Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Маці Ганна Рыгораўна паходзіла зь вёскі Завулак, якая апынулася па той бок мяжы, пад Польшчай. За мяжой застаўся і яе брат, той, што лавіў рыбу. Яна ўвесь час па ім гаравала, асабліва як агітатары распавядалі, што працоўныя ў Польшчы гібеюць без правоў і бяз хлеба. Для нас, дзяцей, гэта таксама была нейкая драма, спасьцігнутая ў надта раньнім узросьце. Я быў старэйшы. Праўда, была яшчэ старэйшая за мяне сястра Антуніна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў… Пасьля мяне нарадзілася сястра Валя, а ў 30-м годзе — брат Мікола (памёр у 2000-м). Ну, калі яшчэ казаць пра бацькоў… Бацька быў даволі строгі да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойваліся. Маці ж, наадварот, — дужа мяккая і жальлівая, я ніколі ня чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай і добрасьцю. І я лічу, што гэта кепска. Жыцьцё — усё ж бязьлітасная рэч, для яго яшчэ ў дзяцінстве патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоіў ад маці занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзіла — на вайне і пасьля вайны. Асабліва ў войску, дзе ў пашане пэўная зьвераватасьць характару.
Мабыць, варта яшчэ зазначыць, што вёска наша была ў якіх-небудзь двух кілямэтрах ад мяжы з Польшчай, і тая акалічнасьць накладвала свой адбітак на шмат што — побыт, палітыку, самаадчуваньне людзей.
Шмат рамантычнага па маладосьці, а таксама драматычнага зьвязанае ў мяне зь мяжой. У Кублічах побач са школай была памежная камэндатура, каля школьнага двара — канюшня і цір ці стрэльбішча, дзе памежнае начальства страляла з рэвальвераў. Па дарозе ў школу і са школы можна было бачыць памежнікаў, якія ўсё кудысь ехалі — конна, групамі, па два, зь вінтоўкамі і шашкамі, у прыгожых, скрыпучых сёдлах. Камандзіры жылі ў мястэчку, а іх жонкі-настаўніцы вучылі нас у школе. Памежнікі часам паказвалі кіно ў вёсках, былі як бы шэфы. На нейкае сьвята на местачковай плошчы наладжвалі джыгітоўку — на конях, шашкамі «секлі лазу». Усё тое было цікава. А ўлетку купалі коней на Камароўскім возеры, мы памагалі. Не абыходзілася, канешне, і без драматычных падзеяў. Памятаю, неяк узімку прымчалася начальства, усіх мужыкоў выгналі ў засады — пільнаваць парушальнікаў мяжы, і тыя дзень і ноч сядзелі ў кустоўі, каб падаць сігнал, калі заўважаць каго. У канцы 20-х — пачатку 30-х з Польшчы на гэты бок ішло нямала народу, у асноўным моладзі, пасьля вядомага разгрому кампартыі і камсамолу. Хлопцы ішлі вясёлыя, нават з гармонікамі, — як жа, вырваліся з-пад панскага гнёту ў новы сьвет. Мы бачылі, як іх ранкам вялі з заставаў у камэндатуру, і яны пасьміхаліся. А пасьля, як ужо мы ішлі са школы, іх на аўтамашынах везьлі далей, і рукі іх былі закладзеныя назад ці, можа, зьвязаныя, і яны не пасьміхаліся. Аднойчы на мяжы нехта забіў пагранічніка, і яго хавалі ўсім раёнам на кірмашовай плошчы ў Кублічах. Як цяпер разумею, забілі таго не абавязкова палякі ці парушальнікі, а зусім магчыма — свае ў мэтах правакацыі, як гэта яны здаўна рабілі. Усё тое афарбоўвала дзяцінства ў часам ненатуральныя, звыродлівыя колеры. Асабліва калі мець на ўвазе некаторыя наступныя падзеі…
Школа ў вёсцы арганізавалася на мяжы 30-х гадоў, сьпярша гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце. Хата тая і дасюль стаіць, пасьля вайны ў ёй жыў мой брат Мікола. А тады гаспадары проста перасяліліся ў трысьцен, а большы пакой аддалі пад школу. Там паставілі два даўгія сталы і сабралі чалавек пятнаццаць вясковай драбнаты. Настаўнікам быў Антон Васільевіч Аўласенка зь вёскі Дарошкавічы. Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым. Сталася так, што ўсе мае сябры былі старэйшыя за мяне і пайшлі ў школу раней, а мне толькі шэсьць год. Сяджу адзін дома, а ў школе штось адбываецца цікавае, і я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку і павёў да настаўніка. Пагаварыў зь ім, і Антон Васільевіч кажа: хай ходзіць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якім я хадзіў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацінку, уставіў туды пяро. I пачаў я вучыцца.
Відаць, да гэтага часу (а можа, трохі раней) адносіцца маё знаёмства з мастацкай літаратурай. Яшчэ чытаць ня ўмеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова («I плакала Рыва…»). А ў школе неяк прынёс настаўнік некалькі дзіцячых кніжак, пачаў раздаваць для чытаньня — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кніжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда: не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка. Абдзяліў лёс на першым этапе. У другую клясу пайшоў ужо ў іншую вёску — у Двор-Слабодку. Гэта трошкі далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзібе. Пад школу адвялі палову панскага дома з вэрандай, кафлянай грубкай і вялікімі вокнамі. Вучыў нас малады настаўнік Сьцяпан Рыгоравіч Троцкі, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пэнсіі, доўга працаваў у Браславе. Тады быў вясёлы, нязлы, мы яго любілі.
Ён вучыў, здаецца, адну зіму. Пасьля прыйшоў іншы — Сяргей Сьцяпанавіч Новікаў, паходжаньнем з нашае вёскі. Гэты ўжо быў супрацьлегласьць ранейшаму, — даволі строгі чалавек, парцеец, ён арганізоўваў калгасы ў нашай акрузе і загінуў у партызанах, у час знакамітага разгрому, названага пасьля «прарывам». У яго была свая, партыйная сістэма навучаньня: вельмі ён напіраў не на мову ці арыфмэтыку, а на грамадазнаўства, на гісторыю таксама. У пакоі, дзе мы вучыліся, было дзьве клясы — два шэрагі партаў. Калі ў адной клясе ішоў вусны ўрок, дык у іншай — пісьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю і сяджу, слухаю, пра што ідзе гаворка ў старэйшай клясе. Неяк сталася, што некалькі разоў, калі там ніхто ня мог адказаць на нейкае пытаньне настаўніка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднімаю руку, і Сяргей Сьцяпанавіч мяне выклікае, а пасьля сарамаціць старэйшых за тое, што яны ня ведаюць. Вось так я паактыўнічаў пару разоў, і настаўнік кажа: няма чаго табе там сядзець, перабірайся сюды. Так сярод зімы ён перавёў мяне ў чацьвертую клясу. Хаця тое мне не пайшло на карысьць. Бо скончыў я чатыры клясы ў дзесяць год, а што далей? Сярэдняя школа ў Кублічах, за тры кілямэтры, дык бацька і кажа: «Куды табе, малому, далёка хадзіць? Хадзі зноў у Слабодку». I пайшоў я зноў у чацьвертую клясу, абы вучыцца. Значыць, у трэцюю клясу хадзіў паўгода, а ў чацьвертую — два гады. Пасьля пайшоў у Кублічы, дзе была сярэдняя школа і куды хадзілі хлопцы і дзяўчаты з усяе акругі.
Калі замярзала балота, у школу хадзілі наўпрасткі — па алешніку, цераз пагорак і далей на балота. Там трэба было абысьці хамлачок алешніку з дрыгвяністай асакой, перабрацца цераз зарослую аерам рачулку і ўскараскацца на крутаваты схіл перад Кублічамі. Шлях быў цяжкі, але цікавы: на балоце трапляліся зайцы, можна было спугнуць курапатак у асацэ. Аднойчы ў зімовых прыцемках мне трапіўся воўк, нейкі час мы зь ім ішлі ў адным накірунку, я — па сьцежцы, а ён зводдаль па цаліку. Пасьля разышліся — кожны сваёй дарогай.
На балоце перад школай разьлеглася невялікае азярко, недаступнае ўлетку, затое дужа цікавае восеньню, як пакрыецца тонкім празрыстым лёдам. Там можна было пакоўзацца ўранку, дасьледаваць, што на неглыбокім тваністым дне. На дне дзе-нідзе, ледзьве варушачы плаўнікамі, драмалі язі ды шчупакі. Варта было прадзяўбсьці паціху невялічкую палонку і скіраваць на рыбіну зробленыя з тоўстага дроту восьці, як тая рабілася тваёй хвалюючай здабычай. Тым звычайна займаліся некаторыя старэйшыя хлопцы, малым дазвалялася хіба паназіраць зблізку.
Лета, лецечка, лецейка…
Лета чакалася, марылася, набліжалася ў думках-мроях. А яно марудзіла, вясна доўжылася. Вясна — таксама няблага, але ж — школа. Іспыты-экзамэны кожны год, за кожны клас. Ізноў жа — бясхлебіца, шчаўё ды крапіва. Траўнікі, ад якіх баліць у роце.
Ды во нарэшце школа ззаду, падручнікі — на паліцу. Лес ужо апрануўся ў лістоту, вакол зелена. Крыху кепска — бяз школы няма кніжак, чытаць няма чаго. Затое — воля і — возера. Наладжваем вуды. Кручкі здабылі загадзя, ёсьць пару з вушкамі, а то цяпер у крамах — толькі з пляскатымі канцамі. Тыя дрэнна трымаюцца ў валасянай, зьвязанай вузялкамі лесцы. Тую «леску» вяжам з валасоў, выдраных з хваста белай кабылы. На жаль, яна адна ў калгасе — белая. Брыгадзір сварыцца… Але брыгадзір увогуле добры, Антон Стрыжонак, і сварыцца ён нязлосна.
На рыбу я ўстаю на зары і — на возера. Вядома ж, Белякоўскае (так мы яго завем). Каб ня йсьці праз Саўчонкі, дзе нядобрыя рабяты (могуць пабіць), узьлязаю на гару ля Саўчонак-Гараняў, адтуль сьцежкай праз алешнік да возера. Чарвякі тут жа, у беразе. Настае вялікая пільніца — я і паплавок, нічога больш не існуе. Першая паклёўка, кругі па вадзе. Але паклёўка — яшчэ ня рыбіна. Рыба клюе вельмі ашчадна, баючыся ці што. Сонца ўскочваецца над лесам, прыгравае плечы ў кашулі, а ў мяне толькі дзьве платвічкі. Да абеду, можа, чатыры. Мяняю месца, хаджу сюды-туды па беразе. Месцаў, здатных для рыбалкі, тут, аднак жа, няшмат — усё трысьцёг, гарлачыкі. Бяда, калі адарвецца кручок. Бывае, што ён апошні.
Пад полудзень на бераг прыходзіць хто-небудзь з навакольных вёсак, мала знаёмы. Здаля чую размову: хто то вудзіць? — Ды гэта Ладзімераў малец. З Бычкоў… Значыць, ведаюць. Але я ня ведаю, добра гэта ці не. Можа, лепш, каб ня ведалі. Бо, кажуць, вудзіць рыбу ня можна. Лавіць можна толькі дзяржаўным рыбакам. Я ж — не дзяржаўны.
Намокшы моцна зьнізу, нарэшце вылязаю з вады, адкасваю мокрыя штаніны. Хочацца есьці. Улоў мой — пяток платвічак і адзін акунёк. Панясу маме, хай сасмажыць.
Ускараскваюся на гару пад Саўчонкі. Тут у крайняй хаце жыве мой аднаклясьнік Мішка Саўчанка. Але ён — нейкі чужы. Дружыць з іншымі хлопцамі.
Добра на возеры, але ж заўтра — на пасту. Падышла радоўка.
Паста — мой самы нялюбы абавязак.
Радоўка прыпадае кожнага тыдня. Вёска невялікая, кароў няшмат. Статак пасуць па два пастухі на дзень. Гэты абавязак дапякае штогод — ад вясны да позьняй восені. Праўда, у школьную пару — толькі пасьля заняткаў, а ўлетку — дзень цэлы. Ад зары да зары. Дужа не хацелася ўставаць рана, мама будзіла колькі разоў. Урэшце зьлязаў зь сена ў паветцы, сонны выганяў кароўку. Колькі памятаю, была ў нас Акулярка, рабая, чорна-белая кароўка з плямамі, бы акулярамі, на вачох. Яна карміла сям’ю гадоў дзесяць. Скончыла свой век у вайну, калі яе забралі партызаны — на ўласны пракорм.