Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Пасьвіць жывёлу не было дзе — уся зямля была занятая пад культуры. Заставаліся парасьнікі, раўкі, пералескі. Трэба было бегаць і бегаць, каб не разбрыліся каровы. Трохі лягчэй рабілася, як пачыналі жаць-касіць — тады на пожнях і ржэўніку. Ногі былі ўсе паколатыя, балючыя. Раніцой (пад восень асабліва) дапякалі росы — сьцюдзёныя, золкія. Ад іх лыткі браліся болькамі. Доўга не гаіліся.
Улетку ганялі жывёлу на паўдзён. Тое давала гадзіны тры перадыху ад палявой гарачыні. А пасьля зноў — у поле, да захаду сонца.
Бацькі ў той час — абодва на полі. Касьба, сушка, звозка сена. Затым — жаць. Бабы ў белых хусьцінках скрозь па полі. Снапы ставілі ў бабкі, так дасыхала збожжа. Звозіць сена даручалі старэйшым хлопцам — тое было цікава. Асабліва сядзець высока і пазіраць адтуль на абшары. Але ж дарогі… Аднойчы і я пакіраваў канём з брыкай. Ды на павароце з дарогі ў вуліцу крута падвярнуў брыку і абярнуўся. Дужа спалохаўся. Брыгадзір, аднак, ня лаяўся. Толькі болей мне таго не даручаў.
Улетку пасьля пятай клясы пасьвіў коні. Пасьвілі ўдвох зь Ільлюком, маім стрыечным братам, — мы ўдзень, а ягоны бацька, мой дзядзька Сьцёпка, уначы. Зноў рана ўставаць і ісьці куды ў дальняе поле — за Гаі ці ў Мамоны, дзе ўночы пасьвіліся калгасныя коні. Коні, вядома, не каровы, спутаныя і спакайнейшыя, але таксама кожны з норавам. Разбрыдуцца — пашукаеш. А то ўлезуць у пасевы, зробяць патраву. Патрава — то найгорш, брыгадзір пагражае аформіць штраф і спагнаць з бацькі. Але ўдзень, як прыгрэе сонца, можна пасядзець у цяньку і пачытаць кніжку. На полудзень па чарзе зь Ільлюком езьдзім конна — на якім-небудзь маладым каньку. Раніцай коней разьбіраюць калгасьнікі — у плуг, барану, у калёсы і брыкі. Коні худыя, на кепскай пашы за ноч не напасьвіліся, мужчыны кураць і лаюцца. Дзядзька Сьцёпка лае мяне, што спазьніўся на зьмену. Але пакуль я знайшоў яго ў парасьніках, сонца паднялося высакавата…
Пасьля сёмаё клясы пільнаваў сад у Астроўшчыне.
Астроўшчына — шляхецкі фальварак, вёсачка ў шэсьць двароў. (Пасьля іх зьвезьлі ў Бычкі, ліквідавалі Астроўшчыну.) Але тут вялікі стары сад — грушы, яблыні, вішні. Мне далі ружжо без патронаў, і я хаджу вакол і па садзе, пільную. Вакол ціха, нікога няма, тады я сядаю ва ўтульнае месца пад клёнам, дзе пасьля збудаваў шалаш, і — чытаю. Памятаю, тою парой чытаць цікавага не было чаго — чытаў Салтыкова-Шчадрына. Але тое нецікава. Упоўдзень, як калгасьнікі ішлі на полудзень, хто-ніхто зь іх забягаў у сад. Мой абавязак быў — ня даць ірваць яблыкі. А як не дасі? Казаў: «Ня рві, дзядзька, а то падам сьпіс у кантору». А той адказваў: «Ну калі падасі, дык і нарву. Тады ўжо ўсё роўна». І рваў. Так што ўсё адно — ці падасі сьпіс, ці не, усё роўна нарве. А некаторыя яшчэ абяцалі спусьціць штаны ды [неразборліва] крапівой. Прыкрая была справа — вартаваць сад. Ледзьве дабыў да канца лета.
У нас у вёсцы таксама быў сад. Садок, як звычайна яго называлі. Садок я любіў — зь вясны, як ён быў у квецені, да восені, як пасьпявалі яблыкі. І асабліва грушы — вялікія фунтоўкі і спасаўкі. Спасаўкі высьпявалі да Спаса. Яшчэ да таго часу я зь зямлі прыкмячаў, каторая дзе па сонцы сьпела найперш, і ў зручны час узьлязаў на дрэва. Смачныя былі грушкі. Зь яблыкаў смачны быў апорт — адно яго дрэва, але апорты ды іншыя сьпелі позна. Самай, аднак, позьнясьпелай расла ў кутку садка адна дзікая яблынька. Казалі, некалі гэты дзічок пасадзіў дзед, меўся прышчапіць лепшую, ды сьмерць не дала, застаўся дзічок, заўжды абсыпаны дробненькімі дужа кіслымі яблычкамі. Іх мы зьбіралі ўвосень і ссыпалі на гору ў падстрэшша. Яны там мерзьлі, але ўзімку давалі сок, які з содай пілі — нейкі дзівосны пеністы напой, што любіла мама. Тая яблынька, здаецца, і цяпер стаіць адна ў былым садку — старая, скручаная, зьнявечаная часам. Але яшчэ нешта родзіць — крыху знаёмых маленькіх яблычкаў. Іншых дрэўцаў ужо даўно няма.
Без гаспадароў сад нядоўга жыве.
Неяк зімой у школьную пару я захварэў.
Вядома ж — прастуда. Ногі заўсёды мокрыя ў худых чаравіках, на плячах — сьвітка ды сарочка, пакуль дабяжыш да Кубліч, акалееш добра. А і ў школе халаднавата. Дужа кашляў, асабліва ўначы. Бацька лаяў: я ж казаў, ня бегай, сядзі лепш дома, дык трэба табе на лёд, у сьнежкі, з мальцамі. Цяпер во кашляй!
Як ужо добра зьлёг, з тыдзень не паднімаўся, бацька прывёз з Кубліч фельчара Дашкевіча. Той паслухаў грудзі праз трубку, сказаў ляжаць, на двор не хадзіць. Выпісаў мікстуру ад кашлю. Так я праляжаў, мабыць, зь месяц. Бы нічога не балела, але кашаль біў няшчадна, у грудзёх хрыпела. І нічога не хацелася есьці. Якраз выдалася нішчымная пара, запусьцілася карова. Ні малака, ні мяса. Адна бульба і капуста. Памятаю, бацька з маці раніцой гавораць: мусіць трэба зарэзаць авечку, бо Васька не паправіцца, нічога ня ёсьць… А я аж спалохаўся, бо любіў тую авечачку (было іх усяго дзьве). Кажу: ня трэба рэзаць, я папраўлюся.
Авечку не зарэзалі, але Васька папраўляўся дужа паволі, ледзь-ледзь. Мама плакала, яна ўжо пахавала гады тры таму старэйшую дачку, Антаніну, што памерла таксама праз прастуду. Памятаю, ляжала 16-гадовая дзяўчынка на стале ў вянчальным строі (што маці некалі ўбіралася на вянчаньне), і мяне дужа дзівіла тое ўбраньне. Усе плакалі. А я ня плакаў — быў малы і не разумеў, што такое сьмерць.
Вялікае сьвята здаралася ў школе, калі раптам абвяшчалі, што пасьля трэцяга ўроку будзе кіно. На жаль, тое выдаралася рэдка, можа, раз у чвэрць, і разам для ўсёй школы. Бы мурашнік, вясёлыя і дурасьлівыя, мы высыпалі на двор, дзе строіліся ў калону і з настаўнікамі, радасныя і ажыўленыя, кіравалі ў ДСК (Дом сац[ыялістычнай] культуры). Ужо ўсе ведалі, якое будзе кіно (пра вайну пераважна), рассаджваліся на лаўках і чакалі, калі выключыцца сьвятло і застрыкоча апарат. Пачатак фільму зачароўваў, усе заміралі, хапаючы зрокам тытры. У нямых фільмах гэтых тытраў было шмат. Трэба было пасьпяваць іх чытаць і глядзець за падзеяй. Фільмы ўсе падабаліся, тады не выпадала «кепскіх» фільмаў. Ідучы дахаты, абмяркоўвалі, спрачаліся. Уночы некаторыя моманты сьніліся — кіно працягвалася.
Тады, як я хварэў, якраз паказвалі «Чапаеў», і я яго прапусьціў. Шкадаваў шмат год, то была найбольшая, можа, крыўда школьных гадоў. Але хто вінаваты? Такі выдарыўся лёс.
Часам, хоць і рэдка (мабыць, яшчэ да калгасаў), кіно прывозілі і ў вёску. Між вокнаў нацягвалі белую палатніну, прыносілі лаўкі. Між імі ў парозе ставілі апарат з двума коламі, да лаўкі прыладжвалі дынаму, якую па чарзе круцілі маладыя мальцы. Малышня ўпокат клалася пад экранам і ўпівалася ў яго позіркамі. Стужка нярэдка рвалася, кінамэханікі там поркаліся, абразалі, клеілі. Абрэзкі кідалі на падлогу, і дзятва іх хапала. Пасьля мы разглядвалі іх на сьвятло, тое было ня менш цікава, чым увесь фільм цалкам.
Позьняй восеньню зь пятай клясы езьдзілі ў Вушачу на зьлёт ударнікаў. Ехалі ўтрох з настаўнікам Жырковым на фурманцы. Было сьцюдзёна (ці не з таго і захварэў), добра прамёрз. Настаўнік з жалем глядзеў на мяне і суцяшаў: я таксама некалі ехаў у горад во ў такой рудой сьвітцы… У Вушачы нас прэміявалі[: ] Сьвярдлова Мэера — фотаапаратам, а нас зь яшчэ адным вучнем — каляровымі алоўкамі ў прыгожым пэнале.
То было маё першае падарожжа за межы вёскі і Кубліцкай школы.
Другое сталася ўлетку, як ехаў у піянэрлягер у Стайкі. Стайкі былі пад Леплем, лягер — у вясковай школе. Мне сказалі яшчэ вясной, што паеду туды, і я чакаў месяц ці болей. Урэшце сабралі ў Кублічах вучняў шэсьць, у тым ліку мяне і знаёмага ўжо вучня з старэйшай клясы Мэера Сьвярдлова. Да Вушачы везьлі фурманкай, а адтуль да Лепля — грузавіком. Дарога дужа прыгожая — лес, азёры, і вецярок у твар. Тое ўражвала.
Лягер ня надта спадабаўся — арганізаванасьць, лінейкі, фіззарадкі. Чытаць было што, але на тое не было часу — скрозь мерапрыемствы. Затое кармілі добра. Пасьля вясковай галадоўкі мы ўсе елі кашу з хлебам, над чым пасьміхаліся «гарадзкія», і мне было сорамна. Чамусьці ня памятаю вялікай радасьці ад таго лягеру, якога я так чакаў. Хіба дарога туды. Якая была назад — не запомнілася.
Вялікі клопат для бацькоў (дый для нас) была апратка і абутак. Асабліва апошні. Зімой, бывала, на золку сплю і чую, як бацька калупаецца над маімі башмакамі — зашывае, падбівае — рамантуе. Калі зусім не было як рамантаваць, ягоны сын надзяваў калодкі або апоркі, што надта сарамаціла яго. Але інакш не выпадала. Тое ж і з вопраткай. Новую кашулю ці штаны пашыць не было з чаго — у крамах не прадавалася, а свайго (зрэбнага) наткаць было немагчыма — лён увесь забірала дзяржава. Памятаю, аднойчы пад восень мама пашыла мне новую сарочку зь дзьвюх белых (у кропачку) жаночых хусьцін з абрэзанымі шлячкамі. Але ў адным месцы шлячок вылез і стаўся для мяне сарамлівай пакутай.
У сёмай клясе маці справіла мне пінжак, які пашыла яе сяброўка ў Кублічах Рыва (Рывітка). Для таго трэба было астрыгчы авечак, расчасаць воўну (часалі ў Кублічах мы з мамай). Я круціў часальную машыну. Пасьля мама прала, а затым фарбавала ніткі і ткала — кросны былі здаўна, толькі стаялі бяз справы пад сьцяной. У тым пінжаку я хадзіў два гады ў школу, фатаграфаваўся на пашпарт. І зьняў толькі, як той прадраўся — на локцях пераважна.
Прынялі ў піянэры, выдалі чырвоныя гальштукі з прыгожымі мэталічнымі зашпількамі, якія нам дужа падабаліся. Болей за гальштукі. Але бабы ў вёсцы сьмяяліся, а некаторыя і лаяліся, казалі: бязбожнікі. Дык мы да Кубліч гальштукі хавалі ў кішанях, зашпільваючы на паваротцы да школы. Пасьля заняткаў там жа зьнімалі.
У Кублічах, як у кожным беларускім мястэчку, тады было шмат яўрэйскіх дзяцей, зь якімі мы разам і вучыліся, і сябравалі. У нашай клясе палова вучняў былі яўрэйскія рабяты. Я сябраваў з братамі Сьвярдловымі — Мэерам і Лейбам. Мэер быў старэйшы, ішоў на дзьве клясы наперадзе, а зь Лейбам мы хадзілі ў адну клясу. Загінуў мой Лейба-Лёва ў [19]41-м годзе, расстраляны разам з усімі кубліцкімі яўрэямі ў Вушачы, а Мэер жыў у Маскве, працаваў на нейкай паштовай скрынцы. Неяк прыязджаў у Менск, і мы разам езьдзілі ў мястэчка нашага маленства, дзе не засталося і сьледу ад хаты Сьвярдловых. Ды і наогул мала што засталося ад Кублічаў — усё пабамбілі, папалілі, панішчылі ў вайну… А колісь гэта было слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах XVI стагодзьдзя, з праваслаўнай царквой (былой уніяцкай), у якой мяне хрысьцілі і дзе я пазнаў першае прычасьце. У Кублічах нарадзіўся Вярыга-Дарэўскі, вядомы літаратар, удзельнік паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Была таксама сінагога, школа і нават пажарня побач з царквой, аптэка, кузьня. Галоўнае месца, аднак, ля кірмашовай плошчы займаў чырвоны цагляны будынак межавой камендатуры. Сьпярша ён проста прымыкаў да плошчы, затым яго абгарадзілі высокім дашчатым плотам з колам на рагу — у выглядзе турэлі, да якой прыладзілі ручны кулямёт. У 30-я гады пабудавалі новую, неблагую школу, але садралі крыжы з царкоўных купалоў, каб тыя нельга было згледзець з-за мяжы, бо ж — арыенціры для «міравой буржуазіі», якая толькі і цікуе, каб разбурыць Кублічы. Але бурыць іх пачалі самі. Усё царкоўнае майно сканфіскавалі або проста расьцягалі ваяўнічыя атэісты, якімі абавязаны былі быць усе піянэры, камсамольцы, бальшавікі, настаўнікі і актывісты. I мы[,] піянэры-актывісты, цягалі з царквы і дралі старажытныя фаліянты, клеілі з царкоўных рукапісных пэргамэнтаў папяровых зьмеяў, якія запускалі ў ветраныя дні. З царкоўных жа рызаў раённы быткамбінат пашыў цюбіцейкі, у якіх шмат гадоў хадзілі ўлетку нашыя хлопцы. У першы год вайны ўсё яўрэйскае насельніцтва акупанты выгналі ў Вушачу і расстралялі ля могілак. Перад вызваленьнем Кублічы былі ўшчэнт разбамбаваны і спалены. Цяпер гэта захудалая вёска зь некалькімі сілікатнымі будынінамі на пачатку.