Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Потым яшчэ было нямала такога ж, бязладнага і дурнога. Мы будавалі для маршала Будзённага камандны пункт, на якім Сямён Міхайлавіч ледзьве ня трапіў у палон. Адыходзілі на Стары і Новы Аскол… Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычніку, армію нарэшце вывелі пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, адны рэшткі.
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
Апынуліся на станцыі Гразі, там усчалася перафармоўка. I тут аказалася, што паводле тылавых законаў 23-і год нараджэньня прызываецца, а 24-ы — яшчэ не. I вось нас усіх, хто быў з 24-га года, сабралі разам. А трэба сказаць, што такіх набралася няшмат, бо ўкраінцы — ня дурні, яны далёка ад дому не адыходзілі, звычайна вярталіся. Ну а мне куды было вяртацца? Беларусь засталася за тысячу кілямэтраў, ня дойдзеш. I я змушаны быў цягнуцца з усімі. Дык сфармавалі з маіх аднагодкаў калёну, выдалі па тры буханкі хлеба і, як былі, у зашмальцаваных ватоўках, не зважаючы на зіму — у пілотках, выправілі ў тыл. Але зноў пад камандай падпалкоўнікаў [запасу] — каб не разьбегліся. Iшлі ў Саратаўскую вобласьць…
Харчаваліся зноў самапасам — хто чым знойдзе. Сяляне часам кармілі, усё ж то быў тыл, і шмат у каго мужчыны былі на фронце, людзі спачувалі вайскоўцам. Тым больш такім жаўтаротым, як мы. Хаця гледзячы дзе. На станцыях, дзе ўсё было абабрана, нічога нам не надаралася, а ў сёлах трохі перападала. Пакуль дайшлі да Саратаўшчыны, абнасіліся і абязножалі. Чаравікі мае сталі такія, што і парцянкі вылезьлі. А тут пачаліся халады. Цёплага ж на нас не было нічога. Памятаю, нейкая цётка дала мне вязаны шалік[,] і ўсё. Нарэшце дабрылі да станцыі Салтыкоўка, гэта ў самым канцы 41-га. Там нас разьмеркавалі па калгасах. Мы з адным хлопцам, Лёшкам Арловым (дарэчы, таксама ўшацкім) трапілі ў недалёкі калгас…
Сяло было вялікае (дзіўна, забыў яго назву), на поўдзень ад ст[анцыі] Салтыкоўка. Калгас, здаецца, меў назву «Камінтэрн». Мы зь Лёшкам Арловым жылі недалёка адзін ад аднаго, але спатыкаліся рэдка — тое ў нашых гаспадароў не было прынята. Я ўвесь дзень, зьезьдзіўшы зранку ў стэп і прывёзшы мерзлага будыльля, сядзеў дома. Рабіць не было чаго, чытаць таксама. Гаспадары амаль не размаўлялі між сабой (нявестка варагавала зь сьвякроўю), гаспадар быў на працы. Але была малая, гадоў шэсьць дзяўчынка, — мілае, прыхільнае стварэньне, якая не адыходзіла ад мяне цэлы дзень, патрабуючы што-небудзь распавядаць. Я распавёў ёй усе казкі, што ведаў, распавёў пра Беларусь зь яе лясамі, птушкамі і зьвярамі. Але таго было мала. Тады, неяк дастаўшы ў суседзяў таўсты том акадэміка Тарле — пра Напалеона, пачаў ёй чытаць. Наўзьдзіў, яна слухала, і мне была палёгка.
Там мы праседзелі ў калгасьнікаў амаль усю зіму 1942 году. Калгас выдзяляў проса — па кіляграму на тыдзень. Гэтае проса трэба было абадраць на цёрцы, атрымаць пшано. У сям’і, дзе я жыў, былі гаспадар-камбайнёр, які меў бронь, гаспадыня, малая дзяўчынка і бабка. Бабуля гэтая, сьветлая ёй памяць, і варыла мне кашу. Сям’я, натуральна, харчавалася асобна, а я — пшоннаю кашай, што па тым часе зусім няблага. У нас да вайны пшано было далікатэсам. Памятаю, у Віцебску талерачка такой кашы з чайнай лыжачкай масла зьверху каштавала 60 капеек. Тут масла не было… Увогуле было галаднавата, заўсёды хацелася есьці… Малады ж быў.
Трудная была тая зіма, сьцюдзёная, а галоўнае — даймала адзінота, адарванасьць ад звыклых мясьцінаў, ад радзімы, што апынуліся пад акупацыяй. Лёшка жыў цераз дарогу ў суседзяў, і нашаю зь ім задачай было забясьпечыць гаспадароў палівам. Палівам служыла будыльлё сланечніку, што застаўся пад сьнегам у стэпе. Для таго мелася пара гаспадарскіх буркаў на двух. I вось часьцяком (разы дватры на тыдні) едзеш з санкамі ў стэп, пералазіш яр і наломваеш там мёрзлага будыльля, вязеш яго ў сяло. Зь цяжкім возам перабрацца цераз крутыя схілы было няпроста, добра нарвеш кішкі. А як вылезеш мокры ад поту, успомніш свой роў ля роднае вёскі, паглядзіш на чырвоны марозны захад, дзе далёка-далёка засталася радзімая старонка, і ўжо не стрымаеш сьлёз. Тым болей, што вакол расхінуўся марозны стэп, ніхто тут цябе ня бачыць, можна не саромецца. Адзінота, закінутасьць, адчуваньне поўнага сіроцтва — балючыя самотныя пачуцьці, якіх да таго перажываць не даводзілася. Першы, але не апошні раз было тое…
Не сказаць, што да нас там адносіліся кепска, — як і да ўсіх. Але на нейкім часе стала нам нязмогла, і мы з Лёшкам вырашылі рушыць на захад. Беларусь была пад акупацыяй, але ж там былі партызаны. Зноў жа фронт, жахі якога памалу сталі забывацца, і нам захацелася туды. Аднойчы і рванулі. Ды недалёка. Наіўных уцекачоў на захад затрымалі на першым жа чыгуначным мосьце, вярнулі ў раённы НКВД у Рцішчаве. Там зноў пачалося тое, што некалі са мной у Белгарадзе. Дапытвалі, хто нас паслаў на мост і зь якім заданьнем? Тое, што мы прабіраліся на захад, у бок фронту, выклікала ў начальнікаў недавер, нават абурэньне. I м трэба было пераканаць нас і сябе, што мы ішлі ў тыл і зь нейкаю мэтай. Зь якой?
Выбавіў нас адтуль выпадак іншага кшталту. Уначы прывялі нейкага крымінальнага вепрука, які тут жа, у пакоі дзяжурнага, усчаў бойку. Быў надта дужы, паперакуліў усю мэблю, пачаў душыць начальніка, і да яго кінуліся ўсе міліцыянты, якія там былі. А мы зь Лёшкам тым часам ціхенька высьлізнулі празь дзьверы. Зноў вярнуліся ў калгас, да ранейшых гаспадароў, якім штось ня дужа складна схлусілі. Ня ведаю, ці паверылі.
10. Аткарск. Саратаў
Дажылі там да вясны, а затым, здаецца, у красавіку, у калгас прыйшла разнарадка на моладзь — зноў у ФЗО. Вядома ж, мясцовым сваіх шкада, прызначылі нас, а нам толькі таго і трэба. I вось мы зь Лёшкам зноў апынуліся ў ФЗО, на гэты раз недалёка, у Аткарску… Дарэчы, нялішне зазначыць, што шмат каму зь перадпрызыўнай моладзі тыя ФЗО-ФЗН далі часовы, але неабходны хлеб і прытулак, сталіся, так бы мовіць, прафэсыйнай акадэміяй, нярэдка апошняй у іхнім кароткім жыцьці. Бо хутка затым — прызыў, фронт і канец усяму. Толькі і ўспамінаў з цывільнага жыцьця — невялічкая групка аднагодкаў, самотных фэзэушнікаў…
У Аткарску была чыгуначная школа, вучыўся там на пуцейца: рамонт пуці, падбіўка шпалаў, разводка… I гэта першую палову лета 42-га году. Надта сьпякотнага, дарэчы, здаецца, у нас такой гарачыні не бывала. Было трудна, мазалі на далонях ад кувалды і рыдлёўкі. Затое кармілі, што тады было важна.
У Аткарску, школе чыгуначнікаў, тое сьпякотнае лета міналася на чыгунцы, у працы, да якой дабіраліся пехатой, па шпалах. Часам заходзілі кілямэтраў за дзесяць, адтуль — на абед, і зьвечара дадому. Ля ракі Мядзьведзіцы пад кустамі чуўся піск марзянкі — то трэніраваліся дзяўчатысувязісткі. Ля іх праходжваліся іхнія настаўнікі — афіцэры. У жніўні ў войска мяне праводзіла адна маладая жанчынка, што рабіла ў школе. Яна дужа шкадавала мяне. Казала, толькі вясной праводзіла брата, гэткага, як я, і ўжо празь месяц атрымала «пахаронку» — з-пад Сталінграду. У мяне не было хатняга адрасу, дык яна сказала, каб я запісаў яе адрас у Аткарску. Я абяцаў… Але пасьля падумаў: нашто? Мала ёй братавай «пахаронкі»?
Ну а ў жніўні 42-га прызыў хлопцаў 1924 году нараджэньня, і адразу — у запасны полк пад Тацішчавам.
Запасны полк у Тацішчаве нагадваў мурашнік і быў увесь у зямлі. Тысячы салдатаў жылі ў зямлянках, вучыліся побач у полі. Дысцыпліна была жалезная, камандзіры — яшчэ цімашэнкаўска-варашылаўскай школы — ад сяржантаў да палкоўнікаў. Муштравалі звычайна строем: шагістыка, поўзаньне, акопваньне. І пастаянныя пераклічкі, праверкі, — каб не дэзэрціравалі. Але было і зьнікалі — учора быў, а сёньня няма. І ніхто ня ведае, куды дзеўся.
Вінтовак нам там не давалі, былі толькі вучэбныя, якія мы вучыліся разьбіраць і зьбіраць. Скардзіцца на ўмовы забаранялася, на самадурства камандзіраў таксама. Палітрукі сачылі за дысцыплінай і рабілі палітінфармацыі аб становішчы на франтох. Асабліва на Доне, дзе фронт ужо быў прарваны, і немцы перлі на Сталінград.
Там шмат было мясцовых, землякоў, саратаўскіх. Толькі мы зь Лёшкам пачуваліся чужымі. Але хутка нас разлучылі: мяне — у Саратаў, Лёшку — у Вольск. Больш я яго ня бачыў. І нічога пра яго ня чуў. Па ўсёй верагоднасьці, прычына таму — усё Сталінград. У Саратаве я затрымаўся, а Лёшка ў Вольску — наўрад.
Тое паселішча вядомае шмат каму зь ветэранаў, многія там спасьцігалі сваю першую вайсковую навуку, якую памятаць будуць доўга. Той полк дзейнічаў, відаць, ці не да канца вайны — рыхтаваў кадры, салдацкія і сяржанцкія, — для перамогі.
Праўда, мне давялося прабыць там нядоўга, на пачатку верасьня мяне накіравалі ў Саратаўскае пяхотнае вучылішча.
Пачаліся вучэбныя будні. Ужо там дасталося, як не даставалася нідзе і ніколі. Кожны дзень па 10 гадзін заняткаў — рэдка ў клясах, болей на пляцы і ў полі, — у сьпёку, дождж і мароз, у нашых клясычных, на «рыбіным мяху» шыняльках. Апроч таго, абаронная праца пад горадам — немцы падышлі ўжо да Саратава і бамбавалі яго кожную ноч. У асноўным цалялі ў камбайнавы завод, які на той час рабіў самалёты, і ў нафтаперагонныя крэкінгі. Нас на ноч кідалі на дзяжурства — ліквідоўваць пажары, як загарыцца завод, бо выпуск прадукцыі працягваўся і пад бомбамі. Гэта выглядала так: як толькі сьцямнее, аб’яўляецца трывога. Паяўляюцца самалёты, вешаюць у небе свае асьвятляльныя бомбы САБы. На зямлі ад іх — бы ад сонца, а ў небе не відаць нічога. I пачынаюць сыпаць бомбы. Усё вакол хадуном ходзіць. Нам дык яшчэ трываць можна, мы сядзім у шчылінах, калі загарыцца, тушым, выкочваем на двор самалёты. Хаця былі і ў нас ахвяры. Але гэта нішто ў параўнаньні з тым, як даставалася нашым курсантам на крэкінгах зь іх вялізнымі ёмкасьцямі нафты. Там усё палыхае, не сьціхаючы ні ўдзень, ні ўначы. I хлопцы гараць, няма чаго і хаваць. Цэлыя аддзяленьні, узводы не вярталіся з гэтага мора агню. I так амаль да зімы. Зімой тое спынілася, як немцаў акружылі пад Сталінградам.