.
— Ды няма яго там…
Заняты сваім клопатам, Ванін быццам і не заўважаў мяне — на хаду павярнуўся і хутка пакрочыў назад. Я ж спыніўся, не ведаючы, ісці за ім ці чакаць тут. Неяк няёмка было перабіваць яго турботныя справы сваёй дробязнай просьбай.
Двое аўтаматчыкаў у траншэі моўчкі і засяроджана калупалі ў цемры рыдлёўкамі. Выкапалі яны ўжо глыбакавата, ледзьве не ў рост, а ўсё яшчэ дзяўблі там у дне. Адзін з іх, што воддаль варушыўся ў змроку траншэі, заўважыў:
— Зараз ён дасць Лукіну.
— I правільна зробіць, — зморана хакаючы, пацвердзіў другі. — Хай не сачкуе…
Па голасе я пазнаў аднаго — гэта быў Гаркавы, самы стары аўтаматчык у роце, які служыў тут ці не ад самай нават Масквы.
— Што, здорава ганяе? — запытаў я і ступіў да чорнае шчыліны траншэі, з якой тырчалі іхнія галовы.
Яны абодва ўгледзеліся ў мяне, пасля Гаркавы сказаў:
— Ганяе, бо клапоціцца. Не тое, што іншы — абы крычаць. А наш і сам умека на што ні вазьмі.
— Як ён тады вартавога зняў! Ого! I не пікнуў, — дадаў другі голасам, у якім гучала захапленне.
На ветры было холадна, я прысеў на край траншэі і захінуўся каўняром, невядома чаго чакаючы. Правае вуха то быццам адыходзіла ад глухаты, то яго зноў затыкала; параненая рука нямела ад болю і сцюжы.
— Ванін хоць і малодшы лейтэнант, а смялейшы за якіх капітанаў, — налягаючы на рыдлёўку, казаў баец. — Яй-богу.
— Не ў званнях смеласць, — зазначыў Гаркавы.
— Так. Але і разумны. Розумам, мусіць, не ўступіць і камандзіру палка.
— Гэта Сырамятнікаву? Ну, зраўняў!
Такая іх катэгарычнасць у ацэнках мяне трохі здзівіла. Дапусцім, яны не перабольшвалі наконт Ваніна, але што яны ведалі пра камандзіра палка, тэтыя радавыя чырвонаармейцы, каб так меркаваць аб ім?
— Кіньце, — сказаў я. — Каб так казаць, трэба ведаць. Гаркавы далёка за бруствер шпурнуў рыдлёўку зямлі.
— Хе, ведаць! Я ў ягоным батальёне паўгода прапоўзаў. Ён жа да палка батальёнам камандаваў. Строгі — ага. Баяліся — гэта праўда. А — розуму…
— Адкуль гэта відаць?
— Салдату ўсё відаць.
— Аднак не надта, мусіць?
— Не надта? Можа, нават лепей, чым каму. Бо ён гэта самае крывёй сваёй спрабуе: які камандзір разумны, які — не.
Увогуле, пэўна, так, тут, можа, і не запярэчыш. Аднак я і маёр Сырамятнікаў займалі дужа рознае становішча ў палку, каб мне з упэўненасцю меркаваць аб яго якасцях. Што датычыць Ваніна, дык ён быў вядомы на ўсю дывізію, ніводзін чалавек у ёй не мог сказаць пра малодшага лейтэнанта кепскага слова.
Гаркавы здыхаўся трохі і зноў узяўся за рыдлёўку. Ягоны напарнік зазначыў:
— А ў нас і ротны нішто. Шумлівы, а ўвогуле някепскі мужык. Ваяваць можа.
— Талковы, ага, — пагадзіўся Гаркавы. — Ды не надта смелы. Не з немцамі. У баі ён — арол! З начальствам.
— Ну, гэта ўжо ерунда, — сказаў я і ўстаў, не таму, што насядзеўся, а проста прапала ахвота слухаць гэтага самадзейнага разумніка.
Пра каго другога ён яшчэ мог мяне пераконваць, толькі не пра Ананьева. Ва ўсякім разе, старшага лейтэнанта я ведаў лепш за яго.