Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Аднойчы, зноў жа ўвосень 42-га, батальён кінулі пад Сталінград. Пешым маршам дайшлі да Камышына. У Камышыне, аднак, нас ператрэсьлі: палову з кожнае роты пакінулі, а палову паслалі на падмацаваньне Сталінграду. Рэшта вярнулася ў Саратаў. У тым ліку і я. А мой таварыш зь Беларусі Коля Iваноў пайшоў у Сталінград і, вядома ж, загінуў. Пасьля вайны спрабаваў знайсьці ягоных родзічаў. Але ж… Iвановых у нас дужа многа. Пасьля яшчэ было нямала выпадкаў, калі ноччу па трывозе паднімаюць роту, выстрайваюць і зачытваюць сьпісы тых, хто зараз жа адпраўляецца на станцыю, у маршавую роту, на фронт.
Цяпер з вышыні ваеннага вопыту і перажытых гадоў нельга не зьдзіўляцца, чаму і як там нас вучылі. Галоўнай, мабыць, як і здаўна ў расейскім войску, была страявая — пляцавая ваенная навука, паводле якой ацэньвалася ўсё астатняе. Усё астатняе падганялася пад яе. Нават тактыка зь яе строга рэглямэнтаванымі парамэтрамі ў абароне і ў наступленьні. На вайне ніхто іх не трымаўся, бо было непатрэбна. На вайне аказалася, што той камандзір мае найбольшы посьпех, які хутчэй за іншых адрынуў даваенную навуку і творча экспэрымэнтуе, асобна падыходзіць да кожнага бою. Можна сказаць, што вайну рабілі дылетанты. Даваенныя прафэсыяналы збанкрутавалі ў самым яе пачатку. Але каб зразумець тое, трэба было набыць пэўны вопыт, а мы такія былі зялёныя…
Пра камандзіраў можна б расказаць шмат — розныя былі. Камандзірам нашай роты быў старшы лейтэнант Грыб, немалады ўжо чалавек, беларус, аднекуль з Гомельшчыны. Можа, менавіта дзякуючы яму я скончыў гэта вучылішча, дайшоў да выпуску. Неяк непрыкметна, па-зямляцку ён мной апекаваўся. А можа, таму, што вучыўся я і вучылішча скончыў на «выдатна». Як бы цяпер сказалі, — з чырвоным дыплёмам. Але тады толькі павесілі маё фота на ганаровую дошку выпускнікоў… А там — запомніўся інтэлігентны выкладчык тапаграфіі, якому я часам маляваў карты-схемы, — Рамественскі, на той час ужо інвалід вайны. Камандзірам батальёна быў маёр Анціпас, грэк. Вядома, на фронт грэкаў не пасылалі, скарыстоўвалі ў тыле, але гэта быў ладны камандзір, з традыцыямі старога царскага афіцэра. Чаго ня скажаш пра цэлую плойму маладзейшых гарладзёраў, выхаванцаў Варашылава і Цімашэнкі. (Ды Бог ім судзьдзя.) Гэтыя муштравалі пераважна васемнаццацігадовых бязглузда і жорстка, найперш каб самім ацалець ад вайны, пераседзець яе ў тыле. Toe, аднак, удалося далёка ня ўсім. У свой час іх таксама паслалі пад зьнішчальны агонь, і шмат хто зь іх там пагінуў. Што трохі іх выбачае…
11. Фронт. Кашара. Севярынка
Увосень 43-га прысвоілі званьне малодшага лейтэнанта. Пагоны выдалі залатыя, на якія кожны з выпускнікоў прышпіліў па адной маленькай зорачцы. Атрымалася даволі прыгожа, пайшлі сфатаграфавацца. Ды атрымаць фота не пасьпелі — ноччу ўсіх паднялі для адпраўкі на станцыю, дзе ў тупіку стаялі пустыя таварныя вагоны. Праўда, з жалезнымі печкамі, і то добра.
Ехаць давялося доўга, месцы ў вагонах абсталёўвалі самі — цягалі на станцыях дошкі для нараў. Прадукты атрымалі мукой, па кіляграму на чалавека, з тае мукі пяклі на печках ляпёшкі, якімі і харчаваліся ўсю дарогу.
А тыя прыгожыя пагоны ніяк нам не паслужылі. У дывізіі, куды ўрэшце прыйшлі, начальнік штабу сказаў проста: «Зьняць! Тут вам не парад». Зьнялі, але палявых не атрымалі і пайшлі ў бой беспагоннымі. Я да зімы хадзіўбегаў у шынялі без пагонаў, трымаючы залатыя ў сумцы. Пасьля старшына роты зьняў з забітага артылерыста зялёныя, якія ці не паўгоду давялося насіць на сваіх юначых плячох.
Фронт пачынаўся з Дняпра, на ўжо адбітых пад той час пляцдармах. Так што пашэньціла — фарсіраваць Дняпро не давялося. Але і за Дняпром хапіла пекла, у якое мы трапілі. Найперш няўдалае наступленьне на Крывы Рог, адкуль нас турнулі немцы. Кілямэтраў 60 нашая пяхота і танкі адступалі на поўнач. Пасьля, трохі перадыхнуўшы, завязалі баі за Александрыю і Знаменку…
Я быў у звычайным стралковым палку камандзірам узводу. Пачалася зіма, сьцюжа, хоць і не такая, як на Волзе. Сёлы ўсе разьбітыя, баі за кожны пагорак, за кожную балку… Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбівалі спрэс.
Страты былі аграмадныя. Трапіўшы ў стэпе пад кулямётны агонь, рота за гадзіну ці не палову байцоў пакідала на сьнезе. Або ў кукурузе. Ці на краі сланечнікавага будыльля. Іншага сховішча тут не надаралася. Падалі забітыя, не ўставалі параненыя. Кідацца ратаваць каго не выпадала, тое было справай санінструктараў, калі яны яшчэ ўцалелі. Лёгкапараненыя ратавалі сябе самі — паўзьлі ў тыл. Суправаджаць іх ніхто ня меў права, тое забаранялася статутам і ўважалася як ухіленьне ад бою. Шмат якія параненыя, калі не маглі самі выпаўзьці, апыналіся параненымі другі раз, а то і забітымі. Мой сяржант, паранены ў сьцягно, перш чым паўзьці ў тыл, захацеў закурыць і счакаў, пакуль хлопцы прыпаляць яму цыгарку. Ды дачакаўся асколка ў жывот. Ня ведаю, ці давезьлі яго да санчасткі…
Хаваць сваіх забітых нам не даводзілася, звычайна кожнага пакідалі на тым месцы, дзе яго напаткала сьмерць. Не было калі і не было як пад агнём, а пад агнём мы былі заўсёды. Ці кулямётным, ці мінамётным, ці пад абодвума разам. Старэйшыя камандзіры ўсё гналі пяхоту «ўпярод і ўпярод!». Забітых хавалі пасьля, у тыле, пра тое дбалі адмысловыя «пахаронныя каманды». Дзе-небудзь у сяле ці ля дарогі яны капалі братнія магілы, звозілі са стэпу трупы. Распраналі, вымалі з кішанёў дакумэнты, зьбіралі на сьнезе зброю. Працы ў іх было шмат, таму ня надта глядзелі на тое, труп перад імі ці яшчэ жывы. «У яме дойдзе, — казалі. — А валёнкі спатрэбяцца. Шынялі таксама»… Сьпісы на забітых складалі ў штабе, там жа адзначалі, дзе хто пахаваны. Але тое зусім ня значыць, што ў пэўнай магіле пахаваны пералічаныя асобы. Яны маглі быць пахаваны ў іншай, як і ў гэтай пахаваны зусім іншыя, чым тыя, што пазначаныя ў штабных сьпісах.
Звычайна ўдзень вялі бой за сяло (а сёлы ж на Украіне вялікія), пад вечар выбілі, немцы пайшлі. Але ж мы ў сяле ня спынімся, трэба ж гнаць немцаў, пакуль яны адступаюць. Хіба забяжыш, схопіш дзе кавалак хлеба, калі ён ёсьць, якая цётка дасьць цёплага бурака, і — зноў у поле. Зноў бой і агонь — выбухі мін, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў. I крыкі начальства, мат-перамат — асабіста і па тэлефоне. Аж пакуль немцы ня спыняцца ў суседнім сяле. Тады і мы спыняемся ў полі.
Ад бяссоньня і стомы стан увесь час быў блізкі да поўнай абыякавасьці. Пад агнём не хацелася акопвацца ці хавацца. Заб’е — ну і чорт зь ім. Абы хутчэй, менш пакутаваць. Куды болей, чым страх, дацінала сьцюжа. У стэпе, ноччу. Заснуць, аднак, не было як, — мароз змушаў калаціцца, дрыжэць, стукаць нагамі. Хоць бы лежачы ў сьнезе. Той стан перапынялі толькі каманды ды мацюкі камандзіраў. Ды калі блізкі, ва ўпор, абстрэл. Ці мінамётны агонь. Тады на кароткі час ахопліваў спалох. А затым — зноў стома і абыякавасьць да ўсяго.
Зіма на Украіне, можа, і не такая лютая, як у Расеі, але таксама сьцюдзёная — са сьнегам і вятрамі, асабліва ў раўнінным стэпе. Апрануты я быў у тое, што нам выдалі ў вучылішчы — шынэлак, кірзовыя боты, шапка. У палку атрымаў толькі трохпалыя рукавіцы і аўчынную камізэльку, якая ўвогуле мяне ратавала. Тым болей, што тыднямі днявалі і начавалі ў полі. Каскі я не надзяваў. Аднойчы надзеў на шапку, але яна дрэнна трымалася там, і мой памкамузвода, сталы сяржант, кажа: «Што карысьці зь яе! Кідай к чортавай матары…» Перад тым на краі кукурузнага поля забіла нашага самага маладога ва ўзводзе байца — куля трапіла ў каску, калі той ляжаў у ланцугу, і прабіла яе наскрозь. Як увайшлі ў сяло, дзе пад вербамі ляжала некалькі забітых немцаў у касках, усё той жа памкамузводу па чарзе стрэліў кожнаму ў голаў, і ўсе каскі аказаліся прабітыя. Дык я і кінуў у сьнег сваю. Адразу стала спрытней, і я не пашкадаваў ні разу. З салдатаў таксама мала хто насіў каску — хіба самыя абачлівыя. I я ня чуў, каб яна каго ўратавала. Асабліва ў наступу.
Там у першым баі загінуў мой сябра Коля Перажны, зь якім мы ў адным узводзе вучыліся ў Саратаве. Як нас разьмяркоўвалі па часьцях у Ануфрыеўцы, ён усё наракаў, што не далі пісталетаў, якія належалі камандзірам узводаў. Тады сказалі — там атрымаеце. Коля так і не дачакаўся свайго ТТ, раней атрымаў кулю ў сэрца. Другому сябру, Валодзю Леўчуку, пашэньціла болей — ён дайшоў да Бугу, дзе на пераправе быў цяжка паранены. Болей на фронт ня трапіў, жыцьцё дажываў кульгавым інвалідам-франтавіком.
Мяне ж пакуль што кулі і снарады міналі, толькі аднойчы марознаю ноччу ў стэпе згубіў рукавіцы і добра прымарозіў рукі. Але ў тым сам вінаваты. З абмаражэньнямі да дактароў лепей было не зьвяртацца, тое нярэдка ўважалася як знарок і суседзіла з трыбуналам.
Мой першы бой у якасьці камандзіра ўзвода ня надта запомніўся. Помню толькі, як ротны, нейкі камлюкаваты, цывільнага выгляду чалавек у паўшубку, гнаў салдатаў і мяне разам праз шырокае поле кукурузы, пакуль мы ня трапілі пад агонь.