ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

«На істопцы». Ну гэтыя: «Иваноў, давай туда!» А я… Ну чаму я гэтак сказаў? Мабыць, з непрыязьні. У мяне папыталіся, ну я і сказаў, маючы на ўвазе тую замаскаваную дзірку ў столі. I праўда, гэты Iваноў уваліўся туды, пачаў лаяцца. А я ўцёк у роў. Пасьля бацька лаяў мяне: «Ну дзе ты бачыў там лён? Лён у нас у другім месцы схаваны, век ня знойдуць…» Так, лён. Але ж трэба было яшчэ здаць і збожжа. Каб збожжа не малолі на муку, а везьлі на млын, дзе яго маглі спалавініць, зрэквізаваць, а то і проста абрабаваць. Але ж у сялян былі свае млыны — жорны. Амаль у кожнага стаялі ў сенцах ці ў варыўні-істопцы гэтыя несамавітыя прылады з двух плоскіх камянёў. Ды і што там было куды везьці, якіх пару мяшкоў жыта. Бацька малоў сам. Дык вось аднойчы прыйшлі гэтыя камбедаўцы, сельсавецкія актывісты, і зьнялі верхні камень. На рагу з падмурку вытыркаўся вялікі валун, дык яны кокнулі аб яго жорнавам і разьбілі на тры кавалкі. Ну і вось жывём са збожжам, але бяз хлеба. А гэтыя ходзяць, рэгулярна правяраюць, ці ляжаць у крапіве аскялёпкі. Тады бацька ўначы неяк узяў іх і змацаваў у адно драўляным абручом. Набіў, падраўняў і паціху малоў. Ноччу зьмеле, а потым абруч зьніме і зноў гэтыя камяні — у крапіву, бы і не чапаў.

А пасьля, ужо за калгасам, ніякага збожжа не было, ня сталі патрэбны і жорны. Настала поўная галеча. Зь вясны галадуха, есьці няма чаго. Чакаем бульбы. А бульба… Гэта цяпер скарасьпелка ды іншыя гатункі, дзякуючы інстытуту бульбаводства. А тады была бульба толькі аднаго гатунку, які высьпяваў аж пад восень. А так усё лета напаўгалодныя.

Першая бульбачка.

Добра нагаладаўшыся за лета (бясхлебіца і бязбульбіца), дачакаліся нарэшце пары, калі падрасла бульбачка.

Тое было пасьля Спаса, але яшчэ да школы. Мама даўно ўжо прыгледзела баразёнку каля раўка, дзе бульбачка павінна быць найлепшая. Калівы тое падказалі, а вока ў мамы на гэты конт было беспамылковае. Мама ўзяла кошык, а я рыдлёўку. І праўда, першае ж каліва выцягнула на карэньні колькі ня дужа яшчэ вялікіх, але спрытнейшых чырванаватых бульбінаў, якія мама ашчадна паклала ў стары, прадраны кошык. Я капануў колькі разоў рыхлую зямлю, пасьля рукамі добра пашарыў у ёй і знайшоў яшчэ зь пяток бульбінаў. Тое ж зрабілі з суседнім кусьцікам. Праўда, пад ім было менш, я хацеў капануць і яшчэ колькі кустоў, але мама запрацівілася — кажа, хай яшчэ падрастуць. Нам, можа, хопіць.

Прынесьлі кошык на падворак, сястра Валя адразу ўзялася скабліць бульбачку — ашчадна, каб не саскрэбсьці лішняе. Шасьцігадовы Міколка заклапаціўся пра цяпельца, каб было хворасту і колькі палак дроў. Цяпельца ладзілі ў мураве каля вуліцы, дзе было чысьцей, чым у глыбіні падворку ля хлеўчука. Для таго паклалі тры пляскатыя камяні і разам з братам разьдзьмулі агеньчык. Мама хутка паставіла чыгунок, ня самы вялікі — меншы, даверху накладзены невялічкай яшчэ, ружаватай, з вочкамі бульбачкай. Зьверху прыкрыла накрыўкай. Варыся, бульбачка.

Мы сядзелі па-над цяпельцам, якое дыміла, Валя ўсё круцілася, адварочвалася ад дыму. А Міколка падкладваў і папраўляў палкі. Аднаго разу ледзьве не перакуліў чыгунок, і мама спалохалася — не чапай, дай я. Мы чакалі, калі закіпіць.

Але во і закіпела, кіпень трохі зьбег церазь бераг чыгунка, засіпеў на вугольлі. Цяпер трэба было падкладваць менш. «Ужо зварылася?» — нецярпліва пытаўся Міколка. Мама сказала, што сьвежая бульбачка варыцца доўга, тое ж — ня ў печы. Так яна варылася, і праўда, даўгавата, але мама не сьпяшалася адцэджваць — яна чакала бацьку. Бацька з мужчынамі быў у полі, павінен быў неўзабаве прыйсьці, і мы рыхтавалі яму вячэру. Мама ўжо прынесла гарлачык кіслага малака, ну а хлеба… Хлеба няма. Будзе сьвежая бульбачка замест хлеба. — Татуля ідзе! — радасна паведаміла Валя. І праўда, зза рога хаты на падворак стомленай хадой увайшоў бацька. Згледзеўшы цяпельца і сваю сямейку вакол, сумна ўсьміхнуўся. — Во, ужо і бульбачка! Дык памыю рукі.

Дужа не цярпелася хутчэй пакаштаваць сьвежай, з дымам, цьвердаватай, даўно чаканай бульбачкі. — Ну цяпер не памрэм, — казаў бацька, прысаджваючыся на ўслончык. — Калі дажыліся да бульбачкі…

І цяжка, самотна ўздыхаў.

Канешне, ратавала малако, але ж моладзі і мужчынам хацелася хлеба. Апроч таго, вечныя праблемы з вопраткай і абуткам. Па гразі, па сьнезе кожны дзень за тры кілямэтры ў школу. Тры туды, тры назад. У крамах жа нічога ня купіш, ды й за што купіць? Памятаю, калі ў сяльпо прывязуць мануфактуру, дык за ёй душыліся чорт ведае як. Газы давалі па літру ці паўлітры на месяц і толькі па пайскіх кніжках. Прыйдзеш зімой са школы, у хаце цёмна, перад печчу — лучына, так вось трэба рыхтаваць урокі. Праўда, сярод гэтай нэндзы часам выпадалі сьветлыя моманты. Неяк увосень кліча мяне дырэктар, паглядзеў на мае растаптаныя ў гразі башмакі і кажа: «Ідзі ў сельмаг, памерай гамашы. Скажы: дырэктар прыслаў». Пайшоў я, памераў, а пасьля дырэктар мне іх купіў. Усё ж я быў выдатнік, і, мабыць, тое штось значыла. Ужо я бярог-ашчаджаў тыя гамашкі…

5. Хапун. Бобрык

Якраз тою парой бацька ўзяўся будаваць новую хату, старая згніла, жыць у ёй стала немагчыма. Узімку хадзіў у сельсавет, каб дазволілі сьпілаваць колькі хвояў, затым іх трэба было вывезьці. Ужо цёплай парой закладваў падмурак, пасьля ладзіў зруб. I ўсё сам, адзін, не пакідаючы палявой працы ў калгасе. Прыйдзе, бывала, на полудзень і хуценька на зруб — сякерай цюк, цюк… Так да восені. Увосень перабраліся ў новую, яшчэ недаробленую, без падлогі хату. Хораша пахлі сьцены, але не было печы. Печ стаўлялі ўжо ў зазімак. Намерзьліся добра…

Маімі вясковымі сябрамі былі хлопцы, пераважна старэйшыя за мяне, апроч хіба Васіля Паршонка, на год ці на два маладзейшага. Вядома ж, усе яны былі адметныя ўласным характарам: некаторыя добрыя і таварыскія, іншыя — ня надта. Валодзя Галавач, хоць і старэйшы за мяне на тры гады, паводзіў сябе як роўны, ладна таварышаваў, памагаючы, калі ў чым была патрэба. Toe і ня дзіва — у яго была маці вельмі добрая жанчына, апекавалася маёй маці, калі тая засталася адна, бяз мужа. Валодзя памагаў мне сячы дровы, як бацька ляжаў з тыфам у Вушачы. Добры хлопец быў сын рэпрэсаванага — Коля, мой сусед (жыў цераз адну хату), які пасьля вайны на радзіму не вярнуўся, атабарыўся ў Латвіі. Меней мы сябравалі зь ягоным братам Мішам Зьмітраковым, казалі тады: задаецца. Пасьля вайны ён быў дырэктарам школы, якую адбудоўваў у Кублічах. З Васілём Паршонкам, будучым кінамэханікам, мы, памятаю, каталіся зімой на лыжах; Васіль лепей за мяне зьяжджаў з самых крутых пагоркаў. Яшчэ адзін сябра, мой стрыечны брат Мікола, не вярнуўся з вайны — падобна, быў забіты пры штурме рэйхстагу, як сьведчыў камбат Няўстроеў. А ягоны малодшы брат Iльля, былы партызан, пабадзяўшыся па сьвеце, пад старасьць вярнуўся на радзіму і пахаваны на бацькоўскіх могілках.

Вось цяпер я ўспамінаю і хачу зазначыць, што ўсё ж такі дзеці — жорсткі народ. I нават у нечым па-жывёльнаму люты. Ну, натуральна, тое залежыць ад сацыяльнага стану, выхаваньня, гэта само сабой. Як і ў дарослых. Але дарослы чалавек мае нейкае права на годнасьць, хоць бы на асабістую. А малы? Ён жа ня мае ніякіх правоў, а то і ўяўленьня пра тыя правы. Ён прывык думаць, што ўсё вырашае сіла — улады, дарослых, старэйшых сяброў… I заўсёды знойдзецца нехта старэйшы ці дужэйшы, а то і з садысцкімі схільнасьцямі, які дыктуе свае законы. I часта меншы не разумее, што тое няправільна, што павінна быць іначай. I не паскардзіцца, бо ведае, што яго не абароняць. I ведае таксама, што скардзіцца кепска — тое яму ўнушылі рана, асяродзьдзе, а то і бацькі. Настаўнікі таксама. Ростам я быў не малы, але худы і слабы, і з тае прычыны ў розных сутычках ня мог адчуваць перавагі. Перавага была за іншымі — болей дужымі, а галоўнае — болей нахабнымі. У мяне не было нахабства. Во тут я і прыпамінаў мяккі матчын характар, які я ўнасьледаваў і які мне нямала шкодзіў зь дзяцінства. Зноў жа ў дзяцінстве я быў схільны востра перажываць свае ды і чужыя няшчасьці. Асабліва як пачасьціліся рэпрэсіі, сялянскі хапун. I сябраваў з хлопцамі, што засталіся без бацькоў, якіх іншыя стараніліся ці грэбавалі, бо ж — ворагі народу. У нас тады вёска была двароў на дванаццаць, праўда, хутары яшчэ пасьля падсялілі. Дык з гэтых дванаццаці гаспадароў шасьцёх узялі. Цёмных калгасьнікаў, былых беднякоў. Узялі і Бобрыка. Мабыць, яму тая «Нива» з царамі ды графінямі бокам вылезла. Быў яшчэ Дзям’ян Азевіч, інвалід Першай сусьветнай вайны з сухой паралізаванай рукой, якую насіў у чорнай пальчатцы. Ён зарабляў на хлеб рамонтам гадзіньнікаў, якія несьлі яму з усёй акругі. I ён усе іх рамантаваў — насьценныя, кішэнныя, будзільнікі і г. д. I нават больш — шкло ў іх ставіў. А шкло дзе возьмеш? Дык ён купляў шкло для лямпы, з выпуклай часткі выразаў самы пятачок і ставіў. Я, калі вучыўся, колькі год насіў яму гадзіньнікі зь мястэчка, пераважна ад настаўнікаў. Пакладу ў карабок ад запалак і прынясу. Ён шкельца ўставіць, аднясу назад. А тады нясу рубель за працу. I ён заўсёды дасьць 20 капеек. Вось і гэтага інваліда ўзялі. А ягоны сын у гэты час, таксама Дзёмка, служыў на Далёкім Усходзе. А пасьля, у вайну, пайшоў у партызаны і ваяваў да перамогі. Ваяваў за савецкую ўладу, якая панішчыла ягонага бацьку. Але — не пакрыўдзіўся, за што, як вядома, хвалілі бальшавікі. Што не азлобіўся. Як быццам за тое сапраўды можна было не азлобіцца.

Улетку на Пятроўскім лузе бабы зграбалі сена. Надвячоркам ля мастка спынілася райкомаўская эмка, зь якой вылез нейкі чын у пінжаку. Ён загадаў брыгадзіру дзядзьку Антону сабраць баб да кучы.

Хутка ўсе і сабраліся на скрытным прылесным пагорку, пасталі, зморана абапершыся на граблі. Рабкамавец разгарнуў газэту і пачаў чытаць. У войску арудавала група шкоднікаў і шпіёнаў на чале з маршалам Тухачэўскім ды іншымі. Яны труцілі чырвонаармейцаў, падсыпалі ім у харч бітае шкло, выдавалі замежнікам вайсковыя сакрэты. Вярхоўная калегія Вайсковага трыбуналу прысудзіла іх да расстрэлу, і ўчора прыгавор быў выкананы. Слаўныя савецкія чэкісты не спудлавалі і на гэты раз.

Бабы плакалі[:] гэта ж трэба, такія падлюгі. «Добра, што іх выкрылі, а то майму малодшаму ўвосень прызывацца, далібог атруцілі б» — плакала ад радасьці адна баба з Слабодкі. «Анягож, — пагаджалася другая. — Ці ім шкода нашых хлопцаў. Зьвяругі такія».

Брыгадзір Антон зацята маўчаў. Невядома, што было ў яго ў думках. Але ён быў разумны мужык, і мы, дзеці, неяк паважалі яго. Толькі чаго ён маўчаў — тады было нам невядома.

Вёска наша ў асноўным была праваслаўная, але з хутароў падсялілі некаторых каталікоў. Прозьвішчы такія: Лявіцкі, Блажэвіч, Корсак, — іх у першую чаргу і пабралі. Забралі таксама нашага суседа Барыса. Браў звычайна раённы ўпаўнаважаны НКВД Перацяцькін. (I потым пасьля вайны прыяжджаў, — мабыць, пацягнула на месца злачынства.) Ну і памежнікі стараліся — не так пільнавалі мяжу, як хапалі сонных мужыкоў з гэтага боку. Хоць і вартавыя мяжы, але ж адна сыстэма — НКВД. Ніхто з рэпрэсаваных не вярнуўся, хоць і ўсе рэабілітаваныя. Узялі тады таксама некалькіх настаўнікаў, у тым ліку і нашага дырэктара Карчэўскага, які мне гамашы купіў. Але і саміх памежнікаў, камандзіраў таксама арыштоўвалі. Напрыклад, капітана Акулава, мужа нашай настаўніцы. Цікава, што ў ролі сэксотаў-стукачоў выкарыстоўвалі старэйшых вучняў. Як судзілі дырэктара, дык наша адна вучаніца была на судзе сьведкай супраць яго. Гэта гадоў у 15. Мабыць, як і ўсюды. А пры мяжы асабліва.

I ў кожнай вёсцы былі ў іх сэксоты, дзе лепшыя, дзе горшыя, актыўныя і ня вельмі. Нам у гэтым сэнсе, мабыць, не пашэнціла. У вясковую абшчыну ўлез чужынец, прышлы чалавек, — пасьля грамадзянскай прыстаў да мясцовай кабеты. Ня ведаю, адкуль ён быў родам, але НКВД наладзіў зь ім вельмі цесны кантакт. I ён нават ня надта таіўся, яшчэ пахваляўся, што памагае чэкістам. Недзе ў пяцідзясятых гадах, як я прыяжджаў да бацькі, ён прыходзіў таксама і за чаркай гаварыў, што хацеў пасадзіць бацьку, была прычына, ды пашкадаваў. I бацька яму быў удзячны. Ня ведаю, што ён меў на ўвазе. Можа, мамін «кантрабандны» пераход?

Поделиться с друзьями: