Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Той увогуле супакоена-ідылічны настрой трохі апаў, калі ўбачыў ля ракі будучую сваю казарму — старую, абшарпаную, яшчэ мікалаеўскіх часін збудоўку з чырвонай цэглы, якая невядома якім цудам захавалася пасьля дзьвюх войнаў. Але падумалася: можа, і добра, затое не згарыць, ня прыйдзецца за яе нікому адказваць. Усё тут я хацеў бачыць лепшым, чым там, на Усходзе. Аднак ідылічны настрой прадаўжаўся нядоўга, у штабе мне далі прачытаць загад па акрузе, дзе я прызначаўся зусім не камандзірам батарэі, а крышку ніжэй, на штабную пасаду. Трохі разважыўшы, вырашыў: можа, і лепш, спакайней будзе. Там жа сказалі зайсьці да нампаліта, які задаў толькі адно пытаньне:
«У партыі быў?» — «Не, — кажу, — ня быў». — «Ну, усё, ідзіце». Пайшоў, трохі, аднак, задумаўшыся над тым невыпадковым пытаньнем.
На кватэрнае ўладкаваньне было дадзена два дні, за якія я яго і вырашыў: знайшоў куток у калгасніка з суседняй вёскі. Цёмны і даволі сьцюдзёны. Гаспадар ляжаў п’яны, гаспадыня лаяла апошнімі словамі і яго, і савецкую ўласьць. Пэўна ж, я тут аказаўся ня самы жаданы. Жонка з сынам паехала ў Горадню да сястры, якая некалі засталася ў нашай кватэры, а пасьля выйшла замуж. Як пісала, — таксама за афіцэра.
40. Звальненьне. Горадня
Адзін разумны афіцэр на Сахаліне некалі казаў, што Савецкая армія вельмі нагадвае сабой плянэту-пульсар, якая то сьціскаецца, то пашыраецца, і ў тым уся яе функцыя. У спакойным стане яна існаваць ня можа, спакой для яе — пагібель. А хто хоча гінуць? Во і трапечацца. Каб жа толькі не хацець самой гінуць, але ж ёсьць яшчэ прагнасьць загубіць ворагаў, якія для кожнай арміі заўсёды знойдуцца. Узаемазалежнасьць войска і ворагаў выключная. Як толькі ствараецца войска, у той жа момант зьяўляюцца і ворагі. I наадварот. Праблема хіба ў тым, як ім адно да аднаго падступіцца? Зь якога боку. Во тады і паяўляецца славутая тактыка (яна ж і стратэгія) тыкаў, спроб і памылак. У пэўным сэнсе таго, што на простай мове называецца: ідзі-пастой. Iдзі — ня ведаю куды, прынясі — немаведама што. То павялічваюць, то памяншаюць. То мабілізуюць, ламаючы жыцьцё людзям, то звальняюць, зноў жа бяз жаднай увагі да людзкіх лёсаў. Увосень Мікіта Хрушчоў аб’явіў аб скарачэньні савецкага войска на 55 тысячаў чалавек. Ужо зманены «гражданкай», я спаткаў тую навіну нават з радасьцю, але шмат іншых афіцэраў, што меркавалі назаўжды зьвязаць сваё жыцьцё з войскам, апынуліся ў разгубленасьці. Перажылі драму лёсу.
Ня ведаю, як тое скарачэньне адбывалася ў іншых акругах, на Далёкім Усходзе (хаця можна было сабе ўявіць па тым бязладзьдзі, якое суправаджала там нядаўняе пашырэньне), у Лапічах усіх афіцэраў пагналі на мэдкамісію. Вайсковыя мэдыкі, бы на канвэеры, агледзелі кожнага і ў кожнага нешта знайшлі. У мяне — недастатковасьць мітральнага кляпану, і як вынік — запіс у дакумэнце: не прыгодны для службы ў мірны час. (Дарэчы, як шэсьць год таму прызывалі, тады не знайшлі нічога. Тады я быў цалкам прыгодны.)
Разьлік з гэтым палком быў просты і непрацяглы, за кароткі час ніякіх запазычаньняў там не пасьпеў зрабіць. На разьвітаньне выпіўшы са сваім кватэрным гаспадаром, выйшаў на шашу і трохі счакаў спадарожную машыну. Сыпаў рэдкі сьняжок, дзьмуў зімовы вецер. А я, можа, упершыню за шмат год адчуў сябе вольным ад усяго на сьвеце. Праўда, радасьць з тае нагоды чамусь была невялікая. Насыпаліся няпрошаныя клопаты і трывогі. На гэты раз, аднак, суцяшала, што я — дома, а не дзе-небудзь на краі зямлі. Ужо дома, мабыць, не прападу.
Празь Менск прыехаў у Горадню, куды трохі раней прыехала жонка з сынам. Тут настрой мой крыху апаў: кватэрка жончынай сястры Веры аказалася мізэрненькай, у старым доме, і хоць гаспадары спаткалі падсяленцаў увогуле гасцінна, я зразумеў, што доўга тут жыць нельга. Тут жа высьветлілася, што гаспадар і праўда афіцэр, але з пэўнага роду войск і служыць у абкаме ў якасьці ад’ютанта першага сакратара.
Колькі дзён патраціў на стаўленьне на ўлік у ваенкамаце, атрыманьне пашпарту. Наконт кватэры ваенкамат нічым памагчы ня мог, адсылаў у гарвыканкам. Той абяцаў паставіць на чаргу. Чарга, вядома ж, ільготная, так што чакайце, можа, калі і атрымаеце. Забягаючы наперад, зазначу, што чакаць давялося тры доўгія бескватэрныя гады, перажыўшы не адну кватэрную драму.
Першая зьявілася ці не праз тыдзень пасьля прыезду. Увечары аднаго дня прыйшоў з працы Павел Зьмітравіч (дарэчы, мой аднагодак) і кажа: ёсьць магчымасьць. Адзін іхні работнік зьехаў на раён, ягоная кватэра вызвалілася. Трэба займаць. Увогуле акт незаконны, але цяпер усе так робяць, інакш не дачакаешся. Ня дужа мне хацелася рабіць тое, ужо меў некаторы на гэты конт вопыт. На Сахаліне спрабаваў самавольна заняць — не кватэру — суседнюю каморку, ды нічога не атрымалася, выперлі праз тыдзень.
Ну, але тут, можа, іншая справа. Можа, хоць з увагі да Паўла, калі не да мяне, дадуць дажыць да вясны. Злавіў на вуліцы машыну і перавёз свае клумкі.
Кватэрка ўвогуле аказалася самая занядбаная, пакойчык зь сяньмі, дзьверы ў двор. Замок без ключа, заткнуты дужкай за прабой. Няспраўная грубка, тэлефон на падаконьніку. Тэлефон выклікаў у мяне падазрэньне — чаму ён тут? Да таго ж нявыключаны.
Чаму і для чаго, высьветлілася ранкам, як у дзьверы моцна пастукалі. Завіталі двое і ветліва пацікавіліся, хто тут пасяліўся. Я патлумачыў, яны моўчкі выйшлі. Праз пару гадзінаў прыйшлі зноў, але ўжо зь міліцыянтам і дамаўправам. «Немедленно освободить квартиру! Почему? А потому. Иначе выбросим сами».
У абед прыбягае жончына сястра Вера — у іх таксама скандал. Выклікалі Паўла, пагражалі адказнасьцю. Куды выклікалі? Ды ў КДБ, ён жа там працуе. А гэта ж іхняя тайная кватэра, дзе яны спатыкаюцца з кім трэба. Во дык справы, сказаў сабе Быкаў, во дык улез. Мала што сам улез, дык яшчэ і чалавеку нашкодзіў.
Яшчэ некалькі дзён стукалі ў дзьверы, пагражалі і папярэджвалі. I я ня вытрываў, пайшоў у пошукі іншай кватэры. Спаткаў на вуліцы даўняга знаёмага мастака Блізьняцова, і ён кажа: ёсьць кватэра, нядаўна вызвалілася. Праўда, халодная і без вады. I без туалету. Ня ведаю, ці падключана да электрасеткі. Кватэра аказалася на вуліцы Падгорнай, паблізу ад Нёмана, куды я і пераехаў пад новы 1956 год.
Найбольшы клопат быў вырашаны, заставаўся наступны — праца. Жонка ўладкавалася ў школу хутка, а мне давялося чакаць. У рэдакцыі, куды, вядома ж, неўзабаве завітаў, людзі памяняліся, зьмяніўся і галоўны рэдактар. Новы, Васіль Булай, найперш папытаўся пра маю партыйнасьць і, учуўшы адказ, моўчкі разьвёў рукамі. Ён наогул не любіў свае думкі выказваць словамі. Відаць, засвоіўшы пэўныя ўрокі 30-х гадоў, у гутарцы аддаваў перавагу жэстам, якія можна было разумець як заўгодна. Але тут я зразумеў правільна — працы няма.
Нейкі час падзарабляў у майстэрні мастацкага фонду, дзе таксама амаль усе мастакі былі ўжо новыя. Мой сябра Віктар Марозаў зьехаў на Украіну, Дзешка памёр. Кох сядзеў у лягеры. (Неўзабаве прыехаў рэабілітаваны. Выкрыты КДБ як аўтар карыкатур на Сталіна, аказаўся невінаваты, карыкатуры маляваў іншы.) Я набыў у камісійнай лаўцы радыёпрыёмнік і, застаўшыся ранкам у кватэры з сынам, пачынаў слухаць «Свабоду» ці Бі-Бі-Сі. Апантана працавалі глушылкі, але часам што-нішто можна было ўчуць. Апроч інфармацыйных праграмаў падабаліся шмат якія перадачы на культуралягічныя тэмы — лекцыі В.Вэйдле і Гольдбэрга. Toe было новым і вельмі ўражвала. На Далёкім Усходзе нічога з тых станцыяў учуць было немагчыма.