Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Так, рэлігійна-хрысьціянскія традыцыі марнелі, цэрквы, касьцёлы зачыняліся, сьвятароў саджалі. Але заставалася прывабнасьць старажытных традыцыяў — Калядаў, Дзядоў, Купальля. Асабліва Купальля. У ноч на 7 ліпеня вясковая моладзь, якой тады было куды больш, чым цяпер, ладзіла смаляное кола ці якую дзягцярную карчашку і на пагорку за хатай Галавачоў запальвала яе на высока ўзьнятай жардзіне. I тут жа ўсе разьбягаліся, хто куды. Неўзабаве з Кубліч скакаў конны памежны нарад, скідваў і тушыў тую карчашку. Памежнікі лаяліся[: ] паліць агонь на Купальле забаранялася. Чаму? Таму! — быў лаканічны адказ.
За лесам (парасьнікамі) знаходзілася яшчэ адно мястэчка — Селішчы. То ўжо быў каталіцкі цэнтар рэгіёну — зь вялікім касьцёлам, кляштарам, крытым бліскучай белаю бляхай, якая была відаць аж з нашага поля. Там круглы год зелянелі хвоі на каталіцкіх могілках з дужа файнымі мармуровымі помнікамі і надпісамі лацінкай. У сярэдзіне могілак між хвояў высілася белая мармуровая скульптура анёла-дзяўчыны — вядома ж, на магіле памерлай. Мы дужа баяліся таго помніка, ня ведаю чаму.
Цяпер Селішчы — таксама захудалая вёска з пабураным касьцёлам і бязладнымі могілкамі.
Кублічы да вайны былі сельсавецкім цэнтрам, а Вушача — раённым. У маім тагачасным уяўленьні то было ўжо горадам, далёкім і зманлівым — з клубам, сталоўкамі і нават кнігарняй. У кнігарні вісела знакамітая карціна Зайцава (рэпрадукцыя, вядома) — «Чапаеў на кані», — у бурцы, з апушчанай бліскучаю шабляй. Захапляла натуральна выпісанае неба (тады яшчэ гэтак умелі) з прыгожымі аблокамі, і я, зрэдчас бываючы ў Вушачы, заходзіў у кнігарню палюбавацца на Чапаева.
3. Настаўнікі. Канец школы
Але Кублічы… Як я ўжо казаў, тут была новая, драўляная школа са сьветлымі клясамі, фізкультурнай пляцоўкай побач. I, канешне, з новымі настаўнікамі. Рускую мову і літаратуру выкладала Клаўдзя Якаўлеўна Пашута, маладзенькая дзяўчына, якая толькі што прыехала з Полацкага педтэхнікуму. Мы любілі яе проста за маладосьць, хоць і настаўніца яна была неблагая. I ўсё ж беларускім дзецям руская мова давалася няпроста, асабліва дыктанты, усялякія сачыненьні. Я ж пад той час захапляўся кніжкамі, абыякімі — рускімі ці беларускімі, — таму і руская мова ў мяне ішла без асаблівых праблемаў. Беларускую мову выкладаў Андрэй Дзям’янавіч Курчанка — змрачнаваты чалавек, даволі строгі настаўнік. Трэба сказаць, ён выдатна ведаў сваю справу, і, паколькі быў строгі, усе мусілі сур’ёзна вучыць беларускую мову. Ну а мне яна давалася проста, можа, таксама дзякуючы таму, што і я пабойваўся Андрэя Дзям’янавіча. Хаця ён выклікаў мяне рэдка і ніколі не даваў адказаць да канца. Толькі я пачынаў, як ён казаў: сядай! I ставіў пяць. (Ці — «выдатна», я ўжо забыўся, якія адзнакі тады былі. Сыстэма ж адукацыі ў нас пэрманэнтна мяняецца.) Як бы там ні было, беларускую граматыку я надоўга засвоіў (ведама ж, наркамаўку) і, можа, толькі цяпер пачынаю забываць. А яшчэ быў настаўнік Красінцаў, які выкладаў фізыку, гісторык і географ Жырноў. Гэта таксама былі слаўныя настаўнікі, сьветлая ім памяць.
У тыя гады я ўжо захапіўся чытаньнем. Але дзе браць кнігі? Канешне, у школьнай бібліятэцы, якая была ня дужа багатая, ды ўсё ж клясыка ў ёй знаходзілася, і беларуская і руская, і што-нішто з сусьветнай. Найперш прыгодніцкая літаратура — ад Жуль Вэрна да нашага Янкі Маўра, кнігі якога я вельмі любіў. Дужа папулярную на той час «Як гартавалася сталь» чыталі па чарзе ўсёй школай. Аднойчы я захварэў і доўга не хадзіў у школу, затое чытаў, і перачытаў усё, што было ў Слабодскай школе, а гэта пераважна руская клясыка. Тады ж адолеў «Вайну і мір», тры тамы «Ціхага Дону», шмат што з Ганчарова, Тургенева, а таксама Зарэцкага, Гартнага, Галавача. Доўга нідзе ня мог дастаць коласаўскую «Дрыгву», пра якую дазнаўся са школьнай граматыкі. Дык падпільнаваў, як яна паявілася ў нарыхтоўчай краме ў Селішчах. Але ж дзе было ўзяць грошы? Звычайна летняй парой дзеці дралі лыка лазы, крушыны, усё тое сушылі на сонцы і здавалі ў нарыхтоўчыя канторы. Чарговы раз занёсшы ладны бярэмак кары ў Гушчынскую Слабодку, я займеў магчымасьць купіць «Дрыгву». Як усё тое было прачытана, ішло паляваньне на кніжкі па сябрах і знаёмых. Скажам, дачуўшыся, што ў кагосьці ёсьць якія незнаёмыя кніжкі, я прасіў даць пачытаць. На два дні, на адну ноч. Памятаю, з намі ў школе вучыўся Баброўскі, здаецца, зь вёскі Чамярычына. Ягоны бацька ці дзед былі настаўнікамі яшчэ за царскім часам, і пасьля іх застаўся сундук з кніжкамі. Во гэта быў скарб! Баброўскі прыносіў мне кніжкі ў школу, я да яго бегаў па кніжкі і ўлетку. Чытаў пераважна выданьні XIX стагодзьдзя — Маміна-Сібірака, Караленку, Станюковіча, Памялоўскага, некалькі раманаў Шэльлера-Міхайлава ды іншых. У яго ж неяк знайшоў рэдкую па тым часе кнігу Жуль Верна «Из пушки на луну», якая мне дужа спадабалася. Дазнаўшыся, што на беларускай мове яе няма, я сам пераклаў яе з расейскай, паслаў у Менск у газэту «Піянэр Беларусі», каб там надрукавалі і пазнаёмілі беларускіх дзяцей з гэтым творам. Канешне, тое было наіўна, але кніжны сьвет ужо звыкла стаў для мяне ня меней значны за рэальны. У дзіцячыя гады адбывалася нейкае душэўнае фармаваньне, можа, болей важнае за ўплывы рэальнага сьвету…
Паэзія, у тым ліку і расейская клясыка, мала краналі. Трохі пазьней, у юнацтве, пачаў падабацца Лермантаў. I я зразумеў, чаму, калі пасьля вайны прачытаў у Буніна, што Лермантаў, а зусім ня Пушкін— першы паэт Расеі.
Некалькі год у школе я сядзеў за адной партай з Шуркам Андрэйчыкам. То быў ціхманы, задуменны хлапец, добра вучыўся па матэматыцы. Лепш за мяне. Але я лепей пісаў дыктоўкі і сачыненьні. Тады мы стварылі пэўную каапэрацыю і памагалі адзін аднаму: ён мне па матэматыцы, а я яму па мовах. Зь цягам часу я зусім занахабнічаў і на ўроках матэматыкі чытаў пад партаю кніжкі. Так доўжылася, аж пакуль дырэктар Сьлімборскі, ён жа выкладчык матэматыкі, мяне не злавіў і не паставіў двойку. Мусіў выпраўляцца. Было сорамна, бо па астатніх прадметах меў адны пяцёркі.
Тут, можа, трэба сказаць яшчэ пра адно школьнае захапленьне — маляваньне. Маляваць пачаў рана, можа, з трэцяй ці чацьвертай клясы, — як звычайна, алоўкам ці акварэльнымі фарбамі для насьценнай газэты, розныя школьныя дапаможнікі — карты, схемы… Але якое выяўленчае мастацтва ў вёсцы? Ды ўсё ж знайшлося. У суседняй вёсцы Астроўшчына жыў селянін Бобрык, бедны — бяднейшы, можа, за ўсіх. Але ў часы грамадзянскай вайны ён быў слугою ў якогась заможнага двараніна недзе ў Сібіры, казалі, нават у губэрнатара. Дык ён прывёз на радзіму некалькі карцін алеем, маленькіх такіх эцюдзікаў. Яшчэ ён прывёз гадавыя пераплёты часопісаў «Нивы», «Огонька» за некалькі год. «Огонька» нават з пачатку стагодзьдзя аж да 1916 году. Там было шмат рэпрадукцыяў — чорна-белых і каляровых таксама. Я браў у яго тыя пераплётыпадшыўкі, чытаў, разглядаў малюнкі тагачасных мастакоў. Ну і, канешне, сам маляваў. Пасылаў кудысьці на конкурсы свае малюнкі, перапісваўся, здаецца, зь Менскім ці Віцебскім домам піянэраў. Там былі мэтадычныя кабінэты, адкуль мне прысылалі заданьні…
Што ж да кніжак, дык яны таксама маюць сваю пару, кожную зь іх трэба чытаць у пэўным узросьце. Цяпер дык шкадую, што рана перачытаў якраз самыя значныя кнігі, зь якіх у дзіцячым узросьце ўзяў далёка ня ўсё, што належала ўзяць. Але, можа, і памыляюся. Можа, менавіта ў раньнім узросьце яны і маглі закрануць штосьці ў душы, а пасьля ўжо рабілася позна. I пасьля кранала-камячыла жыцьцё, а не ўплывала літаратура.
Апроч клясыкі, у гэтую пару давялося прачытаць некалькі кніжак, якія так ці інакш штось закранулі ў дзіцячай душы і засталіся ў памяці. То выпадковыя кніжкі, часам малавядомых аўтараў. Прачытаў і доўга ня мог забыць ваеннага трагізму кніжкі «У якуцкай тайзе» І. Строда. Або «Ад’ютант генэрала» Май-Маеўскага — гэтую прадцечу шмат якіх наступных «шпіёнскіх» ці «разьведчыцкіх» кніжак пазьнейшых часоў. «Сіўцоў вражак» Асоргіна раскрыў вочы на пасьлярэвалюцыйны час у Маскве. Вядома ж, жахлівы час, убачаны, аднак, з пазыцый трохі інакшых, чым мы звычайна сустракалі ў савецкай літаратуры. Гэта была літаратура 20-х гадоў, творы «папутчыкаў», а не пісьменьнікаў-камуністых. Зь беларускіх у гэтым шэрагу помняцца «Прысады» М. Зарэцкага ды хіба «Спалох на загонах» П. Галавача. Асабліва фінал гэтай хрэстаматыйнай аповесьці.
4. Калектывізацыя. Гамашы
Дагэтуль маё апавяданьне ішло па дзіцячай лініі, болей выбірала з памяці лепшае ці, можа, нэўтральнае. Але жыцьцё насамрэч было іншым, і памяць захавала шмат якія грымасы таго дарослага жыцьця.
Вось, памятаю, ці ня ў 32-м годзе тое было, вясной. Па краіне ішла калектывізацыя, па сутнасьці гвалтоўная ліквідацыя сялянства як клясы. У спрэс сялянскай краіне ліквідоўвалася сялянская кляса — што ёсьць клясычны генацыд, хіба што паводле клясавай прыналежнасьці. Сялян агітавалі, што ў калгасе будзе лепш, а яны, «дурні», ня верылі і тым стваралі канфлікт зь дзяржавай. Але тое ў сфэры палітыкі, а як было ў жыцьці? Быў малы, але ж памятаю, як у вёсцы ішоў сход — некалькі дзён запар, сялянаў усё ўламвалі ўступаць у калгас. Тыя ўпіраліся — думалі, нешта залежыць ад іхняе згоды. Ды марна. Неяк прачынаюся дужа рана, устрывожаны тым, што плача маці. У дзяцінстве я дужа адчуваў мамін настрой і звычайна адпаведна рэагаваў на яго. Я ніколі ня бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосіць, бы па нябожчыку. Побач у куце, унурыўшыся, сядзіць бацька. Я падскочыў да маці і пытаюся: «Чаго ты?» А бацька кажа: «Не чапай яе — арганізаваўся калгас». Ну, хай бы арганізоўваўся, але чаму плача маці? Аказваецца, таму, што на золаку прыехала брыгада і выграбла ўсё з кублаў, зь мяхоў і засекаў. Во і кармі дзяцей! Дык маці і плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары і пачалося.
Вядома ж, як у калгасах было — голад, прыгонная праца, рэпрэсіі… Жалезнай хадой ішло раскулачваньне. Раскулачылі селяніна, у якога была карова зь цялушкай. Ва ўсіх па адной карове, а ў гэтага — зь цялушкай. Другога раскулачылі за тое, што ўлетку пляменьніца памагала жаць жыта. Значыць — наёмная сіла. I трэцяга — як сабатажніка. Не хацеў уступаць у калгас, упіраўся. Вывозілі сем’ямі. Памятаю хлопца, зь якім вучыўся. Раскулачваньне было ўвосень, хаця ня памятаю, ці да арганізацыі калгаса, ці пасьля… I вось ён не пайшоў у школу, і я пабег яго праведаць. Гляджу, там ужо грузяць майно на фурманкі, а мой сябра хваліцца: «Мы цягніком паедзем, ага!» I мне стала зайздросна — чаму майго бацьку не раскулачылі, і я б таксама цягніком паехаў. А так цягніка і ня бачыў… Арганізавалі калгас, прыйшла вясна, даелі бульбачку, што засталася ад абагульненьня. Есьці ня стала чаго. Елі мякіну з травой, крапіву. I так доўжылася шмат гадоў, бо з калгасаў нічога не давалі. Ураджаі кожны год дрэнныя, усё, што вырасьце, ішло на дзяржхлебаздачу ды насеньне. Памятаю такія моманты… Бацька пойдзе ўвосень на канчатковае разьмеркаваньне і прынясе гадавы заробак — паўторбы жыта. Вось і ўсё, што мы зарабілі за год, усёй сям’ёй працуючы ў калгасе. Такі заробак. Але ж яшчэ з нас і пастаўкі: мяса, воўну, яйкі, малако, масла, грашовы падатак, страхоўка, яшчэ пазыка і рознае іншае, не пералічыць. Дзе ўзяць грошы? Што прадаць, каб сплаціць? Не кажучы ўжо, каб нешта купіць. Хоць бы штаны хлопцам хадзіць у школу. Пры аднаасобніцтве ратаваў лён, які сеялі, апрацоўвалі і апраналіся. А цяпер наконт лёну стала дужа строга — таксама наклалі падатак. Спаганялі страшэнна.
Той час запомніўся мне нязвыклаю панурасьцю бацькі. Звычайна ён прыходзіў з калгаснае працы, моўчкі сёрбаў штось зь міскі, выйшаўшы з хаты, сядаў на калоду ў дрывотні. Моўчкі курыў. Маці яго тады не чапала, мы маўчалі таксама. Мне здавалася, што бацька злуецца — на мяне, можа? I я таксама трохі крыўдаваў на яго, дурань. Куды пазьней зразумеў прычыну бацькавай панурасьці — яму, як і сялянам наогул, ня стала як жыць.
Памятаю (гэта яшчэ да калгасаў было), бацька ўвечары разьвівае конскія путы, раскручвае, каб здаць за лён. А то ходзяць сельсавецкія актывісты, робяць вобыскі, каб знайсьці, калі хто схаваў якую-небудзь кудзелю. У вёсны ва ўсіх рабілі суцэльны вобыск, прыйшлі і да нас. А ў нас была істопка старая, з прадранай стольлю, трохі затуленай саломай. Шукалі, шукалі, нічога не знайшлі, і ў мяне пытаюцца: «Мальчик, где отец прячет лён?» А я кажу: